Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пугачоўскі цырульнік

Шніп Віктар

Шрифт:

На сённяшні дзень у Пугачах жыве 500 чалавек. З іх 100 дзяцей…

Самая старэйшая жыхарка Пугачоў — Марыя Адамаўна Багіна. Ёй — 88. Самы малы жыхар — Шымель Дзяніс Дзмітравіч, які нарадзіўся 3 ліпеня 2012 года…

На свята з Валожына прыехалі музыкі і выканаўцы песень. Аляксандр Шаўчэнка праспяваў маю «А ў гасцях…»

Пасля свята да мяне падбеглі дзеці, каб разам сфатаграфавацца, а ўсе сваякі сталі мяне клікалі ў госці. Абяцаў, што наступным разам прыеду спецыяльна і ўсіх адведаю…

Дамоў не пайшоў. Там мамы няма…

* * *

16.07.2012. У Дубровах знаходзіцца царква Нараджэння Божай Маці (1897). Да царкоўнага прыхода адносяцца вёскі: Агароднікі, Бортнікі, Будраўшчына, Вуша, Гіравічы, Гойжава, Дубровы,

Душкава, Еленка, Кайцяні, Касцюкі, Кашына, Кулакоўшчына, Навасёлкі І, Навасёлкі ІІ, Пазнякі, Пугачы, Раманава, Сцяцкі, Татарскія. А я ўвесь час да сённяшняга дня думаў, што мае Пугачы адносяцца да ракаўскага царкоўнага прыхода...

Прыстойны…

19.07.2012. Званок у дзверы. Адчыняючы, думаю: «Відаць, сусед Дзіма…» Не. Дзве жанчыны. Маладзейшая з паперамі ў руках кажа: «Нам сказалі, што тут жывуць прыстойныя людзі! Падпішыцеся за кандыдата ў дэпутаты!» І давялося мне быць прыстойным чалавекам…

* * *

23.07.2012. Падчас вяртання з Лысай гары на электрычцы «Гарадскія лініі» зарыфмаваліся радкі:

На Лысай гары зноўку попел, як вершы, І сосны наўкол, як калоны ў палацы, Нябёсы трымаюць, дзе дух вершаў грэшны Лятае, нібыта лістоўкі на пляцы, Які апусцеў…

Вера Вярба

23.07.2012. Да мяне на працу прыходзіла Раіса Баравікова. Пагаварыўшы па справах, узгадалі Веру Вярбу, якая нядаўна памерла. «У канцы мая ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры было адкрыццё выставы, прысвечанай беларускім пісьменніцам. Сярод памерлых былі чатыры жывыя: Загнетава, Каржанеўская, Вярба і я. Калі запрашалі на адкрыццё Вярбу, яна сказала, што не пойдзе, а прыйдзе сын. Словам, Вера сама сябе яшчэ тады далучыла да мёртвых, бо ад памерлых пісьменніц былі іх дзеці і сваякі!» — так завяршыла ўспамін пра выставу Раіса Андрэеўна і, сказаўшы, што Вярба была запанібрата са старэйшымі пісьменнікамі, расказала дзве гісторыі.

Веру Вярбу з самага пачатку яе творчага шляху рэдагаваў Анатоль Вялюгін. І вось некуды ён прапаў, а Веры трэба тэрмінова здаваць кніжку і, не адшукаўшы Анатоля Сцяпанавіча, яна пазваніла Аркадзю Куляшову і сказала: «Аркадзь! Мне тут трэба адрэдагаваць некаторыя вершы, ты паглядзі і адрэдагуй, бо я нікім не чытаныя творы ў выдавецтва не здаю! Трэба тэрмінова!» І народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў прачытаў рукапіс Веры Вярбы, а потым і выйшла кніжка з ягонымі праўкамі.

Неяк выпіваючы ў кампаніі са Сцяпанам Гаўрусёвым, Вера Вярба сказала: «Сцёпка! Я мяркую, калі б ты кінуў піць, то даўно купіў бы сабе машыну!» Гаўрусёў, кульнуўшы чарку, адказаў: «Мілая Верка, калі б я кінуў піць, то даўно б купіў самалёт!»

* * *

25.07.2012. Дзякуючы Таццяне Барысюк, якая не палянавалася схадзіць у Нацыянальную бібліятэку Беларусі і пагартаць «ЛіМ» за канец 2002 года, стаў вядомы дакладны дзень першага пасяджэння суполкі «Літаратурнае прадмесце». У штотыднёвіку за 29 лістапада 2002 года напісана: «Запрашаем! 5 снежня ў рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» (вул. Захарава, 19) пройдзе арганізацыйнае пасяджэнне літаб’яднання. Запрашаюцца маладыя паэты, празаікі, крытыкі. Пачатак у 17 гадзін. Тэлефон для даведак: 284­44­04».

* * *

25.07.2012. Учора з Людай, з дзецьмі і Людзінай мамай адзначылі сваё сярэбранае вяселле. Цешча ўспомніла, што пяць гадоў назад напісала пісьмо на радыё з просьбай павіншаваць Люду і мяне з 20­годдзем вяселля і перадаць для нас яе любімую песню. Песню перадалі, але не тую, што хацела цешча. Наш Максім, даведаўшыся, якую песню прасіла бабуля, пайшоў у другі пакой і, знайшоўшы

яе ў інтэрнэце, уключыў. Пачуўшы сваю любімую песню, цешча сказала: «Глядзі ты, праз пяць гадоў успомнілі!» і тут жа, пакінуўшы святочны стол, села бліжэй да выключанага тэлевізара і пачала слухаць. Мы з Людай і дзецьмі, усміхнуўшыся, не сталі казаць, што песня гучыць з камп’ютара ў другім пакоі…

* * *

26.07.2012. Бацька, заўважыўшы ў мяне на шыі ланцужок з крыжыкам, пацікавіўся: «Што гэта ў цябе?» — «Крыжык. Прынесці табе?» — запытаўся я. «Не! Мне яшчэ рана!» — адказаў бацька…

* * *

27.12.2012. Вечарам 25 снежня ў 20 гадзін 6 хвілін зазвінеў мабільны тэлефон: «Гэта з Ракаўскай бальніцы. Ваш бацька памёр. Прыязджайце і забірайце...» Паехалі. Забралі. Пахавалі бацьку на Ракаўскіх могілках побач з мамай. І мне цяпер не трэба быць цырульнікам...

Яшчэ будуць харошыя светлыя дні…

* * * Я гляджу праз акно на задымлены горад, У якім я жыву і ў якім я памру За старымі дамамі, дзе цені і холад, Дзе на ўсходзе вятры раздзімаюць зару, Быццам прысак, які там застаўся ад Храма, Што ў мінулым стагоддзі, як свечка згарэў, У якім маладая малілася мама, Каб я быў паслухмяным і каб не хварэў. Я гляджу праз акно, як праз лёд адзіноты, І мне цяжка ўздыхаць, і мне хочацца жыць, А над горадам чайкі, нібы самалёты, Што з дзяцінства майго прыляцелі кружыць Па­над горадам дымным і па­нада мною, Каб тут я хоць цяпер, але ўсё ж зразумеў, Што на свеце няма і не будзе спакою З­за таго, што наш Храм сто гадоў як згарэў… 30.06.2011
* * * Адзін сяджу ў кватэры, як у клетцы, І не хачу зусім з яе ўцякаць За матыльком, які аб шыбу б’ецца, Нібы аб неба, дзе ўначы сядзяць, Як матылі, на Млечным Шляху зоры. І я на зоры сумныя гляджу, Якім самотна ў залатым прасторы, Нібыта ў кроплі вечнага дажджу, Які праліўся і застыў на кветцы, Якая сонцам заўтра можа стаць, Каб матылёк, які аб шыбу б’ецца, Не захацеў да зорак адлятаць… 12.08.2011
* * * У вечнасці губляюцца дарогі, Як павуцінне ў небе і ў агні, Дзе нашы радасці і ўсе трывогі У Бога, нібы соль, на далані. І ты стаіш ля вогнішча і марыш, Што пройдзе восень, а пасля — зіма І знікнуць з сэрца, як і з неба, хмары, Разваліцца самота, як турма. І будзе добра і табе, і свету, Дзе ты жывеш і ведаеш, што ты У вечнасці, як дым ад цыгарэты, А ў сёння, нібы стомлены святы… 30.11.2011
Поделиться с друзьями: