Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

XXXII

Пятроні ішоў дадому, паціскаючы плячыма і моцна незадаволены.

Сцяміў цяпер і ён, што перасталі з Вініціем разумецца, што душы іхнія разыйшліся зусім. Калісь Пятроні меў на маладога ваяка вялікі ўплыў. Ува ўсім быў для яго ідэалам, і часта некалькіх іранічных слоў ягоных даволі было, каб ад чаго-небудзь Вініція паўстрымаць або да чаго заахвоціць.

Сяння з таго не засталося й заваду так далёка, што Пятроні не спрабаваў нат даўніх спосабаў, чуючы, што ягоная дасціпнасць ды іронія саслізнуцца без выніку з новых наслаенняў, якія на душу Вініція налажыла каханне й сутычнасць з таёмным хрысціянскім светам. Дазнаны скептык зразумеў, што згубіў ключ да гэнай душы. Вось гэта выклікала ў ім незадавальненне, а нат і трывогу, уздвоеную шчэ здарэннямі апошняе ночы. «Калі прымха аўгусты ёсць трывалай жадою, — разважаў

Пятроні, — дык будзе адно з двух: або Вініць спакусіцца і можа, папаўшыся, згінуць, або (і гэта больш верагодна) упрэцца, і ў такім выпадку згуба ягоная немінучая, а з ягонай, можа быць, і мая, хоць бы й дзеля таго, што ён мой сваяк, ды што аўгуста, зненавідзеўшы ўсю нашу радню, перакіне вагу свайго ўплыву на бок Тыгэліна…» І так і гэтак было дрэнна. Пятроні быў чалавекам адважным і смерці не баяўся, але, нічога ад яе не спадзеючыся, не хацеў яе выклікаць. Пасля доўгай надумы вырашыў: найлепш і найбеспячней будзе выслаць Вініція з Рыму ў дарогу. Ах, каб мог даць яму Лігію ў дарогу на дадатак, даў бы з радасцю! Але й так спадзяваўся, што не надта цяжка будзе яго намовіць. Тады распусціў бы на Палатыне вестку пра хваробу Вініція і аддаліў бы ад яго небяспеку дый ад сябе. Аўгуста хіба ж не ведала, ці Вініць пазнаў яе; магла думаць, што не, дык самагоднасць не надта ўцярпела. Інакш, аднак, магло быць у будучыні, і трэба было б забяспечыцца. Пятроні перадусім маніўся справу адвярнуць, бо меркаваў, што калі цэзар раз ужо рушыць у Ахайю, тады Тыгэлін, прафан мастацтва, сыйдзе на другі план і страціць уплыў… У Грэцыі Пятроні не меў сабе канкурэнтаў.

Прымеж таго пастанавіў мець вока над Вініціем і заахвочваць яго ў дарогу. Праз колькінаццаць дзён разважаў нат аб тым, што, калі б выстараўся ў цэзара эдыкт і выгналі хрысціян з Рыму, дык Лігія пойдзе разам з іншымі вызнаннікамі Хрыста, а за ёю і Вініць. Тады ўжо непатрэбна будзе й намаўленне.

А сама справа была магчымай. Гэта ж не так яшчэ даўно, калі жыды паднялі забурэнне з нянавісці да хрысціян, цэзар Клаўдый, не ўмеючы адрозніць адных ад другіх, выгнаў жыдоў. Дык чаму б Нэрон не выгнаў хрысціян? У Рыме было б вальней. Пятроні пасля таго «плаваючага банкету» часта спатыкаўся з Нэронам і на Палатыне, і ў іншых дамох. Падсуліць яму падобную думку было лёгка, бо цэзар не ўпіраўся ніколі злыбедным ці шкодным на каго нагаворам. Раздумаўшы добра, Пятроні ўлажыў сабе цэлы план. Вось жа, запросіць цэзара на прыгатаваны ў сябе банкет і на ім схіліць яго, каб выдаў эдыкт. Спадзяваўся нат, што цэзар даручыць яму выкананне. Тады б выправіў Лігію з належным каханцы Вініціевай гонарам і спагадай, напрыклад, у Байэ, і хай бы там сабе кахаліся й гулялі ў хрысціянства колькі заўгодна.

Тым часам часта адведваў Вініція, раз дзеля таго, што пры цэлым сваім рымскім эгаізме не мог адвыкнуць ад яго, а па-другое — каб набухторваць яго ў дарогу. Вініць прыкідваўся хворым і не паказваўся на Палатыне, дзе штодня радзіліся іншыя намеры. Некаторага дня Пятроні чуе ўрэшце ад самога цэзара станоўкі загад, што цераз тры дні выбіраецца ў Анцыюм, і зараз назаўтра пайшоў паведаміць аб гэтым Вініція.

А той паказвае яму спіс асобаў, запрошаных да Анцыюма, які рана прынёс яму цэзараў вызвольнік.

— Ёсць тут і маё прозвішча, — кажа, — ёсць і тваё. Вярнуўшыся, застанеш такі самы й дома.

— Каб мяне не было між запрошанымі, — адказаў Пятроні, — дык значыла б, што трэба памерці, але не спадзяюся гэтага перад выездам у Ахайю.

Буду Нэрону занадта патрэбны.

Пасля, перагледзеўшы спіс, адзываецца: — Нядаўна вярнуліся ў Рым, ды вось зноў трэба развітацца з ім і цягнуцца да Анцыюма. Але трэба! Бо гэта не толькі запросіны, гэта адначасна й загад.

— Ну а каб хто не паслухаў?

— Атрымаў бы іншага роду позву: каб выбіраўся ў значна далейшую дарогу, у такую, з якое ўжо не вернецца. Ой, шкада, што не паслухаў ты мае рады й не выехаў, пакуль было льго! Цяпер мусіш ехаць да Анцыюма.

— Цяпер мушу да Анцыюма… Бач, во ў якіх мы часах жывем і якія мы нявольнікі!

— Гэта аж толькі сяння ты скеміў?

— Не. Але, бач, ты ж мяне пераконваў, што хрысціянская навука ёсць непрыяцелькай жыцця, бо яго быццам звязвае. А ці ж могуць быць путы цвярдзейшыя, чым тыя, што мы носім? Кажаш, Грэцыя дала мудрасць і красу, а Рым — сілу. Дзе ж наша сіла?

— Закліч сабе Хілона, не маю сяння ахвоты філязафаваць. На Геркулеса! Не я спрычыніў гэтыя часы, і не я за іх буду адказным. Гаворам пра Анцыюм. Ведай, што чакае цябе там вялікая небяспека, лепш бы мо было табе

здужацца з тым Урсусам, што задушыў Кратона, чым туды ехаць, а аднак не можаш не ехаць.

Вініць махнуў рукою й кажа: — Небяспека! Мы ўсе блукаемся ў поцьме смерці, і кожны момант чыянебудзь галава занураецца ў той цьме.

— Вылічаціму табе ўсіх, што мелі крыху розуму, і дзеля таго няма часаў Тыбэрыя, Калігулы, Клаўдыя, якія дажылі васьмідзесятых або дзевяцьдзесятых гадоў. Вазьмі, напрыклад, такога Даміцыя Афра. Ён жа спакойна састарэўся, хоць цэлае жыццё быў злодзеем і злыднем.

— Можа, дзеля таго! Можа, менавіта дзеля таго! — адзначыў Вініць.

Потым узяў спіс і пачаў вылічаць: — Тыгэлін, Ватыній, Афрыканскі Сэкст, Рэгул Аквілін, Сулій Нэрулін, Эпр Марцэл і ім падобныя! Банда злыдняў і канярэзаў!.. І сказаць, што яна валадарыць светам!.. Ці не лепш ім было б абвозіць якое егіпскае ці сірыйскае боства па мястэчках, бандурыць у сіністры і зарабляць на хлеб варажбою ці скокамі, галабокам?..

— Або вадзіць малпы на матузе, сабак, што ведаюць лік, ці асла з дудою, — дадаў Пятроні. — Усё гэта праўда, але гаворам аб важнейшых рэчах. Вазьмі лоб у жменю і слухай: сказаў я на Палатыне, што ты хворы й не можаш выходзіць з дому, прымеж таго, прозвішча тваё ў спісе стаіць, гэта значыць, хтосьці не паверыў маёй інфармацыі і пастараўся цябе ўпісаць знарок. Нэрону ты не патрэбны, бо аб цыркавым гайсанні з табою, вайсковым, гаварыць не будзе, а аб музыцы й паэзіі ты не маеш паняцця. Вось жа, упісала цябе няйначай Папея, а гэта значыць, ейная похаць не была пералётным аганьком, яна жадае цябе здабыць.

— Адважная з яе аўгуста!

— Адважная іставетна, бо можа цябе згубіць без ратунку. А бадай бы Венус натхніла яе іншым каханнем, але пакуль ёй хочацца цябе, мусіш быць вельмі асцярожным. Рудабародаму яна ўжо забрыднела, жадае сяння ўжо Рубрыю або Піфагора, але праз уласнае сабетніцтва спагнаў бы мсту на вас.

— У гаю я не ведаў, што гэта яна да мяне прыставала, але ж ты падслухоўваў і ведаеш, што я адказаў ёй — кахаю іншую, не хочу яе.

— Заклінаю цябе на ўсе багі, не губі тае крошкі толку, якую табе йшчэ хрысціяне пакінулі. Як можна сумнявацца, маючы выбар між згубаю праўдападобнаю і пэўнаю? Ці ж я табе ўжо не казаў: калі зраніш самагоднасць аўгусты, няма ратунку? На Гадэс! Калі табе жыццё згоркла, дык лепш падрэж сабе зараз жылы або кінься на меч, бо як абразіш Папею, спаткае цябе смерць менш лёгкая. Калісь прыемна было з табою гутарыць! Пра што табе фактычна расходзіцца? Ці цябе кавалак адбудзе? Ці табе гэта перашкодзіць кахаць тваю Лігію? Памятай пры тым, што Папея бачыла яе ў Палатыне, і не цяжка будзе ёй здагадацца, для каго адпіхаеш так высокія ласкі. А тагды выцягне яе хоць з-пад зямлі. Згубіш не толькі сябе, але й Лігію! Зразумеў?

Вініць слухаў, як бы думаючы аб чым іншым, урэшце кажа: — Я мушу бачыцца з ёю.

— З кім? З Лігіяй?

— З Лігіяй.

— А ведаеш жа, дзе яна?

— Не.

— Дык пачнеш зноў шукаць яе па старых магільніках ды на Затыбры?

— Не ведаю, але мушу яе бачыць.

— Добра. Хоць яна хрысціянка, але можа аказацца разважнейшай за цябе, а акажацца напэўна, калі не хоча твае гібелі.

Вініць паціснуў плячыма.

— Выратавала мяне з Урсусавых рук.

— Дык спяшайся, Рудабароды бо выезду адкладаць не будзе. Прысуды смерці можа выдаваць і з Анцыюма.

Але Вініць не слухаў. Напаўняла яго толькі адна думка — пабачыцца з Лігіяй, дык пачаў разважаць аб спосабах. Тым часам здарылася нагода, якая магла адхіліць усе цяжкасці. Назаўтра прыходзіць неспадзявана Хілон. Прыйшоў замораны і абдзёрты, з воўчым голадам уваччу. Служба аднак, маючы даўнейшы загад пускаць яго ў дом кажнай парою дня і ночы, не смела яго затрымоўваць, так што ўвайшоў проста ў атрыюм і, затрымаўшыся перад Вініціем, вітае: — Хай багі дораць цябе несмяротнасцю і дзеляцца з табою ўладаю над светам!

Вініць спершку меў ахвоту выкінуць яго за дзверы, але падаспела думка, што грэк мае звесткі пра Лігію, і цікавасць змагла абрыду.

— Гэта ты? — спытаў. — Што з табою дзеецца?

— Дрэнна, сынку Ёвіша, — адказвае Хілон. — Сапраўдная цнота — гэта сяння тавар без попыту, і сапраўдны мудрэц мусіць быць рад і з таго, калі мае за што раз на пяць дзён абгладаць баранюю лабаціну на паддашшы, запіваючы слязьмі. Ах, спадару! Усё, чым ты мяне абдарыў, выдаў на кніжкі ў Атракта, а потым абакралі мяне, знішчылі: нявольніца, што мелася спісваць маю навуку, уцякла, забраўшы астанкі. Жабрак я, але падумаў сабе: да каго ж пайду, калі не да цябе, Сэрапісе, якога люблю, абагаўляю і за якога жыццём стаю!

Поделиться с друзьями: