Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пугачоўскі цырульнік

Шніп Віктар

Шрифт:

* * *

3.02.2011. Дзень пашыраецца, як трэшчына ў чорным лёдзе…

У Петрапаўлаўскім саборы…

5.02.2011. У Петрапаўлаўскім саборы на Нямізе прайшла служба ў памяць Таццяны Сапач. Калі святар назваў у пераліку памерлых імя паэткі, каля мяне з Людай уключылася святло ў вялікай люстры, і адразу ж перагарэла, нібы стрэліла, адна лямпачка. А калі скончылася малітва, у жанчыны, якая стаяла перад намі, ад свечкі загарэўся пясцовы каўнер на куртцы і праз міг патух…

Міхась і верш

5.02.2011. З нататніка выпала візітоўка Міхася Сабалеўскага.

Некалькі тыдняў назад з ім пазнаёміўся ў майстэрні Алеся Квяткоўскага. Адразу ўзгадалася, як 1 лютага вечарам мы сустрэліся на прыпынку каля цырка, чакаючы аўтобус. Высветлілася, што жывём зусім побач. Пакуль дабіраліся дахаты, Міхась расказаў, як ён у пачатку 90­х гадоў у дзясятым класе напісаў верш пра Беларусь і беларускую мову. Паслаў у «Народную газету», з якой атрымаў ліст ад Людмілы Рублеўскай, дзе яна працавала літкансультантам у аддзеле культуры. Людміла тады ў лісце пахваліла хлопца за патрыятызм. Пасля школы Міхась паступіў у лінгвістычны інстытут. На трэцім курсе трэба было здаваць беларускую літаратуру, але так атрымалася, што Міхась не падрыхтаваўся да іспыту. І тут ён успомніў пра адказ з «Народнай газеты». Экзамен прымаў Леанід Казыра, якому Міхась і паказаў ліст Рублеўскай, і атрымаў добрую адзнаку…

* * *

5.02.2011. Зіма. А на вуліцы дождж, нібы ў небе сапсавалася лядоўня і пацякла…

Паўло і Грузія

6.02.2011. Дзякуючы «ЖЧ» Сяргея Балахонава даведаўся, што мой даўні знаёмы ўкраінскі паэт Паўло Гірнык, атрымаўшы нацыянальную прэмію імя Шаўчэнкі, пераехаў на вёску. Узгадалася Грузія, дзе з 16 па 22 ліпеня 1987 года на свяце паэзіі Уладзіміра Маякоўскага я з Паўлам жыў у адным гасцінічным нумары на турбазе імя Барыса Дэніладзэ, што каля Тбілісі. Было хораша. Хапала ўсяго: і вершаў, і віна, хоць і быў гарбачоўскі сухі закон. Неяк вечарам Павел прыйшоў у нумар з сябрам і пачаў клікаць мяне пайсці да дзяўчат, якія жылі ўтраіх у суседнім пакоі. Я тады тут жа прытварыўся вельмі п’яным і з Паўлам не пайшоў — у мяне 24 ліпеня ў Мінску чакалася вяселле з Людмілай Рублеўскай…

* * *

6.02.2011. Раніцай, ідучы ў краму, зайшоў у «Белінвестбанк» і ў банкамаце з карткі зняў грошы. Выйшаў на вуліцу і ўбачыў машыну, якая спынілася каля банка, з такім жа нумарам, як у мяне код для зняцця грошай…

Ажыўшыя карціны

7.02.2011. У выдавецтва прыходзіў Андрэй Смаляк з праектам «Ажыўшыя карціны». З мастаком я знаёмы яшчэ з 1987 года. Тады я працаваў у часопісе «Беларусь» у аддзеле культуры і быў адказным за каляровую ўклейку, дзе змяшчаліся рэпрадукцыі карцін. Даводзілася прапагандаваць і Смаляка. Сёння з Андрэем прагаварыў дзве гадзіны. За гэты час ён сказаў недзе тысяч дзесяць слоў, а я слоў трыста. «Ажыўшыя карціны» — цікавы праект…

Нам засталася спадчына…

8.02.2011. У інтэрнэце знайшоў матэрыялы інтэграванага курса «Валожыназнаўства» аспіранткі кафедры этналогіі і фальк­ларыстыкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Ірыны Жалондзік, з якіх даведаўся: «У Валожынскім раёне захавалася 88 помнікаў гісторыі, 23 археалогіі, 28 архітэктуры, 5 палацава­паркавых ансамбляў, 2 сядзібныя паркі. У Беларусі нялёгка знайсці другі такі горад як Валожын, дзе б на невялікім кавалачку зямлі было сканцэнтравана пяць аб’ектаў — помнікаў архітэктуры класіцызму першай паловы XIX ст. Важнейшыя з іх — палацава­паркавы ансамбль, пабудаваны ў гістарычным цэнтры горада ў 1782—1806 гадах, і мураваны касцёл Святога Юзафа, які ўзнік у 1816 годзе…

Нашу мясцовасць услаўляюць не толькі выдатныя асобы, але і памятныя мясціны. Колькі іх пралягае абапал берагоў рэк Іслач і Бярэзіна! Правы прыток Іслачы працякае па тэрыторыі Налібоцкай пушчы. Тут у 1717—1867 гадах па ініціятыве Ганны Радзівіл існавала шкларобчае

прадпрыемства, а зараз знаходзіцца санаторый­прафiлакторый…» Адразу ж узгадаўся Дом творчасці пісьменнікаў «Іслач», што каля Ракава. Хутка будзе дзесяць гадоў, як у Доме творчасці жывуць толькі вятры і лясныя звяры і птушкі…

Творы

10.02.2011. На кніжным кірмашы нашы выдавецкія дзяўчаты прапанавалі Андрэю Смаляку купіць «Родных дзяцей» Ніла Гілевіча з аўтографам. Мастак кніжку не купіў, сказаўшы: «Я сам мастацкі твор з аўтографам…»

Па вуліцы Камуністычнай…

10.02.2011. Ідучы на бацькоўскі сход у мастацкі ліцэй, які заканчвае сын, адчуў, што і я гэтай дарогай хаджу апошнія разы. А прахадзіў я тут па вуліцы Камуністычнай каля амбасады Расіі (у будынку цяпер нешта іншае), каля амбасады Украіны (бачыў як будавалася), каля сінагогі (памятаю стары будынак, а цяпер новы, сучасны) пятнаццаць гадоў. Гэта з гадамі вучобы старэйшай дачкі. Пятнаццаць гадоў, як пятнаццаць дзён праляцелі…

* * *

11.02.2011. На кніжным кірмашы прадаваў сваю кнігу, нібыта парася, каб у добрыя рукі трапіла…

Немагчыма глядзець…

11.02.2011. На кніжным кірмашы побач з нашым стэндам стэнд «Беларускай энцыклапедыі». На энцыклапедычныя кніжкі немагчыма глядзець, бо ля іх такія дзяўчаты ў кароткіх спаднічках, што вачам не да кніжак…

* * *

12.02.2011. З кніжнага кірмашу вяртаўся позна і праз прыватны сектар. Было цёмна, рыпеў снег пад нагамі і пахла дымам з комінаў, як у роднай вёсцы…

Чытачка

13.02.2011. Учора на кніжным кірмашы жанчына, купляючы маю «Прозу і паэзію агню», цытавала мне незнаёмыя паэтычныя радкі, гаворачы, што яны мае і яна іх вельмі любіць. Сёння з самага ранку мая ўчарашняя пакупніца падышла да нашага стэнда і папрасіла мяне адысціся з ёй. Я адразу ж падумаў, што жанчына прывезла назад маю кніжку і цяпер хоча, каб ёй вярнулі грошы. «Прабачце! Я ўчора так хвалявалася, сустрэўшыся з вамі, што пераблытала вашы творы з чужымі»,— сказала мая чытачка і пачала цытаваць мае вершы…

Нашы дзеці…

15.02.2011. Быў у дзіцячай бібліятэцы № 6, якая знаходзіцца непадалёк ад дому, дзе я жыву. Выступаў перад дзесяцікласнікамі. За першым сталом каля вакна сядзела сімпатычная парачка, якая шэптам, але так, каб было чуваць, каментавала амаль усё, што гаварыла хвілін дваццаць пра мяне загадчыца бібліятэкі. Сваё выступленне я пачаў з паведамлення, што жыву ў гэтым раёне, дзе яны вучацца, і я ведаю ўсіх мясцовых бандытаў і жулікаў. Пасля гэтага дзеці прыціхлі. Прыемна было пачуць, што гаваркі хлопец ведае, што ў нашым раёне раней было нямецкае пасяленне, а там, дзе цяпер сквер, былі могілкі. Напрыканцы, даведаўшыся, што ў мяне ёсць сын і ён вучыцца ў мастацкім ліцэі ў 11 класе, дзяўчаты тут жа адшукалі ў «Кантакце» майго Максіма...

* * *

15.02.2011. Усё больш чарнейшым робіцца снег. Гэта з ночы, як змяя са шкуры, вылазіць дзень…

Тэлефонны званок…

16.02.2011. Прачнуўся ад тэлефоннага званка. Падняў слухаўку і пачуў доўгі гудок. Паглядзеў на гадзіннік. Палова чацвёртай ночы. Доўга не мог заснуць. Думаў пра старых бацьку і маці…

Пекла і рай…

16.02.2011. Сёння вычытаў, што золата — гэта паліва для іншапланетных караблёў і нашы продкі трапілі на зямлю з іншай планеты. Адны былі ў пекле — здабывалі ў шахтах золата, а другія былі ў раі — жылі на паверхні зямлі сярод кветак і дрэў, сярод звяроў і птушак…

Поделиться с друзьями: