Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Райскія яблычкі

Астравец Сяргей

Шрифт:

Кандыцыянер, якім сюды завабілі Сабіну і Фабіяна, нечакана не вельмі патрэбны. Надвор’е негарачае. Зусім неспадзявана яны прыехалі са сваёй паўночнай спёкі ў паўднёвую прахалоду. Ім сказалі, што прывезлі з сабой дождж і палёгку. На дарозе іх заспела гвалтоўная залева, сапраўдная пляга. Міні-аўтобус, які спачатку спяшаўся, парушаючы дарожныя правілы, пачаў рухацца амаль вобмацкам, каб не быць змытым воднымі плынямі з гор. Другім разам дождж заспеў іх на пляжы…

Каўчэг, адплываў каўчэг. Фабіян спрабуе уявіць сябе на борце. Адчуванне на мяжы вусцішы. Стрыманая радасць, што адарваўся ад берага. А таксама, што пакінуты бераг хутка знікае ў хвалях. Як падчас бедства: цунамі, вывяржэння падводнага вулкана. Як знікае арда ў адмысловых шапках з чырвонымі

зоркамі. Захлынаецца салёнай вадою. Вобмегам траціць сваю пагрозу, небяспеку, ваяўнічасць, бясследна трацячыся. Пекла, у якім нягорача. Фабіян ляжыць на пляжы з заплюшчанымі вачыма і бачыць, як вада ўзнімаецца, робячы горы каменнымі айсбергамі.

Радасць насельнікаў каўчэга і жах. Жах не дачакацца змяншэння вады, канчатку сусветнага патопу. Не дачакацца берага. Памерці з голаду. Са смагі, калі скончыцца або сапсуецца вада. У бочку пакласці срэбны сыгнэт, не забыцца. Святая вада, яна на срэбры, яна гаючая. Урыўкі думак. Як кідаецца конь у ваду, плыве за гаспадаром, які, скочыўшы з сядла, узбег па трапу парахода. І стаіць ля борта, здранцвеўшы. Зрэшты, Фабіян гэта сабе толькі уяўляе пад уплывам кіно. Нічога заганнага мысліць крыху шаблонна. Хаця няма ніякага шаблону, адзін кінапрыклад толькі вядомы, іншых папросту не існавала. Іх выгналі, яны ўцяклі. Панічныя ўцёкі, казалі пра іх.

Самі сабе падпісалі прысуд. Прыблізна так, магчыма, думалі камісары, сціскаючы кулакі на беразе, які патануў толькі ў фабіянавых думках. Шкадавалі, што вымкнуліся з рук. Ці прабачылі, махнуўшы абыякава рукой? Наўрад. Паляўнічы азарт не знікае да самага апошняга зацкаванага звера. І нават часова потым. Дагнаць, застрэліць, выкурыць з нораў, з логвішча, з берлагу. Ад пагоні вочы заплываюць крывёй, віно перамогі тлуміць галовы. Хтосьці шкадаваў, што няма аэрапланаў, няма флоту, затопленага у 1918-м. Хаця б адную субмарыну!

Гэтае мора, яно ці не тое Чырвонае, праз якое ратаваліся ад егіпецкай няволі? Ад нявольніцтва, абвешчанага свабодай? Знарочыстасць параўнання. Мора было Чорным, а ўцякалі яны ад чырвоных. Фабіян расплюшчвае вочы... Клубы, грудзі. Фабіян служыў у “супраць-паветранай абароне краіны” тут, блізка мора. Тое, што ў падобных да яго аматараў добрага року, напаўзабароненага тады, выклікала адно адмоўныя ўспаміны, пакінула ў ягонай душы досыць прыемных ўражанняў. Не само войска, якім ён таксама пагарджаў, а знаходжанне пад час службы на паўднёвых берагах субтрапічнага раю. Ніколі раней ён не бачыў мора. Ён яго палюбіў. Не хацеў з’язджаць. Яму жадалася не гэтулькі застацца, як папросту жыць ля мора. Хай нават халаднейшага, але якое значна бліжэй да ягоных мясцін.

Сабіна, яна нарадзілся ля іншага мора. З якога вылоўлівалі не толькі рыбныя касякі, але і бурштынныя пацеркі. Сярод дзюнаў, пад небам, у якім журботна крычаць мэвы. Побач з рэйдамі, занятымі ракетнымі крэйсерамі. З затокамі, як селядцамі бочкі, наладаванымі субмарынамі. І дзюнамі, за якімі хаваліся рухомыя краты радыёлакатараў і спараваныя цыгары ракетных комплексаў. Моры ў той краіне былі падобныя. Яны заўсёды лічыліся небяспечнай мяжой. Іх надзвычай пільна ахоўвалі. Публіка на пляжах старалася абстрагавацца. Ахова была падобнай. Адно радары, радыёлакатары і ракеты ў іншым разе хаваліся на вяршынях і сярод горных гаргараў, а не ў сасновых барах і выдмах. А падлодкі — у скалістых сховах. І птушкі над цёплым морам луналі вельмі буйныя і больш галаслівыя.

Горы над самым морам абаранялі пляжную стужку ад засушных стэпавых паўночных вятроў. Але гэта што датычыць геаграфічнай мапы. На штабных усё выглядала інакш. Генералаў мала займалі пляжныя радасці і ўжо амаль не цікавілі крыху кавовыя фігурыстыя харашунькі. Па генеральскай завядзёнцы іх нават не вельмі прываблівалі вінныя склепы ў горных сутарэннях. Генералам той арміі належала любіць гарэлку, не зважаючы на клімат. Незалежна ад яго. Тым, хто служыў тут, адно падабаліся дадаткова мясцовыя каньячкі. Але сапраўднай любоўю для іх былі штабныя мапы, у якіх яны плавалі, як рыбіны ў вадзе, то бок у моры. Адно, што пілі аднолькава шклянкамі,

па-баявому.

Віно на тэрасе з марскім краявідам. Фабіян дзеля гэтага выцягвае з пакоя вялізны скураны фатэль з драўлянымі падлакотнямі. Скура тоўстая, у зморшчынах. З такой шылі калісьці крагі і скуранкі для авіятараў і аўтамабілістаў, сёньня — чаравікі для спецназу. Скураную гаргару яны называюць Сабакевічам, уладкоўваецца ў ёй зазвычай Сабіна. У талерцы марэлі, вінаград. Сыр. Залацісты, бурштынны або гранатавы струмень.

Смакаваць віно, назіраючы змены на моры. Рух караблёў. Марскіх аўтобусаў, якія спыняліся на кожнай самай малой прыстані, дастаўляючы пасажыраў. Яхты, рыбацкія траўлеры. Драўляныя шхуны. Адныя пераплывалі краявід злева направа або наадварот і знікалі. Іншыя шукалі сабе месцейка нанач. Часам нагадваючы ката, які пераборліва перакладаецца з боку на бок, змяняючы паставу, уперад як заснуць. Нарэшце кідалі катвігу. Калі пачынала цямнець, запальвалі ліхтары. Нейк па-хатняму. Сузіранне руху, прыгатаванняў да сну супакойвала. Так калісьці назіраў наступленне ночы ў пампасах славуты пісьменнік-авіятар з кабіны паштовага летака... Можа, яшчэ віна? Так, калі ласка. Ён адзначаў, пралятаючы над селішчамі і мястэчкамі, як запальваюцца агеньчыкі ў дамах, паўсюдзячы навокал у ночы цяпло камінка, сямейнага агнішча.

Увогуле Фабіяну пашанцавала са службай. Канечне, разам з астатнімі мусіў адбываць кухонны абавязак, хадзіць на варту і дзяжурствы па казарме і начныя баявыя, зрэшты, цэладзённыя. Змагацца са сном з навушнікамі на галаве. Але можна было паслухаць музыку, трапляліся і галасы. Шмат цікавага! Напрыклад: нават у нацыянальнай народнай арміі ГДР — можна піва, выхадныя — дома, віно, паляўнічыя каўбаскі. А пра армію ЗША і казаць лішне. З адкрытага мора добра было чуваць, яго люстра якасна адбівала, ствараючы перашкоды толькі ў шторм. Хаця штарміла часам падоўгу, асабліва што датычыла восені і халоднага сезону наогул. Абы афіцэр не заспеў. Хаця і самі яны карысталі з магчымасці.

Дзяжурства на гары. Пячора з капэ. Бункер. Абеды дастаўлялі “газікам” з даліны, дзе казарма і сталоўка, склады, штаб і салдацкая чайная. Грэчка, кавалак смажанай рыбы. Яйкі і шматок масла, якое ўлетку заўжды растаплівалася, насычала хлеб, на лусту якога клалі, каб не змарнаваць. У ленпакоі Фабіян, адаспаўшыся, спрабаваў штосьці выдумляць прыблізна ў літаратурным рэчышчы. Паміж лістамі, пісанымі ў тым жа сшытку. Пасля першага года службы стаў даволі шмат чытаць. Часам нават сёе-тое купляў, калі трапляў у кнігарню ў звальненні. І ў гарнізоннай кнігараньцы знаходзіў зрэдку цікавыя кніжкі.

Адчуваць сябе геаграфічна дастаўляла задавальненне. Фабіян у сваёй казарме пасля адбою засынае, усведамляючы, што за гарою мора, цёплае, чорнае ноччу мора. Цэлая прорва глыбокай вады з медузамі і дэльфінамі. А дзесь за морам іншае жыццё. Ідэалагічна варожае. Зусім-зусім не такое, не падобнае. Як дзень і ноч. Яны адчувалі гэта фізічна, не бачыўшы таго жыцця і не меўшы нават надзеі ўбачыць. Іх так вучылі. Паказвалі старыя-старыя чорна-белыя падрапаныя кінастужкі пра Ізмаіл і Чэсму. Кніжкі з малюнкамі. Патрыятызму навучалі. За морам уяўляліся накшталт запарожскіх казакоў — вусатыя ў шараварах і з чырвонымі фескамі або ў чалмах страшныя людзі з крывымі шаблямі. Бармалеі з дзіцячага фільма.

Але баранілі яны не ад іх, не ад аматараў кальяна і ятаганаў. Баранілі не ад нашчадкаў янычарскіх, ад натаўскіх “Фантомаў” і “Б-52”. І ракетнай зброі амерыканскай. Дбайна вывучалі назвы і сілуэты — летакоў, караблёў, субмарынаў, ракет — падводнага ды іншага базавання. Авіяносьбітаў. Гонка ўзбраенняў, псіхоз. І штучнае іх узмацненне. Бясконцыя вучэнні, начныя. Навалы бамбавікоў. Стаі крылатых ракет. Як хмары вострых атручаных стрэл персідскіх лучнікаў на калясніцах. Баявыя сланы. Заняткі — уявіць лёт такой ракеты, ляціць нізенька па-над морам, узнімаецца, агінае гару і Фабіяну з хлопцамі капут. Амаль немагчыма збіць, увогуле заўважыць. А нейтронная бомба? Жах! А ўсякая іншая трасца? Хмары саранчы — каб знішчыць ураджай, выклікаць галадоўлю.

Поделиться с друзьями: