Постаці
Шрифт:
Ён быў геніяльны паэт. Яго звалі Максім Багдановіч. Усё жыццё ён думаў пра Беларусь, пра людзей, хварэў за іх, піянерам ішоў праз нетры, прасякаючы шлях, церабіў зарасці, бурыў гнілыя дрэвы хлуслівых аўтарытэтаў, каб яны не падалі на галаву Чалавеку. І паўсюль паставіў, дзеля нас, абярэжныя слупы:
— Ціха, тут водзяцца злыя цёмныя сілы. Загубяць, калі не будзеце берагчыся!
— На гэтым шляху — загінеш!
— Асцярожна — дрыгва!
– Ідзі, тут светлая, надзейная дарога!
Ён працаваў катаржна. Можа, таму і падарваўся. І памёр. Яму было б зараз семдзесят пяць год. Мог бы суцяшаць нас сваім існаваннем на зямлі. І вось няма. І, нават, здаецца ён
Якая прычына, што Максім Багдаеовіч астанецца для нас ледзь не самай сімпатычнай і роднай постаццю ў гісторыі беларускай літаратуры?
Па-першае, ён змагаўся наводдаль ад сваёй арміі. Іншым было лягчэй. Яны былі сузор'ем. Ён — самотнай зоркай, якая, вядома, бачыла святло ад вялікай галактыкі свайго народа і ад сузор'я лепшых сыноў яго, паплечнікаў сваіх — але ўсё ж палала наводдаль. Іншыя нарадзіліся ва ўлонні свайго народа, чулі ўвесь час яго мову, усмакталі яе з малаком маці і з вадою беларускіх крыніц. Гэты — чуў яе ад лічаных людзей. Ён большую частку свайго жыцця не бачыў радзімы, а калі ўбачыў, то спустошаную вайной, няшчасную, знявечаную і збрыджаную. Убачыў, каб адразу ж самотна памерці наводдаль ад яе.
Іншыя, можа, больш зрабілі. Але трагізм і веліч гэтага кароткага жыцця, пагрозная і шчымлівая яго нота — глыбей закранаюць наша сэрца. Мы супакутуем яму, і таму ён не толькі наш настаўнік, але і нібыта святло сэрца нашага, улюбёны сын, з нараджэннем якога мы пачалі новае жыццё, які зрабіў нас мудрэйшымі і дабрэйшымі, адкрыў нам вочы на нас саміх, прымусіў па заслугах ганарыцца сабой.
І адышоў, не пакінуўшы нам суцяшэння.
Па-другое, гэты чалавек ніколі не зведаў кампрамісаў, ніколі не дапусціў сваё сумленне да згоды, не пісаў таго, чаго не думаў, цвёрда ішоў па адзіна магчымым для чалавека шляху, шляху годнасці і сцвярджэння права на сваю, адметную, незалежную думку. Без гэтага называцца чалавекам не мае права ніхто. І вось ён, незайманы, кінуў нас, астаўшыся ў сэрцах нашых найвышэйшым прыкладам такога вось Чалавека.
Па-трэцяе, ён бараніў годнасць чалавечую, клікаў да гуманізму і на гэтай дарозе адступленняў не ведаў.
Па-чацвёртае, быў наскрозь гістарычным паэтам, у тым сэнсе, што абуджаў у народзе гістарычнае мысленне, а значыць, і гонар. Вось аб гэтым, апошнім, і хацелася б сказаць. Атрымалася так, што за многія і многія дзесяцігоддзі бяспраўя з людзей выбілі памяць. Здавалася, маўчалі вякі, здавалася, у нас не было мінулага, а значыць, не было і акрэсленай будучыні.
І вось з'яўляецца юнак і, падобна летапісцу з уласнага верша, раптам дае гэтай спячай памяці першы штуршок:
— Падымі галаву! За табою — веліч! За табою — барацьба! Ты не бязбацькавіч! У цябе ёсць продкі, якімі можна і трэба ганарыцца!
Загінулі яны, і, можа, сотні год З часоў тых працяклі, і згінуў іх народ, І ўсё змянілася, і ўжо пра іх забылі. Вы, літары, цяпер нанова ўсё збудзілі! І людзі зведаюць аб прадзедах сваіх, — Аб горы, радасцях і аб прыгодах іх, Каму маліліся, чаго яны шукалі, Дзе на глыбокім дне іх крыюць мора хвалі.Я не ведаю дагэтуль у беларускай гістарычнай літаратуры лепшага твора, чым "Апавяданне аб іконніку і залатару, людзях мудрых і красамоўных, кнігалюбцам нейкім
дзеля славы божай ды размнажэння дабра паспалітага выдадзенае".І гэта нягледзячы на тое, што "гістарычнага" ў ім — акрамя антуражу ды мовы — уласна няма, а ёсць разважанні аб мастацтве.
Але хіба мова — гэта так мала? Хіба не палова справы — даць гісторыі язык? Язык, якога не пазбавілі.
Золата, срэбра і чэрнь. Вось кажа Раман Якубовіч:
"Бо, здаецца, кожны зразумець можа, што святая ікона пана бога, хаця б і зусім няўдала зробленая, бязмерна больш варта, чым са пса якога-небудзь малюнак найлепшы".
Адказвае залатых спраў майстра, Антон Корж:
"Вось чаму я, хрысціянін не горшы ад іншых, рэчы свае вырабляючы, адно толькі красу формы пільную ды не думаю аб тым, нашто нанізкі залатыя мае пойдуць: ці то на здабленне фігуры маткі боскай, або піяка і распуснік які на пакраску сваю ўжываць іх будзе".
Мова! Два чалавекі, два характары, два стылі. І яшчэ трэці стыль, стыль гісторыі, сапраўдны — аж валасы варушацца — вецер яе. І дорага б я даў, каб напісаць некалі нешта падобнае.
…А што, вас ніколі не здзіўляла, адкуль яно ўзялося, адкуль гэты бог з машыны, адкуль гэты, уласна, хлопчык мог так ведаць усё?
Не было і не магло ж у яго быць доступу да гістарычных дакументаў (не ў Яраслаўлі ж шукаць беларускія архівы), не было яшчэ грунтоўных прац па старажытнай мове. Не было ў яго і падрыхтоўкі да чытання старажытных папер, не быў спецыялістам у палеаграфіі.
Былі, што праўда, тамы актаў, выдадзеныя рознымі археалагічнымі камісіямі. Але ж падбор дакументаў?! І ўвогуле: аб'ектыўнасць досыць рэдкая госця ў падобных выданнях.
…Былі кнігі. Таксама збольшага, наскрозь тэндэнцыйныя ў той ці іншы бок. Сапраўдных мала. Смярдзяць ялеем і халопствам.
Не ў Бацюшкава ж, не ў Ратча, не ў Мураўёва, не ў іншых, імя якім — легіён, было яму вучыцца веданню таго, што такое народ. Кожны з гэтых людзей рабіў з гісторыю наймічку або наложніцу і рабіў з ёю што хацеў, ведаў, што бараніцца не будзе, ведаў, што для іншых людзей, для жаніха, якому яна патрэбна, як паветра, і імя якому — Народ, яна замкнёна за сямю пячацямі, за кратамі архіваў, за цёмнай мовай мінулага, за неадрыўнай вяззю папер.
І вось, перачытаўшы сотні даследаванняў, перакапаўшы стосы папер, пабачыўшы ў сто разоў болей, чым гэты вечны юнак, раптам разумееш, што ты ягоны вучань, што ён прадчуваў болей, чым ты ведаеш. Мала таго, магчыма, ты бачыш гэта ўсё, бачыш многа, бо ён даў табе вочы. Нарадзіў погляд на ўсе гэтыя дакументы, на ўсе з'явы, даў у рукі арыядніну ніць, каб не заблукаў у цёмных лабірынтах беларускага мінулага.
Толькі геніяльнай інтуіцыяй можна растлумачыць гэта. Наскрозь дэмакратычным светапоглядам, веданнем, што ніколі, нізавошта нельга даваць у крыўду просты народ, і ўсё, што не на яго карысць — ад лукавага, у якія б прыгожыя тогі яно ні драпіравалася, якія б высокія словы ні казала.
І лепшы доказ гэтаму — "Слуцкія ткачыхі" ў рэдакцыі "Вянка", можа, найвялікшы наш шэдэўр.
Якія б ні былі зіхоткія і залатыя тканіны — яны не каштуюць слязы дзяўчыны, што нарадзіла гэтую прыгажосць. А калі яна, гэтая тканіна, усё ж мае права на існаванне, то гэта таму, што яна — памяць аб бязведамных ткачыхах, доказ іхняй геніяльнасці.
Багдановіч зведаў усё гэта. І з гэтага ведання нарадзіў сапраўдную паэзію, высокае золата і жалеза якой перажывуць вякі.
Што дало яму вернасць погляду? Мне здаецца, фальклор. Адзіны з усіх — народ не будзе не толькі сведчыць супраць сябе (на гэта многія не майстры), а і хлусіць. Гэта за яго робяць іншыя.