Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

«Прайграў», — падумаў Пятроні.

Але звярнуўся да Тыгэліна, пранізаў яго вокам, у якім іграла вялікапанская пагарда, пагарда вытанчанае асобы для нікчомніка, і кажа: — Тыгэлін, цябе я назваў камедыянтам, бо ты камедыянт нат і цяпер.

— Ці таму, што не хачу слухаць тваіх зняваг?

— Таму, што прыкідваешся безгранічным прыяцелем цэзара, а перад хвілінай пагражаў яму прэторыянамі, зразумелі мы гэта ўсе і ён таксама.

Тыгэлін, які не спадзяваўся, што Пятроні асмеліцца кінуць яму на стол гэткія косці, збялеў, абязглуздзеў і занямеў. Але была гэта апошняя перамога арбітра элеганцыі над праціўнікам, бо ў тым жа моманце Папея адазвалася: — Доміне, як можаш дазволіць, каб нат думка такая прайшла праз чыюсьці галаву, а тым

больш, каб хто асмеліўся выказаць яе ўголас у тваёй прысутнасці!

— Спыні рызыканта! — азваўся Вітэлі.

Нэрон зноў падняў губу і, скіраваўшы на Пятронія свае шклястыя вочы блізагляда, сказаў: — Дык так ты адплачваешся мне за любасць, якою я цябе ганараваў?

— Калі няпраўду гавару, дакажы мне гэта, — адказвае Пятроні, — але ведай, што гавару гэта з наказу любові да цябе.

— Пакарай рызыканта! — паўтарае Вітэлі.

— Зрабі гэта! — адзываецца шчэ некалькі галасоў.

У атрыюме зрабілася сумятня і шум, бо людзі пачалі адыходзіць ад Пятронія. Адыйшоў нат Тулій Сэнэцыё, ягоны сталы прыдворны таварыш, і малады Нэрва, які аказваў яму дагэтуль найжывейшую прыязнь. Незабаўна Пятроні сам застаўся з левага боку атрыюма і, разгортваючы са смехам хванды тогі, чакаў, што скажа ці рабіціме цэзар. А цэзар адзываецца: — Дамагаецеся кары, адыж гэта мой прыяцель і таварыш, дык хоць зраніў мне сэрца, хай ведае, што гэнае сэрца для прыяцеляў мае толькі… прабачэнне.

«Прайграў і прапаў!» — падумаў Пятроні.

Цэзар устаў, нарада была скончана.

L

Пятроні пайшоў, а Нэрон з Тыгэлінам перайшлі да атрыюма Папеі, дзе чакалі на іх людзі, з якімі прэфект нядаўна гутарыў. Было там двух рабінаў з Затыбра, апранутых у доўгія ўрачыстыя шаты, з мітрамі на галавах, малады пісар, іхні памочнік, і Хілон. Убачыўшы цэзара, святары пабялелі і, падняўшы на вышыню пляча рукі, пахілілі галовы аж да рук.

— Авэ, манарх манархаў, кароль каралёў! — адазваўся старэйшы. — Вітай, валадару зямлі, апякуне выбранага народу і цэзар, льве між людзьмі, панаванне якога — гэта сонечная светласць, гэта цэдр лібанскі, свежая крыніца, пальма цяністая, бальзам ерыхонскі!..

— А богам мяне не называеце? — спытаў цэзар.

Святары збялелі яшчэ мацней; старшы зноў адазваўся: — Твае словы, уладару, салодкія, моў вінаграду гронка, моў спелая фіга, бо Егова напоўніў дабрынёю тваё сэрца. Але папярэднік айца твайго, Кай Цэзар, быў звераваты, а аднак пасланцы нашы не называлі яго богам, гатовыя былі хутчэй прыняць смерць, чым абразу Закону.

— І Калігула загадаў іх кідаць львом?

— Не, уладару. Кай Цэзар засцярогся гневу Еговы.

І паднялі галовы, бо імя магутнага Еговы дадало ім адвагі. Веручы ў моц ягоную, смялей глядзелі ў вочы Нэрону.

— Абвінавачваеце хрысціян, што спалілі Рым? — спытаў цэзар.

— Мы, доміне, абвінавачваем іх толькі за тое, што яны ворагі Закону, ворагі чалавечага роду, ворагі Рыму й твае, яны даўно пагражалі гораду і свету агнём. Астатняе даскажа табе гэты вось чалавек, вусны якога не знячышчаны лгарствам, бо ў жылах маткі ягонай плыве кроў выбранага народу.

Нэрон звярнуўся да Хілона: — Хто ж ты такі?

— Абажацель цябе, Озырысе, а пры тым убогі стоік… — Ненавіджу стоікаў, — кажа Нэрон, — ненавіджу Трэзэя, ненавіджу Мусонія і Корнута. Гідзіць мяне іхняя мова, іхняя пагарда мастацтва, іх самахотная абнегацыя жыцця ды няхлюйства.

— Доміне, твой настаўнік Сэнэка мае тысячу сталоў цыпрысавых. Загадай мне, а буду мець удвая больш. Я стоік з патрэбы. Прыбяры, о светазарны, мой стоіцызм у ружовы вянок і пастаў перад ім збанок віна, а пяяціме Анакрэонта так, што заглушыць усіх эпікурэйцаў.

Нэрон, якому прыпаў да смаку эпітэт «светазарны», ухмыльнуўся й кажа: — Падабаешся мне!

— Гэны чалавек варты столькі золата, колькі сам важыць, — зацеміў Тыгэлін.

А Хілон адказвае: — Дапоўніш, спадару, маю вагу тваёю шчодрасцю, бо інакш вецер

панясе заплату.

— Іставетна, не пераважыў бы нат і Вітэлія, — дадаў цэзар.

— Эгэў, срэбнавясёлкавы, мой досціп ня ёсць валавяны.

— Бачу, твой Закон не забараняе табе зваць мяне богам?

— О, несмяротны! Мой закон — гэта ты. Хрысціяне блюзнілі супраць яго, і таму я іх зненавідзеў.

— Што ж табе ведама пра хрысціян?

— Ці дазволіш мне плакаць, боскі?

— Не, — кажа Нэрон, — гэта нудзіць мяне.

— Утрайне праўду кажаш, бо тыя вочы, што цябе бачылі, павінны раз назаўсёды высахнуць ад слёз. Барані мяне, спадару, ад маіх непрыяцеляў!

— Кажы пра хрысціян, — нецярплівіцца Папея.

— Я рад загаду твайму, Ізыда, — прыніжаецца Хілон. — Вось жа, з маладых гадоў пасвяціўся я філязофіі і шуканню праўды. Шукаў я яе і ў даўнейшых боскіх мудрацоў, і ў Афінскай Акадэміі, і ў Александрыйскім Сэрапеуме. Пачуўшы пра хрысціян, думаў я, што гэта якая новая школа, у якой магчыму знайсці хоць некалькі зярнят праўды, і пазнаёміўся з імі на маё няшчасце! Першым хрысціянінам, з якім доля мяне звязала, быў Глаўк, лекар з Неапалю. Ад яго я даведаўся, што аддаюць яны пашану нейкаму Хрэстосу, які абяцаў ім выгубіць усіх людзей, збурыць усе гарады на зямлі, а іх пакінуць, калі дапамогуць яму знішчыць Дэўкаліёнавых дзяцей. Таму, спадару, яны й ненавідзяць людзей, таму затручваюць вадалівы, таму на сходах сваіх клянуць Рым і ўсе святыні, у якіх аддаецца гонар нашым багом. Хрэстос быў укрыжаваны, але абяцаў ім: калі Рым будзе збураны агнём, другі раз прыйдзе на свет і аддасць ім валадарства над светам… — Во цяпер народ зразумее, чаму Рым згарэў, — перарваў Тыгэлін.

— Многія ўжо разумеюць, — адказаў Хілон, — бо я хаджу па Марсавым полі ды парках і навучаю. Але паслухайце мяне да канца, а зразумееце, якія я маю доказы на помсту. Лекар Глаўк спачатку не прызнаваўся перада мною, што іхняя навука дамагаецца нянавісці да людзей. Наадварот! Талкаваў мне, што Хрэстос ёсць добрым боствам і што падставаю Ягонай навукі ёсць любоў. Далікатнае маё сэрца адразу прыліпла да такога прынцыпу, дык палюбіў я Глаўка і зверыўся на яго. Дзяліўся я з ім кажным кавалкам хлеба, кажным грошам, і ці ведаеш, спадару, як мне адудзячыўся? У дарозе з Неапалю ў Рым пырнуў мяне нажом, а жонку маю, красуню маю Берэніку, прадаў гандляром нявольнікамі. О, каб Сафокл ведаў мае прыгоды!.. Дый што я кажу — слухае мяне лепшы, чым Сафокл… — Бедны чалавек, — адазвалася Папея.

— Хто ўбачыў аблічча Афрадыты, ня ёсць бедны, доміна, а я бачу яго ў гэтай хвіліне. Але тады шукаў пацехі ў філязофіі. Прыбыўшы ў Рым, пачаў я шукаць хрысціянскіх старшын, каб дамагацца суду на Глаўка. Думаў я, што прымусяць яго аддаць мне жонку… Пазнаў іхняга архісвятара, пазнаў другога, Паўла, які быў тут зняволены, але пасля адпушчаны, пазнаў сына Зэбэдэя, пазнаў Ліна і Клета ды шмат іншых. Ведаю, дзе яны жылі перад пажарам, ведаю, дзе збіраюцца, магу паказаць адно падзямелле на Ватыканскім узгор’і ды адзін магільнік за брамаю Намэнтанскаю, дзе адпраўляюць свае дзікія абрады. Бачыў я там Апостала Пятра, бачыў Глаўка, як мардаваў дзяцей, каб Апостал меў чым скрапляць галовы прысутным, і бачыў Лігію, узгадаванку Пампоніі Грэцыны, якая чванілася, што, не могучы прынесці дзіцячай крыві, прыносіць смерць дзіцяці, бо ўракла малую аўгусту, тваю дачку, Озырысе! І тваю, Ізыда!

— Чуеш, цэзар! — зацеміла Папея.

— Няўжо гэта можа быць? — адзываецца Нэрон.

— Мог я дараваць собскую крыўду, — расказваў далей Хілон, — але, даведаўшыся пра вашую, хацеў яе прапароць нажом. На жаль, перашкодзіў мне крывічэсны Вініць, ейны каханак.

— Вініць? Але ж яна ад яго ўцякла!

— Уцякла, ды знайшоў, бо не мог жыць без яе. За смяхотную аплату дапамагаў я яму шукаць яе і знайшоў на Затыбры дом, дзе жыла між хрысціянамі. Пайшлі мы туды разам, а з намі твой асілак Кратон, якога шаноўны Вініць наняў дзеля бяспекі. Але Урсус, нявольнік Лігіі, задушыў Кратона.

Поделиться с друзьями: