Пугачоўскі цырульнік
Шрифт:
30.10.2011. Бацька заснуў пасля шасці гадзін раніцы, а за ім і я. З мамай было прасцей. Калі яна не спала, дык маўчала, а бацька ў цемнаце ўвесь час гаварыў то пра сабаку, то пра ката, якія ў вёсцы засталіся адны…
Бацька і дом
Бацька і дом
30.10.2011. «Пайду дамоў. Папраўлюся і пайду…» — кажа бацька. «Да дому ж 50 кіламетраў»,— напамінаю я. «Дайду! Я ў салдатах Волгу пераплыў, а тут нейкіх 50 кіламетраў…» — упэўнена
* * *
31.10.2011. Мы да смерці гліна, і нас жыццё ўсё лепіць і лепіць, пакуль не абрыдне…
* * *
1.11.2011. Бацьку не спіцца, і я ўжо тры ночы амаль не спаў. Хаджу, як абліты гарачай вадой…
Уявіце!
3.11.2011. Чытаю ў «Камсамолцы» інтэрв’ю з Анжэлікай Агурбаш, у якім яна кажа: «Муж высадил под окнами сто кустов сирени. Представляете, как он был виноват?» Вы ўяўляеце гэта?
Бацька кватарант
5.11.2011. Бацьку, прывезенаму з вёскі, мы знялі кватэру. Клопату дабавілася, але цяпер можна ноччу спаць і выспацца. Яго і не адсялялі б, каб ён маўчаў ноччу, калі з ім ніхто не гаворыць, і не хроп, калі засынаў. Словам, бацька цяпер жыве ў дзесяці хвілінах хады ад нас і там ён поўны гаспадар. Кватэра двухпакаёвая, і можна, калі што, начаваць з бацькам. Хаджу да яго два разы на дзень. Кожны раз, калі прыходжу, бацька кажа: «Мне было блага…», але, паеўшы, тут жа паведамляе: «А цяпер добра...»
* * *
6.11.2011. У лесе спілаванае дрэва, падаючы, на сваім шляху смерці ламае ўсё, як буран…
* * *
6.11.2011. Сонца — гэта цэнтр павуціны, у якую ўсе мы трапілі…
Палякі…
7.11.2011. «Чатыры танкісты і сабака» — адзін з маіх любімых фільмаў, якія глядзеў у дзяцінстве. На мінулым тыдні гэты фільм прагледзеў яшчэ раз і ўпершыню звярнуў увагу на кадр, дзе паказаны захоплены Берлін і рэйхстаг, на якім трапечуцца два сцягі. Адзін сцяг савецкі, а другі — польскі…
* * *
7.11.2011. Які ўжо раз, прыходячы ў краму, кладу сваю торбу для захоўвання ў скрынку пад № 13, бо ўсе астатнія занятыя…
Сумна…
9.11.2011. Памерла мая цётка Манька, якая амаль усе свае 94 гады жыла ў Крапіўніках, што каля Лягез, дзе я да школы гадаваўся ў бабулі Ганны. Заўтра паеду на пахаванне. Сустрэнуся са сваімі стрыечнымі братамі і сёстрамі. Некаторых родных апошні раз бачыў на пахаванні дзядзькі Пашкі ў 2003 годзе…
* * *
9.11.2011. Сёння ўжо чатыры гады, як здзекуюся сам з сябе — не п’ю…
Пахаванне цёткі Манькі
10.11.2011. Едучы з сястрой
Валяй і яе мужам Віцем у Крапіўнікі на пахаванне цёткі Манькі, успамінаў сябе малога і маладых цётак і дзядзькаў, якіх у мяне было шмат. Першым памёр дзядзька Ваня (1926—1996), потым памерла цётка Надзя (1922—2002), следам — дзядзька Пашка (1928—2003), а цяпер — цётка Манька (19.08.1918—9.11.2011). Цётка Шурка (1923) жыве ў Татарах, там жа — цётка Аля (1939), а ў Лягезах — дзядзька Віця (1933)...Каля Салаўёў павярнулі на дарогу, якая вядзе ў Крапіўнікі. Праехалі метраў трыста і дарога скончылася. Наперадзе поле парослае быльнягом...
У Яршэвічах каля дарогі царква, як сірата...
Ля хаты цёткі Манькі сваякі і аднавяскоўцы. Не адразу ўсіх пазнаю...
Дочкі цёткі Манькі Аня і Валя ў слязах і ў клопатах...
Усе пытаюцца, як там наша мама, як бацька...
У хаце поўна людзей. Кветкі, вянкі. Цётка Манька ў труне, як у чоўне, у якога ўжо ніколі не будзе вёслаў...
Пеўчыя спяваюць. Гарыць свечка і плача...
На пахаванне прыйшоў старшыня Яршэвіцкага сельсавета Уладзімір Пашкевіч. Я з ім знаёмы з таго часу, калі ён у 80я гады працаваў у раёнцы. Валодзя прынёс пасведчанне аб смерці і, гледзячы на крыж, на якім напісана: «Ліхтаровіч Марыя Міхайлаўна (19.08.1918—9.11.2011)», сказаў: «Па пашпарце цётцы Марыі 103 гады...»
З Ракава прыехаў святар. І ўсе за ім пайшлі ў хату, як за Ноем у каўчэг...
Кіламетры паўтары па вёсцы да крыжа неслі цётку Маньку і вянкі. Я ішоў з цёткай Лёдзяй. Яна нядаўна адзначыла 75. Пасля смерці дзядзькі Вані ўжо амаль 16 гадоў жыве адна...
Спыніліся каля крыжа. І засвяціла сонца...
Яршэвіцкія могілкі параслі лесам. А мне яны помняцца адкрытымі вятрам і небу...
Далакопы грэліся каля вогнішча, як інквізітары...
Пахавалі цётку Маньку каля мужа Уладзіміра, які пражыў 51 год і памёр у 1961 годзе...
«Смерць бярэ паравых, а не гадавых...» — сказала старая другой, якая, пасля таго як пахавалі цётку Маньку, выдыхнула: «Я тут самая старая, і наступнай памру я...»
За памінальны стол па наказе цёткі Манькі паклікалі ўсіх аднавяскоўцаў. У Крапіўніках засталося 17 жыхароў...
За 10 месяцаў гэтага года ў Яршэвіцкім сельсавеце памерла 43 чалавекі, а нарадзілася 5...
Цётка Манька за дзядзьку Валодзю выйшла замуж на самым пачатку вайны. Вяселле разагналі немцы з паліцаямі...
Дзядзька Валодзя хораша іграў на цымбалах. «У яго была добрая банда! Ніводнае вяселле ва ўсім наваколлі не абыходзілася без іх музыкі!» — паведаміў мне стары, што сядзеў за памінальным сталом насупраць мяне...
«А я вашу маму ў юнацтве часта праводзіў дамоў з танцаў!» — гледзячы з усмешкай на мяне і на маю сястру Валю, сказаў расчырванелы стары, выпіўшы пару чарак гарэлкі...
У хаце цёткі Манькі ў 60я гады была бібліятэка…
На вуліцы да мяне падышоў сівы мужчына: «Ці пазнаеш мяне?» — «Не...» — адказаў я. «Я ж Сашка Буры! Ты вучыўся ў чацвёртым класе, а я дзясяты закончыў і з Пугачоў пераехаў з бацькамі ў Крапіўнікі...» — абдымаючы мяне, сказаў былы аднавясковец...
«Калі будзеш у Лягезах у дзядзькі Віці, ты ж і да мяне заходзься!» — цалуючы мяне, прашаптала цётка Лёдзя...
Развітваючыся са сваякамі, праслязіўся: «Якія яны ў мяне цудоўныя! І старыя...»