Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пугачоўскі цырульнік

Шніп Віктар

Шрифт:

* * *

2.10.2011. Быў у Алеся Квяткоўскага. Малюе Канстанцыю Буйло. Пакуль што паэтэса мёртвая…

Бунін і сучкі

2.10.2011. З Людмілай паглядзелі фільм Учыцеля «Дзённік ягонай жонкі» пра жыццё Буніна ў эміграцыі. Фільм павучальны — нават Нобелеўскаму лаўрэату няма чаго ў старасці бегаць за маладымі дзеўкамі, бо ўсё скончыцца тым, што свае новыя творы будзеш чытаць сабаку, прынесенаму з вуліцы: «Адной сучкай дома болей ці меней — усё роўна…» Ад таго, што ў фільме не прагучала аніводнага верша Буніна, я знайшоў томік паэта і мы з Людай пачыталі ягоныя вершы ўслых адно аднаму. Хацелі пачытаць і вершы, напісаныя ў эміграцыі, але ў кніжцы, якая выйшла

ў Маскве ў 1986 годзе пасля твораў, якія пазначаны 1927 годам, адразу ідуць творы за 1947 год…

НЛА над Маладзечнам

3.10.2011. Пад абед з Маладзечна да мяне на працу прыехаў Міхась Казлоўскі і адразу ж з парога: «Слухай! Не паверыш, што я сёння раніцай бачыў! Сэрца і цяпер калоціцца! Ідучы каля могілак на электрычку на прыпынак «Фестывальны», раптам убачыў высока ў небе велізарнае кола, якое складалася з невялікіх колаў і круцілася то ў адзін бок, то ў другі, час ад часу знікаючы і зноў з’яўляючыся! Я перапалохаўся! А тым больш што нікога нідзе побач! Што гэта было? Не ведаю!» — «Відаць, іншапланетны карабель прылятаў на нашы «Дажынкі» паглядзець…» — я выказаў сваё меркаванне, і Міхась, пагадзіўшыся са мной, яшчэ раз эмацыйна расказаў пра НЛА, убачаны над ускрайкам Маладзечна…

Мой Маладзечанскі край

4.10.2011. У выдавецтве «Беларусь» выйшла кніга «Маладзечанскі край». Укладанне і фота зрабіў Ігар Пешахонцаў­Міцкевіч, тэксты напісаў Міхась Казлоўскі. Тэлефаную Міхасю і, віншуючы з выхадам цудоўнай кнігі, кажу: «Добра, што на беларускай мове!» — «А я па­руску б і не браўся рабіць кнігу!» — адказвае сябра.

Аляхновічы

У 1483 годзе ў летапісах упамінаецца ваявода віленскі Алехна і, магчыма, назва вёскі Аляхновічы мае дачыненне да яго прозвішча. А наогул сама вёска згадваецца пачынаючы з ХVІІІ стагоддзя пад назвамі Алехнаўцы, Алехнаўка. У 1872 годзе праз вёску была пракладзена чыгунка, пабудаваны вакзал, які лічыцца помнікам архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. З Аляхновіч да маіх Пугачоў праз Еленку недзе кіламетраў дзевяць. У Аляхновічах жыў настаўнік мясцовай школы Яраслаў Масеевіч Касцюк (люты 1928 — зіма 2009). Да яго некалькі разоў у госці я хадзіў з Міхасём Казлоўскім. І сёння памятаецца, як аднойчы зімой, заседзеўшыся ў Яраслава Масеевіча, мы засталіся начаваць. У тую ноч быў такі моцны мароз, што мы ў зале спалі апрануўшыся і ў шапках. Раніцай грэліся гарбатай і маімі вершамі…

Гарадок

Вёска Гарадок вядома з ХVІІ стагоддзя. У розныя гады належала Радзівілам, Галынскім, Карпіцкім, Тышкевічам. З’яўлялася цэнтрам культурнага, сацыяльна­эканамічнага і рэлігійнага жыцця рэгіёна. Тут адбываліся кірмашы, працавалі народныя вучылішчы, беларуская гімназія, праваслаўныя цэрквы і сінагогі. З мінулага да нашых дзён захаваліся царква (помнік архітэктуры рэтраспектыўна­рускага стылю) і вадзяны млын (помнік парамысловай архітэктуры з элементамі готыкі). З Гарадка да маіх Пугачоў 8 км. З гарадоцкай кнігарні, калі мне было дзесяць гадоў, бацькі прывезлі аповесць «Палескія рабінзоны» Янкі Маўра, якая стала адным з маіх любімых твораў…

Краснае

Назва Краснае Сяло ўпамінаецца ў ХV стагоддзі як вялікакняжацкае ўладанне. З’яўлялася цэнтрам Краснасельскага староства ў Менскім павеце і ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. 15 жніўня 1908 года закладзены каменны касцёл Унебаўзняцця Найсвяцейшай Марыі Панны, узвядзенне якога было завершана ў 1912 годзе. Помнік архітэктуры неаготыкі. Думаю, што Максім Багдановіч у 1911 годзе, жывучы ў Ракуцёўшчыне, якая ў некалькіх кіламетрах ад Краснага, бачыў як будуецца касцёл…

Плябань

Плябань вядома з ХV стагоддзя. У 1800 годзе «плябан Краснасельскі канонік Казімір Харэвіч касцёл мураваны заснаваў з закрыстыяй з правага боку». У 1872 годзе касцёл быў перабудаваны пад праваслаўную царкву. У Плябані знаходзіцца раённая мастацкая галерэя, на мясцовых могілках пахаваны паўстанцы атрада Юльяна Бакшанскага.

У свой час краязнаўца Міхась Казлоўскі быў правадніком для сяброў суполкі «Літаратурнае прадмесце» да гэтай магілы…

Радашковічы

Радашковічы размешчаны на ўскрайку Мінскага ўзвышша пры зліцці рэк Вязынка і Гуйка. Упершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах у 1447 годзе, калі віленскі кашталян заснаваў тут касцёл. Радашковічы з’яўляліся ўласнасцю князёў Гаштольдаў, Глябовічаў, Агінскіх і Радзівілаў. У 1569 годзе Радашковічы атрымалі магдэбурскае права, а ў 1792 годзе — герб: на срэбраным полі паясная выява Святога Стафана, пабітага камянямі. У 1939 годзе з Радашковіч мой дзед Юзя адпраўляўся ў войска польскае ваяваць з немцамі, а ў 1951 годзе мой бацька ішоў служыць Сталіну…

Ракуцёўшчына

Ракуцёўшчына ўпершыню ўпамінаецца ў ХVІІ стагоддзі. У 1897 годзе — вёска (11 двароў, 81 жыхар) і фальварак (1 двор, 17 жыхароў). У 1911 годзе ў фальварку два летнія месяцы жыў Максім Багдановіч. На жаль, калі я вучыўся ў школе, мае настаўнікі не ведалі пра Ракуцёўшчыну, якая ад маіх Пугачоў у 20 кіламетрах, а то я схадзіў бы да Максіма Багдановіча з вершамі, як у 1972 годзе хадзіў у Вязынку да Янкі Купалы…

Хоўхлава

Хоўхлава ў афіцыйных крыніцах згадваецца з ХV стагоддзя. У 1565 годзе пасля смерці Мікалая Радзівіла Чорнага ў Хоўхлава прыехаў і нейкі час там жыў Сымон Будны. Менавіта ў гэтым старажытным паселішчы ім была напісана кніга «Аб зачацці сына Божага». У памяць аб славутым жыхары некалькі гадоў назад на будынку мясцовай школы з’явілася мемарыяльная шыльда. У 1738 годзе у заходняй частцы вёскі на ўзвышшы быў узведзены касцёл Найсвяцейшай Марыі Панны. Храм драўляны, пабудаваны ў стылі барока з элементамі класіцызму. У 1846—1847 гадах мясцовы пан Вікенцій Язвінскі збудаваў за касцёлам каменную капліцу, якая выконвала ролю пахавальні для мясцовых магнатаў. З маіх Пугачоў да Хоўхлава кіламетраў дваццаць…

* * *

5.10.2011. Сёння закончылі разбураць былы філфакаўскі інтэрнат. І цяпер па велізарнай кучы будаўнічага друзу і смецця лазяць экскаватары і пагрузчыкі, як жалезныя бамжы…

Праблемы…

6.10.2011. Праблемы са старымі бацькамі не даюць спакойна жыць і працаваць, таму і з’явіліся вось гэтыя радкі:

Як на чорнай галеры, Да вясла прыкаваны, Ты і сёння на працы. І глядзіш на шпалеры, Як на ціш акіяна, Як праз краты, праз пальцы. На адным з іх пярсцёнак Залаты, як былое, Калі ты быў дзіцёнак І было залатое Нават тое, што смеццем Пад нагамі ляжала…

* * *

6.10.2011. «А я па праспекце не хаджу, а ўсё па завулках і тупіках…» — падумалася, гледзячы на людзей з аўтобуса на праспекце Незалежнасці…

* * *

6.10.2011. Калі вучыўся ў архітэктурна­будаўнічым тэхнікуме, некаторыя заняткі ў нас адбываліся ў бомбасховішчы. І мне, галоднаму студэнту, часам здавалася, што мы на вайне…

* * *

6.10.2011. Рэдактар сярод мёртвых рукапісаў, як Харон…

Поделиться с друзьями: