Постаці
Шрифт:
А Паэт ведаў паэзію свайго народа, як ніхто. Нездарма быў сынам этнографа. І, як кожны сапраўдны сын і вучань, перарос бацьку і настаўніка. У чым? У прыватнасці, у тым, што не паверыў сцвярджэнню аб аднастайнасці беларускай песні. І меў рацыю. Але мала таго — узбагаціў тую песню.
У чым яшчэ? Не мог паверыць, напрыклад, што на Беларусі не збераглося гістарычных паданняў, што ў народа беларускага няма гістарычнага мыслення.
"Няма доказаў, няма фактаў, што паданні зберагліся, — тым горш для фактаў. Няма — значыцца, пакуль не знайшлі. Не існуе народаў без памяці, без легенд. І нельга чакаць, сядзець склаўшы рукі. Трэба, пакуль знойдуцца такія, — даць люду свае".
Велічная, надзвычайная вера. І, як раней
Сёння мы ведаем, што паэт не памыліўся, што эпас, што паданні ёсць, што і цяпер мы ствараем іх. Раскіданыя ў старажытных кнігах, у летапісах ("паданне аб мужыцкім Хрысце"), запісаныя фалькларыстамі, але запісаныя ці выдадзеныя пазней, яны, каб іх, апрацаваўшы, скласці з асколкаў у цэлае, маглі быць эпапеяй, вартай іншых вялікіх эпапей розных народаў. Беларусь чакае яшчэ свайго Лёнрата, свайго Лаггфела, якія зноў складуць у цэлае разбітае некалі бязлітасным часам.
І дачакаецца.
Сёння, на грунце ўжо вядомага, мы здзіўляемся, як Багдановіч трапна адчуў асаблівасці народнай мовы і самы склад народнага мыслення ў гістарычным эпасе.
"Максіма і Магдалену" маглі б спяваць лірнікі, каб яны былі ў наш час, каб дажылі.
Хоча зноў пачуць тое гранніца У астатні раз, У смяротны час. На апошняе са светам развітанніца. . Магда, Магдачка, Мая зоранька ясная, Маё сонейка прэкраснае! Ой, да сонейка Па зямлі цвяты расцвітаюць, Ад яго ж яны й пасыхаюць. А ты, сонца, свеціш, Залатое, святое, І не ведаеш тое."Страціма-лебедзя" — рэч у вышэйшай ступені інтэлігентную — маглі б, аднак, спяваць магілёўскія "дзяды" разам з плачам, "плачам-узрыдаем". І таксама плакалі б, жахаліся і шкадавалі, і ў глыбіні душы наракалі на бога астравецкія, полацкія ці лельчыцкія бабы.
Не анёл у трубу уструбіў — З хмары бог старому Ною гаварыў: Поўна з краем чаша гневу майго На людскія грахі ды бясчыннасці.І ў "Калевалу" беларускую стараннем будучага нашага Лёнрата (каб такі прыём быў дазволены) гістарычныя вершы Максіма Багдановіча маглі б увайсці ў якасці лепшых яе частак, побач са славутай "Дачкой Андрэя", з "Яварам і бярозай", з апрацаванымі адпаведна гісторыямі "Кронік", з легендамі, з "Ой, вайна была" і "Ой, закурэла, ой, задымела сырымі дрывамі", з тысячамі іншых эпічных твораў.
Характар гістарызму ў нашага паэта своеасаблівы. Амаль няма гістарычных асоб. Гэта Скарына ў вершы "Безнадзейнасць" (і, магчыма, не зусім той Скарына, якога мы ведаем). Гэта князь Ізяслаў Полацкі, што загінуў у сечы з літоўцамі.
Вось, бадай, і ўсё. І гэта зразумела. Багдановіч жыў на зары Адраджэння, і ён параўнаўча мала ведаў. Але ён прадбачыў усё, разумеў усё і ў няведанні сваім глядзеў праўдзівей і далей, чым некаторыя прафесары гісторыі, што свядома скажаюць ісціну. Бачыў далей, таму што ведаў: калі гісторыя народа нераспрацаваная, малавядомая — ёсць адзіны сродак пазбегнуць памылкі, расказваючы аб ёй. Зрабіць героем сваіх вершаў самую вялікую гістарычную асобу — Народ.
Той, што адзін толькі мае права распараджацца сваім лёсам. Той, што не вінен у сваіх памылках. Той, што адзіны стваральнік
сваёй велічы і сваёй справядлівасці.Той, што ўмее кахаць і адказваць за каханне, як адказваў за каханне да Магды Максім.
Той, што не дасць у крыўду высокага гонару роднай зямлі, - гэта ў геніяльнай "Пагоні".
Ён часам прымхлівы, як дзяўчына ў "Ціхім вечары" або дзед з верша "Па ляду ў густым бары". Але ён умее працаваць, перад ім ёсць будучыня.
І яшчэ таму Багдановіч бачыў далей, што ён ніколі не страчваў веры ў неадольнасць чалавечага руху наперад. Адзін з самых кранальных у гэтым сэнсе вершаў "Агата". Не на шырокім палатне, не з барабанным боем, а проста, недакучліва, няголасна гаворыць пра абуджэнне Чалавека ў чалавеку паэт.
Дзяўчына з сярэдневяковага беларускага горада ідзе да ратушы, дзе паляць ведзьмакоў. Ідзе глядзець. Усё натуральна: раз ёсць ведзьмакі — патрэбна і вогнішча.
Ідзе і сустракае прыўкраснага конніка, губляе яго з вачэй. І вось каханне абуджае яе. І яна ўжо здатная страціць уратаванне за нованабытую любоў, за каханне, загубіць варажбою душу і, магчыма, самой згарэць на вогнішчы, як гарэлі ведзьмакі, абы здабыць, абы ўбачыць светлага конніка ў залатым шаломе, свайго "Юр'я Святога", які пакуль скача недзе ўначы, асветлены далёкім водбліскам пажару.
А значыць, як бы ні заняпаў чалавек — ён знойдзе шлях. І нічога з ім не зробіш.
Максім Багдановіч даў нам першы ўрок гісторыі. Даў яго, нарадзіўшы ў нашых людзях гонар за сваё мінулае, і гістарычнае мысленне, і веру ў будучае.
Аднаго гэтага хапіла б на вечны яму помнік.
Такі ранні помнік!
Зразумела, паэт мог бы не дажыць да сямідзесяціпяцігоддзя і без сухотаў. Войны, рассталяныя патрыёты і проста заложнікі, допыты ў падзямеллях гестапа, нахабны гвалт і тэрор ворагаў, бамбёжкі, тры нашэсці — ці мала было такога, што магло б разбіць кволы сасуд чалавечага цела. Ды яшчэ калі яно — цела паэта. Ды яшчэ такога паэта, як Максім Багдановіч.
Паэты не толькі вешаюцца. Паэтаў і вешаюць. Фалангісты рассталялі Лорку. Досыць было, што Багдановіч проста паэт, чалавекалюбца, дэмакрат, каб яны вышчарыліся на яго і распялі.
Я дрыжу за кожную кулю, якую яны маглі б усадзіць у яго. За кожны асколак бомбы, які мог бы раздзерці яго сэрца.
За гільяціны, за Трасцянец і іншыя канцэнтрацыйныя лагеры, за кожны паклёп, за кожны артыкул, падобны на здзек. Іх не было, але яны маглі б быць, і сэрца маё абліваецца крывёю за неіснуючыя яго мукі, і я вінавачу фашызм і іншае такое яшчэ і за яго, які нежывы, але мог бы жыць.
І ўсё ж як шкада, што яго няма. Жыццё — вялікая даброта.
Мой друг і мая зямля
Чалавек перажывае дзесяткі расчараванняў. Самыя балючыя з іх — расчараванні ў сябрах. Любіў да няздатнасці заўважаць кепскае — і вось забыўся нават нумар тэлефона.
Але не аб тых размова. Хочацца расказаць пра тых, прыхільнасць да каго як была, так і застаецца моцнай.
Мы шкадуем дзеля іх добрых слоў, саромеемся іх. Чаму? А так, мужчынская дурасць! Хто ведае, праз колькі год позна будзе самому сказаць добрае другу ці ад яго пачуць пра сябе? А яно, добрае слова, часам патрэбней за хлеб і ваду. Бо кепскае мы чуем занадта часта.
Гэта — эскіз. Пра многае не скажаш. Сёе-тое хай пачакае.
Таму вазьміце гэты беглы, штрыхавы партрэт майго сябра і пастарайцеся ўбачыць за ім жывыя чалавечыя рысы.
…Пачалося са смешнага. Недзе ў 1946-м, ці што, годзе пісаў я трагедыю з крыжацкіх часоў (раман з жыцця мамантаў). Гэткі дамарослы валенрадзізм, замешаны на крыві, слінях і ружовай вадзе. Патрэбна было прозвішча аднаму з герояў, а яны мне дужа цяжка даюцца, прозвішчы.
Па радыё, ці яшчэ як, пачуў я прозвішча, якое здалося мне прыдатным.