Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

— Так, — пацвердзіў, хмурачы бровы, Вініць, — гэта магло б стацца. Зрабіў бы гэта хоць бы й дзеля таго толькі, каб паказаць, што ягоная воля мусіць быць заспакоена. Праўда, хіба толькі забыў пра цябе або не хацеў памятаць, думаючы, што не яму, але мне сталася крыўда. Але можа… забраўшы цябе ў Аўлаў… аддаў бы мне, а я аддаў бы цябе Пампоніі.

На гэта ставіць яна наступнае сумнае пытанне: — Вініць, ці ты хацеў бы зноў мяне бачыць на Палатыне?

Ён заціснуў зубы й адказаў: — Не. Праўду кажаш. Гаварыў, як дурны! Не!

І нагла ўбачыў перад сабою як бы бяздонне. Быў патрыцыем, быў вайсковым трыбунам, быў чалавекам магутным, але над усімі гэтага свету стаяў аднак жа шаленец, ліхіх прымхаў якога ніколі не можна было прадбачыць. Не аглядацца ды не баяцца яго маглі толькі такія людзі, як хрысціяне, для якіх цэлы гэты свет, ягоныя разлукі, цярпенні ды смерць самая была нічым. Усе іншыя

мусілі дрыжаць перад ім. Жудасць часінаў, у якіх жылі, уявілася Вініцію ў цэлай сваёй агідзе. Не мог ось аддаць Лігіі Аўлам з трывогі, каб злыдзень-агіднік не прыпомніў сабе яе ды не абярнуў на яе свайго гневу. З тае ж прычыны, каб за жонку ўзяў яе сабе, мог бы натравіць яго на яе, на сябе і на Аўлаў. Хвіліны лютага гумару было даволі, каб згубіць. Вініць першы раз у жыцці ўявіў, што або свет мусіць перайначыцца, або жыццё станецца немагчымым. Зразумеў таксама тое, што ў такіх часінах адны толькі хрысціяне маглі быць шчаслівымі.

Але перадусім разабраў яго жаль, бо зразумеў тое, што ён сам так паблытаў жыццё і сабе і Лігіі, што з гэнае блытаніны нельга было выйсці. І пад уражаннем таго жалю пачаў гаварыць: — Ці ведаеш, што ты шчаслівейшая за мяне? Ты ў беднаце і ў гэнай адной хаце сярод простых людзей маеш сваю навуку й свайго Хрыста, а я маю толькі цябе, і як ты аддалілася, я быў як жабрак, што не мае ні хаты, ні хлеба. Ты даражэйшая мне за ўвесь свет. Я шукаў цябе, бо не мог без цябе жыць. Не хацеў ні банкетаў, ні сну. Каб не надзея, што цябе знайду, кінуўся б на меч. Але баюся смерці, бо не мог бы на цябе глядзець. Кажу табе шчырую праўду, што не здалею без цябе жыць і дагэтуль жыў я толькі надзеяй, што цябе знайду і ўгледжу. Ці памятаеш ты нашыя гутаркі ў Аўлаў? Раз накрэсліла ты мне на пяску рыбу, а я не цяміў, што гэта значыць. Памятаеш, як гулялі мы ў шпурляка? Ужо тады для мяне ты была мілей, чым жыццё, дый ты пачынала здагадвацца, што кахаў цябе. Надыйшоў Аўл, настрашыў нас Лібітынай і перарваў нам гутарку. Пампонія сказала Пятронію пры развітанні, што Бог ёсць адзін усёмагутны й міласэрны, але нам і ў голаў не прыйшло, што вашым Богам ёсць Хрыстус. Хай Ён аддаець мне цябе, а палюблю Яго, хоць ён мне выдаецца Богам нявольнікаў, чужынцаў і бяздольных. Ты сядзіш пры мне й думаеш толькі аб ім. Думай і пра мяне, бо інакш зненавіджу Яго. Для мяне боствам толькі адна ты. Багаслаўлёны бацька твой і маці, багаслаўлёная зямліца, што зрадзіла цябе! От, абняў бы, здэцца, твае ногі й маліўся б да цябе, табе шанаванне аддаваў бы, табе ахвяры, табе паклоны — ты тройчы боская!!!

Ты не ведаеш, ты не можаш ведаць, як я кахаю цябе… Так гаворачы, правёў рукою па збялелым твары і прымкнуў вочы. Натура ягоная не ведала перапоны ніколі як у гневе, гэтак і ў каханні. Гаварыў з уздымам духа, як чалавек, які перастаў ды не жадае аглядацца на меру ні ў словах, ні ў вялічанні. Гаварыў з глыбіні душы й сэрца. Значна было, што боль, захапленне, жада і шанаванне, награмадзіўшыся ў ягоных грудзях, бухнулі ўрэшце непаўстрыманаю ракою слоў. Словы ягоныя выдаваліся Лігіі блюзнерствам, а аднак сэрца ейнае заскакала так моцна, як бы манілася разарваць сціскаючую грудзі туніку. Не ў змозе была перамагчы літасць над ягонымі пакутамі. Расчуляла яе пашанота, з якою да яе звяртаўся. Пачувалася каханаю ды абажанаю бязмежна, чула, што гэты няўступлівы ды небяспечны чалавек адданы цяпер ёй душой і целам, як нявольнік, і гэнае пачуццё ягонай пакоры, а ўласнае магаты напоўніла яе шчасцем.

Ажылі ў ёй успаміны ў адной хвіліне. Гэта быў для яе зноў той раскошны й прыгожы, як бажок паганскі, Вініць, які ў Аўлаў абяцаў ёй каханне й будзіў, бы ад сну, ейнае паўдзіцячае тады сэрца; той самы, якога цалункі чула яшчэ на вуснах і з абдымкаў якога вырваў яе на Палатыне Урсус, нібыта з вогнішча выхапіў. Але цяпер ён, гэткі мужны, захоплены, з болем на сваім арліным бледным твары, з размоленымі вачыма, паранены, зламаны каханнем, поўны абагаўляння й пакоры, выдаваўся ёй такім, якім жадала яго мець тагды і якога магла б у той час пакахаць усёю душою, — ён быў для яе даражэйшым, чым калі-небудзь дагэтуль.

І нараз сцяміла, што можа надыйсці часіна, у якой ягонае каханне агорне й яе, бы віхар, а пачуўшы гэта, перажывала такое самае ўражанне, якое перад хвілінай перажываў ён: менавіта, што стаіць над бяздоннаю пропасцю.

Ці ж на гэта яна кінула дом Аўлаў? Ці ж на тое ўцякала з банкету? Хавалася столькі часу па гарадскіх норах? Кім быў той Вініцій? Аўгустыянін, рыцар і дваранін Нэрона! Адыж удзельнічаў у ягоным распусным буянстве й шаленстве, сведчыць аб гэтым той банкет, аб якім Лігія не магла забыцца; адыж учашчаў з іншымі да святыняў і складаў ахвяры нячыстым багом, якім мо й не верыў, але аддаваў шанаванне афіцыйна. То ж лавіў яе на тое, каб зрабіць з яе

сваю нявольніцу й каханку, ды ўправіць яе ў той страшны свет збыткаў, раскошы, блуду й бессаромнасці, клічучых Божае помсты. Выглядаў, праўда, іншым, але ж нядаўна прызнаваўся з пагрозай: калі далей больш будзе думаць аб Хрысце, чым аб ім, дык зненавідзіць Яго. Лігіі здалося, што самая думка толькі аб іншай любові, чым да Хрыста, ужо ёсць грахом супраць Яго і супраць навукі, дык сцяміўшы, што на дне душы ейнае могуць абудзіцца іншыя пачуцці й жаданні, пачала трывожыцца аб сваёй будучыні ды сэрцы.

На гэтую часіну нутранога змагання акурат падаспеў Глаўк, які прыйшоў агледзець хворага. На твары Вініція зайграла незадавальненне. Злы быў, што перарваў яму гутарку з Лігіяй, і, як Глаўк пачаў пытацца, адказваў ледзь не з пагардай. Праўда, крыху сунімаў сябе, але Лігія пераканалася, што навука з Острыянума не дзейнічала на ягоную няўжытую натуру. Змяніўся толькі для яе, а ў астатнім засталося ў грудзях тое ж даўняе, суровае і сябелюбнае, сапраўды рымскае, воўчае сэрца, не здольнае не толькі да адчуцця салодкае хрысціянскае навукі, але нат і ўдзячнасці.

Адыйшла неспакойная і поўная думак. Калісь у малітве ахвяравала Хрысту пагоднае, галубінае сэрца, чыстае, бы слязу. Цяпер ось пагоднасць тая пахмурнела. Нутро кветкі пачаў падточваць чарвяк. Нават сон па дзвёх недаспаных ночах не прынёс ёй утулення. Снілася ёй, што ў Острыянуме Нэрон на чале карагоду аўгустыянаў, танцорак, баянаў і гладыятараў талочыць увенчаным ружамі возам грамады хрысціян, а Вініць хапае яе ўполкі, уцягвае на квадрыгу і, тулячы да грудзей, шэпча: «Хадзі да нас!»

XXVII

Ад тае пары рэдка паказвалася ў супольнай каморы і рэдка збліжалася. Бачыла, як Вініць пасвіў яе благальным вокам, як на кожнае ейнае слова, бы на ласку, чакаў, як церпіць і не смее скардзіцца, каб не знеахвоціць яе да сябе, як яна адна ёсць для яго здароўем і радасцю, і тады ейнае сэрца ўздымала літасць. Хутка змеркавалася таксама, што чым больш ад яго староніць, тым больш робіцца ёй шкада яго, а праз тое самае родзяцца ў ёй да яго чулейшыя пачуцці. Сталася неспакойнай. Часамі талкавала сабе, што іменна павінна быць заўсёды пры ім, раз для таго, што боская навука загадвае плаціць дабром за зло, а па-другое, што, гутарачы з ім, магла б яго да гэнае навукі схіліць. Але зараз жа сумленне паказвала ёй, што сама сябе ашуквае, і што цягне яе да яго не што іншае, толькі каханне й краса ягоная. І так жыла ў заўсёдным нутраным змаганні, якое магутнела з кожным днём. Быццам яе аплятае сець нейкая, а яна, хочучы з яе выдабыцца, умотваецца ў яе штораз горш. Мусіла ўрэшце прызнацца сама перад сабою, што аблічча ягонае становіцца для яе штораз патрабнейшым, голас мілейшым, і што трэба ёй усімі сіламі змагацца з хаццёю праседжвання з ім. Калі збліжалася да яго, а ён распрамяняўся, радасць залівала і ейнае сэрца. Раз нейк зацеміла сляды слёз на ягоных вачах, і першы раз у жыцці прыйшла ёй думка: можа б іх асушыць цалункамі. Перапалоханая гэнай думкай, праплакала, дакараючы сябе, цэлую наступную ноч.

А ён быў цярплівы так, як бы сабе прысягнуў цярпець. Калі бывала зайграла ўваччу нецярплівасць, самаволя або гнеў, воміг змагаў яе, а потым глядзеў неспакойна на любую, казаў бы, перапрашаў вачыма, а яе гэта да яго цягнула яшчэ больш. Ніколі не мела пачуцця, што ёсць так моцна каханай, і на ўспамін аб гэтым чулася надта шчаслівай, але й вінаватай. Вініць сапраўды перайначваўся. У гутарцы ягонай з Глаўкам менш было ўжо гонару. Часта прыходзіла яму ў голаў, што і гэны бедны лекар-нявольнік, і чужаземка, старая Мырыям, што аб ім рупілася, і пабожны Крысп, гэта ўсё ж такі людзі. Сам дзівіўся сваім думкам — аднак жа іх меў. Урсуса палюбіў і гутарыў з ім цяпер цэлымі днямі, бо мог з ім гаварыць аб Лігіі, а вялізман зрабіўся гаваркі і, спаўняючы пры хворым простыя паслугі, пачаў яму таксама аказваць пэўную прывязанасць. Лігія была заўсёды для Вініція істотай іншага гатунку, вышэйшай у сто разоў за тыя, што яе акружалі, а ўсё ж пачаў прыглядацца і людзям убогім, чаго ніколі дагэтуль не рабіў, і пачаў знаходзіць у іх розныя годныя ўвагі свомасці, існаванне якіх ніколі яму перад гэтым не прыходзіла ў голаў.

Назаркі толькі не мог сцярпець, бо здавалася яму, што малады хлапчук смее кахацца ў Лігіі. Доўгі час устрымоўваўся, праўда, ад выяўлення яму нехаці, але раз, калі хлапец прынёс дзяўчыне дзве перапёлкі, якія купіў за собскія заробленыя грошы, у Вініцію загарэўся нашчадак квірытаў, для якога прыблуда з чужога краю менш значыў, чым сціплы чарвяк. Чуючы падзяку Лігіі, страшэнна збялеў і, калі Назар выйшаў па ваду для птушак, адазваўся: — Лігія, як ты можаш сцярпець, каб ён табе даваў падарункі? Няўжо ты не ведаеш, што народ ягоны грэкі абзываюць жыдоўскімі псамі?

Поделиться с друзьями: