Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Апакаліпсіс

Плывуць вужы на санцапёкі, лятуць буслы на астравы, жыцьцё — хай зорка то ці вока — заўсёды з прожылкам крыві Іюды, птушкі, чалавека зямной, таму сьвятой крыві, зласлоўем мёртвых воч крані, і кроў праступіць праз павекі. Плывуць вужы да глюг чырвоных, ляцяць буслы да хітрых ліс, і нат за мной зь зялёнай кроны цікуе чалавек ці рысь. А я? — напэўна, паляўнічы, на бельмах — прожылкі крыві, мае хтось дні сурочыць-зьнічыць, і
я лічу чыесьці дні.
I нават калі я заплачу, адчай, бы сэрца, загрызу — ня чыстую сьлязу, — убачу з крывавым прожылкам сьлязу.

Кола

Кожны дзень мяне пераязджае кола. Прадбачу, але не прыкмячаю аніколі ягонага набліжэньня. I толькі потым чую, як аддаляецца грукат у той бок, куды я сьпяшаю. Ані здагнаць яго, ані ўбачыць. Ну і д’ябал з табою, кола! А яно заходзіць па новаму кругу, і зноў зьнянацку, яшчэ глыбей уганяе мяне ў глебу дый кажа: і д’ябал са мною, і Бог са мною… Ух, як мне становіцца вусьцішна — гэта ж і я іду па кругу і калісьці ж яго замкну. I няма моцы збочыць, і няма мужнасьці супыніцца, ад гэтага такая злосьць на сябе разьбірае… Не-е! На гэты раз я ўхаплю цябе за абады! Адважна падымаю галаву, але… Скрозь паўз дарогу папераджальныя знакі: НЯ СУНЬ РУКІ Ў СЬПІЦЫ! Ну, д’яблава кола! А яно пасьпела зайсьці па новаму кругу і яшчэ глыбей увагнала мяне ў глебу: я і д’яблава, я і Богава…

*** Я дарэшты ў тваёй уладзе…

Я дарэшты ў тваёй уладзе што хочаш рабі з маім брыдкім целам і распуснай душой — хочаш любі а хочаш забі я сьцярплю таму што мая пакутная любоў мацьней за самы жахлівы боль ня страшна — калі вырываюць пазногці страшна — калі д’яблавымі пазногцямі па душы няхай нават бруднай але ж яна невінаватая вінаватае цела я дарэшты ў тваёй уладзе ды толькі аб адным прашу цябе НЕ! ЗАКЛІНАЮ ЦЯБЕ! Лепш забі зьдзекліва высакародна — неістотна толькі ня здрадзь бо тады я ніколі не вярнуся ў гэты сьвет а я ж так яго люблю…

У шкляным саркафагу

У шкляным саркафагу паміж падвойнымі вокнамі да апошняй пылінкі свайго праху заснуў матылёк. Шыбы, што стаяць знадворку, адлюстроўваюць ягоны сон. Я гляджуся ў іх, як у чароўнае люстэрка. Яны ртутнымі шляхамі дажджынак прадказваюць маё жыцьцё. I маёй цікаўнасьці няма мяжы: ані моцы, ані нават жаданьня — узяць на далонь, як вугалёк, матылька і адхукаць ад сну. Чыя нада мной воля? — гэта іншае пытаньне. I ўсё ж мне падабаецца жыць у шкляным саркафагу.

Перад цыганскім дажджом

Не з Дняпра, гэта з воч рыбакоў вырастае вясёлка, вось-вось-вось перакуліцца воблак з цыганскім дажджом, быццам з дробнаю рыбай кульнецца кашолка, і луска заіскрыцца пад сонцам жывым серабром, як маністы на нітку, на промні наніжуцца кроплі, Перуновы вятрыска абудзіць сурму за Дняпром, сурмачовае граньне палоніць, як боскія крокі, валацужлівы воблак за сонца сплыве, як паром.

