Пугачоўскі цырульнік
Шрифт:
Страсці па культуры…
17.02.2011. З Людмілай быў на тэлебачанні. Запісаліся для «Страсцей па культуры». Перадачу вяла дачка Алега Бембеля (Зьніч) Таццяна. З намі ў гутарцы пра жанчын у культуры ўдзельнічала сямейная пара — Аляксей і Валянціна Еранковы. Ён — кампазітар, а яна — тэатральны рэжысёр. Нагаварылі шмат чаго. Думаю, павінна быць цікава. Праўда, здымалі больш за гадзіну, а перадача 40 хвілін. Дарэчы, гутарка з намі для Таццяны Бембель — дэбют у ролі вядучай тэлеперадачы на канале «Лад»…
Гарэцкія чытанні
18.02.2011. Зранку быў у Музеі
На вуліцы Панчанкі
18.02.2011. Быў у СШ № 199, што на вуліцы Пімена Панчанкі. Выступаў перад старшакласнікамі. Слухалі, задавалі пытанні, чыталі мае вершы з першай кніжкі «Гронка святла». У школе ёсць музей, прысвечаны жыццю і творчасці Пімена Панчанкі, у якім каля тысячы экспанатаў. Музей хоць і школьны, але зроблены на ўзроўні дзяржаўных Купалы, Коласа, Багдановіча. Словам, жыве Беларусь…
Прычоска ад Аўрамчыка і Панчанкі…
18.02.2011. Будучы ў Музеі Пімена Панчанкі, што ў СШ № 199, узгадаў вясну 1979 года. Мне тады было 19 гадоў. У часопісе «Маладосць» Мікола Аўрамчык выбраў для друку чатыры мае вершы. І вось я прыйшоў у рэдакцыю, каб сфатаграфавацца. У кабінеце Міколы Якаўлевіча быў Пімен Панчанка. І пакуль фатограф Мікола Ждановіч рыхтаваў да працы свой фотаапарат, Мікола Аўрамчык і Пімен Панчанка рыхтавалі маю прычоску да фотасесіі. Валасы ў мяне былі доўгія і непаслухмяныя. Мікола Якаўлевіч, прычэсваючы мяне, узгадаў, што, калі ён быў малады, то са сваімі сябрамі, калі ішлі фатаграфавацца, намазвалі валасы алеем, каб яны добра ляжалі. Алею ў кабінеце Аўрамчыка не было, дык мне галаву намачыў Панчанка вадой з графіна. Потым мяне з прычоскай, зробленай Аўрамчыкам і Панчанкам, сфатаграфаваў Ждановіч, і ў 9 нумары «Маладосці» з’явіліся мае вершы з фотаздымкам…
А фота дзе?
18.02.2011. Пасля таго, як Уладзімір Сцяпан, прачытаўшы маю зацемку «Прычоска ад Аўрамчыка і Панчанкі…», задаў пытанне: «А фота дзе?», я амаль тры гадзіны пароўся ў папках, шукаючы патрэбнае фота. Памятаю, што тое фота я спецыяльна схаваў, каб не прапала. Схаваў так, што цяпер не магу знайсці. Праўда, у папках пазнаходзіў шмат чаго цікавага: і арыгіналы вершаў некаторых паэтаў, і рэдкія здымкі, і малюнкі, і апавяданне Алеся Асташонка, якое ён даваў у «ЛіМ» у сярэдзіне 90х гадоў і яго там не надрукавалі, і рукапіс выступлення Ніла Гілевіча на пахаванні Максіма Танка, і…
Фотаздымак на сцяне
19.02.2011. Едучы ў Маскву ў Літінстытут вучыцца, захапіў з сабой свой фотаздымак, на якім я з прычоскай ад Аўрамчыка і Панчанкі. Упрыгожваючы абшарпаныя сцены свайго інтэрнацкага пакоя, я пачапіў і свой фотаздымак, на які асабліва ніхто ніякай увагі доўгі час не звяртаў. І тут неяк, вяртаючыся з тэатра, Людміла Рублеўская, з якой мы ўжо думалі пажаніцца, запыталася: «Што гэта там за партрэт дзяўчыны вісіць у цябе на сцяне?» — «Дзе?» — папрасіў удакладніць я. «Над ложкам!» — сказала Людміла. «Дык гэта ж мой партрэт!» — засмяяўся я і тут жа даведаўся, што Людзіна сяброўка, якая дрэнна бачыла і з якой Люда зрэдку
прыходзіла да мяне, аднойчы сказала: «Чаго ты да яго ходзіш! У яго ёсць дзяўчына! Вельмі прыгожая! Яе партрэт вісіць у Віктара над ложкам!»Па дарозе да Кальварыі…
19.02.2011. Заходжу ў тралейбус № 7, каб праехаць пару прыпынкаў да Кальварыі, і бачу перад сабой на крэсле дзяўчыну, у якой твар так моцна намазаны грымам, што мне падалося — я трапіў у катафалк, які едзе на Кальварыйскія могілкі…
* * *
19.02.2011. Сярод завадскіх будынкаў велізарная труба, з якой ідзе густы дым. Уражанне, нібыта прачнуўся вулкан…
* * *
20.02.2011. Заснежанае поле. Снег, як пена, і ўзыходзячае сонца, як Афрадыта, якая нараджаецца…
* * *
20.02.2011. Стаміўся ад усяго. І ўва мне крычыць вясковы хлапчук: «Не хачу болей быць дарослым!!!»
У «Сталіцы» быў «Злодзей»…
20.02.2011. Апошнім часам з Людай кожную нядзелю ходзім у «Сталіцу», дзе глядзім у відэацэнтры рэтраспектыўныя фільмы, што сталі сусветнай класікай, але ў нас ніколі не паказваліся. Сёння глядзелі чорнабелага амерыканскага «Злодзея», які быў зняты ў 50я гады. За паўтары гадзіны ў фільме не прагучала ніводнага слова. А фільм класны. У зале было сем чалавек. Побач з намі сядзелі дзве жанчыны, якія паміж сабой шапталіся пабеларуску…
На філфаку БДУ
21.02.2011. Хадзіў на філфак БДУ, куды быў запрошаны паўдзельнічаць у святкаванні Міжнароднага дня роднай мовы. Сабралася паўнюткая зала студэнтаў і выкладчыкаў. Было тэлебачанне. Усё прайшло хораша. Я выступаў апошнім. І цяпер не магу ўтрымацца, каб не пахваліцца, што, пачытаўшы «Баладу ДунінаМарцінкевіча», у якой ёсць радкі: «Не трэба чужога, не трэба чужога! Ні грошай, ні мовы, ні Бога, // Нічога не трэба чужога!», як гаворыцца, я «сарваў авацыю і васпарыў». Але потым хутка апусціўся на грэшную зямлю, бо даведаўся, што цяпер на філфаку амаль ніхто не піша вершаў ні пабеларуску, ні нават парасейску…
Абавязкова прыйдзем!
22.02.2011. Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны з Інай Фраловай наведаў у дзіцячым доме №5 знаёмых хлопцаў з групы №8. Дзеці нас чакалі. Я прынёс ім у падарунак новых беларускамоўных кніжак, а Іна велізарны набор пірожных. З прыемнасцю даведаўся, што адзін з хлопцаў пасля першай сустрэчы са мной пачаў пісаць вершы. На жаль, пакуль што пасаромеўся паказаць. За гарбатай я хлопцам расказваў цікавыя гісторыі са свайго жыцця, чытаў вершы. Калі развітваліся, дзеці запыталіся: «А ці прыйдзеце яшчэ да нас?» — «Абавязкова прыйдзем!» — адказаў я.
Каровы пякуць бліны
23.02.2011. Пішу твор пра бліны. Пачытаў тоесёе з яго сваёй Людміле, якая тут жа параіла вось гэтыя радкі не агучваць на вечарыне ў бібліятэцы імя Цёткі:
каровы, вяртаючыся з радоўкі, на цёплым пыле дарогі пякуць свае бліны, якія ў маёй вёсцы называюцца японскімі сонцамі