Quo Vadis
Шрифт:
— Бачыў, сынку Венеры, бачыў малодухну, бачыў добрага ліга, святога Ліна і Апостала Пятра.
— Перад пажарам?
— Перад пажарам, Мітр мой!
У душы Вініція зрадзіўся сумніў, ці Хілон не махлюе, дык, сутрымаўшы мула, пранізаў старога грэка грознымі вачыма й пытае: — Што ж ты там рабіў?
Хілон змітрэжыўся. Яно праўда, як многім людзям, так і яму выдавалася, што разам з загубай Рыму прыходзіць канец і рымскаму панаванню, але тым часам быў самадруг з Вініціем, дый нагадаў сабе, што той жа Вініць забараніў яму страшэннаю пагрозаю шпягунства хрысціян, а злашча Ліна і Лігіі.
— Спадару, — кажа, — чаму мне не верыш? Я спагадаю ім. Так! Я ж бо сам паўхрысціянін. Пырон навучыў мяне больш цаніць цноту, чым філязофію,
Адманка гэная выдавалася Вініцію дастатковым прабачэннем, дык абніжыў тон: — І не ведаеш, дзе на гэны час закватараваўся Лін?
— Ты ж мяне за цікаўнасць раз ужо караў, спадару, — выкручваўся Хілон.
Вініць змоўк і ехаў далей.
— Спадару, — адазваўся, пачакаўшы, Хілон, — не знайшоў бы ты красуні, каб не я, а калі зноў яе знойдзем, не забудзеш пра беднага мудраца?
— Мецімеш дом з вінніцаю пад Амэр’ёлай, — адказаў Вініць.
— Дзякую табе, Геркулесе! З вінніцаю?.. Дзякую табе! З вінніцаю!
Міналі цяпер Ватыканскае ўзгор’е, якое свяціла чырванню ад пажару, за Наўмахіяй збочылі направа, каб, перайшоўшы Ватыканскае поле, падыйсці да ракі і, пераправіўшыся, дайсці да Порта Фламінія. Нараз Хілон стрымаў мула й кажа: — Спадару, прыйшла мне ў голаў памысная думка!
— Кажы, — прыспешвае Вініць.
— Між Янікульскім узгор’ем і Ватыканам, за гародамі Агрыпіны ёсць падзямелле, скуль выбіралі каменне й пясок на будову цырку Нэрона.
Паслухай мяне! У апошніх часах жыды, якіх, ведаеш жа, на Затыбры ёсць гібель, пачалі па-людаедску пераследваць хрысціян. Памятаеш, ужо за боскага Клаўдыя такі там быў закалот, што цэзар мусіў іх выгнаць з Рыму.
Сяння, як вярнуліся, як пад патранатам аўгусты пачуваюцца бяспечна, тым горш крыўдзяць хрысціян. Я пра гэта ведаю! Я бачыў. Ніякі эдыкт супраць хрысціян не быў выданы, але жыды чэрняць іх перад прэфектам, быццам яны рэжуць дзяцей, гонар аддаюць аслу, агалошваюць навуку, непрызнаную праз сенат, а самі б’юць іх, нападаюць на дамы малітвы так заядла, што хрысціяне перад імі хаваюцца.
— Дык што хочаш сказаць? — пытае Вініць.
— Тое, спадару, што сінагогі існуюць на Затыбры адкрыта, а хрысціяне, уцякаючы ад пераследу, прымушаны маліцца ўпотай, збіраючыся ў апусцелых павецях за горадам або ў арэнарыях. Тыя, што жывуць на Затыбры, выбралі сабе якраз гэнае, што паўстала з прычыны будовы цырку і розных дамоў уздоўж Тыбру. Цяпер, калі гіне горад, бессумніўна, вызнавальнікі Хрыста моляцца. Знойдзем іх незлічонае мноства ў падзямеллях, таму раю табе, спадару, заглянуць туды па дарозе.
— А ты ж казаў, што Лін пайшоў да Острыянума! — азваўся ўзбураны Вініць.
— А ты ж мне абяцаў дом з вінніцаю пад Амэр’ёлай, — адказвае Хілон, — дык хачу шукаць малодухны ўсюды, дзе маю надзею знайсці. Як пачаўся пажар, маглі вярнуцца на Затыбра. Маглі абыйсці горад так, як мы цяпер. Лін мае дом, можа, хацеў быць бліжэй дому, каб цікаваць, ці пажар не ахопіць і таго кварталу. Калі вярнуліся, прысягаю табе, што застанем іх на малітве, а ў найгоршым выпадку прынамсі здабудзем весткі пра іх.
— Праўду кажаш, ну дык вядзі, — вырашыў трыбун.
Хілон, доўга не думаючы, звярнуў налева да ўзгор’я. На хвіліну горнае ўзбочча засланіла ім пажар так, што, хоць блізкія будовы былі ў святле, яны самі былі ў цяні. Мінуўшы цырк, падаліся шчэ лявей і ўвайшлі ў нейкі сухадол, цёмны ўсярэдзіне. Але ў цемры той Вініць зацеміў рой мігатлівых светлічкаў.
— Вось яны! — кажа Хілон. — Будзе іх сяння больш, чым калі, бо іншыя дамы малітвы згарэлі або зацягнены дымам, як і ўсё Затыбра.
— Так! Чую — пяюць, — пацвярджае Вініць.
З цёмнага атворышча ўгары даходзілі пяючыя людскія галасы, святлікі гінулі ў ім
адзін за другім. З бакавых сумежных сухадолаў высоўваліся штораз новыя асобы, так што хутка Вініць з Хілонам былі абступлены цэлаю грамадою людзей. Хілон ссунуўся з мула і, кіўнуўшы на блізка йдучага падлетка, кажа яму: — Я Хрыстовы святар і біскуп. Патрымай нам мулаў, дам табе багаславенства і адпушчэнне грахоў.І, не чакаючы адказу, усунуў яму ў руку павады і далучыўся з Вініціем да ідучае грамады.
Цераз хвіліну ўвайшлі ў падзямелле і сунуліся прыцемкам праз калідор, пакуль не дайшлі да абшырнае пячоры, з якое няйначай выбіралі камень, бо сцены ейныя мелі сляды адломаў. Там было відней, чым на калідоры, бо апрача святлікоў і лятарняў гарэлі светачы. Пры іхнім святле Вініць бачыць цэлую грамаду людзей на каленях, з рукамі ўзнесенымі ўгару. Лігіі, Апостала Пятра і Ліна не мог нідзе дагледзець, замест іх акружалі яго паважныя твары, расхваляваныя. У некаторых вычытвалася чаканне, трывога, надзея. Бляск адбіваўся ў бялкох паднесеных вачэй, пот сплываў па белых, як мел, лбах; некаторыя пяялі песні, іншыя гарачкава паўтаралі імя Езус, некаторыя біліся ў грудзі. З настрою ўсіх відаць было, што напружана чагось чакаюць.
Нараз песні замоўклі, і над грамадою ў выемцы, што засталася па вынятым вялікім камяні, паказаўся знаёмы Вініцію Крысп з абліччам, казаў бы, паўпрытомным, блядым, фанатычным і суровым. Вочы звярнуліся да яго, як бы спадзеючыся слоў польгі й надзеі, а ён, перажагнаўшы грамаду, пачаў гаварыць голасам нервовым, ледзь не крыкам: — Кайцеся за грахі вашыя, бо прыйшла ўжо пара. Вось на горад ліхадзейства й распусты, на новы Бабілён спусціў Госпад агонь пагубны. Вызваніла гадзіна суду, гневу і кары… Госпад запавясціў прыйсце, і хутка ўгледзеце Яго! Але не прыйдзе ўжо як Баранак, які ахвяраваў кроў за грахі вашыя, толькі як страшны суддзя, каторы сваёю справядлівасцю загубіць у адхлані грэшных і няверных… Гора свету, гора грэшным, бо не будзе ўжо для іх міласэрнасці… Бачу цябе, Хрысце! Зоры дажджом сыплюцца на зямлю! Сонца зацьмяваецца, зямля расступаецца, мёртвыя ўстаюць, а Ты йдзеш пад гукі труб і грому з войскам нябесным. Чую і бачу цябе, о Хрысце!
Змоўк. Падняў вочы, быццам узіраўся на нешта грознае, далёкае. Нараз адазваўся ў падзямеллі глухі грохат — адзін, другі і дзесяты. Гэна развальваліся агарэлыя дамы, цэлыя вуліцы. Большасць слухачоў была перакананая, што гэныя водгукі — гэта сігналы тае страшнае надыходзячае суднае гадзіны, бо вера ў паўторнае прыйсцё Хрыста і ў канец свету была і так распаўсюджана між імі, цяпер вось пажар гораду яе ўзмагутніў. Божая трывога агарнула прысутных. Падымаліся галасы: «Судны дзень!.. Вось ідзе!..» Некаторыя закрывалі даланямі твар, баючыся, быццам зямля воміг затрасецца і з шчалюгі ейнай выйдуць пякельныя бестыі ды кінуцца на грэшных. Іншыя заклікалі: «Хрысце, змілуйся! Адкупіцелю, будзь міласцівы!..» Іншыя вызнавалі голасна грахі, іншыя ўрэшце кідаліся сабе ў абдымкі, каб у жахлівай хвіліне мець пры сабе нейкае блізкае сэрца.
Але былі й такія, якіх абліччы ў нябесным захапленні, поўныя надземнае радасці, не былі трывожнымі. У некалькіх мяйсцох разлягалася глоса: людзі ў рэлігійным экстазе крычалі ў незразумелых мовах. Нехта з цёмнага кутка адзываўся: «Збудзіся, хто спіць!» Над усім панаваў голас Крыспа: «Зважайце, будзьце гатовымі!»
Часамі, аднак, западала маўчанне, маўляў усе затрымоўвалі дыханне ў грудзях, чакаючы на тое, што мае стацца. Тады чутны былі далёкія грымоты, завальваліся ў грузы кварталы, пасля адзываліся енкі, малітвы, глосы і благанні: «Адкупіцелю, злітуйся над намі!» Гэта зноў Крысп пачынаў агалошваць свае заклікі: «Адракайцеся зямных скарбаў, бо зараз зямля расступіцца пад вамі! Пакіньце зямныя ўцехі, бо Госпад выгубіць тых, што болей будуць мілаваць жоны і дзеці, чым Яго! Гора таму, хто ўмілаваў стварэнне больш, чым Стварыцеля! Гора багатым! Гора збыткоўнікам! Распуснікам! Гора мужу, сужэнцы й дзіцяці!..»