У чароце птушка начавала

З народнага
У чароце птушка начавала, ой-лю, пад галоўку скрылечка падклала, ой-лю. А як ночку мне заначаваці, не пускае ў хату мяне маці, а чарот на возеры вяночкам, ночка,
ахрысьці майго сыночка,
а ў грудзёх разьбітае сардэнька, ночка, дзе мой любы казачэнька? У чароце птушка начавала, ой-лю, пад галоўку скрылечка падклала, ой-лю. А як мне заначаваці, не пускае ў хату мяне маці.

Натхненьне

Узгалоўем да ўсходу сонца рэкі сьпяць — такая велічная традыцыя. Сьпяць жа ў муз у нагох паэты — захавальнікі рыцарства. А паўз рэкі крадуцца лісіцы рыжыя — ноч мулкая дзённымі вобразамі, нат калі на мяне віно пральеце — па інэрцыі паэзіі гнеў мой вобразны. Хто закусвае там вальдшнэпамі, вы хоць ведаеце, як балюча сьнегу, калі сьняжынкі на гарачых губах плавяцца? А ты прабач, у мяне закаханая, не да сьлёз мне тваіх каляровых, я сягоньня на крыжы паэзіі, бы крывёю, сыходжу словамі.

Паэт

Ахвярую Алегу Бембелю

На памежжы чужыны з Айчынай па начох ходзіць сумны паэт, ён запаленымі вачыма, як агнём, апякае сьвет. А камусьці са спрат здаецца: блудзіць зорка па-над мяжой, быццам ёй не хапае мейсца і нябёс на зямлі сваёй. Хто пакрыўдзіў цябе, паэце? Хто прымусіў цябе блудзіць — Бог ці дэман у гэтым сьвеце? Што ты хочаш душы здабыць? I за што ты марнуеш цела? Можа, досыць зь цябе ахвяр? Сядзь, даверся паперы белай, і надзея асьветліць твар. Сядзь, пакайся за раны целу, яно ж братам тваёй душы. Ці жадала яно, ці ж хацела, каб ты з гэтай пакутай жыў? — на памежжы чужыны з Айчынай. …крок яшчэ — і няма мяжы…

Суд птушак

Калі сэрца дзяўбуць крумкачы, гнеў сочыцца. Не да болю. Крылы чорныя, быццам мячы, паласуюць няшчадна долю. Калі сэрца дзяўбуць буслы, крыўда сочыцца. Прыкра слухаць пір крывавы пад галасы высакародных птушак. Значыць, ёсьць за табой віна, калі птушка такая судзіць. Павініся. Не праклінай — птушкі літасьцівыя, як людзі.

Воўк

Куды ні пайду, і ў полі, і ў лесе, і ў лаўжох за вёскаю цікуе за мной воўк. Мы звыкліся і палюбілі адзін аднаго нянавісьцю. А мая стрэльба ахоўвала нас.

Аднойчы ў лесе заблукала маё дзяцінства, і толькі апоўначы я адшукаў яго і прывёў да бацькавай хаты. I да самай хаты воўк нюхаў нашы сьляды і прыйшоў па іх да стрэльбы, якую я наўмысна пакінуў на двары. Вялікім дурнем трэ было быць, каб не ўбачыць, што яна сапсаваная і прыдатная хіба што ў кавенькі. Яна і была мне кавенькай.

Воўк пайшоў прэч.

Прыйшоў ранак, прайшоў дзень, прайшла ноч…

Ён пайшоў прэч — ні гуку, ні духу.

Прайшоў год.

I здарылася мне гора. I завыў я. I стрэліла сапсаваная стрэльба.

Маналёг расстрыгі

Якія цяжкія, гнятлівыя радкі, нібы іх напісаў паэт-расстрыга, тут нават кропкі, бы ў дрыгве грудкі, працяжнікі, нібы на рэчцы крыгі. Прабач, паэт, прабач ты мне, расстрыга, але я не магу цябе чытаць — да берага скакаць па сьлізкіх крыгах, бо ўжо стаміўся ісьціну шукаць, бо разумею, што плыву на крызе і што, падчас праводзінаў маіх, мой грэх адпусьціць чалавек у рызе, які калісьці і мяне расстрыг.
Поделиться с друзьями: