Пугачоўскі цырульнік
Шрифт:
Купала і малады чалавек
9.02.2012. Прадаём факсімільнае выданне кнігі Янкі Купалы «Шляхам жыцця», якая ўпершыню выйшла ў 1913 годзе. І тут раптам малады чалавек пытаецца: «А вы часам не рэдагавалі Купалу?» — «Дык гэта ж факсімільнае выданне! І гэта ж Янка Купала!» — абураюся я. «Ну тады добра! А то некаторыя і ў факсімільныя выданні ўносяць свае праўкі»,— кажа малады чалавек і купляе кнігу…
Багдановіч і дзеці
10.02.2012. На кніжнай выставе прэзентавалі кнігу з серыі «ЖЗЛБ» «Максім Багдановіч. Пясняр чыстае красы», якую склала Таццяна Шэляговіч. Прэзентацыю ўпрыгожылі і надалі ёй паэтычнасць вучні са школы № 185 літаратурнамузычнай кампазіцыяй па творах Багдановіча. Кіравала дзецьмі завуч школы Марына Емяльянава. Алесь Наварыч, які стаяў побач са мной, сказаў: «Гэта самае
Кнігі…
10.02.2012. Набыў кнігу Томаша Главінскага «Забыты гарнізон. Аддзелы Корпуса аховы памежжа ў Івянцы ў 1924—1937 гадах». Мне, як валожынскаму чалавеку, усё, што звязана з роднымі мясцінамі вельмі цікава. Чамусьці адразу пасля набыцця гэтай кнігі ўзгадалася, як недзе ў 1996 годзе я з нашым тэлебачаннем тры дні ездзіў па Валожыншчыне. Здымалі невялікія сюжэты пра маіх таленавітых, знакамітых і працавітых землякоў. У адной з вёсак каля Івянца былі ў хаце васьмідзесяцігадовага мясцовага інтэлігента. Ён гаварыў папольску і вельмі радаваўся знаёмству са мной, бо чытаў мае вершы. На сценах у хаце віселі невялікія карціны і старыя фотакарткі ў рамках пад шклом. У зале стаяла піяніна, на якім нам гаспадар сыграў паланэз Агінскага. Развітваючыся, я запісаў адрас старога інтэлігента і абяцаў выслаць яму сваю кнігу. На жаль, не выслаў…
* * *
10.02.2012. На кніжнай выставе, як у Ноевым каўчэгу…
* * *
11.02.2012. Мароз. Мужчына з выставы нясе ахапку кніжак, як ахапку дроў…
Працяг гасцявання…
12.02.2012. Учора з Людмілай былі ў гасцях у цудоўных людзей, дзе было шмат нашых добра знаёмых і сяброў. Дамоў вярнуліся позна і ў вясёлым настроі. З лёгкасцю заснуў і прысніў працяг нашага гасцявання, у якім, перад тым як разыходзіцца па дамах, паэтка А. прапанавала ўсім паглядзець, што там робіцца ў іншых гаспадарскіх пакоях, дзе мы яшчэ не былі. І мы пайшлі. Зайшлі ў адзін. А там буцік, у якім, каб мы ўсе змаглі выйсці з яго, трэба хоць нешта купіць. Людміла купіла прыгожы шалік, і мы пайшлі ў другі пакой, у якім паэтка А. выкупіла падарожжа ў маю вёску. На жаль, у вёску мы не трапілі, бо па лясной дарозе назбіралі грыбоў, з якімі вярнуліся да гаспадароў нашага гасцявання і аддалі на кухню смажыць. Потым мы ўсе зайшлі ў пакой, дзе я купіў матор з прапелерам, на якім можна лётаць. Хацеў усіх звазіць у вёску, але не было гаручага, і мы пайшлі ў наступны пакой. І толькі мы зайшлі ў пакой, як нейкі здаравяка схапіў спявака З. і, накінуўшы на яго сабачы ашыйнік з шыпамі, загнаў яму ў галаву велізарны мядзяны цвік. Крыві не было. У жаху ўсе разбегліся, а я прачнуўся…
* * *
12.02.2012. Раніцай вярнуўшыся дамоў ад бацькі, раптам падумаў, што забыўся выключыць газ, на якім грэў гарбату. І ўявілася мне, што сапраўды газ гарыць і восьвось закончыцца вада ў чайніку, і пачнецца пажар. Амаль бягом вярнуўся да бацькі на кватэру. Зайшоў на кухню. Газ выключаны…
* * *
12.02.2012. Матылі — гэта парэшткі адзення памерлых…
Вечарам…
12.02.2012. Вечарам з Людмілай сустрэлі трох музыкаў з інструментамі. Малы нёс велізарны кантрабас. Гледзячы на музыкаў, падумаў: «Відаць, вяртаюцца з пахавання… А можа, спазняюцца на вяселле…»
* * *
12.02.2012. Прачнуўся сярод ночы. І з нечаканай думкай, што ў вёсцы ў пустой хаце памерзлі вазоны, не мог доўга заснуць…
Белы і калекцыя
12.02.2012. Жонка Анатоля Белага Ала Мікалаеўна праз Яўгена Гучка перадала мне каталог калекцыі прыватнага мастацкага музея Анатоля Белага ў горадзе Старыя Дарогі «Раскрылі крылы музы». Белы памёр, і ўсё багацце, што ён сабраў, засталося на роднай зямлі. А некаторыя баяліся даваць яму свае мастацкія творы…
Чорны кот
13.02.2012. З суседняга пад’езда выйшаў чорны кот. Пастаяў, паглядзеў на заснежанае навокалле і пайшоў назад, мяўкнуўшы, нібыта сказаўшы: «Марцаваць яшчэ ранавата!»
Бабуля і ўнук
13.02.2012. Ідучы праз сквер да бацькі, напаткаў бабулю з унукам гадоў пяці. Бабуля, ні на кога не звяртаючы ўвагі, гучна пыталася ў дзіцяці: «Колькі будзе пяць дадаць сем?» Малы ў адказ плакаў, а бабуля ўсё роўна не адчэплівалася:
«Колькі будзе пяць дадаць сем?!» — «Дванаццаць!» — сказаў я і ўбачыў у сябе перад носам дзіцячы чырвоны пісталет, які бабуля, падышоўшы да мяне, дастала з кішэні чорнай курткі…* * *
13.02.2012. У скверы зноў на лаўках з’явіліся любіцелі выпіць і закусіць на прыродзе. Відаць, болей маразоў не будзе…
Міша Сапега
14.02.2012. На другі дзень кніжнай выставы Мікола Нікалаеў з СанктПецярбурга, сустрэўшыся са мной, падарыў невялічкую кніжку, якую я тут жа паклаў у партфель і толькі сёння дастаў, каб паглядзець, што за падарунак атрымаў. А атрымаў я кніжку Мішы Сапегі «Рознае», якую на беларускую мову пераклаў Мікола Нікалаеў. Ва ўступным слове напісана: «Час пазнаёміць Беларусь з адметнай з’явай сучаснай піцерскай культуры. Гэта Міша Сапега — ён нарадзіўся ў раёне Маскоўскага праспекта, які за царом называўся Забалканскім праспектам. Дзед Мішы — Міхаіл Васільевіч Сапега, ураджэнец вёскі Сапегі Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці, пасяліўся тут каля 1929 г. і стаў шліфоўшчыкам на ваенным заводзе. Бацька Мішы Сапегі Генадзь Міхайлавіч і дзядзька Віктар Міхайлавіч сталі маракамі. І Міша Сапега стаў мараком. Ён вучыўся ў Макараўцы (зараз акадэмія імя адмірала Макарава) і дзеля практыкі нават хадзіў матросам па вялікай сібірскай рацэ Калыме. Але пасля гэтага змяніў курс. Міхась далучыўся да «Міцькоў». Група «Міцькі» — гэта «піцерская» субкультура Ленінграда напярэдадні перабудовы і рэспектабельныя дзядзькі з настальгічнага Ленінграда ў Піцеры нашых дзён. На мяжы тысячагоддзя (1995—2011) часткай праекта «Міцькі» стала выдавецтва «Чырвоны матрос», заснаванае Мішам Сапегам. «Чырвоны матрос» выдаў каля двухсот кніг… З кнігай Сапегі ў дом прыходзяць невыдуманыя віды прыгожага і жывога Піцера, апалітычныя рэфлексіі з прахадных двароў нашага горада, успаміны дзяцінства і іранічная філасофія патомнага пецярбуржца з беларускім княжацкім прозвішчам». Не магу не працытаваць:
СанктПецярбург. А ў маім Ленінградзе столькі варон не было… * слухаючы музыку, пальцы часам абпаліш,— толькі тады і заўважыш, што цыгарэта сатлела…* * *
14.02.2012. У бацькі выгляд, нібыта ён вываліўся з Ноевага каўчэга, і цяпер на чужой канапе плыве на Божы суд, не разумеючы, дзе ён і што адбылося з ім…
* * *
14.02.2012. І пастукала да бацькі ў акно варона, каб даць яму кусок сыру. А бацька паслаў варону падалей і застаўся галодным…
* * *
14.02.2012. Чорныя і светлыя птушкі, як чорныя і светлыя думкі, узляцелі з Пішчалаўскага замка…
* * *
14.02.2012. Жыццё з мамай, як вядро з жывой вадой, якое, абарваўшыся, падае назад у цемрыва студні, дзе вада як неба, і неба як вада…
* * *
15.02.2012. Сёння раніцай у 7 гадзін 15 хвілін памерла мая мама. 19 красавіка ёй было б 82…
Мама была добрая…
1516.02.2012. Свае апошнія паўгода мама жыла ў маёй сястры Валі. І я ўвесь гэты час кожную раніцу, ідучы да бацькі, баяўся тэлефонных званкоў…
«Як там наша мама? Жывая?» — пытаецца бацька. «Жывая.Але ўжо вельмі слабая…» — адказваю я, і ў гэты момант мой мабільны кліча да сябе. Тэлефануе брат Вова і паведамляе, што толькі што ў 7 гадзін 15 хвілін памерла наша мама…
Іду ад бацькі па ранішнім скверы, і ліхтары, якія яшчэ нядаўна былі, як апельсіны, бачацца свечкамі…
Дома яшчэ ўсе спяць. Нікога не буджу. Паўтараючы адно слова «мама», гляджу, як узыходзіць сонца, як залатая ікона…
Тэлефануе заплаканая сястра. Пытаецца, што будзем рабіць…
Тэлефаную ў Ракаў цётцы Марыі і прашу дапамагчы ў пахаванні…
Дзень праходзіць, як вечнасць…
Дзве крамы «Рытуальныя паслугі», якія паблізу нас, закрыліся назаўсёды…
Еду на Альшэўскага. Стаю на прыпынку. І раптам нехта мяне кранае за локаць. Паварочваюся. Анікога…