Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка ў сусьветную вайну

Гашак Яраслаў

Шрифт:

Капрал пачырванеў і ўсхапіўся з месца:

— Забараняю ўсялякія заўвагі, вы, вольнапісаны!

— Вы ні ў чым не вінаваты, — супакойваў яго вольнапісаны — пры ўсёй колькасьці розных гатункаў жывёлін прырода адмовіла ім у якім-бы там ні было інтэлекце; нябось, чулі самі пра чалавечую дурасьць. Хіба ня было-б куды лепш. каб вы нарадзіліся якою-небудзь ікшай жывёлай-сысуном і не насілі-б дурнога імя чалавека і капрала. Гэта вялікая памылка, калі вы лічыце сябе самай дасканалай і разьвітай істотай. Варта спароць вам зорачкі, і вы будзеце нулём, такім-жа самым нулём, як і ўсе тыя, якія на ўсіх фронтах і ва ўсіх акопах страляюцца невядома за што. Калі-ж прыбавяць вам яшчэ адну зорачку і зробяць з вас новы гатунак жывёліны, пад назваю старшы ўнтэр, то і тагды ў вас ня ўсё будзе ў парадку. Ваш разумовы кругагляд яшчэ больш звузіцца, і калі вы нарэшце паложыце сзаю культурна-недаразьвітую

голаву на полі бойкі, то ніхто ва ўсёй Эўропе па вас не заплача.

— Я вас пасаджу! — з адчаем крыкнуў капрал.

Вольнапісаны ўсьміхнуўся.

— Відавочна, вы хацелі-б пасадзіць мяне за тое, што я вас абразіў? У такім выпадку вы-б зрабілі несправядліва, бо пры вашым разумовым багажы вы ніяк не маглі-б пазнаць наяўнасьці абразы ў маіх словах, тым больш, што вы — гатоў ісьці ў заклад, на што хочаце! — не памятаеце нічога з нашай размовы. Калі я назаву вас эмбрыёнам, то вы забудзеце гэта слова, не скажу — раней, як мы даедзем да найбліжэйшай станцыі, але раней нават, як прамільгне найбліжэйшы тэлеграфны слуп. Вы — адмёрлая мазгавая зьвіліна. Пры ўсім жаданьні не магу нават сабе ўявіць, каб вы калі-небудзь маглі складна расказваць пра тое, пра што я вам гаварыў. Апрача таго, можаце запытацца ў каго хочаце з прысутных, ці была ў маіх словах хоць капля абразы, і ці зачапіў я чым-небудзь ваш разумовы кругагляд.

— Бясспрэчна, — пацьвердзіў Швэйк. — Ніхто не сказаў вам ні славечка, якое вы маглі-б дрэнна вытлумачыць. Заўсёды выходзіць неяк няўдала, калі хто-небудзь раптам адчуе сябе пакрыўджаным. Сядзелі мы раз у начной кавярні «Тунэль». Гутарка ішла пра оранг-утангаў. Сядзеў з намі адзін марак і расказваў, што оранг-утанга часта не адрозьніш ад якога-небудзь барадача, бо ў оранг-утанга ўся морда зарасла космамі, як… — «ну, кажа, як у таго вунь, скажам, пана за суседнім сталом». Мы ўсё аглянуліся, а барадаты пан устаў, падышоў да марака, дык як трэсьне яму па мордзе! Марак узяў піўную бутэльку і разьбіў яму галаву. Барадаты пан застаўся ляжаць бяз памяці, а мы з мараком разьвіталіся, бо ён намерыўся ісьці, калі ўбачыў, што прыхаўтурыў гэтага пана. Потым, калі марак пашоў, мы пана аджывілі і бясспрэчна дрэнна зрабілі, бо ён зараз-жа, як уваскрос, паклікаў паліцыю, хоць мы тут былі зусім ні пры чым, аднак паліцыя завяла нас у часьць. Там ён увесь час намагаўся давесьці, што мы палічылі яго за оранг-утанга і што ўвесь час мы толькі пра яго і гаварылі. Мы гаварылі, што нічога падобнага, што не пра яго ішла гутарка, а пра оранг-утанга, і што ён не оранг-утанг. А ён усё сваё, — што пра яго, што гэта ён оранг-утанг. Мы сваё, што не оранг-утанг, а ён свае: «Не, кажа, оранг-утанг; сам, кажа, чуў». Я папрасіў пана камісара, каб ён сам пану ўсё растлумачыў. Камісар яму па-добраму стаў тлумачыць, але той ня даў яму гаварыць і сказаў, што камісар трымае нашу руку. Тады пан камісар загадаў пасадзіць яго за краты, каб той працьверазіўся, а мы намерыліся былі ісьці назад у «Тунэль», але не давялося, — нас таксама пасадзілі за краты… Вось бачыце, пан капрал, што можа стацца з маленькага, пусьцяковага непаразуменьня, на якое і слоў шкада траціць. Ці, напрыклад, у Нямецкім бродзе адзін грамадзянін з Акругліц пакрыўдзіўся, калі яго назвалі тыгровай гадзінай. Ды ці мала слоў, за якія ніхто не падлягае кары. Калі, напрыклад, мы-б з вамі сказалі, што вы — сусьлік, ці маглі-б вы за гэта на нас раззлавацца?

Капрал зарыкаў. Гэта нельга было назваць ні крыкам ні рэвам. Гэта быў рык, які выказваў гнеў, шаленства і адчай, якія зьліліся ў адно. Да гэтага концэртнага нумару дамешваўся тонкі сьвіст рулад, якія выводзіў косам, храпучы обэр-фэльдкурат.

Потым капрал аслабеў. Ён сеў на лаўку, і яго вадзяністыя нявыразныя вочы ўтаропіліся праз вакно ў далячыню на лясы і горы.

— Пан капрал, — сказаў вольнапісаны, — у гэты момант, сочачы за чарованым поглядам за шумнымі гарамі і пахучымі лясамі, вы нагадваеце сабою натхнёную фігуру Дантэ. Тыя-ж самыя шляхетныя рысы поэта, чалавека, чулага сэрцам і душою, які агукваўся на ўсё ўзвышанае. Прашу вас, застанецеся так сядзець, гэта вам да твару. Як пранікнёна, бяз ценю роблевасьці і прыкідваньня лупіце вы вочы на пэйзаж, які перад вамі разлягаецца. Бязумоўна, вы думаеце пра тое, як будзем прыгожа тут вясною, калі гэта пустая мясцовасьць засьцелецца стракатым дываном палявых кветак…

— Які арашаецца крынічкаю. — падхапіў Швэйк. — А на пянёчку сядзіць пан капрал, сьлініць аловак і піша вершыкі ў часопісь «Маленькі чытач».

Гэта ня вывела капрала з стану поўкай апатыі. Вольнапісаны стаў запэўняць капрала, што ён бачыў зьлепленую яго галаву на выстаўцы скульптуры:

— Даруйце пан капрал, ці не ляпіў з вас скульптар Штурза? [56]

Капрал

глянуў на вольнапісанага і сказаў сумна:

— He.

Вольнапісаны змоўк і выцягнуўся на лаўцы.

56

Адзін з найлепшых сучасных чэскіх скульптараў, нядаўна памёр.

Канвойныя гулялі з Швэйкам у карты. Капрал з адчаю стаў заглядваць у карты цераз плечы гулякаў і нават дазволіў сабе зрабіць заўвагу, што Швэйк пашоў з туза і што яму ня варта было казыраць: тады-б ў яго засталася сямёрка для знесу.

— У ранейшыя часы, — сказаў Швэйк, — у шынкох былі вельмі добрыя надпісы на сьценах, спэцыяльна для дарадцаў. Памятаю адзін надпіс: «Ня лезь, дарадца, да гулякаў, a то дастанеш па зубах».

Воінскі цягнік падыходзіў да станцыі, дзе інспэкцыя абыходзіла вагоны. Цягнік спыніўся.

— Так і ведаў, — сказаў бязьлітасны вольнапісаны, многазначна глянуўшы на капрала, — інспэкцыя ўжо тут.

У вагоны ўвайшла інспэкцыя.

Начальнікам воінскага цягніка быў назначаны штабам афіцэр запасу — доктар матэматычных навук Мраз.

На такія дурнецкія справы заўсёды назначалі афіцэраў запасу. Мраз ад свае пасады зусім ашаламіўся. Ён заўсёды недалічваўся аднаго вагона, хоць да вайны быў выкладчыкам матэматыкі ў рэальнай школе. Апрача таго, падлік каманды па асобных вагонах, зроблены на апошняй станцыі, ня сыходзіўся з падлікам, зробленым пасьля пасадкі на будэйовіцкім вакзале. Калі ён праглядаў сьпіс інвэнтару, выяўлялася, што невядома адкуль узяліся дзьве палявыя кухні. Яго прахапілі дрыжыкі, калі ён констатаваў, што коні якімсьці чынам размножыліся. У сьпісе афіцэрскага складу ў яго не хапала двух малодшых афіцэраў. У пярэднім вагоне, дзе зьмяшчалася палкавая канцылярыя, не маглі знайсьці пішучай машынкі. Ад усяго гэтага хаосу ў яго забалела галава, ён выпіў ужо тры парашкі асьпірыну і інспэктаваў цягнік з хваравітым абліччам.

Увайшоўшы разам з камэндантам цягніка ў арыштанскае купэ і праглядзеўшы паперы, ён прыняў рапарт ад нясчаснага капрала, што ім канваіруюцца два арыштанты і што ў яго вось столькі чалавек каманды. Потым начальнік цягніка параўнаў наяўнасьць з тым, што было ў паперах, а аглядзеў купэ.

— Гэта яшчэ каго вы везяце? — строга запытаўся ён, па казваючы на обэр-фэльдкурата, які спаў на жываце, задзё рыста выставіўшы азадак проста на інспэкцыю.

— Асьмелюся далажыць, пан лейтэнант, — заікаючыся пралепятаў капрал. — Гэта, гэт…

— Які яшчэ там «гэта гэт»? — нездаволена сказаў Мраз, — гаварэце выразьней.

— Асьмелюся далажыць, пан лейтэнант, — адкаў за капрала Швэйк, гэты пан што сьціць на жываце, нейкі п‘яны обэр-фэльдкурат. Ён да нас прыстаў і ўлез у вагон, а мы не магл яго выкінуць. бо як ні як — начальства, і гэта было-бпарушэньнем чынаўшанаваньня. Ён, мусіць, пераблытаў штабны вагон з арыштанскім.

Мраз уздыхнуў і паглядзеў на свае паперы. У паперах ня было нават ніякага намёку на обэр-фэльдкурата, які-б павінен быў ехаць з цягніком у Брук. У яго заторгалася зока. На папярэдняй прыпынцы ў яго раптам прыбавілася коняй, а цяпер — калі ласка! — у арыштанскім купэ невядома адкуль бярэцца обэр-фэльдкурат.

Начальнік цягніка ня прыдумаў нічога лепшага, як загадаць капралу, каб той перавярнуў обэр-фэльдкурата, які спаў на жываце, тварам угору, бо ў ранейшым палажэньні нельга было пазнаць, хто ён такі.

Капрал пасьля доўгіх намаганьняў перавярнуў обэр-фэльдкурата дагары, прычым фэльдкурат прачнуўся і, убачыўшы перад сабой афіцэра, сказаў:

— Eh, seriris, Fredy, was gibt‘s Neues? Abendessen schon Sertig [57] .

Пасьля гэтага ён зноў заплюшчыў вочы і павярнуўся да сьцяны.

57

А, Фрэдзі, як маешся? Якія навіны? Вячэра гатова?

Мраз у момант пазнаў, што гэта ўчарашні абжора з афіцэрскага сабраньня, вядомы аб‘ядала на ўсіх афіцэрскіх балях і ціха ўздыхнуў:

— За гэта зьявіцеся да палкоўніка, — сказаў ён капралу і накіраваўся да дзьвярэй.

Швэйк затрымаў яго.

— Асьмелюся далажыць, пан паручнік, мне не належыць знаходзіцца тут. Я павінен быў быць пад арыштам да паловы адзінаццатай, бо тэрмін мой сягоньня скончыўся. Я пасаджаны пад арышт на тры дні, і цяпер павінен ужо знаходзіцца з іншымі ў цялячым вагоне. З прычыны таго, што адзінаццаць гадзін ужо даўно было, вельмі прашу, пан лейтзнант, высадзіць мяне з цягніка, ці перавесьці ў цяплушку, ці накіраваць да пана паручніка Лукаша.

Поделиться с друзьями: