Пугачоўскі цырульнік
Шрифт:
* * *
22.05.2012. У кнізе «Памяць» Валожынскага раёна вычытаў: «С 17 января 1948 года открылось регулярное сообщение Минск — Ивенец и обратно. Самолеты производят перевозку пассажиров и грузов».
* * *
22.05.2012. На Валожыншчыне, у Вішневе ў 1923 годзе нарадзіўся вядомы ізраільскі палітычны і грамадскі дзеяч Шымон Перэс (Шымон Перскі). На той час у мястэчку было 149 будынкаў, у тым ліку касцёл і дзве сінагогі. Жыло 442 палякі, 428 яўрэяў і 85 беларусаў. У 1992 годзе Шымон Перэс прыязджаў у Беларусь і пабываў на сваёй радзіме — у вёсцы Вішнева. Нядаўна мастак Алесь Квяткоўскі намаляваў карціну, прысвечаную нашаму земляку і цяпер спадзяецца, што Шымон Перэс
* * *
22.05.2012. Сёння трэці раз у гэтым годзе бацька са мной выйшаў на вуліцу. Былі пад сонцам паўгадзіны, прайшлі метраў дзвесце. А мама са мной хадзіла па кіламетру…
* * *
22.05.2012. Дзяўчына, відаць, яшчэ школьніца курыць каля пад’езда. Курыць няспешна, як гаспадыня нашага двара…
* * *
23.05.2012. На пачатку вёскі Выганічы Валожынскага раёна, злева ад гасцінца Ракаў — Пярэжары, стаіць мемарыяльны знак у гонар расійскага дзекабрыста Аляксандра БястужаваМарлінскага, які ў 1821—1822 гадах знаходзіўся тут па абавязку вайсковай службы. Знак быў пастаўлены ў 1987 годзе. Выганічы з’яўляюцца роднай вёскай беларускапольскага кампазітара ХІХ стагоддзя Міхала Грушвіцкага, які пахаваны на Ракаўскіх могілках. Пра кампазітара аніякага знака ў Выганічах няма…
* * *
24.05.2012. Жыццё без мамы, як паданне з абрыву ў прорву…
* * *
24.05.2012. Толькі цяпер, калі застаўся без мамы, адчуваю сябе дзіцём, якому патрэбна мама...
* * *
24.05.2012. Алена Ваенга спявае: «Моя почти святая мама, прости отца!» І гэтыя словы я паўтараю для сваёй мамы…
* * *
25.05.2012. Нашы зноў праляцелі на «Еўрабачанні». Саліст гурта «Лайт Саунд» сказаў: «Мне было безразлично, пройду я в финал или нет». Дык для чаго тады трэба было ехаць у Баку?
* * *
25.05.2012. У серыі «Беларусь мастацкая» выйшла кніга «Валентин Губарев. Важно всё». Некаторыя выдавецкія жанчыны, гартаючы кнігу, прыйшлі да думкі: «Відаць, у маладосці нейкая жанчына пакрыўдзіла мастака, і ён цяпер ёй помсціць, малюючы жанчын стокілаграмовымі!»
* * *
27.05.2012. Вярнуўся з VІІІ абласнога семінара маладых паэтаў Міншчыны «Слова Купалы да творчасці кліча», які арганізавала і правяла Мінская абласная бібліятэка імя А. Пушкіна. У семінары ўдзельнічала 29 літаратараў узростам ад 16 да 30 гадоў. Акрамя мяне з семінарыстамі займаліся Раіса Баравікова, Галіна Каржанеўская і Рагнед Малахоўскі. Усё было добра, але ўсё ж засмуціла мяне тое, што амаль усе пішуць рэдка і нават вельмі рэдка і тое, што з 29 паэтаў было толькі тры хлопцы. Парадавала, што амаль усе семінарысты добра валодаюць беларускай мовай…
* * *
28.05.2012. Збіраюся ад бацькі дамоў і чую пытанне: «І нашай мамы няма?» — «Няма…» — адказаў я і пачуў: «Мне ж гаварылі, што ў мяне дзве жонкі будуць…»
* * *
30.05.2012. Даўно працуем у адным доме, але ў розных выдавецтвах і на розных паверхах. Кожны дзень сустракаемся. Я вітаюся, а ён не адказвае. Глухі? Здаецца, не. І мне хочацца часам, як казаў калісьці Юры Станкевіч, «падраўняць мужыку пятачок», але я вітаюся, а ён маўчыць…
* * *
30.05.2012. Ідучы да бацькі, каля будынка «Інвестбанк» убачыў мёртвую варону. «Дакаркалася!» — сказаў я і пайшоў далей…
Апякункі паэтычных нябёсаў
31.05.2012. У Музеі гісторыі беларускай літаратуры рыхтуецца выстава, прысвечаная 40годдзю выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сёння завёз у
музей нашы ўзнагароды і кнігі, за якія мы іх атрымалі. Паглядзеў выставу «Апякункі паэтычных нябёсаў», прысвечаную паэткам Еўдакіі Лось, Яўгеніі Янішчыц, Раісе Баравіковай, Веры Вярбе, Дануце Бічэль, Ніне Мацяш, Галіне Каржанеўскай, Валянціне Коўтун і Таісе Бондар. Якія ўсё ж яны ў час сваёй маладосці былі ветлыя і прыгожыя, светлыя і наіўныя! Але ўсё гэта было даўно! І ўспамінаюцца радкі Янішчыц: Дзе час былы з паводкай весялосці, Дзе шчыры поціск вернае рукі? Саманаіў расстайнай маладосці Агнём на сэрцы выпіша радкі. І змые час дурных здзіўленняў пену, І пачуццё абвугліцца датла. ...Паэзія,— яна не знае тлену, Калі ў душы хоць прыгаршчы святла. Усё мінае. Паэзія застаецца!* * *
31.05.2012. Ідучы з працы, сустрэўся са скульптарам Іванам Міско, які адразу ж сказаў: «Я вас даўно чакаю ў госці, а вас няма ўсё і няма!» І я абяцаў, што ў хуткім часе з Людмілай і дзецьмі заглянем да яго ў майстэрню. Крыху прайшоўшыся разам па вуліцы, я ад Івана Якімавіча даведаўся, што ён нядаўна быў у Маскве і цяпер працуе над скульптурай расійскага касманаўтабеларуса, які ў канцы гэтага года павінен паляцець у космас…
Мама і бацька
2.06.2012. Прысніліся Лягезы. Зіма. Усё замецена. Бязлюдна. Я жыву з бацькам у хаце дзядзькі Вані. І раптам чую на вуліцы людскія галасы. Выходжу і бачу рудога каня запрэжанага ў сані, на якіх ляжыць мая мама. Яна мёртвая. Я гляджу на яе, а на мяне глядзяць незнаёмыя людзі, і я не ведаю, што мне рабіць. Клічу з хаты бацьку. Ён выходзіць босы і спыняецца на ганку, убачыўшы на санях мёртвую маму. Людзі знікаюць, а мама, разжмурыўшы вока, усміхаецца бацьку…
Паэтка
2.06.2012. У выдавецтве ёсць цэлая шафа закладзеная блакнотамі паэткі Алы Церахавай. Гэта плён яе апошняга пяцігадовага рыфмавання. Нам яна пісала амаль кожны тыдзень. Паштальёны злаваліся на паэтку і на нас, што мы несвоечасова прыходзім на пошту па яе бандэролі, а яна кожны дзень пытаецца, ці аднеслі яе вершы ў выдавецтва. Напачатку мы адказвалі Але Церахавай, што немагчыма зза яе почырку прачытаць тое, што яна нам дасылае, а потым нават звярнуліся да яе з просьбай, каб яна больш не загружала пошту сваімі бандэролямі. Наша просьба падзейнічала, але наадварот, і нам у тыдзень сталі прыходзіць дзве, а то і тры бандэролі ад Церахавай. І вось недзе гады паўтары назад паэтка знікла і мы ўжо думалі, што назаўсёды, але на мінулым тыдні ў выдавецтва прыйшла бандэроль ад Алы з блакнотам, у якім запісаны вершы, якія нельга прачытаць зза неразборлівага почырку. Жыццё працягваецца…
На крылах рамантыкі…
2.06.2012. У «ЛіМе» Яўген Гарадніцкі ў артыкуле «На крылах рамантыкі» напомніў усім нам, пісьменнікам, што 31 мая было б усяго 60 гадоў літаратуразнаўцу Тамары Чабан. Гэтае імя час ад часу з’яўляецца ў спасылках літаратуразнаўчых і крытычных прац, згадваецца сучаснымі даследчыкамі. Тамара пісала і вершы. Тоесёе было пасля яе смерці (памерла 20 сакавіка 1992 года) надрукавана ў альманаху «Дзень паэзіі». Памятаю, як на гадавіну па Тамары Чабан мы з Яўгенам Гарадніцкім ездзілі на Ракаўскія могілкі. І потым яшчэ планавалі разам з’ездзіць, але так і не атрымалася. І не ведаю, як часта цяпер Яўген наведвае Тамару, але калі б ён не быў яе мужам, то наўрад сёння ў «ЛіМе» успомніў бы хто пра яе юбілей, і не таму, што яна не вартая добрага ўспаміну, а таму, што няма ў нас асабліва каму ўспамінаць нашых памерлых…