Падарунак для Адэлі
Шрифт:
Калi ня маеш звычкi купляць квiткi – лепш набыць праязны. Але Кантралёрка ня мела звычкi набываць праязны. Таму ня дзiўна, што адным сьцюдзёным восеньскiм днём, калi пачалася Праверка, Кантралёрка ехала ў тралейбусе безь бiлету. Дакладней, квiточак на праезд ляжаў у ейнай валізцы, але яна забылася скарыстацца кампостарам.
Жанчына сядзела на адзінарным сядзеньнi адразу за сярэднiмi дзьвярыма, блiжэй да задняй пляцоўкi. Яна думала пра тое, як прыйдзе на працу, пераапранецца i заступiць на сваю пачэсную вахту. А яшчэ жанчына ўзгадвала дзяцiнства, i ў гэтых згадках чамусьцi прысутнiчаў ЁН, ягоныя вялiкiя рукi, мужныя вочы й прарэзлівы, прыцягальны голас, якi выклiкае
Тралейбус рэзка затармазiў i спынiўся пасярод праспэкту. Чыясьцi рука проста на хаду адчапiла «рожкi» ад дроту. Людзi пасыпалiся ўперад салёну. Хтосьцi застагнаў, пачуўся дзiцячы енк... Кiроўца, перапэцканы крывёю з расьсечанага брыва, схапiўся за манцiроўку, каб пакараць невядомага лiхача. Ён расчынiў дзьверы i адразу абмяк, нiбы садзьмуты балёнiк. У салён тралейбуса ўвайшоў ЁН.
– Прэзыдэнцкая праверка! Усе застаюцца на месцах. Прад’явiць білецiкi!
– Ваш бiлецiк? Добра. Ваш? Вельмi добра. А ў вас, жанчына?
– Зараз, зараз, – рукi Кантралёркi дрыжэлi, гэтак як вусны, як сэрца, – вы ведаеце, я Кантралёрка, памятаеце, вы мяне прасiлi?.. Я ўсё зрабiла. Там, на станцыi... Я ўсё падрыхтавала...
– У цябе што, няма бiлецiка?! А можа, ты ня чула мой учорашнi ўказ?!!
– Зараз, зараз, любы мой сябра...
– Гэтую вывесьцi, – загад быў кiнуты iншым членам праверкi. – Далей, ваш бiлецiк?..
Кантралёрку ахайна ўзялi пад локцi, вывелi на тратуар, блiжэй да сьцяны Галоўнай Гарадзкой Крамы, i расстралялi.
Сьветка
Учора я налякаў Сьветку – параiў ёй не выходзiць замуж за таго адстаўнiка. Сьветка вельмi спужалася маiх словаў, хоць я й сказаў толькi, што яна дажыве да пэнсii, i ня тое што мілосных уцехаў, нават плескача па азадку не атрымае. Ну сапраўды, куды ёй чацьвертым разам вэлюм пачапляць?!
Гледзячы, як Сьветка нацягвае на свае абрузглыя сьцёгны вузенькiя джынсы, я сказаў, што лепей паглядзець у газэце аб’яву, у якой «малады хлапец шукае забясьпечаную даму...» Дзiўна, яна не расьсьмяялася i не раззлавалася, а менавiта спужалася.
Я рэдка зь ёй размаўляю. Ды й яна ня вельмi ўважлiвая. Можа, гэта ўзрост? Сьветцы неўзабаве стукне пяцьдзясят...
Ды халера са Сьветкай – мне сумна. Апошнiм часам я адчуў, што вонкавы сьвет мяне ня ўражвае. Часам ён зьдзіўляе i нават узрушвае, але ўсё, што можа сапраўды ўразіць, я знаходжу адно ў сабе. Праўда, гэта здараецца ўсё радзей i радзей. Асаблiва цяжка даводзiцца ўначы, калi вострае адчуваньне рэальнасьцi. Наплываюць успамiны пра нейкiя нерэалiзаваныя жаданьнi, i немаведама адкуль узьнiкаюць узгадкі пра даўно неістотныя перажываньні. Што можа быць больш недарэчным, чым успамiн пра нязьдзейсьненыя жаданьнi, калi штодня пладзяцца новыя?
Калi я гляджу на Сьветку, мне падаецца, што ў ейным жыцьцi жаданьняў было ня больш за які тузiн i што прынамсi палову зь iх яна нават не рэалiзавала. Я выказаў свае думкi Сьветцы, а яна так тарганулася, што пашкодзiла замок у сваiх навенькiх Levi’s. Што да мяне, я на сёньняшнi дзень маю, бадай, толькi адно трывалае жаданьне – спаць бяз сноў.
Раней я клаўся ў ложак, нiбы сядаў перад экранам тэлевiзара, маўляў, што навенькага сёньня пабачым? Але цяпер мне гэта не цiкава. Пагатоў цяпер у прынцыпе цяжка заснуць – ляжу гадзiнамi i лiчу начныя цягнiкi, што час ад часу грукочуць за вакном. Чуў, што ў такiх выпадках добра дапамагае гарэлка. Але, калi меркаваць па твары Сьветкiнага адстаўнiка, гэта ня самы ўдалы сродак.
Зь iншага боку, цяпер я разьлюбiў прачынацца. Нашто прачынацца, калi
ўсё, што будзе, вядомае наперад? Прынамсi, у агляднай будучынi. А ў неагляднай неспадзяваны – толькi час здарэньняў. Праўда, розныя людзi, асаблiва мацi, спрабуюць абмаляваць мне нейкiя сьветлыя далячыні. Але я гляджу на iх i думаю, а дзе ж, даражэнькія, падзелiся вашыя сьветлыя далячыні? Зайздрошчу я людзям, якiя не перастаюць мроiць аж да божай пасцелі. Тая ж Сьветка – глядзiць на свае абвiслыя да пупа грудзi i таксама аб чымсьцi мроiць.Па шчырасьцi, бывае, што я сам сябе таксама прымушаю мроiць, бо гэта дазваляе хутка заснуць...
Мяне лiчаць вельмi камунiкабэльным чалавекам. Згодны – я люблю быць сярод людзей. Гэта адзiн са сродкаў, каб пазбыцца штосэкундавага адчуваньня сябе як рэчаiснасьцi. Чалавечае жыцьцё – моманты iсьцiны. Але ўсё жыцьцё ня можа быць бясконцым момантам iсьцiны, бо iнакш гэта будзе вельмi кароткае жыцьцё. Асабiста я нiчога ня маю супраць такога варыянту, але, на жаль, iнстынкт самазахаваньня ў мяне разьвiты ня менш, чым у iншых. Таму я дазваляю сабе ўсё тое, што навакольныя людзi: капрызы, гiстэрыку, сьмех, плач, экзальтаванасьць, пыхлівасьць, пяшчоту, чульлiвасьць i г.д.
Карацей, забаўляюся. А што яшчэ рабiць?.. Сказаць шчыра? Я ведаю. Бо ведаю самае цiкавае, што ёсьць у гэтым жыцьцi. Тое, што надае яму сэнс i асалоду, тое, што захапляе мяне i пазбаўляе самоты – гэта сьмерць.
Цяпер мы рушым разам са Сьветкай. Яна трымае мяне сваёй кастлявай i цёплай рукою за ўказальны палец. Сьветка борздка перасоўвае даўгiя, нiбы цыркуль, ногi, i ейны вiслы азадак трасецца ля майго твару ў тахт няроўнай хадзе. Я бягу побач, але ўсё адно крыху адстаю. Вялiкi букет пышных кветак, якiя сьмярдзяць невыносным задушлiвым пахам, валачэцца за мною па пыльнай дарозе.
Мы спазьняемся на нейкае сьвята. Сёньня першага верасьня. Здаецца, гэта дзень пачатку Другой сусьветнай вайны?.. Не, мацi казала штосьцi iншае наконт сёньняшняга сьвята. Па-мойму, зараз мяне вядуць «першы раз у першую клясу». Абяцалi, што будзе цiкава. Паглядзiм. У любым выпадку, сёньня я сумаваць ня буду. Калi мы са Сьветкай вернемся са школы, я, як заўжды, буду да вечара альбо чытаць кнiжкi, альбо залезу ў інтэрнэт праз бацькавы кампутар. Потым будзе вячэра, а пасьля вячэры мае бацькi пойдуць у тэатар. Вось тут пачнуцца адносна цiкавыя рэчы. Чамусьцi Сьветка лазiць мыцца заўжды, калi сыходзяць гаспадары – мае бацькi. Яна кладзецца ў гарачую ванну, а праз колькi хвiлiнаў просiць, каб я памыў ёй сьпiнку. Звычайна я мыю ёй нашмат больш, чым сьпiнку... А мiнулы раз Сьветка папрасiла, каб я памыўся разам зь ёю. Было казытлiва i сьмешна. Нават крыху цiкава...
Дык вось, сёньня Сьветка йзноў паклiча мяне мыцца разам. I калi яна нагне сьпiну, упёршыся рукамi ў край ванны, я ўдару... Не, ня так. Калi будзем пiць гарбату, я незаўважна падсыплю ёй снатворнае. У вадзе Сьветка засьне, i мне застанецца крыху нацiснуць ёй на галаву, каб паглядзець, як разам з бурбалкамi зь яе выходзiць жыцьцё.
Гэтыя думкi робяць мяне вясёлым i бестурботным, амаль шчасьлiвым. Але самае непрыемнае ў шчасьцi – усьведамленьне таго, што яно ня можа быць доўгiм. Гэтая думка, як паразiт, смокча зь цябе радасьць i прымушае яшчэ мацней угрызацца ў сваё шчасьце. Таму, бегучы цяпер за Сьветкай, я думаю аб тым, што ня буду забiваць яе сёньня, бо саме галоўнае ў шчасьцi – ягонае прадчуваньне. Хай Сьветкiн азадак яшчэ больш абвiсае, хай яна выходзiць за свайго адстаўнiка i хай той мые ёй сьпiнку хоць кожны дзень. Што мне са Сьветкiнай сьмерцi? Усё, што можа мяне зьдзiвiць, можа быць толькi ўва мне.