Quo Vadis
Шрифт:
Посціг можа распачацца надта хутка. Бяры Лігію і ўцякай зараз, хоць бы за Альпы або ў Афрыку. І спяшайся, з Палатыну бо бліжэй на Затыбра, чым адсюль!
Вініць іставетна быў не абы-якім ваяком і не траціў часу на лішнія пытанні. Слухаў, насупіўшы бровы, уважны, грозны, але без жаху. Відаць, першым парывам, які будзіўся ў гэнай натуры на вестку небяспекі, была ахвота барацьбы і абароны.
— Іду, — кажа.
— Яшчэ слоўца: вазьмі капшук з золатам, вазьмі зброю і жменю сваіх людзей хрысціян! Магчыма, будзе патрэба адбіваць яе сіламоц!
Вініць быў ужо ў дзвярах атрыюма.
— Дашлі мне вестку праз нявольніка, — кінуў яму ўдагон Пятроні.
І, застаўшыся
Пятроні таксама ведаў, што калі Вініць уцячэ ад помсты Нэрона, дык помста тая зваліцца можа на яго, але ён не зважаў на тое. А нат думка паблытання планаў цэзару й Тыгэліну развесяляла яго. Вырашыў не шкадаваць на гэта ні грошай, ні людзей, а на сваіх людзей цяпер мог больш спадзявацца, бо Павал з Тарсу навярнуў яму ў Анцыюме большую частку ягоных нявольнікаў.
Увайшоўшая Эўніка перарвала яму думкі. Усе турботы ўцяклі бясследна, як убачыў яе. Забыўся пра цэзара, пра няласку, якая вісела над ім, пра знікчамнелых аўгустыянаў, пра посціг на хрысціянаў, пра Вініція і Лігію, а любаваўся толькі ёю вокам эстэты, раскаханым у чароўнай упойваючай любоўю стройнасці.
Убраная была ў фіялетавыя строі, званыя соа vestis [69] , праз якія свяцілася ейнае ружовае цела, сапраўды была прыгожая, моў боства. Адчуваючы пры тым ягоны подзіў ды кахаючы цэлай душой, заўсёды прагная ягоных пястошчаў, румянілася з радасці так, як бы была не наложніцай, але нявінным дзяўчанём.
— Што ж мне скажаш, Харыта? — адазваўся Пятроні, выцягаючы да яе рукі.
А яна, нахіляючы ў тыя рукі сваю залатую галованьку, адказвае:
— Спадару, прыйшоў Антэміёс з спевакамі й пытае, ці хочаш яго сяння слухаць?
69
Коская вопратка (лац.).
— Хай пачакае. Зайграе нам пры абедзе гімн да Апалона. Навакол яшчэ вогнішчы й попел, а мы слухацімем гімн да Апалона. На гаі Пафійскія! Калі бачу цябе ў гэтым соа vestis, здаецца мне, Афрадыта прысланілася беражком неба й стаіць перада мною.
— О, доміне! — захапляецца Эўніка.
— Хадзі да мяне, Эўніка, абдымі мяне і дай мне вусны… Кахаеш ты мяне?
— Зэўса больш не кахала б!
Сказаўшы гэта, прыціснула вусны да ягоных вуснаў, трапечучыся ў ягоных руках ад шчасця, бы птушынка. Пачакаўшы, Пятроні кажа: — Ну, а каб прыйшлося нам разлучыцца?..
Эўніка глянула палахліва ў вочы: — Як гэта, спадару?..
— Не бойся!.. Бо, бачыш, хто ведае, ці не мусяціму выбрацца ў далёкую дарогу.
— Бяры мяне з сабою… Але Пятроні нагла змяніў тэму гутаркі і спытаў: — Скажы мне, ці на траўніках у агародзе ёсць асфодэлі?
— Цыпрысы
й траўнікі ў агародзе пажоўклі ад пажару, лісце паападала з міртаў, і ўвесь агарод выглядае, бы мёртвы.— Увесь Рым выглядае, бы мёртвы, а хутка станецца сапраўдным магільнікам. Ці ведаеш, што выйдзе эдыкт супраць хрысціян і распачнецца пераследванне, падчас якога згіне тысячы людзей.
— За што ж іх карацімуць, спадару? Яны ж людзі добрыя і ціхія.
— Якраз за тое й карацімуць.
— Дык едзьма на ўзмор’е. Твае боскія вочы не любяць глядзець на кроў.
— Але тым часам я мушу выкупацца. Прыйдзі ў элеотэзіюм намасціць мне рукі. На пояс Кіпрыды! Ніколі шчэ не выдавалася ты мне так прыгожай. Загадаю табе зрабіць ванну на манер слізяніцы, а ты будзеш у ёй, бы каштоўная перла… Прыйдзі, залатавалосанькая!
І пайшоў. А цераз гадзіну пазней абое ў ружовых вянках і з мутнымі вачыма ляжалі пры стале, застаўленым залатым сервізам. Прыслужвалі ім хлапчаняты, прыбраныя за амуркаў, а яны, папіваючы віно з азялененых кружаў, слухалі гімну да Апалона, пяянага пад акампанемент гарфаў пад батутаю Антэмія.
Не клапаціліся тым, што навокал віллы тырчалі на пажарышчы коміны дамоў ды што вецер разносіў попел згарэўшага Рыму. Пачуваліся шчаслівымі і думалі толькі пра каханне, якое акрасіла й змяніла ім жыццё ў боскі сон.
Гімн яшчэ не быў скончаны, як уваходзіць на залу нявольнік, загадчык атрыюма.
— Спадару, — дакладае трывожным голасам, — цэнтурыён з аддзелам прэторыянаў стаіць перад брамаю і па загаду цэзара хоча цябе бачыць.
Замоўкла пяянне гарфы. Трывога агарнула ўсіх прысутных, бо цэзар у прыязных адносінах звычайна абыходзіўся без прэторыянаў, якія паяваю сваёю не варажылі ў тых часах нічога добрага. Адзін толькі Пятроні не паказваў ніякага трывожлівага ўражання і кажа абыякавым тонам: — Хоць бы абед мне далі спакойна з’есці, — пасля звяртаецца да загадчыка атрыюма: — Хай увойдзе!
Нявольнік знік за заслонай; незабаўна цяжкімі крокамі ўваходзіць на залу знаёмы Пятронію сотнік Апэр, узброены ўвесь і з жалезным шаломам на галаве.
— Крывічэсны спадару, — зарапартаваў, — вось пісьмо ад цэзара.
Пятроні выцягнуў нядбайліва сваю белую руку, узяў таблічкі і, кінуўшы на іх вокам, падаў іх спакойна Эўніцы.
— Чытаціме вечарам новую песню з «Троікі», — кажа, — і заклікае мяне, каб прыйшоў.
— Маю загад толькі аддаць пісьмо, — адазваўся сотнік.
— Так. Адказу не будзе. Але можа б, сотнік, супачыў хвіліну пры нас і выпіў кратэр віна?
— Дзякую табе, шляхотны спадару. Ад кратэру віна не адмоўлюся за тваё здароўе, але супачыць не магу, бо я службова.
— Чаму гэта праз цябе прысылаюць пісьмо, заміж праз нявольніка?
— Можа, таму, што мяне выслана ў гэты бок за іншай патрэбай.
— Ведаю, — кажа Пятроні, — супраць хрысціян.
— Так, спадару.
— Ці посціг даўно распачаты?
— Некаторыя аддзелы на Затыбра выслана яшчэ перад палуднем, — гэта сказаўшы, сотнік строс з чашы кроплю віна на гонар Марса, перакуліў яе й дзякуе: — Хай багі заспакояць табе ўсе твае жаданні.
— Вазьмі і кратэр гэны, — прапануе Пятроні. І даў знак Антэміёсу, каб канчаў гімн да Апалона.
— Рудабароды пачынае гульню са мною й Вініціем, — казаў сабе, як гарфы адазваліся зноў. — Адгадваю намер! Хацеў пералякаць мяне, дасылаючы позву праз цэнтурыёна. Вечарам выпытваціме сотніка, як я яго прыняў. Не, не! Не вельмі ўцешышся, лютая дзікая малпа! Ведаю, дакукі не даруеш, ведаю, што згуба мяне не міне, але калі спадзяешся, што благальна пазіраціму табе ў вочы, што аглядацімеш на маім абліччы страх і пакору, дык памыляешся.