Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

Гэта чалавек страшэннае сілы, ён быком скручвае галовы, як макаўкі. Аўлюс і Пампонія любілі яго за гэта.

— На Геркулеса! — не вытрымаў Нэрон. — Смяротнік, які задушыў Кратона, годзен помніка на Форуме. Але памыляешся або хлусіш, стары, бо Кратона забіў нажом Вініць.

— Так вось людзі абармочваюць багоў. О, валадару, я ж бачыў собскімі вачыма, як трашчалі рэбры Кратона ў рукох Урсусавых, які пасля паваліў і Вініція. Забіў бы яго, каб не Лігія. Вініць доўга пасля хварэў, але яны даглядалі яго, спадзеючыся, што з любові станецца хрысціянінам. І стаўся.

— Вініць?!

— Так.

— А можа, і Пятроні? — спытаў сквапна Тыгэлін.

Хілон пачаў бруціць-муціць, заціраць рукі, пасля кажа: — Дзіўлюся з твае праніклівасці, спадару! О!.. Быць можа! Зусім можа

быць!

— Во цяпер цямлю, чаму так ён бараніў хрысціян.

Але Нэрон пачаў смяяцца: — Пятроні — хрысціянін!.. Пятроні — вораг жыцця й раскошы! Не дурэце мяне й сябе саміх ды не дамагайцеся веры ў гэта, а то я гатовы і ўва ўсё не верыць.

— Але крывічэсны Вініць стаўся хрысціянінам. Прысягаю на гэны бляск, які ад цябе лунае, што кажу праўду, і што нічым іншым так не брыджуся, як лгунствам, Пампонія — хрысціянка, малы Аўлюс — хрысціянін, і Лігія, і Вініць. Я служыў яму шчыра, а ён за тое на просьбу Глаўка схвастаў мяне розгамі, мяне — старога, хворага, галоднага. Я прысягнуў на Гадэса, што адпомшчуся яму за гэта. О, валадару, адпомсці за маю крыўду, а я вам выдам Апостала Пятра, і Ліна, і Клета, і Глаўка, і Крыспа, самых старшын, і Лігію, і Урсуса, пакажу вам іх сотні, тысячы, пакажу дамы малітвы, магільнікі — усе вашыя турмы не змесцяць іх!.. Без мяне не здолееце іх знайсці! Да гэтых пор шукаў я ад бяды пацехі ў філязофіі, хай жа яе цяперака знайду ў ласках, якія сплывуць на мяне… Стары я ўжо, а не каштаваў жыцця, пара мне ўжо супачыць!..

— Хочаш быць стоікам пры поўнай місцы! — кажа Нэрон.

— Хто табе прыслужваецца, тым самым яе напаўняе.

— Праўду кажаш, філёзафе.

Але Папея не выпускала з памяці сваіх ворагаў. Гарачка яе да Вініція была, праўду кажучы, кароткім капрызам похаці, якая загарэлася з прычыны зайздрасці, гневу і зраненага самалюбства. Аднак абыякавасць маладога патрыцыя закранула яе глыбока і сэрца напоўніла мсцівасцю. Як так смеў, бач, іншую паставіць вышэй за яе! Лігію зненавідзела ад першай хвіліны, калі ўбачыла красу гэнай паўночнай лілеі. Пятроні мог цэзару гаварыць колькі заўгодна пра «вузкі стан», але не ёй, аўгусце. Дазнаная Папея з першага погляду сцяміла, што ў цэлым Рыме адна толькі Лігія можа з ейнаю красою канкураваць, а нават перамагчы. І ад тае пары прысягнула згубіць яе.

— Доміне, — налягае, — памсціся за наша дзіця!

— Спяшайцеся! — акцэнтуе Хілон. — Не марудзьце! Бо Вініць схавае яе.

Я пакажу дом, куды яны зноў вярнуліся пасля пажару.

— Дам табе дзесяцёх чалавек ды йдзі цяпер, — гавора Тыгэлін.

— Спадару, ты не бачыў Кратона ў руках Урсуса. Калі дасі пяцідзесяцёх, пакажу дом толькі здалёк. Але калі не закратуеце Вініція, дык я прапаў.

Тыгэлін глянуў на Нэрона.

— Ці не было б добра, о боскі, расквітацца адразу з дзядзькам і сястрынцам?..

Нэрон падумаў крыху і вырашыў: — Не! Не цяпер!.. Народ не паверыў бы ўталкоўванню, што Пятроні, Вініць або Пампонія Грэцына падпалілі Рым. Занадта прыгожыя мелі дамы… Сяння трэба іншых ахвяр, а тыя пойдуць пазней.

— Дык дай мне, спадару, ваякоў дзеля аховы, — дамагаецца Хілон.

— Тыгэлін падумае пра гэта.

— Жыцімеш тым часам у мяне, — супакойваў прэфект.

Радасць залунала з аблічча Хілона.

— Выдам усіх! Толькі не марудзьце! Спяшайцеся! — пад’юджваў ахрыплым голасам Хілон.

LI

Пятроні, выйшаўшы ад цэзара, загадаў несціся да свайго дому на Карыны, які з трох бакоў акружаны быў садамі, а перад фронтам меў малы форум Цэцыліяў і дзякуючы таму ацалеў ад пажару.

З тае прычыны іншыя аўгустыяне, якіх дамы пагарэлі поспал з багаццем і каштоўнымі творамі мастацтва, называлі Пятронія шчаслівым. Дый даўно ўжо пра яго казалі, што ёсць ён першародным сынам Фартуны, а штораз жывейшая прыязнь, якою ў апошніх часах абдараў яго цэзар, казаў бы, пацвярджала гэта.

Але той першародны сын Фартуны разважаў цяпер хіба над несувернасцю тае маткі, а дакладней — над падобнасцю яе да Хронаса, пажыраючага собскія дзеці.

— Каб мой дом быў згарэў, а з ім разам мае гэммы, маё этрускае мастацкае суддзё й александрыйскае шкло, медзь карынская, дык мо Нэрон сапраўды

забыў бы абразу. На Палукса! І падумаць анно, гэта ж ад мяне толькі залежала, каб у гэнай хвіліне быць прэфектам прэторыянаў. Агалосіў бы тады Тыгэліна за падпальшчыка, бо ж ім і ёсць, убраў бы ў «крывавую туніку», выдаў бы народу, усцярог бы хрысціян, адбудаваў бы Рым. Хто ведае нат, ці доля сумленных людзей не паправілася б. Я павінен быў гэта зрабіць, хоць бы з увагі на Вініція. Пры вялікай навале працы адступіў бы яму ўрадаванне прэфекта — і Нэрон не спрабаваў бы супраціўляцца… Хай бы сабе Вініць хрысціў пасля ўсіх прэторыянаў і самога нат цэзара, што гэта мне б шкодзіла! Пабожны Нэрон!

Нэрон сумленны й міласэрны — пацешнае нат прадстаўляў бы відовішча.

Бестурботнасць Пятронія была так вялікай, што аж пачаў усміхацца. Але праз момант думка ягоная звярнулася ў іншы бок. Здавалася яму, што ён у Анцыюме і што Павал з Тарсу гавора яму: «Называеце нас ворагамі жыцця, але скажы мне, Пятроні, калі б цэзар быў хрысціянінам і паступаў паводле нашай навукі, ці жыццё ваша не было б больш пэўным ды больш бяспечным?»

І, прыгадаўшы гэныя словы, гаварыў сабе далей: — На Кастара! Колькі хрысціян тут замардуюць, столькі Павал знойдзе новых, бо калі свет не можа стаяць на злыднях, дык ягоная праўда… Але хто ведае, ці не мог бы стаяць, калі стаіць. Я сам, хоць шмат чаго навучыўся, не навучыўся, як быць даволі вялікім латругай, і дзеля таго прыйдзецца жылы сабе падрэзаць… Адыж на гэтым і так і гэтак мусіла б скончыцца, а калі б нат не скончылася так, дык скончылася б інакш. Шкада мне Эўнікі ды мае мырэнскае вазы, але Эўніка ёсць вольнай, а ваза пойдзе са мною. Агенабарбус не атрымае яе ні за што! Шкада мне таксама Вініція. А ўрэшце, хоць менш у апошніх часах было нудна, чым даўней — я гатовы. На свеце шмат ёсць рэчаў прыгожых, ды людзі па большай частцы так плюгавыя, што жыцця не варта шкадаваць. Хто ўмеў жыць, той павінен умець паміраць.

Хоць я належаў да аўгустыянаў, ды ўсё ж быў чалавекам больш вольным, чым ім там здаецца, — тут плячыма зрабіў характарыстычны знак з’умлення. — Ім там здаецца мо, што мне ў гэнай хвіліне дрыжаць калені і страх падымае валасы на галаве, а я, вярнуўшыся дадому, выкупаюся вось у фіялкавай вадзе, пасля залатавалосая мая сама мяне намасціць, і па снеданні загадаем сабе пяяць да Апалона гімн Антэміёса. Я ж сам калісь казаў: пра смерць не варта думаць, бо яна і без нашае помачы пра нас думае. Было б, аднак, рэчай годнай подзіву, калі б сапраўды існавалі нейкія прасторы Елісейскія, а ў іх — цені. Эўніка прыйшла б пасля да мяне, і хадзілі б разам па лугох-далінах, уквечаных асфодэлем. Знайшоў бы сабе там таварыства лепшае, чым тут… Што за блазны! Што за балваны, што за зброд плюгавы без густу й палітуры! Дзесяцёх арбітраў элеганцыі не перарабіла б гэных Трымальхіёнаў на прыстойных людзей. На Пэрсэфону! Збрыдзелі яны ўжо мне!

І скеміў, здзіўлены, што нешта падзяляла яго з тымі людзьмі. Ведаў іх добра і ведаў перад тым, што пра іх думаць, а аднак выдаваліся яму цяпер нейкімі далейшымі, больш вартымі пагарды, сапраўды, меў іх ужо ўдосталь.

Пачаў задумоўвацца над сітуацыяй. Дзякуючы сваёй праніклівасці зразумеў, што загуба не пагражае яму цяпер. Нэрон скарыстаўся ж з адпаведнае нагоды, каб выказаць колькі гладкіх слоў аб прыязні, аб прабачэнні і, казаў бы, звязаўся імі. Цяпер шукаціме прэтэкстаў, а пакуль іх знойдзе, можа прайсці шмат часу. «Перадусім зладзіць ігрышча з хрысціян, — казаў сабе Пятроні, — пасля толькі падумае пра мяне, а калі так, дык не варта гэным галавы марочыць, ані змяняць спосабу жыцця. Бліжэйшая небяспека пагражае Вініцію!»

І ад гэнай хвіліны пачаў думаць толькі пра Вініція, якога вырашыў ратаваць.

Нявольнікі неслі прытка лектыку праз румовішчы і лес комінаў, якімі былі шчэ перапоўнены Карыны, але ён загадаў ім бегчы бягом, каб чым хутчэй быць дома. Вініць, «інсуля» якога згарэла, кватараваўся ў яго і, на шчасце, быў дома.

— Бачыў сяння Лігію? — спытаў амаль не на парозе Пятроні.

— Толькі ад яе.

— Слухай, што табе скажу, і не траць часу на пытанні. Сяння ў цэзара вырашана злажыць віну за падпал Рыму на хрысціян. Пагражае ім пераслед і пакуты.

Поделиться с друзьями: