Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пугачоўскі цырульнік

Шніп Віктар

Шрифт:

8.05.2012. Мужчына ўдаўся вельмі раўнівы. Аднойчы, прыраўнаваўшы жонку да вясковых мужыкоў, зрабіў пятлю і сілай стаў прымушаць каханую здзейсніць самагубства. Жанчына ў пятлю сама не палезла і, уцёкшы з дому, заявіла ў міліцыю на мужа. І, калі мужу далі пятнаццаць сутак, жанчына, забраўшы аднаго кабанчыка і пакінуўшы ў хляве другога, перайшла жыць да маці. Вярнуўшыся з пастарунка дамоў, і ўбачыўшы, што застаўся адзін, мужчына так раззлаваўся, што, узяўшы каністру з бензінам, абліў хату, хлеў з кабанчыкам, легкавушку і мінітрактар, і ўсё падпаліў. І калі прыехала пажарная, мужчына з крыкам «Я люблю яе!» і са стрэльбай у руках анікога не дапусціў тушыць пажар. Скончылася ўсё тым, што ўсё згарэла, а мужчыну забралі ў дурдом. Цяпер, падлечаны мужчына, жыве ў сваёй маці, а на пажарышчы расце быльнёг…

* * *

8.05.2012. Хата, спаленая

маладым Піліпчыкам, раней належыла Вінцэсю Трацяку. Хата была вялікая і ў ёй, калі мой бацька быў маладым, збіралася моладзь і ладзіла танцы. Танцавалі пад гармонік, скрыпку і бубен. «На бубне іграла баба!» — кажа бацька і ўсміхаецца…

* * *

9.05.2012. Віншую бацьку з Днём Перамогі і чую: «Дзякую, але я не ваяваў!»

* * *

10.05.2012. Узрост ужо такі, што цяпер ідзеш па могілках, як па вясковай вуліцы. З помнікаў, як з акон, глядзяць родныя, сябры, суседзі…

* * *

10.05.2012. Знаёмы расказвае гісторыі пра тое, як у маладыя гады ягоныя аднагодкі аднавяскоўцы пакінулі гэты свет. Слухаю і не вельмі жахаюся, бо падобныя смерці былі і ў маёй вёсцы…

* * *

10.05.2012. Чытаю ў Анатоля Грачанікава:

Нахмурыла хата чало, Цяпер яна нібы чужая. Маё гаманкое сяло Маўкліва мяне сустракае… Як цяжка вяртацца дамоў, Як вусцішна робіцца ў хаце, Калі ты дажыў да грудкоў, Спачылі дзе бацька і маці…

Цяпер, пасля смерці мамы, і я ведаю пачуццё, якое прымусіла паэта напісаць гэтыя радкі. На жаль, і самога Анатоля Грачанікава (1938 — 1991) няма сярод нас ужо больш дваццаці гадоў, а сёлета яму 8 верасня было б яшчэ ўсяго 74…

* * *

10.05.2012. Зноў тапалёвы пух! Але ўсё непаўторна ў гэтым свеце, і для мяне сёлетні тапалёвы пух, як лютаўскі снег, калі памерла мама. І гэты снег лётае так, што аж хочацца разбіць неба…

* * *

10.05.2012. Іду да бацькі праз сквер. На лаўках там­сям сядзяць адзінокія дзяўчаты і жанчыны, а па скверы бадзяюцца п’яныя мужыкі. Узгадалася, як у Маскве мы з аспірантам Андрэем Тусічышным пасля заняткаў хадзілі па Цвярскім бульвары і знаёміліся з дзяўчатамі, якія сядзелі на лаўках…

* * *

10.05.2012. У вёсцы дома ўжо была б пасаджана бульба, калі б жыла мама…

* * *

11.05.2012. Упершыню за паўгода жыцця ў Мінску ў чужой кватэры бацька сказаў: «Мне тут добра!» — «Чаму?» — запытаўся я і пачуў: «Накормлены і ніхто не крычыць!»

У чарзе…

12.05.2012. На пошце стаяў мужчына гадоў 70. Стары смярдзеў і смярдзеў так, што паміж ім і астатнімі ў чарзе да касы было метры два. Ён адной рукой трымаў добра паношаныя штаны, бо звальваліся, а другой разлічваўся за камунальныя паслугі. Стары быў абуты ў ірваныя белыя чаравікі на босыя ногі. Расплаціўшыся, ён гучна падзякаваў касіршы і ўсім хто стаяў у чарзе пажадаў добрага здароўя і цярпення. Стары пайшоў, а ў паштовым пакойчыку застаўся ягоны смурод. Маладая жанчына, якая стаяла перада мной, прашаптала: «Відаць, былы інтэлігент…»

* * *

12.05.2012. З Лягез тэлефанавала цётка Стася. Ад яе даведаўся, што 6 мая мамінаму брату Віцю было 79 гадоў. Нядаўна, узлазячы на воз, дзядзька ўпаў і пабіў бок. Адчувае сябе не вельмі, але пасадзілі грады і бульбу. У Лягезах на сённяшні дзень жыве чатыры чалавекі…

* * *

13.05.2012. Наш Максім апошнімі днямі хадзіў на фестываль «Мельніца моды». Учора вечарам былі аб’яўлены вынікі конкурсу, на якім Максімава сяброўка з калекцыяй касцюмаў і сукенак

«Шляхам ветру» (дарэчы, так называецца адна з маіх кніг) заняла другое месца, і наш Максім гэтую падзею з сябрамі адзначаў, і ўпершыню дамоў прыйшоў у 6 гадзін раніцы…

* * *

16.05.2012. Добра напісаны раман часцей за ўсё, як збудаваны замак, а напісаны верш часам, як шпакоўня, у якой, бывае, жывуць толькі вераб’і…

* * *

16.05.2012. Учора быў настрой для вершаў і ў мяне атрымаліся вось гэтыя радкі:

За сценкаю смяецца дзеўка маладая, Сама не спіць і не дае табе заснуць У час, калі чаромха з бэзам зацвітае Пад небам, дзе гавораць зоркі пра вясну. І ты не спіш і, гледзячы ў імглу начную, Ты хочаш думаць пра Айчыны сумны лёс, Але ты думаеш пра дзеўку маладую, Што весела смяецца аж да слёз…

* * *

17.05.2012. Даведаўшыся, што мы рыхтуем кнігу пра трохразовага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя, нам у выдавецтва патэлефанавалі з алімпійскага камітэта Беларусі і, пачуўшы мяне, мой суразмоўца тут жа, выгукнуўшы: «О, вы гаворыце на мове!», працягнуў са мной размову па­беларуску…

* * *

17.05.2012. Прыходзіла Раіса Баравікова з просьбай перапісаць на дыск тэксты яе выдадзеных у нас кніг і асобных публікацый у зборніках: «Хачу, каб, калі што са мной здарыцца, а ў мяне ўжо ўзрост невясёлы, дзецям было меней клопатаў з маімі творамі!»

* * *

18.05.2012. Апошнім тыдням ужо каля 10 гадзін вечара проста на хаду засынаю, таму ў гэты час і кладуся спаць. Устаю, каб ісці да бацькі на кватэру, без дваццаці шэсць. Пакарміўшы бацьку, іду на працу, а з працы дамоў, каб ізноў ісці да бацькі. І так, ужо хутка сем месяцаў, кожны дзень. І каб год назад мне нехта сказаў, што я фактычна адзін буду столькі часу даглядаць бацьку, то я б не паверыў, што ў мяне на бацьку хопіць сіл і цярпення…

Федаровічы…

18.05.2012. Даведаўся ад сваяка Леаніда Жыткевіча, што мая бабуля Параска (27.06.1909—24.06.1992) у дзявоцтве мела прозвішча Федаровіч і яе бацька Андрэй быў са шляхетнага роду, які меў свой герб. Дарэчы, з гэтага ж роду быў і Вацлаў Пятровіч Федаровіч (25.09.1848—25.01.1911) вядомы ў свой час як краязнаўца, калекцыянер, член­карэспандэнт Кракаўскай АН. Нарадзіўся Вацлаў Пятровіч у Магілёве. Скончыў Маскоўскі ўніверсітэт. З 1872 года працаваў адвакатам у Саратаве, Балашове, Царыцыне, Ерэване. З 1884 года жыў і працаваў у Віцебску. Быў намеснікам старшыні Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Дапамагаў у раскопках археолагам, калекцыяніраваў зброю, археалагічныя, нумізматычныя, сфрагістычныя, этнаграфічныя матэрыялы. Набыў у сваю калекцыю матэрыялы віцебскіх калекцыянераў Бергнера і Валковіча. У яго бібліятэцы (больш за тысячу тамоў) былі кнігі па гісторыі Беларусі і Літвы, беларускія і літоўскія выданні XVIII—XIX стагоддзяў. Свае артыкулы па гісторыі Вацлаў Федаровіч друкаваў у «Витебских губернских ведомостях». Быў складальнікам і ініцыятарам выдання літаратурна­краязнаўчага зборніка «З ваколіц Дзвіны» (Віцебск, 1912). Распрацаваў статут Беларускага вольнаэканамічнага таварыства. У 1920 годзе на базе яго калекцый арганізаваны своеасаблівы музей старажытнасцей імя В. Федаровіча, які ў 1924 годзе стаў часткай Віцебскага абласнога краязнаўчага музея…

* * *

19.05.2012. Упершыню за час кватаравання вывеў бацьку на вуліцу. Пахадзілі па двары з паўгадзіны, і бацька сам захацеў у кватэру, а я ж баяўся, што назад яго і сілай не завалаку…

* * *

21.05.2012. Заходзіў Сяргей Вераціла. Пачуўшы нашу размову наконт рукапісу Верацілы, адна з супрацоўніц выдавецтва зрабіла заўвагу: «Як гэта вы, Сяргей, размаўляеце з нашым начальнікам!» Вераціла тут жа адказаў: «Гэта для вас Шніп начальнік, а для мяне паэт! І я з ім размаўляю, як з паэтам!»

Поделиться с друзьями: