Пугачоўскі цырульнік
Шрифт:
Праведалі дзядзьку
15.08.2010. Дзядзьку Віцю 77. Жыве ён у Лягезах у бацькоўскай хаце з жонкай Стасяй, якая на гадоў дзесяць маладзейшая за яго. Цяпер у іх гасцюе малая праўнучка Карына. Нядаўна дзядзька ехаў на ровары ў Бакачы ў краму і па дарозе з гары паваліўся і паламаў рэбры. Я з Людмілай, Барысам Пятровічам і яго жонкай прыехалі праведаць пабітага. Дзядзька Віця ў добрым настроі сустрэў нас на вуліцы. І пакуль цётка Стася рыхтавала на стол, мы слухалі дзядзькавы расповеды. Даведаліся, што печ, на якой я ў дзяцінстве ляжаў з бабуляй Ганнай і слухаў яе казкі, была пакрыта рудой з прыгожым узорам кафляй яшчэ пры паляках. Узгадалася, што да вайны, па словах маёй мамы, у сям’і бабулі Ганны і дзеда Міхася было не
Яршоўка
15.08.2010. Паўз Лягезы праз алешнік працякае невялічкая рачулка Яршоўка. У дзяцінстве нярэдка цэлымі днямі я сядзеў каля яе і глядзеў на ваду. І я вырашыў паказаць сваім сябрам і жонцы Яршоўку. Прыйшлі. А рачулкі і няма. Толькі рэчыша з белым пяском і заімшэлымі камянямі. Пасля ўжо дзядзька Віця расказаў, што за Лягезаўскай гарой, дзе пачынаецца Яршоўка, бабры зрабілі велізарную плаціну і ўвесь луг і кустоўе затапілі. Цяпер там чатыры бабрыныя хаткі…
Усе мы родам з дзяцінства…
16.08.2010. Вяртаюся з працы. Гарачыня, хоць і вечарэе. Заходжу ў тралейбус і чую: «Я хачу на мора! Я хачу на моора!! Я хачу на мооорааа!!!» Гляджу: «Хто ж гэта так раве?» А раве малы гадоў чатырох. У яго ўзросце, гадуючыся ў бабулі Ганны ў Лягезах, я не толькі не ведаў, што на свеце ёсць мора, а і пра Мінск нічога не ведаў і наогул я не ведаў, што ёсць яшчэ нейкія людзі акрамя тых недзе сарака чалавек, сярод якіх я жыў…
А можа…
17.08.2010. У сталоўцы каля сваёй працы сустрэў фатографа Анатоля Каляду, ссівелага і амаль бяззубага, і ўсё ж элегантнага, як гадоў 15 назад, калі ён супрацоўнічаў з «ЛіМам», дзе я працаваў. Сярод фотамайстроў Анатоль нейкі няспешны і непладавіты. Ён ёсць і нібыта яго і няма. А можа так і трэба ў гэтым жыцці: не спяшацца і не вытыркацца?
Ранішняе
17.08.2010. Яна стаяла на прыпынку сярод людзей. І, калі Ён заходзіў у патрэбны яму аўтобус, іх позіркі сутыкнуліся, і ў яго па душэўным спакоі разбегліся агністыя трэшчыны. Пакуль дзверы ў салон не зачыніліся, а гэта было секунды чатыры, Яна некалькі разоў зазірнула яму ў вочы і павярнулася бокам, гарэзнаганарліва задзёршы свой востры прыгожы носік, нібы кажучы: «Падабаюся? Дык выходзь з аўтобуса!» І не паспеў Ён вырашыць, што рабіць далей, як у аўтобуса зачыніліся дзверы, і Ён паехаў. Яна ж адразу павярнулася спінай да яго, нібы паказваючы сябе ззаду і гаворачы: «Запомні мяне такую!»
Вельмі сумна…
22.08.2010. Сёлета за восем месяцаў у маіх Пугачах і ў навакольных вёсках сышло на той свет шэсць чалавек. І ўсе зза п’янкі. Тыдзень назад камбайнёры, якім захацелася пакаштаваць яблыкаў на хутары, знайшлі ў садзе саракагадовага мужчыну, былога трактарыста, які павесіўся. Вісеў ён, відаць, ужо недзе з тыдзень, бо вароны паспелі яму выдзеўбці вочы і ён сам добра падгніў. Вісельнік раней жыў у вёсцы, выпіваў і гэтым летам, пасля таго як па п’янцы разбіў трактар, яго выгналі з працы. Беспрацоўны перабраўся на хутар да такой жа жанчыны, з якой цэлымі днямі піў. Што там адбылося, пасля чаго павесіўся мужчына, ніхто не ведае, бо ягоная сяброўка нават не заўважыла, што яна адна працягвае піць. Да канца года яшчэ чатыры месяцы…
* * *
23.08.2010. 1 верасня еду ў Маскву. Паціху збіраюся ўжо цэлы тыдзень. Адчуванне, нібыта зноў еду ў Літінстытут на вучобу…
* * *
23.08.2010. Успомнілася. 1984 год. Цягнік «Мінск — Масква». У купэ на Усесаюзны семінар маладых літаратараў еду з Леанідам Галубовічам. З намі Сяргей Дубавец, Алесь Асташонак, Міхась Барэйша, Уладзімір Саламаха, Вадзім Спрынчан, Хрысціна Лялько і яшчэ некалькі чалавек. Не памятаю, пра што мы гаварылі ўсю дарогу, але запомніўся вершаваны радок Галубовіча: «Колькі ўжо гадзін еду і еду ў бок Масквы, а сонца
ўсё няма і няма…»Трахімёнак і дзяржаўны сакрэт
25.08.2010. У «Доме прэсы» быў на прэсканферэнцыі пісьменніка Сяргея Трахімёнка. Гаварылі пра ягоныя кнігі, што выйшлі ў «Мастацкай літаратуры» і ў холдынгу «ЛіМ». Ад Сяргея Аляксандравіча, як ад прафесійнага разведчыка, прысутныя даведаліся, што амерыканскіх шпіёнаў у Савецкім Саюзе распазнавалі (а гэта раней быў дзяржаўны сакрэт) па падробленых пашпартах, якія былі цалкам, як савецкія, але яшчэ лепшыя. Лепшыя тым, што амерыканцы скарыстоўвалі сашчэпкі з нержавейкі, а ў нас яны былі жалезныя, якія праз дватры месяцы пачыналі ржавець. Словам, калі твой пашпарт не ржавее, то ты не наш чалавек…
Прыкметы восені
26.08.2010. У сённяшнім дні ўбачыў новую прыкмету надыходзячай восені — на вуліцах і ў транспарце стала шмат студэнцкай моладзі…
Хутка ў школу…
28.08.2010. Праз некалькі дзён дзецям зноў ісці ў школу. Спрабую ўспомніць свой першы школьны званок і не магу. Затое добра памятаю выпускны вечар. Мне ў той дзень выпала пасвіць кароў у радоўцы, таму на мерапрыемствах, якія былі днём у школе, я не быў. Вечарам, прыгнаўшы з радоўкі кароў і пераапрануўшыся ў касцюм, пайшоў у клуб. Упершыню сам запрасіў танцаваць Зою Шымель, у якую быў закаханы. Танцаваў з аднакласніцай некалькі разоў, і яна мяне запрашала на белы танец, але я так і не сказаў ёй ні слова…
Танцы ў час дажджу
28.08.2010. У дажджлівае надвор’е ў вёсцы добра было хадзіць на танцы. У клубе не падымаўся пыл і не было задухі. І, калі пачыналася бойка, то чырвоныя ад крыві кашулі можна было мыць у струмені вады, што сцякаў з клубнай страхі. Байцом я не быў, але…
Клуб у Татарскіх
28.08.2010. У Татарскіх клубам была звычайная з печкай хата, у якой ніхто не жыў. Неяк, расказваючы пра сваё юнацтва жонцы, вырашыў паказаць ёй клуб у Татарскіх. Прыйшлі. А на месцы хаты, сярод быльнягу адна белая печка з чорнай трубой, як помнік таму, што было і ніколі ўжо не паўторыцца…
У «Сталіцы»
28.08.2010. З Людмілай хадзілі ў «Сталіцу». Яна ў крамах разглядала абутак і адзенне, а я жанчын…
На хвіліну…
28.08.2010. Змрочна. Дробны дождж. З «Чырвонага касцёла» пасля вянчання выйшлі маладыя. Маладыя і прыгожыя. Мы з Людмілай на хвіліну спыніліся, нібы жыццё для нас спынілася на хвіліну…
* * *
2.09.2010. Масква. Беларускі вакзал. Шэсць гадзін раніцы. Мы з Зосяй Куставай і Аленай Казак толькі што выйшлі з вагона. Сунемся з натоўпам. Таксісты прапануюць падвезці. Пытаемся пра кошт і адмаўляемся. Дорага. Спадзяемся на метро. А там вар’яцкая чарга і мы вяртаемся да таксістаў. А іх ужо няма. І раптам да нас падыходзіць высокі мужчына і, даведаўшыся, што нам трэба ў гасцініцу «Турыст», просіць тысячу. Лена Іванаўна, а яна ў нас у «Мастацкай літаратуры» галоўны бухгалтар, кажа: «Даём шэсцьсот!» — «Мала! Тысяча і ўсё тут!» — «Раз так, то мы і на метро можам заехаць!» — «Няхай будзе не павашаму і не памойму! Восемсот!» — «Шэсцьсот і не больш!» — «Давайце за семсот!» — кажа мужчына. «Не! Шэсцьсот!» — «Семсот!» — «Ну, тады за шэсьсот пяцьдзясят!» — прапануе Лена Іванаўна і таксіст, махнуўшы рукой у знак згоды, бярэ ў нас найбольшую сумку і вядзе да машыны. «Калі б вы не былі маёй апошняй надзеяй зарабіць, то я б вас за такія грошы не павёз!» — кажа таксіст і, выехаўшы з прывакзальнай плошчы, націскае на газ. Па Маскве едзе на хуткасці 100110 кіламетраў у гадзіну. Не дзіўлюся, бо калі ехаць так, як ездзяць у нас, то цябе іншыя машыны сапхнуць з дарогі…