Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Райскія яблычкі

Астравец Сяргей

Шрифт:

Што я ёй яшчэ там сказаў? Ці не пра маўклівы сойм? Я, які ніколі не загаворвае сам, не распытвае, не заляцаецца ў дарозе. Ніколі. Што са мной здарылася? Аўтобус прытармазіў перад мостам, і яна выйшла следам за мной. Я падумаў, што яна ўпершыню едзе ў Беласток, бо яе пытанне... Але чаму яна падумала, што я туды еду? Апроч партфельчыка, як звычайна, у мяне нічога больш не было.

Павячэраць у тры гадзіны ночы і потым рана ўстаць. Адная прыемнасць: разарваць новы пачак кавы. Зачытаешся красамоўствамі. Фірма нямецкая. Мова польская. Вельмі велягурыстая. Паэзія ў прозе. “Ужо больш за стагоддзе захапляльны водар Jacobs з’яўляецца неад’емнай часткай жыцця цэлых народаў і людзей самых розных пакаленняў. Найлепшае зерне Арабіка, традыцыі і тэхналогіі Jacobs, цудоўны водар — усё гэта незабыўны смак змолатай кавы Jacobs”. Зверху

налепка — “Навінка!” — “Цяпер вашая ўлюбёная кава стала яшчэ болей духмянай. Пры выкарыстанні найноўшай тэхналогіі Jacobs зерне кавы перад змолваннем замарожваецца, і вы можаце атрымліваць задавальненне ад выдатнага водару яшчэ даўжэй”. Бяру ў кішэню дыктафон. На вуліцы спёка і сумёты тапалінага пуху.

Наперадзе стаяць мужчыны, на жэрдках два ліхтары і крыж. Самі яны ў кароткіх накідках чырвоных, за імі хлопчыкі — у белых, далей дзяўчынкі ў камізэльках, як быццам нацыянальных польскіх, у вяночках са стужкамі. А следам пяць дзяўчат у блакітных доўгіх сукнях з блакітнымі вяночкамі трымаюць вялізны ружанец. Адна — у цэнтры з крыжам аберуч, да якога ружанец мацуецца. Часткі ружанца накшталт вялізных гуркоў або дыняў.

Звоніць ручны званок... Дзяўчаты нясуць падушачкі, харугвы з жоўтымі стужкамі. Матка Боская. Яе трымаюць на плячах чатыры дзяўчыны ў доўгіх белых сукнях. У туфліках. Сукні з накідкамі, аблямаваныя чырвоным. Увесь час звоняць у званок. Далей зноўку дзяўчаты гэтак жа на плячах нясуць выяву Маткі Боскай. Мужчыны. Харугвы. Зноў выява Маткі Боскай. Чатыры пажылыя жанчыны ў белых хустках. Яшчэ харугва. Звоніць званок. Нейкі святы. Званок, дзіцячыя галасы, гоман. Звоніць таксама звон. Побач мяне — шоргат падэшваў. (Эфект праслухоўвання гуказапісу падобны, як падчас прагляду відэазапісу. Ты заняты адлюстраваннем выявы, падрабязнасцяў. Або імкнешся вачыма запомніць чым паболей, розныя дробязі і пераказаць максімум на стужку. У абодвух выпадках ты заклапочаны відэашэрагам, а потым дзівішся паліфаніі гукаў, запісаных адначасова, але якіх ты амаль не памятаеш).

Чатыры жанчыны такую цяжкую нясуць Марыю, што трымаюць яе на ўзроўні ніжэй за пояс. Дзіцячыя галасы. Звоніць звон у бліжэйшым касцёле. Хлопчыкі аберуч трымаюць вялікі ружанец, адзін з іх зусім маленькі, гадкі два. У белых шатах з чырвонымі накідкамі. Гукі жаночых абцасікаў. Жаночы спеў. Святар з “уокі-токі”, ахоўнікі таксама. Яны ў чорных гарнітурах. Аператар са штатывам, з маленькай відэакамерай. Харысты з паперамі ў руках. Мужчына — гучнагаварыльнік. Чатыры рупары за спінай, счацвяроныя званочкі ў руках. Адначасова ён чалавек — званіца. Следам самі біскупы без шапачак. Адзін з іх пад балдахінам з цяжкім круцыфіксам у руках. Ахоўнік з “уокі-токі”. Напоўніцу спяваюць птушкі.

Пад парасонам старая манашка з кіёчкам. Кх, пх... “У нашым горадзе існуе ініцыятыўная група падтрымкі прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Пал Палыча Манькоўскага. Група налічвае (далей — называецца лічба). Учора пачалі працу сваю. Першае ўражанне такое, што людзі прыхільна ставяцца да асобы Манькоўскага. І цяперашні прэзідэнт у асобе нашага прэтэндэнта мае вялікага суперніка. Групы невялікія існуюць і ў раённых цэнтрах. Спадзяванні такія, што свае подпісы людзі аддадуць за Манькоўскага і неабходную колькасць, безумоўна, ён набярэ”. “А слоньцэ высоко-высоко сьвеці пілётом в очы, огжэва неструдзэні зімнэ небеске пшэстшэні… Чэкам на вятр, цо розгоні цемнэ зглэмбёнэ заслоны. Встанэ втэды на раз зэ слоньцэм тважом в тваж,..” — запісваю на паперы са слыху. Мая ўлюбёная Кора. Дыктафонныя запісы — сведкі таго гарачага прэзідэнцкага, але марнага лета.

Я магу абыякава праходзіць паўз газетныя шапікі, прымушаць сябе не заходзіць у кнігарні, грэбаваць крамамі, куды імкнецца публіка. Магу не ўключаць тэлевізар, што звычайна і раблю. Але ўсё адно гэтае жыццё складаецца з тысячаў і мільёнаў дробязяў, нюансаў. І думка ўвесь час пульсуе, і немагчыма адмежавацца ад рэчаіснасці, ад навакольнага жыцця, якое енчыць, лямантуе, спявае, плача, нема крычыць, гаворыць рознымі галасамі, ператвараючыся ў галас. І мне непатрэбна і нецікавая тая штучная зорка Памэла з сіліконавымі цыцкамі. З вачыма прасцячкі, калі не сказаць дурнічкі. Якая робіць спачатку сенсацыю з павелічэння сваіх малочных залозаў, дзякуючы якім робіцца попытнай на кінарынку. А потым, адчуўшы змяншэнне попыту, заяўляе ў прэсе, што “здзьмуе” цыцкі. Кантрасты, рэзкія рухі, нечаканыя

заявы і ўчынкі — для самарэкламы першая справа.

Адзін замежны беларус любіў мне расказваць дзве рэчы. Ведаеш, гаварыў ён, у спачывальні не павінна быць ні тэлевізара, ні камп’ютара, ні кніжак. Каб добра спаць. Я пакуль не магу сабе гэтага дазволіць, сціпла адказваў я. Бо мой пакой быў адначасова гасцёўняй, кабінетам і, само сабой, спачывальняй. Сёньня нарэшце інакш. Хіба што каля ложка некалькі кніжак, якія я чытаю ці намагаюся чытаць перад сном, пасля дзённай навалы інфармацыі, уражанняў, турботаў. А яшчэ ён любіў вяртацца ў размовах да факта, што большасць апытаных у розных краінах мужчын назвалі нечаканую жанчыну, з якой хацелі б кахацца. Яе імя — Патрыцыя Каас, — урачыста абвяшчаў ён.

Што ж, для мяне не было ў гэтым нічога нечаканага. Палякам часта падабаюцца не якія-небудзь порна-дзівы, а спявачка Кора з Maanam. Я сам чуў па радыё такія прызнанні. Па польскім радыё, само сабой. Кора. Вытанчанасць, інтэлігентнасць, але жарсць і моц. Зрэшты, у яе выпадку правакуюць яшчэ тэксты, якія яна піша і спявае. Пра каханне, прычым тэксты не самыя цнатлівыя. Але вельмі паэтычныя. Бюст зусім не такі вялікі, як у Памэлы, але затое сапраўдны. А вершы?

Przyjd'z do mnie w nocy Z za siedmiu g'or i m'orz Kocham gdy mnie dotykasz Cho'c nie dotyka sie r'oz

“Калі мяне кахаеш, як ты кажаш, пашукай яблык вечнага кахання з чарадзейскага саду”, — спявае Кора. Каб добра спяваць, зусім неабавязковая вялікая грудная клетка, аб’ём лёгкіх, не кажучы пра бюст. У Памэлы завялікі бюст, досыць пракураны голас і нуль акторскіх дадзеных. Але галівудцы кіруюцца ў такім разе не густам або крытэрыямі, што датычаць прафесыйнасці выканаўцаў. Адно законы шоў-бізнесу: чым большыя бюсты, чым даўжэйшыя лімузіны, чым болей віскі, боек, страляніны і спаленых “кадылакаў”. А таксама забітых і параненых.

Чаму мне падабаецца Брэйгель? Таму што мне даспадобы ўсё натуральнае, строгае. Позняя готыка, а не якое-небудзь ракако. Брыгіцкі касцёл, Францішканскі за Нёманам, але зусім не наш езуіцкі. Груба кажучы, мне падабаецца папросту кавалак шынкі, а не парсюк на талерцы, напоўнены моркаўкай і ўсякай гароднінай. Я болей люблю чорную каву, а не капучына з узбітым шумам, з насыпаным шакаладам зверху. Не анёлы, мадоны, завітушкі, кветачкі, а рэальныя сцэны жыцця даспадобы. Мужчыны, жанчыны, рыбіны, кумпякі. Яны бачылі жыццё гэткім прадметным, насычаным, поўным, што перапаўнялі свае карціны людзьмі, рэчмі, жывёламі. Ім хацелася зрабіць жыццёвыя сцэны максімальна змястоўнымі, адлюстраваць такімі на сваіх карцінах. Як мне часам хочацца напоўніць сцісла і канцэнтравана сённяшнім жыццём свае апавяданні, сваю прозу. Жыццём з коптурам. Крама, наладаваная таварам, ежай, рознымі бляшанкамі, бутэлькамі, пачкамі, скрынкамі. Процьма разнастайных машын на вуліцах. Нашпігаваная тэлескрынка. Безліч музыкі. Кнігарні, перапоўненыя каляровымі кніжкамі. Поўныя газет кіёскі для прэсы.

Брэйгель, Брэйгель. Калісьці ён намаляваў карціну пад назвай “Краіна дурняў”. Каб ён жыў сёння... У горадзе з гербам аленя Святога Губерта. Што б ён мог намаляваць сёння? Краіну маўчуноў? Людзі з закрытымі ратамі, якія быццам набралі вады. Людзі з вінаватымі ўсмешкамі на тварах, з баязлівымі вачыма. Людзі з безнадзейнасцю ў вачах. З фатальным выразам вачэй. Краіна баязліўцаў, краіна людзей, якія спыніліся перад затокай Чырвонага мора, не жадаючы, баючыся прайсці скрозь ваду, каб развітацца са сваім нявольніцтвам. Страх свабоды. Краіна людзей, якія баяліся выціснуць з сябе рабства. Людзі з рыбінай крывёю альбо нават з сапсаванай. Людзі, якія ненавідзяць усё сваё, а значыцца ненавідзяць сябе.

Брэйгель, карціны якога ажыўлялі ў экранізацыі Шарля дэ Кастэра. Кіно, якое перадавала эпоху, дзякуючы фарбам фламандскіх мастакоў. Незабыўнае ўражанне, што зрабіла кіно, якое я глядзеў, калі жыў у казарме. Ціль Уленшпігель, сярэдневечча. Казарма, боты, пад’ёмы, пайка, мацюкі. Уражанне ўзмацнялася гэтым кантрастам. Я быў вельмі маладым і мне бадай хацелася туды, апынуцца ў кіно, менавіта не сярод гледачоў, а сярод дзейных асобаў, трапіць у іншы свет з гэтага чужога і варожага для мяне. Разам з гёзамі заплысці ў затоплены горад і вызваліць яго ад ненавісных гішпанцаў.

Поделиться с друзьями: