Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пугачоўскі цырульнік

Шніп Віктар

Шрифт:

Жартаўнікі

24.02.2011. Вярнуўся з працы раней, чым звычайна. Не паспеў распрануцца, як зазвінеў тэлефон. Падымаю слухаўку з думкаю, што турбуюць з працы, і чую голас дзяўчыны: «Вам халадзільнік патрэбен?» — «Не!» — адказваю я. «Дык мы зараз да вас прыйдзем і забяром халадзільнік!» — пачулася праз дружны дзіцячы смех, і я паклаў слухаўку…

Не спіць у шапку…

25.02.2011. З «ЛіМа» патэлефанаваў Віктар Гардзей і паведаміў, што ўсё яшчэ працягваюць кожны тыдзень прыходзіць ананімныя лісты з адваротным адрасам, які з’яўляецца адрасам майго працоўнага кабінета: «Праспект Пераможцаў, д. 11, пакой 903». Ізноў той жа почырк, па якім быў апазнаны адзін з паэтаў, які нядаўна ў кнігарні «ЛогвінаЎ» скраў (ходзяць чуткі) шапку Пашы Касцюкевіча, і цяпер у адкрытую

гуляе ў ёй па горадзе, і нават нахабна заходзіць у шапцы туды, дзе яе скраў. На гэты раз ён прыслаў пакрэмзаную газетную выразку з маімі вершамі, што нядаўна былі змешчаны ў «ЛіМе»…

У Цёткі…

25.02.2011. Вярнуўся з бібліятэкі імя Цёткі, дзе Алена Масла са сваёй сястрой Наталляй Бучынскай правяла вечарыну, прысвечаную Масленіцы. Выступоўцам давялося не толькі вершы чытаць, спяваць, але і бліны пячы. Я быў у ліку першых. Калі пачалася святочная вячэра, да нас далучыўся Уладзімір Ліпскі з літоўскім паэтам Вітасам Бараўскасам і ягонай жонкай. Паспяваўшы беларускія песні, Вітас развучыў з намі літоўскую. Пасля гэтага Ліпскі і ягоныя сябры сталі развітвацца з намі. Юрась Нераток, які сядзеў каля мяне, гледзячы на літоўцаў, прашаптаў: «Быў бы цяпер тут Толік Сыс, літоўцы б, не падпісаўшы паперу, што аддаюць нам Вільню, не выйшлі б з бібліятэкі…»

У «Краязнаўчым даведніку»

26.02.2011. Атрымаў часопіс «Маладосць» № 2. З рубрыкі «Краязнаўчы даведнік», якая прысвечана літаратурным мясцінам Беларусі, даведаўся, што ў вёсцы Дубровы (яна ў шасці кіламетрах ад маіх Пугачоў) жыў, вярнуўшыся з эміграцыі, польскі паэт і публіцыст Ляскарыс Ежы (1828—1888). І яшчэ: «У міжваенны перыяд, калі вёска ўваходзіла ў склад Польшчы, у Дубровах быў створаны гурток ТБШ па ініцыятыве камсамольца­падпольшчыка, гімназіста Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Ф. Скарыны, а пасля Віленскай беларускай гімназіі Таўпекі Уладзіміра. Гурткоўцы займаліся культурна­асветнай і літаратурнай дзейнасцю, ставілі «Паўлінку» Янкі Купалы». І ўсё. На жаль, у гэты «Краязнаўчы даведнік» не трапіў паэт Вячаслаў Міхасёнак, які доўгі час жыў у Дубровах і працаваў у мясцовай школе. У Вячаслава Міхасёнка ў гасцях бываў Уладзімір Караткевіч, які напрыканцы свайго кароткага жыцця каля Дуброў прыгледзеў на хутары хату пад лецішча і збіраўся яе купіць. Няма інфармацыі і пра мастачку Яўгенію Васілеўскую, якая нарадзілася 3 ліпеня 1928 года ў маіх Пугачах і, скончыўшы Маскоўскі мастацкі ўніверсітэт, яшчэ і сёння жыве ў Дубровах…

А мы ўсё пішам…

27.02.2011. Вяртаючыся з крамы, сустрэў былую суседку, якая гадоў пяць назад у нашым раёне купіла лепшую кватэру, чым мела. «Ну як жыццё?» — пацікавілася жанчына. «Нармальна»,— сказаў я. «А як там у вёсцы?» — працягнула дапытвацца былая суседка. «Нармальна. Бацька там жыве…» — адказаў я і пачуў: «Іншыя б у вёсцы трохпавярховы дом з ліфтам пабудавалі! А вы ўсё вершы пішаце, пішаце, пішаце...»

САКАВІК

* * *

1.03.2011. У апавяданне, у аповесць, у раман можна ўставіць верш гэтак жа, як у ружжо — патрон. Як нельга ўставіць ружжо ў патрон, так і ў верш нельга ўставіць ні раман, ні аповесць, ні апавяданне. І проза з вершам — гэта як кроў з малаком…

* * *

4.03.2011. Сонечная раніца. Месцамі з’явіліся першыя праталіны. Каля кантэйнераў са смеццем некалькі бамжоў дзеляць знойдзенае. І ў мяне ў галаве з’явіўся радок пад Саўрасава: «Бамжы прыляцелі…»

Пан міністр

5.03.2011. Сёння з Людмілай быў у Доме літаратара на прагоне спектакля ТЮГа «Пан міністр» па Францішку Аляхновічу. Напачатку было нудотна і хвілін дваццаць дзеі здавалася, што будзе і далей нейкая свіная нудота з чарцямі. Ды не! І калі ў канцы ў зале ўсе ўсталі і доўга апладзіравалі, то перада мной адзін драматург і адзін рэжысёр (яны сядзелі ў розных радах) проста стаялі, і я не змог зразумець па іх тварах: ці ім спектакль наогул не спадабаўся, ці аднаму такога ніколі не напісаць, а другому такога не паставіць…

Голая агітацыя

9.03.2011. Праходзячы каля нядаўна падрамантаванага цырка, узгадаў, як гадоў пяць таму хадзіў сюды на працягу трох месяцаў раз на тыдзень на запіс тэлепраграмы, якую вёў Ягор Хрусталёў, дзе спаборнічалі ў цыркавым майстэрстве вядомыя тэлежурналісты,

эстрадныя спевакі і артысты. Напачатку на запіс тэлепраграмы два разы я схадзіў з жонкай, а потым яна не пайшла, бо ёй не спадабалася гэтае шоу, якое было скапіравана з расійскага і якое, у сваю чаргу, было здзёрта з амерыканскага. Каб не прападалі запрашэнні, я ўгаварыў Максіма (сыну тады было гадоў трынаццаць) хадзіць са мной у цырк. Пайшлі. У той вечар артысты тэатра, журналісты з АНТ, стаўшы часова цыркачамі, спаборнічалі паміж сабой у яздзе на конях. Ужо недзе праз паўгадзіны Максім заныў, просячыся дамоў. І тут раптам у падвешанай спявачкі, якую садзілі па­цыркавому на каня, сарваўся станік і агаліліся грудзі. Увесь цырк ажыў і заапладзіраваў, а спявачка з голымі грудзямі хвілін дзесяць скакала па крузе арэны на кані. Пасля гэтага мне ўжо не трэба было агітаваць сына пайсці са мной у цырк на запіс шоу…

Лягчылаў і чытачка

10.03.2011. Ранкам мне на працу патэлефанавала жанчына: «Вы мяне не ведаеце, а я вас ведаю, як паэта, таму хачу з вамі пагаварыць».— «А ў чым справа?» — пацікавіўся я. «А справа ў тым, што мне ўжо пад восемдзесят і я люблю беларускую паэзію. Нядаўна купіла кніжку песень Аляксандра Лягчылава, якая выйшла ў вашым выдавецтве. І там я знайшла абдрукоўкі»,— сказала жанчына, і мы з ёй пагаварылі наконт памылак у кнігах. Потым жанчына расказала, што будучы на прэзентацыі кнігі Лягчылава ў гандлёвым каледжы, дзе ён працаваў, яе абурыла, што ніхто з запрошаных кампазітараў і выканаўцаў не прыйшоў. «Нядаўна я была ў «Кнігарні пісьменніка», дзе хацела купіць кніжку Лягчылава, каб падарыць знаёмай,— працягнула размову жанчына.— І мне сказалі, што такога паэта яны не ведаюць і кніжкі ў іх ягонай няма. Але пасля таго, як я пашумела, мне са склада прынеслі дзве кніжкі Лягчылава. На пытанне, чаму кніжку не выставілі ў зале, мне сказалі, што ёй ніхто не цікавіцца і яна на беларускай мове. Ну тут я і завялася, і сказала прадаўшчыцы, што калі б я не была старой, то дала б ёй за такія словы ў морду, але яна некалі нарвецца і ёй морду наб’юць за знявагу беларускай мовы…» Пасля размовы я даведаўся, што мне тэлефанавала жонка кампазітара Кіма Цесакова…

Янка Сіпакоў

10.03.2011. А палове другой патэлефанавала паэтка Марыя Панкова і, плачучы, паведаміла, што памёр Янка Сіпакоў. Адразу ўзгадалася, як зусім нядаўна Іван Данілавіч клапаціўся пра хутчэйшае выданне ў нашым выдавецтве ягонай кнігі «Двое на вуліцы» ў серыі «Проза ХХ стагоддзя». Выхад яе запланаваны на ліпень. Ён, нібыта адчуваў, што яму засталося жыць нямнога,— недзе з месяц назад прынёс спіс твораў, які абавязкова трэба ўключыць ў кнігу выбранага. І прынёс ён не толькі спіс, але і ранейшыя кнігі і часопісы, з якіх трэба рабіць набор для новага выдання. І яшчэ ўзгадалася, як Іван Данілавіч радаваўся, калі ў ліпені мінулага года мы выдалі ягоныя «Вершы, балады, прытчы» ў серыі «Школьная бібліятэка» накладам 17 119 асобнікаў. І мне было прыемна чуць, што я, як складальнік кнігі, выбраў тыя творы, якія б сам Іван Данілавіч уключыў у выдадзеную кнігу…

Вясновае…

12.03.2011. Тэлефонныя коды… Тэлефонныя воды… Тэлефонная вада… Нешта ў гэтым ёсць вясновае…

Жыццё і смерць

12.03.2011. «Перажыў два інфаркты, а памёр ад прападной язвы па дарозе ў лечкамісію. Пахавалі ў Калодзішчах…» — з размовы з сябрам пра Янку Сіпакова…

На галоўнай вуліцы Мінска…

14.03.2011. На галоўнай вуліцы Мінска, дзе цяпер ГУМ, у 1938 годзе стаяла цырульня. Хуткімі крокамі ў яе зайшоў малады чалавек. Падышоўшы да століка з прыборамі для стрыжкі, ён схапіў брытву і паласнуў сабе па шыі. Рана была не смяротная, і хлопец пасля лякарні трапіў у дурдом. Так беларуская літаратура страціла яшчэ аднаго паэта, талент якога быў на ўзроўні Максіма Багдановіча. Як звалі гэтага паэта і што яго падштурхнула да самагубства можна будзе даведацца з новай дакументальна­энцыклапедычнай кнігі Леаніда Маракова «Галоўная вуліца Мінска. 1880—1940 гг.», працу над якой ён заканчвае...

Броўка і 25 працэнтаў

15.03.2011. Пад канец працоўнага дня зайшоў у кабінет да Юрася Пацюпы і Эдварда Карбановіча, дзе ўжо гасцяваў Міхась Шавыркін. Гаворачы пра літаратуру, Міхась Мікалаевіч узгадаў сваю працу ў энцыклапедыі пры Петрусю Броўку: «На той час з Масквы была ўстаноўка, каб у энцыклапедыю мы давалі не меней сарака працэнтаў пра сваё, пра нацыянальнае. Можна было і пяцьдзясят, але Броўка патрабаваў ад нас дваццаць пяць працэнтаў і не болей…»

Поделиться с друзьями: