Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пугачоўскі цырульнік

Шніп Віктар

Шрифт:

Заглянуў да бацькавага стрыечнага брата дзядзькі Шуры, які жыве, вярнуўшыся з Маладзечна, па­суседстве ў матчынай хаце. Дзядзька быў у двары з малодшым сынам Андрэем. Сваякі абрадаваліся майму прыходу. Пагаварыўшы на вуліцы, мяне паклікалі ў хату. Толькі я прысеў, каб запісаць нумар дзядзькавага тэлефона, як да мяне падышоў малы гадоў пяці з маёй кніжкай «Проза і паэзія агню» і папрасіў яе падпісаць. Я запытаўся ў хлопца, як яго завуць. «Арцём Шніп!» — адказаў малы і заўсміхаўся…

Дзень праляцеў хутка так, як упаў на зямлю жоўты ліст з яблыні, на якую я глядзеў у дзяцінстве праз акно, марачы пра сваё дарослае жыццё…

Сярод жоўтых дрэў пачарнелыя сцены згарэлай хаты Антона Янушкевіча. Хутка будзе год, як няма гаспадара. І хата нікому не патрэбна…

На аўтобусным

прыпынку было шмат моладзі, і я спыніўся побач на беразе сажалкі, дзе ў дзяцінстве лавіў рыбу. Раней тут усе вяскоўцы чакалі аўтобус з Мінска і мы, дзеці, нярэдка пасля таго, як аўтобус адыходзіў у горад, знаходзілі ў траве згубленыя капейкі. І вось нешта, як капейка, бліснула ў траве. Нагнуўся. Шкельца ад разбітай пляшкі…

У цемры на сажалцы белыя качкі, як белыя плямы на тым, што было…

З Пугачоў у Мінск сабралася ехаць чалавек дзесяць. Нікога знаёмага…

Аўтобус напоўніўся пасажырамі толькі ў Бузунах. Жанчыны, якія сядзелі перада мной, усю дарогу гаманілі. Выходзячы на прыпынку «Каменная горка», адна з іх сказала: «Як адправіла мяне мама ў горад з торбай вучыцца, так па сённяшні дзень з торбай я і езджу туды­сюды!»

* * *

16.10.2011. У аўтобусе было холадна, як у дзіравай бляшанцы з­пад беларускіх шпротаў…

* * *

19.10.2011. Уздоўж дарогі ў раўчуку кляновае лісце, як залатая вада…

Час лечыць…

20.10.2011. На выдавецкім калідоры сустрэўся з Яўгенам Рагіным — прыйшоў у Міністэрства культуры па ўзнагароды, якія супрацоўнікам газеты «Культура» далі да 20­годдзя. Узгадалі «ЛіМ», калі мы там разам працавалі. У Яўгена пару гадоў назад памерла жонка. На маё пытанне: «Як ты цяпер адзін?», сябра адказаў: «Час лечыць. Ужо нават пачаў заўважаць прыгожых жанчын…»

Хоку

20.10.2011. Тыдзень назад напісаў хоку:

манашкі грудзі нібы купалы Храма дзе жыве манах

Прачытаў сваёй Людміле, і яна гэты мой верш забракавала. Сёння гэты верш я знайшоў у чарнавіку і, як апалы з дрэва лісток, змясціў у сваім дзённіку. Няхай будзе на памяць…

Было…

21.10.2011. У 1989 годзе, калі мяне выбралі старшынёй прафкама Саюза пісьменнікаў, старшыня партыйнай пісьменніцкай арганізацыі, даведаўшыся, што я беспартыйны, вырашыў рыхтаваць мяне ў камуністы, заявіўшы, што ўзначальваць прафкам не можа чалавек, які не ў партыі. І аднойчы для таго, каб я быў вартым кандыдатам у кандыдаты ў партыю, старшыня партарганізацыі даручыў мне з празаікам Віктарам Супрунчуком з’ездзіць у выцвярэзнік і забраць адтуль аднаго з ранейшых старшынь партарганізацыі. Купіўшы пляшку каньяку, мы паехалі выконваць партыйнае даручэнне. Прыехалі ў выцвярэзнік, а там ужо няма нашага калегі. І мы даведаліся, што наш былы старшыня партыйнай арганізацыі, убачыўшы, што ён знаходзіцца сярод мноства людзей, адразу ж пачаў праводзіць партыйны сход і тут жа прымаць у партыю беспартыйных. Партыйны сход скончыўся толькі тады, калі супрацоўнікі выцвярэзніка выклікалі жонку пісьменніка і яна яго забрала дамоў…

* * *

22.10.2011. Раніца. Ветрана. І чорны воран шалёна лётае ў двары, як шматок чорнай ночы, якую парвалі восеньскія вятры…

Будучыня…

22.10.2011. Будучыня — гэта чарапаха, якой многія кіруюць ці спрабуюць кіраваць, і гэтую чарапаху ні прыспешыць, ні прыпыніць…

Пазнавальна…

23.10.2011. Учора

з Людмілай схадзілі на фільм Тыдня польскага кіно — «Дзень псіха». Вельмі шмат пазнавальнага. Саракадзевяцігадовы настаўнік літаратуры, які піша вершы і атрымлівае на працы капейкі, якога не слухаюць вучні, дастаюць суседзі і сабакі і які спрабуе агрызацца ўсім, знаходзіць суцяшэнне ў сексуальных думках пра маладую жанчыну, у якую ён быў закаханы яшчэ да жаніцьбы з другой. Я глядзеў на польскага няшчаснага псіха і месцамі ў ім бачыў некаторых сваіх знаёмых…

* * *

23.10.2011. У двары незнаёмая рудая дзяўчына збірае каштаны. Гляджу на яе з акна сваёй кватэры, як з неба…

Быў у мяне акардэон…

23.10.2011. Гадоў дзесяць я іграў на акардэоне, які мне, школьніку, падарыў дзядзька Славік. На выхадныя, асабліва зімой, калі мне было сумна, я іграў на акардэоне з раніцы да вечара. Іграў адно і тое ж, але ўсе родныя цярпелі маю музыку, бо калі я не іграў, то круціў пласцінкі і спяваў так, што хоць ты з хаты ўцякай…

Дзявятка Камоцкага

23.10.2011. Слухаю «Дзявятку» Алеся Камоцкага. Светлае, сумнае, нашае, беларускае, роднае, шчымлівае, балючае… Хочацца піць і плакаць. Не п’ю, таму і не плачу, а проста, балдзею ад усяго гэтага светлага, сумнага, нашага, беларускага, роднага, шчымлівага, балючага…

Чытаюць…

24.10.2011. У «Рубін плазе» з Людмілай паглядзелі польскі фільм «Лэдзі» — халтурны рэмэйк амерыканскага «Сексу ў вялікім горадзе». І ўсё ж вярталіся дамоў у добрым настроі, бо, калі стаялі ў чарзе ў кіназалу, маладая жанчына звярнулася да маёй жонкі: «Вы Людміла Рублеўская?» — «Так…» — адказала Людміла. «Ваша кніжка «Прыгоды мышкі Пік­Пік» самая любімая ў маіх дзяцей!» — паведаміла незнаёмка і ветліва ўсміхнулася.

Вяртанне…

25.10.2011. Патэлефанавала жанчына, каб даведацца, як можна выдаць кнігу, каб атрымаць ганарар. Піша прозу і паэзію. Я ёй расказаў усё, і жанчына прызналася, што ў верасні вярнулася з Францыі, дзе пражыла 17 гадоў. Муж быў французам. З ёй у Беларусь прыехалі двое дзяцей, якія акрамя французскай іншых моў не ведаюць. Старэйшаму хлопцу 16 гадоў, а меншаму — 11. На маё пытанне: «Чаму вы вярнуліся да бацькоў, калі цяпер некаторыя стараюцца з’ехаць?», жанчына адказала: «У Францыі сярод французаў немагчыма жыць, калі ты не француз!»

* * *

26.10.2011. Высока­высока ў небе праляцеў самалёт і за ім застаўся белы след, як драпіна на блакітным шкле саркафага, у якім існуе жыццё…

* * *

26.10.2011. Каля дарогі пад дрэвамі стаяць вялікія белыя мяшкі з лісцем, як з бульбай…

Сярод чырвоных сукенак…

28.10.2011. Учора Людміла звадзіла мяне на вечарыну чырвоных сукенак у Нацыянальную школу прыгажосці — міжнародны дабрачынны праект, падчас якога збіраюцца сродкі на лекаванне хворых на сэрца. Арганізатары — «Жаночы часопіс» і МТС. Цяпер адчуваю сябе, нібыта ўчора пабыў у замежжы, дзе многа прыгожых жанчын. І ўсё ж мая Людміла прыгажэй…

* * *

29.10.2011. Няхай наша смерць думае пра нас, а не мы пра яе, бо мы думаем пра Беларусь…

Прывезлі бацьку…

29.10.2011. З вёскі забралі знямоглага бацьку. Крыху аглядзеўшыся ў кватэры, бацька сказаў: «Сюды мяне прывезлі, а дамоў трэба будзе пяшком ісці. Далёка…»

* * *

29.10.2011. У бацькі выгляд, нібы ў вызваленага з палону…

З бацькам у адным пакоі…

Поделиться с друзьями: