Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пугачоўскі цырульнік

Шніп Віктар

Шрифт:

Цётка Манька

18.01.2011. Анінай маме, маёй цётцы Маньцы ўжо 93 гады. Цяпер яна ў Крапіўніках у старэйшай дачкі Валькі. Са здароўем кепска, але цётка трымаецца. Пахаваўшы ў маладосці аднаго мужа і застаўшыся з малымі дзецьмі, выйшла другі раз замуж. Шчасце зноў было нядоўгім. І потым цётка Манька сама касіла і жала, дровы секла і дзяцей гадавала. І дзеці выраслі добрыя, бо, каб не добрыя дзеці, ці было б сёння цётцы Маньцы 93 гады…

У гасцях…

19.01.2011. Быў у дзіцячым доме № 5. Трапіў туды з Інай Фраловай, у якой там працуе былая аднакурсніца па ўніверсітэце. Дзецям

мы прывезлі ў падарунак кучу кніжак і два тарты. Я думаў, што збярэцца амаль увесь дом, але мы прыехалі да канкрэтных хлопцаў, якія жывуць у адным блоку, як браты. Усіх, здаецца, чатырнаццаць чалавек. На сустрэчы было сем, астатнія на вучобе ў другую змену. Хораша пагаварылі. Потым хлопцы мне паказалі свае пакоі, дзе яны спяць і робяць урокі. Скардзіліся, што холадна. У пакоях па тры­чатыры ложкі, а пісьмовы стол адзін. П’ючы з хлопцамі гарбату, звярнуў увагу на васьмёрку, намаляваную на кубку. Пазней даведаўся, што гэтая пазнака гаворыць пра тое, што кубкі належаць групе № 8. На развітанне мы сфатаграфаваліся. І самы цікаўны хлопец, які і кніжкі адразу гартаў, атрымаўшы іх, і пытанні задаваў, правёў нас да выхаду з дзіцячага дома…

Карта 1866 года

20.01.2011. На працы мастак Валера Сенчанка даў мне старыя карты беларускіх зямель. Разглядаючы частку Мінскай губерні па дадзеных 1866 года, знайшоў свае родныя Пугачы. Непадалёк фальварак Новы Двор. Цяпер вёска, у якой размешчаны Залескі сельсавет, а на месцы фальварка Хмарышкі хмызнякі і балаціна. Там, дзе быў фальварак Пятраўшчызна, цяпер вёска Пятроўшчына. Каля вёскі Сцяцкі на карце паказаны ручай Сцяцкі. Цяпер яго няма, як і няма каля маіх Пугачоў ручая Малышоўка. На карце ёсць суседнія вёскі Татары і Татарскія, але Татарскія названы вёскай Татарская. Словам, ёсць на што паглядзець і над чым падумаць…

Уладзімір Марук

21.01.2011. У сённяшнім «ЛіМе» змешчаны вершы Уладзіміра Марука, які пайшоў у лепшы свет 23 студзеня мінулага года. Не буду хваліцца, што быў вельмі блізкім сябрам Валодзі, але мы адзін да аднаго адносіліся з павагай і разуменнем. Быў час, калі мы працавалі ў «ЛіМе» і сядзелі ў адным кабінеце. І мне было прыемна назіраць, калі да майго сябра (ён ужо не жыў з сям’ёй) прыязджала яго дачка Вераніка і як ён рыхтаваўся да сустрэчы з ёй. Па ўсім было бачна і адчувалася, што Валодзя вельмі любіць сваю крывінку. Сённяшнія вершы ў «ЛіМе» з прадмовай Веранікі Марук гавораць, што любоў была ўзаемнай…

Нікога не вінаваціў…

22.01.2011. Мужчына павесіўся, пакінуўшы запіску, каб у ягонай смерці нікога не вінавацілі. І яго, як вісельніка, пахавалі на могілках каля плота. Мінула трыццаць гадоў, і магіла вісельніка цяпер амаль у самым цэнтры могілак…

* * *

22.01.2011. На фоне белага неба і снегу адзінокае чорнае дрэва на небакраі, як трэшчына, з якой прарвецца вясна…

У чаканні вясны…

22.01.2011. На вуліцы беласнежна і сумна. У такі дзень, як сёння, калі б жыў у вёсцы, я б на лыжах паехаў у лес. На любімай палянцы расклаў бы вогнішча і на дубчыках смажыў бы сала… А так сяджу ў кватэры і сачу праз акно за варонамі, што сядзяць на дрэвах, чакаючы вясны, як і я…

* * *

23.01.2011. У заснежаным скверы вароны на дрэвах, як счарнелыя ад маразоў рабінавыя гронкі…

Канкрэтная справа

23.01.2011. Іна Фралова, якая мяне вадзіла ў дзіцячы дом № 5 прыслала па электроннай пошце: «Хлопцы пад уражаннем

да сягоння ад сустрэчы з Вамі. Астатнія шкадуюць, што не давялося пабачыцца. Першы раз чытаюць кнігі на беларускай мове без прымусу. Навыка няма, чытаюць па складах, пытаюцца словы. Адным словам, хата­чытальня…» Пайду яшчэ…

Да 90­-годдзя Івана Шамякіна

25.01.2011. У Нацыянальнай бібліятэцы прэзетаваў кнігу «Іван Шамякін. Летапісец эпохі». Імпрэзу хораша правёў Мікола Мятліцкі. Выступалі Таццяна і Алеся Шамякіны, Алесь Савіцкі, Раіса Баравікова і Адам Мальдзіс. Найбольш з усяго запомнілася тое, што Адам Іосіфавіч выглядаў, як ксёндз, а Раіса Андрэеўна падчас свайго выступлення трымала мікрафон, як свечку ў Храме…

Часам здаецца…

26.01.2011. Часам здаецца, што ўсё тое, што ўжо надрукавана, нікому не патрэбна, як смецце, якое засталося пасля здабычы золата. А золата прапілі…

Думалі пра ВКЛ

26.01.2011. Часта ўспамінаецца Масква і інтэрнат Літінстытута, калі мы (літовец, украінец, паляк і я) начамі за пляшкай польскага спірту, прынесенага з пасольства Польшчы, гаварылі пра землі «ад мора да мора» і адзін аднаму даказвалі, што гэта яго зямля. Яшчэ было амаль шэсць гадоў да гібелі савецкай імперыі, але ўжо адчувалася, што мы не проста так узгадваем сваю агульную гісторыю. Наша «дзяльба зямлі» заўсёды заканчвалася мірна, але не ведаю, як мае суразмоўцы, а я заставаўся пры сваім меркаванні, што ВКЛ — гэта цалкам беларуская дзяржава. Цяпер думаю, чаго больш было ў нашых начных гамонках пра землі «ад мора да мора»: разбуджанай тугі па Вялікім Княстве ці нованароджанай імперскай пыхі, якая ўзнікла ў выніку навучання ў Маскве?

* * *

30.01.2011. Калі ездзіў у вёску ў аўтобусе, нярэдка ўсю дарогу ўспамінаў дзяцінства. На душы рабілася сумна, што хоць ты плач, а людзі ў аўтобусе гаманілі, смяяліся. Адно суцяшала, што не з мяне…

Справа не ў паштоўках…

30.01.2011. У старым сшытку знайшоў сваю занатоўку: «Каляды. Разаслалі каля дзясятка віншавальных паштовак. І ні слова ў адказ. Крыўдна… Знаходзім старыя віншаванні, перачытваем. Вяртаемся ў мінулае, у якім усе мы былі крыху бяднейшымі, але грошай заўсёды хапала на паштоўкі. Ды справа не ў паштоўках…»

Мужыкі

30.01.2011. Перада мной, кульгаючы, два пажылыя мужыкі нясуць па пляшцы таннага «чарніла». Каля першага пад’езда чатырохпавярховіка, што па­суседску з маім домам, прыпыняюцца. Маладзейшы кажа: «Мяне папярэдзілі, што я яшчэ гадоў пяць пахаджу, а там ногі адмовяць. Хопіць мне і пяці гадоў…» — «Ну і я пад нож не лягу!» — заяўляе ягоны сябрук. Відаць, пачуўшы размову, да кульгаючых з пад’езда выйшаў на мыліцах мужчына гадоў пяцідзесяці і сказаў: «Лепш маленькі Ташкент, чым бальшы Сібір!»

ЛЮТЫ

Сыс вольны…

1.02.2011. Патэлефанавала Ларыса Раманава, якая паведаміла, што маё хваляванне пра Анатоля Сыса (ці не пахавалі паэта са звязанымі нагамі?), якое ўзнікла пасля прачытання кніжкі Ганны Кандрацюк з Беластоку «Дзядоўскае турнэ з Анатолем С.», дарэмнае. Ну і дзякуй Богу!

Пытанне

2.02.2011. Пасля працы зайшоў у краму. Выбіраючы, што купіць, заўважыў разгубленую бабульку вельмі падобную на маю маці. Праз хвіліну бабулька падышла да мяне і запыталася: «А дзе тут за кварціру плаціць?»

Поделиться с друзьями: