Пастка на рыцара
Шрифт:
— ...Ну, гэта ўжо свінства! — кіпеў Лёшка ад адчаю і злосці. —Жнівень усе прагайсалі, можна ж было разам гэтых арэхаў дзятве два, тры мяхі б назбіраць! Была б памяць пра нас, глядзіш, і традыцыя б у школе ад нас пайшла — дарыць выпускному класу навагоднія падарункі малым…
— Ды не псіхуй ты, — супакойваў яго Косця. — Знойдзем, ён на нашы пытанні адкажа...
— Можа, і нам што дастанецца? А раптам падарунак кожнаму? — гадалі назаўтра дзяўчаты на школьным балю.
— Адзін ужо атрымаў на арэхі, яшчэ хто хоча?
Але старэйшыя віншавання ад рыцарскага ордэна не дачакаліся.
Затое пасля зімовых канікул усіх чакаў
Яшчэ адзін рыцарскі ордэн!
Ужо не тайны — пяцера хлапчукоў з зарэчанскага паселка абвясцілі сябе рыцарамі і запрашалі ўсіх да сябе. Тут жа быў і “Кодэкс рыцарскай чэсці”: “Не хлусіць ніколі! Не баяцца ніколі!” Пунктаў было не вельмі і шмат, але рыцары не забылі дзяўчынак: “Не крыўдзіць і не даваць крыўдзіць дзяўчынак, нават непрыгожых”.
Не смяяўся з гэтага аркуша адзін Генадзь. Ён адчуваў нейкую пагрозу ў гэтай аб’яве, але зрываць яе не стаў.
Праз тыдзень у новым ордэне было каля дзесятка хлапчукоў, і не толькі малеча! З’явіўся свой ордэн у шостых класах, потым яны аб’ядналіся, і колькасць рыцараў стала больш дваццаці. Рыцары майстравалі сабе латы, збіраліся ўвесну правесці сапраўдны турнір. У аднаго з іх дзядзька быў некалі даволі ўмелым фехтавальшчыкам, і зараз у спартыўнай зале пасля ўрокаў рыцары вучыліся змагацца па ўсіх правілах сапраўднага бою. Дырэктар дазволіў карыстацца не толькі спартыўнай залай, шумна было і ў школьнай майстэрні. Рыцарам зайздросцілі — ім было цікава, але абы каго яны да сабе не прымалі.
Генадзь рабіў выгляд, што нічога істотнага не адбываецца, але завуч аднойчы спыніў яго ў калідоры:
— Здаецца, уся школа хутка стане рыцарскім ордэнам. І хто тады будзе ў ёй кіраваць? Савет школы ці рыцары? Як думаеш?
Генадзь не адказаў нічога, толькі пачырванеў.
Праз тыдзень, калі ў ордэне з’явіліся два хлопцы з восьмага класа, ён ніяк не мог заснуць. Ці то надвор’е было такое — выў вецер, сек крупяным снегам у шыбы, ці то іншае што... Снег і падказаў. “Стыхія” — варухнулася незнарок, і Генадзь аж прысеў на ложку. Вось яно, выйсце! Самы надзейны крок! І як яму раней не прыйшло такое ў галаву? Падпарадкаваць стыхію!
Назаўтра ён сабраў школьны актыў — дзесяць хлопцаў і дзяўчат са старэйшых класаў — і прапанаваў узяць над ордэнам шэфства. З ім ляніва паспрачаліся: навошта ўлазіць у дзіцячую гульню, але Генадзь нечакана для ўсіх пачаў настойваць. Згадзіліся.
На чарговыя заняткі рыцараў па фехтаванні ён прынёс паперу і фарбы. Яго ідэя мець ордэну сваю газету вельмі спадабалася рыцарам, і ўмомант выбралі рэдкалегію. Ну, а калі Генадзь паабяцаў значкі, усе прыйшлі ў захапленне. Мець свой значок! Уга! Вось дык маеш!
Генадзь з’ездзіў у горад — там, на механічным заводзе працаваў яго брат. І праз тыдзень хлапчукі разглядвалі з бляскам у вачах маленькіх зіхцячых коннікаў, высечаных з белай бляхі.
Стыхія была падпарадкавана. Генадзь пераканаў рыцараў, што для таго, каб быць сапраўднай арганізацыяй, трэба выконваць некаторыя фармальнасці. Быў абраны рыцарскі камітэт, зацверджаны школьным актывам (каб па-даросламу было, растлумачыў Генадзь), з’явіўся план, спісы членаў ордэна.
Генадзь быў задаволены — задуманае ўдалося надзіва лёгка.
Між тым ордэн у школе пачалі паважаць. Колькасць рыцараў яшчэ вырасла, хлапчукоў з бліскучым коннікам на грудзях можна было бачыць і ў гардэробе,
і ў буфеце. Яны сачылі за чаргой. Старэйшыя хлопцы спачатку пасмейваліся, але калі аднойчы Толік, сябра Додзіка, нахабна палез праз галовы, каб узяць бутэльку ліманаду, цэлы дзесятак хлапчукоў ушчаперыўся ў яго і выцягнуў з буфета. Толік раззлаваўся, пачаў раздаваць кухталі, ды яго не спалохаліся. Сапраўдную бойку распачынаць Толік пабаяўся. На дапамогу аднаму дзесятку хлапчукоў аднекуль узялося яшчэ столькі ж. Болей з імі ніхто не звязваўся. Было зразумела — ордэн стаў сілай, і моц яго у незвычайнай дружнасці хлапчукоў.Неяк надвячоркам, калі заняткі ўжо скончыліся, у школу прывезлі вугаль, які дырэктар столькі часу дзе толькі не выпрошваў. Трэба было тэрмінова вугаль разгружаць — а каму, калі школа пустая? Колькі хвілін сам дырэктар з аднаногім школьным качагарам, дзядзькам Рыгорам скідвалі з машыны паліва, а потым дырэктар заўважыў свет у школьнай майстэрні. Ён рушыў туды.
Трое рыцараў-пяцікласнікаў малявалі эскізы латаў, рабілі выкрайкі з паперы.
На словы дырэктара аб тым, што трэба тэрмінова разгружаць машыну з вугалем, хлапчукі адрэагавалі нечакана: двое адразу рушылі да машыны, а трэці куляй выляцеў са школы і знік. Не паспелі дырэктар з двумя памочнікамі скінуць па некалькі шуфляў вугалю, як на машыну з прамежкамі ў хвіліну-дзве сталі залазіць па адным, па два хлопцы. Хвілін праз пятнаццаць іх было больш дзесятка. Куча вугалю меншала ўвачавідкі, рыцары працавалі дружна, з імпэтам, не зважаючы на чорны пыл. І ў самога дырэктара, і ў старога Рыгора забралі з рук шуфлі — не хапіла прыладаў на ўсіх.
Разгрузілі — і зніклі, не чакаючы ніякіх падзяк...
Генадзь тым часам развіў кіпучую дзейнасць, і неяк незаўважна ён стаў, па сутнасці, кіраўніком ордэна. Па яго ініцыятыве ордэн рос як на дражджах — прымаліся новыя хлопцы. Але частыя пасяджэнні, на якіх размяркоўвалі розныя абавязкі, абмяркоўвалі планы, хлапчукам пачалі наскучваць, ды гэтага Генадзь быццам не заўважаў.
У сярэдзіне лютага Генадзя паклікаў завуч, Мікалай Васільевіч.
Размаўлялі ў пустой настаўніцкай.
— Ты, Генадзь, сваю дасціпнасць дастаткова яскрава паказаў на паседжаннях Савета школы, ды і школьны актыў вядзе работу ў правільным накірунку, — пачаў Зіновій Пятровіч. — Што ты наконт гэтага рыцарства думаеш?
— Ды... Неблагая як быццам гульня. Галоўнае — яна пад кантролем, — падкрэслена адказаў Генадзь.
— Пад кантролем... А ведаеш, што кантроль — гэта недастаткова, каб весці сапраўдны выхаваўчы працэс?
— Вядома... — паціснуў плячыма Генадзь. — Трэба і кіраваць. Дарэчы, у мяне сярод рыцараў дастатковы аўтарытэт.
— Але ж ты не рыцар?
— Ну, не, гэта ж гульня...
— Гэта не гульня! — жорстка перабіў завуч. — Помні — любое аб’яднанне стаіць на нейкай аснове. Ідэалагічнай аснове. Якая аснова ў рыцараў?
— Ну... Якая там у іх аснова — прыдумалі самі сабе кодэкс, па ім і жывуць. Звычайны набор з кніжкі “Што такое добра і што такое дрэнна”...
— Ой, памыляешся, памыляешся, — са скрухай загаварыў завуч. — Трэба глядзець у сутнасць. І ў сутнасць з’явы, а не ў сутнасць нейкага кодэксу. А сутнасць у тым, што рыцары, іх ордэн — самастойныя. Разумееш — са-ма-стой-ны-я! Вось сёння ў школе ёсць вучнёўскі актыў школы. Ён самастойны? — хутка спытаў Шаноўны.