Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Постаці

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Скарына быццам адчуваў, што ён, як чалавек з "зямлi Уц, iмя якому было Iаў", усё жыццё будзе рызыкаваць самiм жыццём, будзе цягнуцца па "крутых чужых сходах", як Дантэ, што яго будуць праклiнаць, што супраць яго справы будуць такiя ворагi, як папа i Лютар, маскоўскiя патрыярхi i свае дабрадзеi.

I, аднак, ён iдзе. Ён верыць у дабро, i яго вядзе па цяжкiх шляхах толькi адно:

— Дайце асветы майму народу. Дайце крыху болей асветы славянам. Тады iх, пiсьменных, абазнаных, нiхто ўжо не здолее пакрыўдзiць, як крыўдзiлi дагэтуль.

Так, прынамсi, лiчыў ён.

Выходзiць кнiга за кнiгай, i кожная —

маленькае дзiва палiграфii. Вытанчаны, зграбны, чытэльны шрыфт, з выдумкай i густам зробленыя застаўкi i загалоўныя лiтары, выключныя па прыгажосцi i якасцi друку гравюры, якiя ўражваюць i зараз, i якiя можна разглядаць гадзiнамi. Народу так патрэбна прыгажосць! Не менш, чым веды i хлеб!

Ён робiць таленавiтыя кнiгi. Ён проста не можа рабiць iншых.

I вось ужо ўсе яны ляжаць перад iм. Такiх яшчэ не было. I ўсё гэта зрабiлi ягоныя рукi i рукi яго пражскiх сяброў.

Зрабiлi самi, без нiчыёй дапамогi, i гэта вiдаць не толькi па чыстай залатой мове, але i ў кожнай рысе гравюры, з якой паўстае славянскi тып ва ўсёй сваёй асаблiвасцi, дзе ўсё сваё: твары, вопратка, iнтэр'еры, нават сам пейзаж. I кожны славянiн, убачыўшы гравюру да "Руфi", успомнiць цягучую жнiўную песню над полем, мiгценне каласоў у вачах, шастанне сярпа i, магчыма, прыпомнiць, што i ён бачыў дзвюх бедных жанчын, якiя падбiралi каласы за жняцамi, i сцiснецца ў яго сэрца ад раптоўнай, вострай шкадобы да iх.

I ён убачыць гравюру да кнiгi "Эсфiр", i прачытае, i ўзненавiдзiць здраду i подлыя падкопы каралёў супраць сваiх народаў.

I ўбачыць будаўнiцтва Вавiлонскай вежы i зразумее, што адзiная несумненная каштоўнасць i адзiная велiч на зямлi ёсць Праца, i яе няма чаго саромецца, а саромецца трэба таго, што ты жывеш з працы другiх, бо ўмееш прадаваць iндульгенцыi i мянцець языком з амбона.

I ўбачыць Юдзiф з галавою Алаферна i зразумее, што няма на зямлi каштоўнасцi большай, чым родны край, i калi ўжо жанчыны, рызыкуючы жыццём i гонарам, пайшлi дзеля яго на ўсё, то мужчынам i пагатоў трэба.

Так ён i напiша ў сваёй прадмове: "Понеже ад прыражэнiя звери, ходяшчие в пустынi, знаюць ямы своя; птiцi, летающiе по воздуху, ведаюць гнезда своя; рiбы, плывающчыя по морю i в реках, чуюць вiры своя; пчолы i тым падобныя бароняць ульев своiх; така ж i людзi i где зродилися i ускормлены суць по бозе, к тому месту велiкую ласку iмаюць".

Шмат чаго ён яшчэ скажа. Скажа аб тым, што хрысцiянства — не суды над iншамыснымi, а бяззлобнасць i браталюбства, што абраных богам народаў няма, што ўсе браты i няма рознiцы мiж iмi. Ён падыдзе да "Бібліі" рацыянальна, як да крыніцы ведаў граматычных, музычных, астранамiчных. Як да таго, па чым можна вывучаць логiку, рыторыку, геаметрыю — усе не рэлiгiйныя, а свецкiя веды.

Ён скажа аб антычна-дэмакратычным iдэале мудрага i справядлiвага правiцеля, якi не просiць сабе "нi дзён многiх, нi багацця, нi жэ душ ворагаў", а просiць "мудрасцi", бо "без мудрасцi… немагчыма добра жыць людзям простым на зямлi".

Ён будзе гаварыць аб праве i справядлiвасцi, аб "роўнасцi для ўсiх", аб аднолькавым праве ўсiх на жыццё, хлеб, асвету i любоў.

Ён адмовiць царкве i царам у манаполii на думку, у манаполii iхняй улады над чалавечай думкай. I скажа, што ёсць законы прыроджаныя, а ёсць законы пiсаныя, i перавагу трэба аддаваць першым.

I ён скажа гэта такой яснай i

гожай, такой лаканiчнай мовай, што яна i зараз шмат у чым з'яўляецца для нас узорам.

А, самае галоўнае, ён дасць народу зразумелую кнiгу, а значыць i самасвядомасць, розум, шлях з сутарэнняў на святло.

…Пасля пачалiся гады вандраванняў. Родны сын Беларусi i прыёмны сын Прагi зноў пад рэзкiм ветрам на бясконцых дарогах.

Бясконцая змена гарадоў. Вечныя спрэчкi з праваслаўнай i каталiцкай, з рэфармацкай догмамi. Частку ягоных кнiг спалiлi i ледзь не спалiлi яго самога.

Але ён упарта выдае новыя i новыя кнiгi. На гэты раз у Вiльнi.

…Але потым, вiдаць, адмовiлi ў грашах на выданне новых кнiг мецэнаты. Грашовае становiшча Скарыны зусiм не блiскучае. Пачалiся суды, страшнае сярэдневяковае кручкатворства, горы паперы, якая так была б патрэбна для кнiг, для ягоных кнiг. Той паперы, на якую ён звёў усе свае грошы i без якой заўсёды задыхаўся.

А пасля, як на Iава, пасыпалicя яшчэ i яшчэ няшчасцi. Канфiскацыя маёмасцi. Страшны Вiленскi пажар 1530 года, у якiм, вiдаць, згарэла i друкарня. I ўсё тое, што засталося. А пасля маравая язва, што выкатала амаль увесь горад, мортусы з завешанымi тварамi i бусакамi (баграмi) у руках. I гэтымi бусакамi цягнуць трупы i кiдаюць iх у фуры, што цягнуцца ў начы, пры святле паходняў, вулiцамi прыцiхлага, звар'яцелага ад жаху горада.

Ён едзе ў Кёнiгсберг, i хаця герцаг Альбрэхт лiчыць яго ледзь не самым выдатным вучоным свету — пратэстанты хутка выжываюць яго адтуль. Ён едзе ў Маскву, каб друкаваць кнiгi там — цемрашалы-царкоўнiкi, якiм не патрэбна зразумелая кнiга, ствараюць вакол яго такую пякельную атмасферу, у горадзе так пачынае смярдзець вогнiшчам, што ён вымушан пайсцi i адтуль.

На усёй шырокай зямлi для яго няма месца. Ён — Iаў.

I, самае страшнае, ён нiдзе не можа цяпер выдаваць кнiгi. "Удзячны" народ не падтрымаў яго. Праўдзiвей, яшчэ мала i слаба ведаў аб iм i, не хочучы гэтага, ненарокам аддзячыў выгнаннем. Ён, вядома, яшчэ будзе iх чытаць, гэтыя кнiгi, але тады, калi нават косткi асветнiка спарахнеюць у зямлi.

Ягоныя кнiгi не патрэбны нават братам. То каму яна патрэбная, кнiга на беларускай мове? Габсбургам?

I тады ён паўтарае словы старадаўняга мудраца:

— Не я страцiў Афiны. Гэта хутчэй Афiны страцiлi мяне.

Каля 1534 або 1535 года Скарына зноў у Празе. Там, дзе так лёгка дыхалася, калi ён быў малады. Ён не ведаў, едучы туды, што там зусiм не так лёгка, як у 1517.

Ён назаўсёды пазбаўлены магчымасцi i права выдаваць кнiгi. Але застаецца яшчэ адно, тое, чым ён займаўся адначасна ўсё жыццё i што цяпер зробiцца ягонай галоўнай справай.

Акрамя ўсяго, ён яшчэ славуты лекар. I калi ён не да канца здолеў даць людзям здаровы розум i здаровую душу — што ж, ён пастараецца, у меру магчымасцей, даць iм хаця б адносна здаровае цела. Можа, з iм не яны, дык iхнiя нашчадкi дажывуць да перамогi царства розуму.

Ён лечыць пражскi люд. Ён робiцца вучоным садаводам-батанiкам пры двары Фердынанда I. Батанiчны сад быў закладзены ў Празе ў 1534 годзе, i Францыск Скарына, несумненна, быў адным з яго заснавальнiкаў. Батанiчныя сады ў той час былi i "аптэкарскiмi гародамi", дзе, пераважна, расло лекавае зелле i лекавыя дрэвы для аптэк. Магчыма, свая аптэка была i ў Скарыны.

Поделиться с друзьями: