Пастка на рыцара
Шрифт:
Стомленымі вачыма Грышка глянуў на сваю мазаіку і зразумеў, што прааналізаваць вынікі будзе далёка не проста. Ён чакаў, што будзе многа чырвонага колеру, але такіх квадратаў было толькі чатыры… Дваццаць шэсць прозвішчаў, дзевятнаццаць стаўбцоў даных. Грышка нават уключыў сюды і пытанне: "Хто ведае, што такое "Зніч"?".
Як тут было брацца за аналіз, што рабіць з жоўтымі квадратамі — ці дадуць разам два такога колеру адзін зялёны?
Але здавацца Грышка не збіраўся. Калі цяжка чалавеку супаставіць мноства даных, трэба гэту справу даручыць машыне…
Назаўтра Грышка разгарнуў перад Міхасём-прафесарам
— Так, Міхась, вось даныя, вось суб’екты. Для цябе ж камп’ютэр як бог. Складзі праграму, няхай вылічыць твой бог: хто з суб’ектаў з найбольшай верагоднасцю можа адпавядаць усім даным.
Адно толькі ўпамінанне аб нейкай практычнай праграме для камп’ютэра запаліла ў вачах Міхася азартны агеньчык.
— Ну, ну, — ён пацягнуў на сябе аркуш. — Цікава… Алгарытм будзе не дужа складаным… Ого! Ты рыцара вылічыць сабраўся?
— Але.
— Для камп’ютэра задачка гэтая на чвэрць секунды. Вось толькі даных малавата.
— Дзевятнаццаць пунктаў мала?
— Мала. І яшчэ трэба раздрабніць колеры. Не проста "Магчыма", а "Магчыма, так", "Магчыма, не" і гэтак далей. Ты яшчэ збірай даныя, я сёння складу праграму. Якраз інфарматыка будзе, закіну праграму ў камп’ютэр… — Міхась знайшоў свае інацэялы на аркушы, усміхнуўся: — Мяне можаш выкрасліць.
— Не, калі за справу возьмецца камп’ютэр, то я і сваё ўпішу, — запярэчыў Грышка. — Дзеля праверкі.
— Добра. Калі Сяргей Антонавіч дадому адразу не пойдзе, я спытаю ў яго дазволу, то сёння пасля заняткаў і ўвядзем даныя.
— Згода.
На перапынках Грышка распытваў зарэчанскіх хлапчукоў, тых самых, якіх рыцар бараніў некалі ад Додзіка. Але ні аб рыцары, ні аб тым, якога колеру ў яго конь, ці ёсць нешта адметнае, хлапчукі расказвалі вельмі неахвотна, хоць Грышку ў школе паважалі. Не вельмі дапамог Грышку і Додзіеў. А качагар, дзядзька Рыгор, нечакана раззлаваўся:
— Што вы ўсё вынюхваеце? Ты б лепш злодзея спаймаў, які вугаль цягае. Бач, усхадзіліся! Даўся вам рыцар. От табе рыцар што дрэннага зрабіў? Чаго ты на яго ўз’еўся?
— Ды нічога дурнога я не задумваю. Проста цікава мне і ўсё. — Грышка разгубіўся, адступіў назад — ён аніяк не чакаў такой бурнай рэакцыі качагара на сваё пытанне: "Якой масці быў конь?".
— Цікава яму! Табе цікавасць, а чалавеку — справа! Ідзі прэч адсюль!
Грышку гналі як блазнюка. Ён адчуў такое прыніжэнне, якога не паспытваў ужо даўно. Было сорамна. І яшчэ свідравалі душу гэтыя словы качагара: "…чалавеку — справа". Яго аднакласніка, гэтага рыцара, стары салдат называў чалавекам, а яго, Грышку, гнаў, бы неразумнага падлетка.
"Ну, чаго ён так усхадзіўся?" — думаў Грышка, выходзячы з качагаркі. І вырашыў, што стары Рыгор даўно ведае гэтага рыцара. І не проста ведае, а сябруюць яны. А гэта важкія даныя… Што ж, з усяго бывае толк…
У кабінеце інфарматыкі яны засталіся удвух, Грышка і Міхась — настаўнік пайшоў у настаўніцкую, папярэдзіўшы, каб нікога больш не пускалі ў кабінет. Грышка прадыктаваў апошнія даныя, сядзеў, маўчаў.
— Ну, што, ціснуць? — Міхась трымаў палец на клавішы.
— Ты, Міхась, не крыўдуй, але… — Грышка зняў акуляры, стаў церці шкельцы — яўны прызнак яго хвалявання. — Я пакуль даныя дыктаваў, амаль здагадаўся, хто такі гэты рыцар. Я не хачу, каб нехта, акрамя мяне, бачыў вынік работы праграмы.
Ты зразумей, я не таму…— Ды калі ласка! — проста адказаў Міхась. — Мяне ваш рыцар хвалюе як пазалеташні снег. А вось праграму было цікава складаць. — ён устаў з месца і адышоў да камп’ютэра настаўніка.
Грышка націснуў клавішу.
Адказ на маніторы ўспыхнуў амаль зразу ж.
Грышка хвіліну глядзеў на манітор, потым выключыў праграму.
— Міхась, ты сцяры, калі ласка, праграму, каб не ўлез хто, — папрасіў ён.
— Што, атрымалася? — захваляваўся Міхась.
— Атрымалася. Маю інтуіцыю пацвердзіў твой камп’ютэр. Верагоднасць 80 працэнтаў. У самага бліжэйшага суб’екта верагоднасць 35 працэнтаў.
— Дык цудоўна! — узрадваўся Міхась. — Спрацавала праграма! А ты сам чаго засмучоны? Сумняваешся?
— Ніколькі, — адказаў Грышка. — Я не сумняваюся, хоць і нечаканы ў нечым атрымаўся для мяне адказ. Усё так і ёсць.
— Дык чаму не рады? Не хочаш расказваць?
— Я не дзеля таго рыцара шукаў, каб усім расказаць. Для сябе, як і ты вось праграму складаў.
— Дык жа ўсё знайшоў… — не разумеў Міхась.
— Я зразумеў адну простую рэч, — задуменна сказаў Грышка. — Раней чытаў той выраз з Бібліі, не мог дацяміць. А цяпер разумею, што значаць словы: "Той, хто множыць веды, множыць скруху". Мне сорамна. Проста сорамна.
Грышка выйшаў з кабінета, не падзякаваўшы Міхасю за дапамогу.
Міхась сцёр праграму, не зазіраючы ў яе. Яго і на самой справе ніколечкі не хвалявала таямніца рыцара.
Мінуў месяц, другі. Рыцарскі ордэн: “Зніч” тады-сяды абвяшчаў аб сабе.
Саўкоў з восьмага “Б” зняважыў аднойчы на школьным вечары адпачынку дзяўчыну. І ўвесь наступны тыдзень то яму солі ў шклянку з чаем хтось сыпне, то цукру ў боршч. “РОЗ” у лістоўцы паведаміў, што заморыць яго голадам, калі не папросіць прабачэння. Саўкоў фанабэрыўся, але калі пачаў прыліпаць да зэдліка і хадзіць з плямамі мелу на спіне — здаўся. Прыціхлі задзіры — двое ўжо атрымалі “цемную”. І малых не надта асмельваліся цяпер крыўдзіць. Ордэн і на самай справе на кулак адказваў кулаком. Але галоўнай яго сілай была яго цяперашняя таямнічасць. Хто ў ім — ніхто не ведаў.
Ды ўсе дагэтуль здавалася драбязой, аж пакуль зноў не выбухнула ў адзінаццатым.
Алена Радзько, дачка старшыні калгаса, марыла аб інстытуце. Але з матэматыкай... Вышэй “трох” у яе за чвэрць ніколі не было. І то — ледзь-ледзь. Пасля чарговай кантрольнай Шаноўны раздаў правераныя лісткі з адзнакамі. Радзько пакруцілася і спытала:
— А дзе мая, Зіновій Пятровіч?
Той неяк скрывіўся і нехаця адказаў:
— Я, відаць, яе згубіў. Але добра памятаю, што табе я паставіў “чацвёрку”.
Алена шмыгнула задаволена носам, і насупраць яе прозвішча з’явілася ўжо другая “чацвёрка”. Першая была за вусны адказ з месца.
У класе зразумела заўсміхаліся.
А назаўтра кантрольная Радзько знайшлася. На тым самым месцы, дзе заўсёды прышпільваліся аб’явы і паведамленні ордэна. Нічога зроблена ў ёй не было, хіба што ўмовы задач перапісаны, ды сяк-так намаляваны трохвугольнікі. І стаяў знізу вялікі запытальнік чырвонага колеру. А квіток ордэна паведамляў, што за гэтую кантрольную Радзько атрымала “чатыры”.