Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

— Не ведаю, як іх грэкі абзываюць, — адказала, — ведаю толькі, што Назарка ёсць хрысціянінам і братам маім.

Сказаўшы гэта, зірнула на яго з здзіўленнем і жалем, бо ўжо крыху была адвыкла ад падобных выбухаў, а ён заціснуў зубы, каб не сказаць ёй, што такога брата загадаў бы насмерць засекчы дзягамі або саслаў бы яго на вёску, каб як кампедытус капаў зямлю ў ягоных сіцылійскіх вінаградніках. Устрымаўся аднак, здушыў у сабе гнеў і аж па хвіліне сказаў: — Выбачай, Лігійка. Ты ж у мяне князёўна і прыбранае дзіця Плаўтаў!

І перамогся да таго, што, калі зноў Назарка вярнуўся ў хату, абяцаў яму пару паваў або фламінгаў, якіх меў повен агарод.

Лігія зразумела, колькі яму каштавала падобная перамога сябе. І чым часцей перамагаў сябе, тым больш сэрца ейнае ліпла да яго. Заслуга ягоная адносна Назаркі была, аднак, меншай, чым спадзявалася. Вініць мог перад хвілінай абурыцца на яго, але не мог быць зайздросным. Бо сын Мырыям іставетна мала больш

значыў у вачах ягоных, чым сабака, дый быў жа ён яшчэ дзіцём, якое калі й любіла Лігію, дык нясведама і хутчэй з прывязанасці. Большую барацьбу з сабою мусіў весці малады трыбун, калі прыходзілася паддацца, хоць моўчкі, той пачэснасці, з якою ставіліся прысутныя да Хрыста й ягонай навукі. У гэнай справе дзеяліся ў Вініцію рэчы дзіўныя.

Гэта была, як бы сабе ні здавалася, навука, якую ўверыла Лігія, дык дзеля гэтага самага гатовы быў яе прызнаць. Акрамя таго — чым больш ачуньваў, чым лепш прыгадваў сабе цэлы шэраг здарэнняў, якія збыліся ад тае начы ў Острыянуме, ды цэлую нізку паняццяў, якія наплылі ад таго часу ў ягоную галаву, тым больш задзіўляла яго надлюдская сіла тае навукі, якая перараджала так грунтоўна людскія душы. Разумеў, што ёсць у ёй нешта незвычайнае, нешта небывалае да гэтых пор на свеце, і ўяўляў сабе, што каб яна апанавала ўвесь свет ды каб ушчапіла ў яго сваю міласць і міласэрнасць, дык хіба настала б нейкая эпоха, прыпамінаючая тую, калі не Ёвіш, а Сатурн кіраваў светам, не смеў таксама сумнявацца аб надпрыродным паходжанні Хрыста, ані аб ягоным уваскрэсенні, ані аб іншых цудах. Навочныя сведкі занадта былі верагодныя і занадта гідзіліся лгарствам, каб можна было дапусціць, што гавораць небыліцы. Дый рымскі скептыцызм, хоць дазваляў сабе не верыць у багоў, дык усё ж такі не адвяргаў цуды. Перад Вініціем стала нейкая дзіўная загадка, якое не мог разблытаць. З другога боку, аднак, уся тая навука выдавалася як супярэчнаю існуючаму жыццяпарадку, так і немагчымаю ў практыцы ды так адчайнаю, як ніякая іншая. Паводле ягонай думкі, людзі на свеце і ў Рыме маглі быць сабе злымі, але жыццяпарадак быў добры. Каб цэзар, напрыклад, быў сумленным чалавекам, каб сенат складаўся не з агідных распуснікаў, але з такіх людзей, якім быў Трэзэй, чаго ж больш трэ было б жадаць? Але ж pax romana і рымская ўлада была добрая, растасоўка людзей была слушная й справядлівая. А тым часам навука гэтая, на думку Вініція, мусіла збурыць увесь дагэтуляшні лад, усякую ўладу і ступяні між людзьмі. І што ж тады б сталася хоць бы й з уладствам Рыму? Ці ж рымляне могуць перастаць панаваць над цэлым светам або прызнаць цэлы статак заваяваных народаў роўнымі сабе? Гэта ўжо не магло змясціцца ў галаве патрыцыя. А да таго навука гэтая супярэчыла ўсялякім асабістым ягоным уявам, звычцы, удачы і жыццягляду. Не мог сабе ўявіць, як бы гэта ён выглядаў, каб ейным стаўся адгерэнтам. Баяўся яе, падзіўляў яе, але прыняць яе папросту ўздрыгалася ягоная натура. А ў канцы разумеў, што нішто ж іншае, толькі яна разлучала яго з Лігіяй, і на ўспамін аб гэтым ненавідзеў яе ўсімі сіламі душы. Аднак жа было відавочным адначасна, што гэта менавіта яна ўпрыгажала Лігію ў нейкую выняткавую, нявыказаную прыгажосць, якая зрадзіла ў ягоным сэрцы апрача кахання — шанаванне, апрача жады — адданасць, вяльбенне, і з самае Лігіі зрабіла яму найдаражэйшую ў свеце істоту. А тады зноў хацелася яму любіць Хрыста. І ўяўляў ясна, што або мусіціме Яго палюбіць, або зненавідзець, абыякавым быць не можа. Налягалі на яго як бы супярэчныя хвалі, хістаўся ў думках, хістаўся ў пачуццёх, не мог выбраць, схіляў, аднак, голаў і моўчкі аказваў шанаванне таму таемнаму Богу дзеля таго толькі, што быў ён Богам Лігіі.

А Лігія бачыла, што ў ім дзеецца, як ён змагаўся, як натура ў ім адпіхвала гэтую навуку, і як з аднаго боку гэта яе маркоціла, так з другога — жаль, літасць, удзячнасць за тую ціхую пашану, аказваную для Хрыста, нахіляла да яго непераможнай сілай ейнае сэрца. Прыгадала сабе Пампонію Грэцыну і Аўла. Для Пампоніі крыніцай ніколі не высыхаючых сумных слёз была думка, што за гробам не знойдзе Аўлюса. Лігія пачала цяпер лепей разумець тую горыч і той боль. Бо і яна ведала дарагую істоту, з якою пагражала ёй вечная разлука. Часамі пацяшалася надзеяй, што мо ягоная душа яшчэ адчыніцца калісь для Хрыстовай праўды, але спадзеўкі гэныя былі вельмі слабыя. Ведала і разумела яго ўжо занадта добра. Вініць — хрысціянін? Два гэныя паняцці нат у ейнай недазнанай галованьцы не маглі вобак сябе мясціцца. Калі разважны і поўны сталасці Аўл не стаўся ім пад уплывам дасканальнае і мудрае Пампоніі, дык як жа магчыме стацца ім Вініць? На гэта не было адказу, а дакладней, існаваў толькі адзін: няма для яго ні надзеі, ні ратунку. Але Лігія спахапілася з трывогай, што гэты асуд загубы, які быццам вісіць над ім, праз самую жаласць робіць яго яшчэ даражэйшым. Часамі брала яе ахвота гаварыць з ім шчыра пра ягоную цёмную будучыню, але як адзін раз, сеўшы пры ім, сказала яму, што па-за хрысціянскаю навукай няма жыцця, ён, будучы ўжо крыху падмацаваным, падняўся на здаровым узлокатку і воміг палажыў ёй голаў

на каленях, кажучы: «Ты — жыццё!» Замерла ёй дыханне ў грудзёх, уцякла прытомнасць, нейкая раскошная дрыгата прабегла ад ног да галавы. Хапіўшы ў далоні ягоную галаву, хацела падняць ды замест таго сама нахілілася над ім так, што аж вуснамі даткнулася да ягонай чупрыны, і праз хвіліну змагаліся ўпойна так з сабою ды з каханнем, якое штурхала адно да другога.

Лігія ўсхапілася ды ўцякла, чуючы полымя ў жылах і заварот у галаве. Гэта была ўжо кропля, якая канчаткова перапоўніла чару. Вініць не дадумаўся, колькі каштаваціме яму тая шчасная хвіліна, але Лігія зразумела, што цяпер яна сама патрабуе ратунку. Наступная ноч прайшла бяссонна, у слязах і малітве, у пачуцці нягоднасці, што малітва ейная не будзе выслухана.

Назаўтра раненька выйшла з кубікулюма ў агародзец і, заклікаўшы Крыспа, адкрыла яму ўсю душу, молячы яго адначасна, каб дазволіў ёй пакінуць дом Мырыям, бо не давярае сабе і не можа перамагчы ў сабе кахання да Вініція.

Крысп — стары, суровы чалавек — згадзіўся, каб выйшла з дому Мырыям, але не знайшоў слоў прабачэння грэшнага, на ягоную думку, кахання. Сэрца ягонае зардзелася абурэннем на ўспамін, што тая Лігія, якою рупна апекаваўся, якую палюбіў, уцвярдзіў у веры і на якую ўглядаўся цяперака бы на беленькую лілею, што вырасла на грунце хрысціянскае навукі, не заражаную ніякаю прыземнасцю, магла знайсці ў душы мейсца на іншую, апрача нябеснае, любоў. Ведаў дагэтуль, што нідзе на свеце не біла сэрца чысцейшае на славу Хрыста. Жадаў яе ахвяраваць Яму, як перлу, як дарагую каштоўнасць рук сваіх, дык неспадзяванка гэтая напоўніла яго і здзіўленнем, і горыччу.

— Ідзі малі Бога, каб дараваў табе віну, — прагаварыў да яе хмурна. — Уцякай, пакуль дух нячысты не аблытаў яшчэ цябе цалкам ды не давёў да канчатковага ўпадку, пакуль не здрадзіла Збаўцы. Ён памёр для цябе на крыжы, каб уласнай крывёю адкупіць тваю душу, а ты пажадала пакахаць таго, хто маніўся зрабіць з цябе сваю нявольніцу. Бог цудам выратаваў цябе з рук ягоных, а ты адкрыла сэрца нячыстай жадзе і пакахала сына цемры. Хто ж бо ён? Прыхвасцень і слуга Антыхрыста, супольнік блуду й распусты. Куды ж ён цябе завядзе, калі не ў тую атхлань і Садому, у якой жыве сам, а якую Бог счысціць агнём свайго гневу? Бадай табе не жыць, бадай бы гэтыя сцены былі заваліліся на тваю галаву перш, чым той вуж упоўз у тваё сэрца й аслініў яго ядам сваім.

І сердаваў штораз больш, бо віна Лігіі напаўняла яго не толькі гневам, але абрыджэннем і пагардай да натуры людское наагул, а ў канкрэтнасці да жаночай, якое нат і хрысціянская навука не асцерагла ад слабасці Евінай. Не звяртаў на тое ўвагі, што дзяўчына фактычна была яшчэ чыстай, што манілася ўцякаць ад гэнага кахання ды спавядалася з яго, каючыся. Крысп хацеў быў зрабіць з яе анёла й падняць на вышыню чыстае любові толькі для Хрыста, а яна вось пакахала аўгустыяніна! Самая толькі думка пра гэта жуддзю і расчараваннем напаўняла ягонае сэрца. Не! Не мог ёй гэнага дараваць!

Злоснае дакаранне паліла яму вусны бы разжараныя вуглі; змагаўся з сабою, каб не вымавіць яго, і трос над беднаю дзяўчынай сухімі сваімі рукамі. Лігія пачувалася да віны, але не ў такой меры. Гадала сабе: уцёкі яе з гэнага дому будуць перамогаю над жадою і згладзяць віну. Але Крысп знішчыў яе ў пыл: выказаў усё благоцце й нікчэмнасць ейнае душы, да якое не пачувалася. Яна спадзявалася нат, што стары прэзбітэр, які ад часу ўцёкаў з Палатыну быў для яе моў бацькам, акажа ёй крыху літасці, пацешыць, льгі дадасць, умацуе.

— Богу аднаму ахвярую маю няўдачу і боль, — дакараў далей, — але ж ты зняверылася й перад Збаўцам, бо сыйшла ў балота і атруцілася ягонай смораддзю. Магла б ахвяраваць сэрца Хрысту моў каштоўную судзіну і сказаць яму: «Выпаўні яго, Збавіцелю, ласкай!», а ты пажадала ахвяраваць яго слузе злога духа. Хай Бог табе даруе, хай злітуецца над табою, бо я, пакуль не выкінеш вужа… я, што ўважаў цябе за выбранку… І заціх, бо агледзеўся, што нехта йдзе.

Праз павяўшую зеляніну, праз бярвенец, зелянеючы летам і зімою, угледзеў двух чалавек, адзін з якіх быў Апостал Пётр. Другога не мог адразу распазнаць, бо адзежына з грубое ваўнянае тканіны, званая «цыліцыюм», захіляла яму частку твару. Крыспу на першы пагляд здалося, што гэта Хілон.

А яны, пачуўшы галосную гутарку Крыспа, увайшлі ў агародзец і селі на каменнай лаўцы. Таварыш Пятровы адхіліў тады худы твар з лысеючай чашкаю, пакрытаю па бакох купчастым воласам, з зачырванеўшымі павекамі ды крывым носам — брыдкі, але натхнёны твар, у якім Крысп пазнаў Паўла з Тарсу.

Лігія, укленчыўшы, абняла рукамі, як бы з роспачы, ногі Пятра і, прытуліўшы сваю зняможаную галованьку да хвалдаў ягонай адзежыны, трымала іх моўчкі. Пётр адазваўся: — Pax душам вашым!

І, гледзячы на дзяўчо ля сваіх ног, пытае: што сталася? Тады Крысп пачаў расказваць усё, што вызнала яму Лігія, ейнае грэшнае каханне, ейны намер уцякання ад Мырыям ды свой жаль, што вось душа, якую жадаў ахвяраваць Хрысту чыстаю, як сляза, заплямілася зямным пачуццём да судзейніка ўсіх блудаў, у якіх патанаў паганскі свет і якія клікалі помсты Божае.

Поделиться с друзьями: