Падарунак для Адэлі
Шрифт:
Бывае, чым горш, тым лепш. Чым глыбей упаў, тым лягчэй пасьля ўздымацца. “Нара”, “Сьвітанак”, “Радзівіл”, “Тройка”, “Бутэрбродны-М”… Крама, кухня, канапа… Я засьпеў сябе ва ўласнай кватэры, на канапе, у момант сэксу. Я трымаў дзяўчыну за грудзі ззаду і спрабаваў здагадацца, з кім у гэты момант маркітуюся. Таня? Наташа? Насьця?..
Ранкам высьветліў, што ўсё-ткі Лена. Мы дапілі рэшткі марціні, глынулі кавы, выпалілі па цыгарэціне, я выклікаў для Лены таксоўку, і мы адвіталіся.
Я прыняў душ, пагаліўся, пераапрануўся, замкнуў дзьверы і рушыў на сьвежае паветра – чуняць. Перад выхадам з пад’езду спыніўся побач з паштовай скрыняй. Адамкнуў і знайшоў капэрту. Мяне даўно віншуюць праз электронную пошту,
Я разарваў край капэрты і на мае далоні пасыпаўся попел. Толькі адзін кавалак паштоўкі захаваўся – з пачаткам майго імя.
Гэта была Калядная Паштоўка.
Кажуць, каб сны не збываліся, іх трэба распавесьці адразу, як прачнесься. Гэты сон я прысьніў раніцой пасьля купальскае ночы. Магчыма, гісторыя адбылася б і безь мяне. Калі б ня лета і не расчыненыя вокны.
Па шчырасьці, я ніколі не скакаў праз вогнішча й не купаўся галяком на Івана Купалу. І не таму, што ў дзяцінстве ўразіўся гогалеўскімі тапельцамі. Папросту так атрымлівалася, што ўсе свае дарослыя гады “чароўнай ноччу Купальля” я патрапляў у кампанію, якая тое сьвята адзначала ў лепшым выпадку паходам у “Папараць-кветку”.
Шчасьце ў мяне хутчэй асацыюецца ня з кветкай-аднадзёнкай, а зь няўрымсьлівай птушкай ці з чымсьці нават менш улоўным. А можа, справа ў тым, што паводле натуры я не грыбнік, там, ягаднік, і таму ідэя блукаць па лесе ў пошуках немаведама чаго выклікае ў мяне непрыняцьце.
Аднак гэтым разам на Купальле мы выбраліся-такі на адну лясную паляну за Горадам…
Цяжка з пэўнасьцю сказаць, як позна я вярнуўся, бо на прыродзе п’ецца вельмі добра. У кожным выпадку, моцным, атручаным алькаголем сном я спаў нядоўга. Пад раніцу бадун выштурхнуў мяне з ложку. Літар кефіру на кухні, зноў у ложак, і пачаліся трывожныя сны: няўцямныя ўрыўкі, няпэўныя сытуацыі, людзі-ня людзі… Немаведама што.
Як хто, а я навучыўся маніпуляваць уласнымі снамі. Гэта магчыма толькі на сьвітаньні, незадоўга да таго, як арганізм зьбіраецца абуджацца. Памятаеце “Палёт пчалы за сэкунду да абуджэньня” Сальвадора Далі? Карцінка фантасмагарычная, але той, хто яе бачыць, ужо ведае, што гэта сон. Вось у гэты момант ён можа круціць карцінку, як захоча.
— Алё, ці добра чуеш мяне? Алё, дык слухай далей. Выйшлі мы з тралейбуса, а перад намі нейкія коміны, будынкі змрочныя. Іх бачна добра, але навокал цемра — ані месяца, ані ліхтара...
Немалады жаночы голас падаўся мне знаёмым. Зрэшты, ці мала я ведаю галасоў людзей, якіх ніколі ня бачыў.
— …Уяўляеш, праходзім мы засьмечаны жалезьзем фабрычны падворак і неўпрыкмет трапляем у сапраўдны лес. Галя, ці чуеш мяне?..
Жанчына выгукнула апошнія словы так моцна, што ў мяне не засталося сумневаў — голас быў рэальны. Мяркую, што калі б я ўзьняўся і высунуў галаву ў фортку, то здолеў бы даведацца, на якім з падваконьняў стаяў тэлефонны апарат невядомай мне кабеты. Але сілаў не было нават каб расплюшчыць вочы. У моманты, калі жанчына замаўкала, каб пачуць адказы сваёй суразмоўніцы, я ізноў трохі прысынаў.
Урэшце, так бы яно й здарылася, я канчаткова вярнуўся б да сну. Асабіста я прызвычаіўся да штодзённых непатрэбных гукаў, якімі поўніцца дом і вуліца за вакном. Але…
— …Дык слухай, дзеўка. Сунемся мы праз той гушчар, сунемся, як раптам ты закрычыш — а-у!.. Ага, ты закрычала, ня я. І я бачу, што мы з табой абсалютна голыя. І тады адразу ж перад намі зьяўляецца хлопец. Як апрануты? Ну, звычайна, як зараз апранаюцца — табе такія падабаюцца. Джыньсікі нейкія ў яго былі... Сінія, з латкай скураной пад правым
каленам, завушніца, акулярчыкі круглыя, кашулька нейкая... Гэта, камізэлька сіняя зь зялёным... Ага, клятчастая. Так, так, заплечнічак з рудой замшы…Я перавёў позірк на сваю вопратку, раскіданую вакол фатэля. Сон зьнік — нібы й не было.
— …Я пытаюся — скуль ты ўзяўся, ён кажа — скуль і вы... Па што і вы прыйшлі... Гляджу — цябе няма... А ён кажа, маўляў, ідзі ты, цётка, у той бок — вернесься дадому, ты мне й не патрэбная зусім... Ідзі апраніся – тут купальскі лес, а ня лазьня... Алё, алё, чуеш мяне, Галя? Цьху, чорт, што за сувязь.
Я ня спаў, але вочы пакінуў заплюшчанымі. Я на сябе раззлаваўся. Трэба было адразу ж фортку зачыніць ды заняцца сваімі справамі. Голас змоўк, але я працягваў ляжаць, аж пакуль не зазваніў мой уласны тэлефонны апарат. Я выпаўз з ложку і падняў слухаўку.
— Дык слухай! Галя, дай я канцоўку распавяду. Пайшла я з паляны, але праз колькі крокаў павярнулася назад. Вяртаюся, а ты стаіш каля дрэва голая і ўся гарыш. Уяўляеш?! І тут я бачу, што гэта зусім ня ты. Нейкая іншая дзяўчына: высокая, у кароткай празрыстай кашульцы.
Я сабраўся быў адказаць, што кабета памылілася нумарам, але чамусьці не паверыў, што яна памылілася. Таму толькі прасіпеў у адказ: “Галя тут болей не жыве” і паклаў слухаўку.
Галава разламывался на дробныя й буйныя кавалкі. Я зь цяжкасьцю ўзьняў сваё цела з ложку і пасунуўся да лазенкі, дзе пакінуў сінія з латкай джынсы, кашульку, клятчастую камізэльку… Я апрануў свае круглыя акуляры і ўгледзеўся ў сьмярдзючую вопратку, спрэс запэцканую сажай. Мяне званітавала.
Я сабраў сілы разам і пацягнуўся да вакна, каб нарэшце пабачыць, хто ж з суседзяў размаўляў па тэлефоне, каб дазнацца, усё высьветліць. Я доўга і пільна ўглядаўся.
Усе вокны былі зачыненыя.
Майская сага
– Што ж, дзеткі, раскажу я вам як ёсьць пра Кацюшу, пра Кацьку нашу, – Панас Валяр’янавіч палез у кішэню пінжака па цыгарэты ды адразу схаваў сваю “Прыму”.
Вокны 6 “Б” клясы былі адчыненыя, на двары квітнелі яблыневыя сады.
– Сам я не мясцовы, нарадзіўся ў Польшчы, пад Стоўбцамі. А ў вашых лясох апынуўся пасьля абкружэньня. Ішоў сам-адзін да нашых. А куды – і ня ведаў, глядзеў па зорках, што нібыта на ўсход. Вёскі абыходзіў стараной, бо ня ведаў, ці ёсьцека там немцы. Ішоў, як воўк, па начох. Згаладалы быў, абадраны. І вось аднаго разу заснуў я ў лясным хмызьняку, а сон быў чуйны, за кожным хрумстам, кожным шоргатам мне трызьніўся фрыц са “шмайсэрам”.
І вось чую зусім блізка: шух-шух, чпок-чпок, шух-шух, чпок-чпок… Ляжаў – не варушыўся. Але хрумснула галінка пад маім бокам, і ўмомант над галавой засьвісталі кулі. Пазьней я дазнаўся, што гэта Кацьчыны былі кулі, зь ейнага ППШ – адзінага на ўвесь атрад. Бо лепшага ад яе стралка не было сярод народных мсьціўцаў. Што мяне ўратавала? Хіба ноч. Я закрычаў: “Свае!” Але ўмэнт навалілася на мяне з-за сьпіны сіла, і скруціла, і заламала руку. Гэта Кацюша падкралася і мяне скруціла. А тут і ліхтарык мне ў твар. Хлапец адной рукой трымае, а другой шырынку зашпільвае. Пайшлі.
Камандзір спраўдзіў мае дакуманты. І пачаў я служыць за Родзіну ў атрадзе. Адразу ў лягеры пры вогнішчы я разглядзеў твары маіх новых знаёмых. Адзін – хлапец – звычайны вясковы бэйбус. Рабаваты, вочкі хітраватыя, нібы пад дурня косіць, а сам у кішэні дулю трымае. Васіль яго звалі, не ўзьлюбіў я яго адразу ж. А Каця…
Удзівіцельнейшы гэта быў чалавек, дзеткі, удзівіцельнейшы. Вось вы яе ў сваім лісьце завеце “таварыш Андрэева”, “піянэрскі атрад імя партызанкі Андрэевай”… Вось у лісьце напісалі, што на саракавыя ўгодкі Вялікай Пабеды хацелі б насіць імя вашай адважнай зямлячкі…