Пастка на рыцара
Шрифт:
З настаўніцкай чуліся прыглушаныя галасы...
— Я казаў! Я казаў, што гэта — ідыятызм! Рамантыкі! У справядлівасць пагуляць захацелі! Каго вы ганіце? І што з вашай ганьбы? — крычаў раз’юшана Генадзь.
Большасць была за Генадзя, добрая частка ставілася да ўсяго з абыякавай цікавасцю, але былі і супраць. Супраць быў і Грышка-філосаф.
— Мы — дзеці. Хоць і лічым сябе дарослымі. Адзін чалавек ведае жыццё лепей за нас. І ён імкнецца даць нам адзін урок за другім. Зрабіць за нас тое, што мы павінны рабіць самі. Не ведаю як вам, а мне зараз сорамна! — ён нават акуляры зняў і цёр, цёр чыстыя шкельцы
— Пачакай, пачакай, — ажывіўся нечакана Додзік. — Ты кажаш — адзін?
— Адзін, — цвёрда запэўніў Грышка. — Малеча не ў лік.
— Чаму так?
— Бо я ведаю, хто гэта. Раней здагадваўся, а цяпер — ведаю.
Усе, як па камандзе, утаропіліся на яго. Усталявалася цішыня, было чуваць, як Грышка паціху перагортвае старонкі.
— Хто гэта, Грышачка? — спытала нарэшце Галінка.
Як прарвала астатніх:
— Хто, гавары!
— Хутчэй!
— Не цягні!
— А ці не ён сам?!
— Не, гэта не я, — адказаў Грышка, адзеў акуляры. — І як калісьці шкадаваў Косця, так зараз шкадую і я. Зараз я ведаю гэтага невядомага, і ад гэтага ведання мне толькі сорамна. Але вам яго імя я называць не буду.
— Чаму? — ледзь не за грудкі схапіў яго Генадзь. — Чаму?
— Бо не хачу. І я лічу, што не маю права выдаваць чужыя сакрэты. Гэта ўсё.
— А-а, вось як?! Ну тады, калі ён смелы такі, гэты рыцар, няхай прызнаецца сам! Ты ж усё роўна яго таямніцу ведаеш, які сэнс далей хавацца? Ці ў яго смеласці толькі на старых вартаўнікоў хапае? Ну, хто з вас рыцар адзінокі? — Генадзь пакусваў вусны, узбуджана аглядзеў клас.
Зноў падняўся Грышка.
— Я прашу рыцара ордэна “Зніч” верыць мне. Я нікому без яго дазволу не раскрыю яго сакрэт. Даю слова гонару!
— Ты ідзеш насуперак класу! Усе хочуць ведаць яго імя!
— Хто хоча?
— Я, напрыклад! — усхапіўся Лёшка.
— Паспрабуй адказаць пераканаўча — навошта?
— Каб... Каб паглядзець яму ў вочы!
— Глядзі, усе прад табой, а ён тут.
— Слоў колькі хачу сказаць!
— Кажы, ён жа не глухі.
— А я яшчэ не расквітаўся за сваю абразу! — злосна выгукнуў Додзік.
— Не думаю, што рыцар не зможа пачаставаць цябе бізуном яшчэ раз, калі ты зноў будзеш крыўдзіць малых. Усе, хопіць! — Грышка сеў.
Генадзь адкрыў было рот, каб яшчэ нешта казаць, але ў клас ужо ўваходзіла настаўніца — пачынаўся апошні ўрок.
Хвілін за пяць да канца ўрока ў клас асцярожна пастукалі. Астранамічка выгукнула: “Заходзьце!”
Адчыніліся дзверы, ніякавата ўсміхаючыся, зайшла Лідзія Пятроўна. Усхапіліся з месца, вітаючы класнага кіраўніка.
— З выздараўленнем вас! — прывітала яе і астранамічка. — Ну, у мяне ўжо ўсё, пагаварыце. — І выйшла.
Клас замёр.
— Ой, якія ж сталі! Як змяніліся! Кастусь, ці то гэта ты яшчэ большы стаў, ці гэта Аляксей зменшыўся?
Стрымана засмяяліся.
— Выраслі, выраслі, — паківала задуменна галавой Лідзія Пятроўна. — Ну пра вас і пра справы школьныя я ўсё ведаю, дзякую вам. Зайшла да вас на хвілінку, бо машына чакае, каб павітацца і... развітацца. Пуцёўка ў мяне, еду адпачываць, на жаль, нават правесці вас не змагу. І кажу вам зараз — дзякуй за ўсё! За тое, што не забыліся на мяне за гэты час,
што не далі засумаваць, што кожны тыдзень пісалі ў Мінск...Яна ўсміхнулася нейкім сваім успамінам, прадоўжыла:
— Ведаеце, калі я ў мястэчку ляжала, прыносяць мне адну перадачу, другую, то мне вядома — ад вас, бо ліст жа ў клуначку, а нянечкі аж млеюць ад цікавасці — хто ды хто? Ну, малайцы, гэткае прыдумаць! Калі ля бальніцы сапраўдны рыцар першы раз уранку з’явіўся, дзяжурную сястрычку ледзь не адкалыхваць прыйшлося. А потым прывыклі, кожны ранак выглядвалі і ўсе распытвалі — дзе ж я сабе такога рыцара знайшла? Дзякую вам, мой адзінаццаты, мой рыцарскі ордэн “Зніч”!
Яна гаварыла, а галовы апускаліся ніжэй і ніжэй, разгубленыя, аглушаныя пачутым. Ніхто не мог падняць вачэй. Быццам не лагодныя, поўныя ўдзячнасці і светлага захаплення словы, а цяжкія папрокі зрываліся з вуснаў настаўніцы і падалі гарачым каменнем на галовы і плечы.
— Ну чаго засаромеліся? Такога не трэба саромецца. А чыя гэта была задумка, га? — спытала Лідзія Пятроўна, гарэзліва бліснулі вочы. — Хто тут быў галоўны? Ці не ты, Лёшка?
— Мы не ведаем, — адазваўся ціха і нечакана стараста Юрась. — Мы павінны вам сказаць, Лідзія Пятроўна...
— А куды вы едзеце адпачываць, Лідзія Пятроўна? — перабіў яго раптоўна Грышка.
— Ой, Грыгорый, і назву выгаварыць цяжка. Нейкі санаторый у гарах, мора побач.
— Прыемнага вам адпачынку! Прыязджайце здаровай!
— Дзякую. Усім вам яшчэ раз дзякую! — яна ўсміхнулася шырока, паволі абвяла вучняў светлым позіркам, нетаропка выйшла.
У поўнай цішыні падняўся Грышка, закінуў на плячо сумку, рушыў да дзвярэй. Адчыніў, азірнуўся на Юрася.
— Ты, Юрка, хлопец разумны, нешта, відаць, да цябе дайшло. Але... Маўчанне — гэта не хлусня. А праўда іншы раз і забівае. Не абавязкова фізічна.
І выйшаў.
Зазвінеў званок, пранізліва, як сігнал на нейкі штурм.
— Хопіць! — выгукнуў Генадзь, падскочыў да настаўніцкага стала. — Гэты чортаў рыцар на восьмага сакавіка хлопцам даў аплявуху! А зараз ён плюе ў твар усяму класу!
— Морду яму набіць за такое!
— Знайсці! Неадкладна знайсці!
— Ціха! Што вы як цёткі на рынку? — Юрась ўстаў з месца. — Вось што, — ён запнуўся, рашуча прадоўжыў: — Рыцар нам у твар не пляваў. Ён наш твар выратаваў. Мы лічылі сябе такімі разумнымі і дружнымі, што не змаглі дамовіцца, каб калі наведаць настаўніцу, не напісалі ёй ні аднаго ліста, не павіншавалі са святамі. Не ведаю, як у вас, а ў мяне было жаданне праваліцца скрозь зямлю. Я не ведаю, хто гэты рыцар, але я кажу яму “дзякуй” ужо за тое, што падтрымліваў цёплыя пачуцці сталай жанчыны — нашай класнай.
Ён сеў, стаў запіхваць падручнік у сумку.
— А табе не здаецца, што гэты рыцар лічыць нас інфантыльнымі? Што ён лічыць сябе лепшым за ўсіх? Дабрэйшым за ўсіх?
— Не, не здаецца. Ён і на самай справе лепей за нас.
— Ён топча нас у гразь! — выгукнуў у запале Лёшка. — Ён добры — мы дрэнныя, ён смелы — мы баязліўцы! Хопіць, у мяне ёсць план! Не прызнаецца — і няхай. Але потым хай не шкадуе!
— Го, паляванне на рыцара!
— Злавіць яго!
Зноў падняўся Юрась, агледзеў клас.