Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пугачоўскі цырульнік

Шніп Віктар

Шрифт:

Гасцініца «Турыст»

2.09.2010. Гасцініца «Турыст» — падрамантаваны савецкі будынак, у якім яшчэ дваццаць гадоў назад спыняліся з Саюзных рэспублік пераможцы сацыялістычных спаборніцтваў. Цяпер за 100 даляраў у суткі ў «Турысце» пасяліцца можа любы, каму ў Маскве няма дзе жыць. Праўда, «Турыст» — гэта не адна гасцініца, а сем. Я жыў у корпусе № 1. Мой нумар быў двухмесны, з просценькім тэлевізарам, з савецкім халадзільнікам, з графінам на стале і двума стаканамі. Было адчуванне, што я, пасяліўшыся ў «Турысце», трапіў у васьмідзясятыя гады мінулага стагоддзя…

Станцыя метро «Пушкінская»

2.09.2010. У Маскве станцыя метро «Пушкінская» адна з самых глыбокіх. І я з яе доўга еду на эскалатары ўверх, нібыта вяртаюся з таго свету…

Пушкін і Красная плошча

2.09.2010.

Вечарам, пасля кніжнай выставы, я, як былы жыхар Масквы, павёў у метро на станцыю «Батанічная» Навума Гальпяровіча, Зосю Куставу і Алену Казак, каб заехаць на Пушкінскую плошчу. Дваццаць гадоў, якія мінулі пасля таго, як я жыў тут, далі знаць пра сябе, таму давялося зрабіць пяць перасадак, каб даехаць у патрэбнае места. Выйшлі з метро. Дзе ж помнік Пушкіну? Ледзьве разгледзеў з­за рэкламнага смецця. Расказаўшы дзе і што, павёў сваю кампанію на Красную плошчу. Гулялі больш за гадзіну. Назад вярнуліся, зрабіўшы ў метро адну перасадку…

Літінстытут

3.09.2010. У праграме Маскоўскай кніжнай выставы было запланавана і наведванне беларускімі пісьменнікамі Літінстытута. У патрэбны спіс я не трапіў і, едучы ў Маскву, планаваў знайсці час, каб самому пахадзіць па калідорах і аўдыторыях, дзе вучыўся. А тут раптам у першы дзень прыезду вечарам падыходзіць да мяне Сяргей Трахімёнак і кажа: «Паехалі заўтра ў Літінстытут!» — «Мяне ж у спіску няма!» — «Ну і што! Ты ж там вучыўся! Паехалі!» — «А хто з намі будзе яшчэ?» — «Нікога! Астнія хочуць выступаць на выставе. Няхай выступаюць, а мы з табой з’ездзім!» Доўга не думаючы, даў згоду. Назаўтра ранкам па нас прыйшла машына з беларускай амбасады. Шафёр не ведаў дарогі да Літінстытута, і мне давялося яму расказваць як ехаць. Прыехалі без спазнення. Нас сустрэў паэт Валянцін Сарокін, які працаваў у Літінстытуце яшчэ тады, калі я вучыўся. Канферэнц­зала была поўная. Цяпер на пісьменнікаў вучыцца каля тысячы чалавек. У зале былі дзве студэнткі з Беларусі — адна з Віцебска, а другая з Брэста. Іхніх прозвішчаў з вершамі ў нашым друку не сустракаў. Кінулася ў вочы, што раней выкладчыкі выглядалі гаспадарамі і студэнты іх пабойваліся, а цяпер выкладчыкі нейкія няўпэўненыя, а студэнты паводзяць сябе па­гаспадарску. Магчыма, таму, што амаль палова вучыцца за свой кошт…

* * *

3.09.2010. Ідучы па калідоры Літінстытута, адчуў сябе студэнтам, які, у свой час не давучыўшыся да канца, раптам праз дваццаць гадоў успомніў, што яму засталося толькі здаць залік па літаратуры і ён атрымае чырвоны дыплом…

* * *

3.09.2010. Амаль у самым цэнтры Масквы будуецца велізарная мячэць...

У Данскім манастыры

3.09.2010. У Маскве, будучы ў раёне Данскога манастыра, не змог абмінуць гэта святое месца. Зайшоў. Толькі што закончылася служба. З царквы выйшла чалавек дваццаць. У большасці жанчыны і старыя. Заглянуўшы на хвіліну ў Храм, пайшоў паглядзець манастырскія могілкі. Пафатаграфаваў. На выхадзе сустрэўся з ахоўнікам, які не паспеў мне нічога сказаць, бо я задаў пытанне: «А хто тут з вядомых пісьменнікаў пахаваны?» Мужчына, на момант задумаўшыся, запытаўся: «Салжаніцын пісьменнік?» — «Пісьменнік!» — «Ён тут пахаваны».— «А хто яшчэ?» — «Я не ўпаўнаважаны ведаць пра тых, хто тут пахаваны» — адказаў ахоўнік і папрасіў мяне пакінуць тэрыторыю могілак…

* * *

4.09.2010. Ходзячы па Маскоўскай кніжнай выставе, лаўлю сябе на думцы, што я, беларус, тут ужо замежнік…

За дваццаць гадоў…

4.09.2010. За дваццаць гадоў, якія не быў у Маскве, горад змяніўся — аброс капіталістычным рэкламным смеццем, праз якое праглядваецца шэры Савецкі Саюз…

Дзве хойніцкія дарогі

6.09.2010. Па дарозе ў Хойнікі аўтобусы з гасцямі з Мінска на мяжы Гомельскай і Магілёўскай абласцей сустрэла міліцыя. Нас суправаджалі па дарозе, абапал якой, недзе за кіламетраў пяцьдзясят да сёлетняй сталіцы Дня беларускага пісьменства, было на што паглядзець. Гэта і плакаты з віншаваннямі, і вялікія самаробныя лялькі ў нацыянальных строях, і цытаты з твораў класікаў беларускай літаратуры. Праязджаючы побач з Глінішчамі, можна было ўбачыць расфарбаваны аўтобусны прыпынак з вялікім намаляваным партрэтам Івана Мележа. На наступным прыпынку быў партрэт Якуба Коласа. На трэцім — Міколы Мятліцкага. А далей былі прыгожыя вобразы паляшучак і буслоў. Назад у Мінск мы вярталіся карацейшай дарогай, абапал якой шумелі бярозы ды сосны…

* * *

8.09.2010. У другой палове працоўнага дня зайшоў Леанід Маракоў і падарыў свой энцыклапедычны даведнік «Рэпрэсаваныя медыцынскія і ветэрынарныя работнікі Беларусі 1920—1960»,

які толькі што выйшаў у выдавецтве «Медысонт». Таміна ўражвае і візуальным аб’ёмам у 900 старонак, і сваім зместам. Лёня малайчына! Працуе за добрую сотню навукоўцаў. Гэта яго 28 кніжка. Гадоў пятнаццаць таму Маракоў быў паспяховым бізнесоўцам і раздаваў направа і налева падарункі. А цяпер зайшоў да мяне папрасіць хоць якой паперы, каб раздрукаваць раздзелы новай кнігі…

* * *

9.09.2010. Некаторыя новыя высотныя дамы ў Маскве, калі на іх глядзіш здалёку, здаюцца вылезлымі з зямлі і абсечанымі тунэлямі метро...

Алесь Наўроцкі

10.09.2010. У дзесяць гадзін раніцы ў кабінет зайшоў незнаёмы, пажылы, у зялёнай куртцы мужчына і запытаўся: «Вы Віктар Шніп?» — «Я».— «А я Алесь Наўроцкі. Хачу ў вас у выдавецтве адшукаць свой рукапіс, які я тут пакінуў гадоў дзесяць назад Марчуку. Ліна Каўрус казала, што яшчэ тады яго здалі ў архіў. Дапамажыце адшукаць»,— сказаў паэт, які ў 1978 годзе, пратэстуючы супраць прымянення псіхіятрыі ў палітычных мэтах, выйшаў з Саюза пісьменнікаў. Пасля гэтага ў 1981 годзе яго прымацавалі да псіханеўралагічнага дыспансера і пазбавілі працы ўрача. Ну а потым паэта перасталі друкаваць. На маё пытанне, што ён цяпер піша, адказаў: «Займаюся вершамі. Напісаў паэму памерам з «Васю Цёркіна». Нікуды не нясу, бо ведаю, што ніхто не надрукуе праўду. Вершы пішу па­беларуску. Іх у мяне сабралася разам з паэмай каля 20 аркушаў. Прозу пішу па­руску і проста, як Якуб Колас». Пакуль мы шукалі патрэбную папку з творам, да нас прыйшоў Юрась Пацюпа з Яўгенам Гучком, якія пачалі цытаваць вершы Алеся Наўроцкага з кнігі «Неба ўсміхаецца маланкаю». Алесь Піліпавіч задаволена ўсміхаўся і наогул узрадваўся, калі адшукалі ягоны рукапіс з прозай. Развітваючыся, дамовіліся, што паэт прынясе ў выдавецтва ненадрукаваныя вершы…

У Крэўскім замку

11.09.2010. Дробны дождж, як дымнае мроіва, што прынесена ветрам з нашага далёкага мінулага. На дзядзінцы амаль разбуранага Крэўскага замка пасецца чорны конь. І я іду да яго, нібыта апошні абаронца зямлі беларускай…

Ахоўваецца…

11.09.2010. На рэштках сцен Крэўскага замка вісіць шыльда, на якой напісана, што замак ахоўваецца дзяржавай. А дзе ж ахоўнікі? Разбуральнікі прыехалі!

* * *

11.09.2010. Стаю на рэштках сцяны Крэўскага замка. Варожыя стрэлы пралятаюць праз мяне…

* * *

11.09.2010. У свой час у Барунах на святара вучыўся мой зямляк паэт Пятро Бітэль. Будынак, у якім ён жыў і маліўся, глядзіць на прыезджых разбітымі вокнамі, за якімі яшчэ жыве наша невядомая Беларусь…

* * *

11.09.2010. У траве Гальшанскага замка велізарныя слімакі, як камяні, якія ажылі…

Жабкі ў Гальшанах

11.09.2010. У траве скачуць жабкі, як зачараваныя чужынцы, што хацелі захапіць Гальшанскі замак…

Гальшанскі замак і Караткевіч

11.09.2010. Хаджу па Гальшанскім замку і побач з сабой бачу Уладзіміра Караткевіча. Ён маладзейшы за мяне, і я наглядаю за ім, каб ён часам не ўпаў з пашкоджаных сцен замка і не разбіўся. Караткевіч яшчэ не напісаў раман «Чорны замак Альшанскі»…

* * *

12.09.2010. У пятніцу, 10 верасня, хадзіў у музычную школу № 10 на прэзентацыю кнігі пра кампазітара Яўгена Глебава, якая выйшла ў «Мастацкай літаратуры». Карэспандэнтка з радыё, якая рабіла перадачу пра імпрэзу, узяла інтэрв’ю і ў мяне, але перад размовай запыталася: «На каком языке будзіте гаварыць?» — «Што за пытанне! Па­беларуску!» — адказаў я, і дзяўчына на добрай беларускай мове пачала задаваць мне пытанні. У канцэртнай зале народу, на жаль, было зусім мала. Некалькі кампазітараў і выкладчыкаў, а таксама некалькі сябровак Ларысы Васільеўны. І калі б не прывялі чалавек трыццаць сувораўцаў, то зала была б амаль пустая. Тэлебачанне прыехала толькі тады, калі закончылася прэзентацыя. І я вяртаўся дадому з адчуваннем, што нікому нічога не трэба — ні наша літаратура, ні цудоўная музыка Яўгена Глебава…

* * *

13.09.2010. Ідучы з працы, сустрэў Хрысціну Лялько. У свой час, дзякуючы ёй, пасля вучобы ў Літінстытуце я трапіў на працу ў часопіс «Беларусь». На пытанне, што новае пішаш, Хрысціна адказала: «На вялікія празаічныя рэчы няма часу. Пішу вершы». І было хацеў ёй сказаць, што вершы могуць і іншыя пісаць, а вось апавяданні, дзякуючы якім Хрысціна Лялько стала празаікам Хрысцінай Лялько, можа пісаць толькі яна, але прамаўчаў…

Грэчка

Поделиться с друзьями: