Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Райскія яблычкі

Астравец Сяргей

Шрифт:

Смак да антычнай літаратуры, цікавасць да амфар, размаляваных жыццёвымі сцэнамі, захапленне героямі старагрэцкімі прышчэплены яму тут, сярод сапраўдных элінскіх краявідаў з вечназялёнымі дрэвамі і вінаграднымі лозамі. Ён і паўночны кіславаты вінаград дробны потым таксама палюбіў... Як у кагосьці са старажытных? “Што рабіцьмем узімку? Слухай: агонь распалі, ды, не шкадуючы, у кубкі змяшчальныя лі хмель уцешны, ды ямчэй у цёплай бавоўне схавайся“. Фабіян не мог даць веры, калі выйшла вялікая кружэлка “Па хвалях маёй памяці”. Яе набыць было немагчыма, але адразу з’явіліся запісы. Штосьці зусім надзвычайнае, як на савецкія парадкі. Ніякага камсамола, ніякіх саладжавых тэксцікаў. Вершы Сапфо ды іншых класічных паэтаў. “Песня вагантаў”. Яе ён спяваў, хаця б у думках, калі не дазвалялі ўмовы.

“Ва французскай старане, на чужой планеце...” Уменне абстрагавацца.

У казарменых умовах — гэта галоўнае. Каб не даць апанаваць сябе парцяншчыне, прыкрым армейскім завядзёнкам, ладу жыцця тупагаловых, якія як рыба ў вадзе пачуваліся. Кніжныя драўляныя салдаты. Сам Фабіян хутчэй заставаўся алавяным жаўнерыкам. Жыць унутраным жыццём. Мець уласны свет. Без ахвоты, без імпэту і пагатоў азарту выгукваць каманды і адказы, раўці ротныя песні. Нават не раўці, як іншыя, крыху падпяваць, калі побач прапар або яшчэ які-небудзь дзяжурны. “Плачце ж, мілыя сябры, горкімі слязамі...” Гэтак трымацца дапамагала райская мясцовасць. Яе гістарычны дух. Тая ж генуэзская крэпасьць — масток паміж напачатку антычным, потым скіфскім, затым надоўга — мусульманскім светам і сярэдневечнай Еропай. Можна было паразважаць на паперы наконт татараў, агульнай мінуўшчыны. Гедымінаўскі замак. Дзе пасялілі іхняга хана. Грунвальд, дзе знакаміта вызначылася татарская конніца…

Раніцы былі пазбаўлены гарадскіх гукаў, аўтамабільнага шуму, нядзельных царкоўных званоў. Сценаў і дахаў за акном. Выходзячы на тэрасу, Фабіян узгадваў, што насупраць павінен быў начаваць карабель. Увечары прыплыў і запаліў агонь. А сёмай ён яшчэ на месцы. Робіцца ўтульна. У думках успрымаецца, як амаль стары знаёмец. Але ўвагу міжволі забірае сонца. Як вадкае золата ў моры, што нібы патэльня вялікая з аграмадным мёдавым жаўтком. Іншым разам на ўсходзе ранкам у моры расплаўленае жалеза. Слепкае для вачэй. Глядзець немагчыма, можна толькі хуценька зірнуць. Ціхая, маўклівая раніца. Караблі прачынаюцца бязгучна. Толькі з усіх бакоў ад тэрасы крапае з трубак кандыцыянераў, якія гудуць, халодзячы паветра ў пакоях. Паступова там, на караблях, устаюць, мыюцца, чысцяць зубы, з’ядаюць сваю яешню і адпраўляюцца па справах. Мора для іх не адпачынак, праца. Не марнаванне часу, а заробкі хлеба. Раней, гаворыць каляжанка Сабіны, не было паліва, яны калываліся ля берага, прыкутыя ланцугамі.

Каляжанка з’явіцца літаральна на наступны дзень, проста з мора, прыплыве праз адзін пляж, паўсюль уваход па пропусках, а яна добра плавае. Караблі разыходзяцца, а Фабіян і Сабіна спускаюцца стромымі лесвіцамі да пляжа. Жудасныя лесвіцы, сотні прыступак. Але яны значна горшыя, калі трэба назад. Фабіян іранізуе: другім разам трапіў у вучэбку. Але гэта ўжо пасля пляжа. А на пляжы іх расшукала Сабініна каляжанка. Сабіна паведаміла ёй, што едзе адпачываць у Таўрыду. Яна таксама прыехала.

Бадай самы рамантычны момант. Караблі ўладкоўваюцца на начлег, ствараючы на вадзе, у цемры часовыя паселішча — з выгляду такія ж, як на беразе. Толькі ў моры менш дамоў і меней жоўтых вокнаў. І няма вуліц, калі не лічыць зіхатлівы ходнік ад пражэктара, які на мачце траўлера. На тэрасе можна запальваць святло, але тады не відаць мора і прысутнасць яго часовых жыхароў, падарожных, якія спыніліся на начлег у сваіх перасоўных гатэліках, што быццам ліхтарні папярэджваюць аб уласнай прысутнасці. Распаўсюджваючы навокал жоўтае святло. Lemon juice. Альбо апельсінавы. Разліты на чорную марскую роўнядзь. Жоўтыя начныя вочы невядомых звяроў. Магчыма, загадкавых марскіх пачвараў, якія ўдзень хаваюцца ад сонца і ад людскога вока. Ах! Трэба класціся. Апошні глыток вінца, затрыманы ў роце. Быццам раздушыў паднябеннем ды языком і затым разжаваў даўкую паўночную вінаградзіну.

Фабіян заплюшчвае вочы. На чорна-белым экране па высокіх хісткіх трапах уверх спяшаюцца цывільныя буржуазнага выгляду пад капелюшамі з сакваяжамі, трысцінамі, у пенснэ і акулярах, у скураных пальчатках панове, а таксама дамы, дзеці, гувернанткі. Мы не ведаем, а хутчэй здагадваемся, што сярод іх дактары, суддзі, адвакаты, універсітэцкія выкладчыкі, банкіры, купцы, стацкія ды іншыя дарадчыкі, дэпутаты, правадыры шляхецтва, земскія чыноўнікі, па-мешчыкі, паштовыя і тэлеграфныя службоўцы, чыгуначныя інжынеры, фабрыканты. Але фабрыканты без фабрык, інжынеры без чыгункі, паштавікі і тэлеграфісты без пошты і тэлеграфа, памешчыкі без зямлі і сядзібаў, земскае чынавенства даўно без земстваў, правадыры без шляхты, дэпутаты без Думы, стацкія дарадчыкі без міністэрстваў. А купцы без тавару, крамаў і параходаў, банкіры без банкаў, а калі з грашыма, то з абясцэненымі. Выкладчыкі, яны былыя, бо без універсітэтаў,

без мікраскопаў і глобусаў, астралябій, адвакаты без прамоў і падабаронных, суддзі без мантый, дактары без лекаў і шпіталяў.

У агульнай чарзе ўзнімаюцца на сваю, ва ўласных вачах, Галгофу гімназічныя настаўнікі, вучоныя, прафесура, прыват-дацэнты, філосафы, паэты і празаікі, газетчыкі, актрысы з акторамі, рэжысёры правінцыйных і сталічных тэатраў, піяністы, скрыпачы, дырыжоры, Божа ж мой, тэнары, басы і сапрана, нарэшце шахматысты і нават балерыны і танцаўшчыкі. Хтосьці трымаў з сабой Біблію, хтось пару Пушкіных, нехта, можа, бляшанку з попелам, жменю зямлі, а іншы бутэльку масандры. Фотаздымкі, лісты з маркамі больш няіснай краіны, марныя купюры з Раманавымі… Адбываліся вялікія пярэбары нават не народа, пярэбары адукаваных вяршкоў, адмыслоўцаў. Неверагодна: слізгалі па леерах спрытнымі рукамі жанглёры, акрабаты, хадуны па канаце, паглынальнікі агню, кінжалаў, утаймавальнікі звяроў, картачныя фокуснікі, але й шулеры і таксама, клоўны, як жа без іх? Яны болей не былі патрэбныя, прынамсі не адчувалі сябе дарэчнымі, паставілі крыж. Засталіся далакопы, іх чакала праца, праўда, за яе перасталі добра плаціць, што ні дзіўна.

Напруж думку: ці яна, флатылія, якая не вернецца, здавалася каўчэгам, каўчэгам-караванам на свабоду? Ці каўчэгам быў сам Крым? Часовым каўчэгам, як хутка высветлілася. Які ім давялося спехам пакінуць, ратуючы свае душы, істоты, свае гонар і годнасць, жыццё. Сваю рэлігійнасць, сумленне, як ні дзіўна, сваю любоў да радзімы, да зямлі продкаў, да айчынных святыняў. Але з разбітымі надзеямі, з раструшчаным як царкоўны звон шчасцем, са згубленымі радасцямі. Уласна кажучы, без веры, пагатоў без цара і зусім без айчыны. З пахаванымі марамі, учорашнімі непатрэбнымі поспехамі, стлумленымі жаданнямі, марнымі планамі, колішнімі пражэктамі, з недарэчнымі сёння памкненнямі, з пакінутымі ў іншым жыцці каханнямі, вянчаннямі, шлюбамі.

Не толькі мысленыя спробы сягнуць унутр, зазірнуць пад скуру, Фабіян працягвае сачыць за нямымі сёння падзеямі, за рухамі людзей, якіх больш няма, кінахроніка працягваецца. З берага, які робіцца небяспечна землятрусным, на — хай больш бяспечную, але не да рэшты дабранадзейную палубную паверхню дробнай салдацкай хадою кіруюць вайскоўцы: са сцягамі, пры пагонах, узнагародах, са зброяй — з шаблямі, рэвальверамі, са стрэльбамі і кулямётамі. Казакі, канечне. Жандары, паліцыянты, турэмныя наглядчыкі таксама. Бацюшкі з матушкамі, з крыжамі, абразамі і нават харугвамі, не пакідаць жа, але без святой вады, без царкоўнага кагору і прасвірак, толькі са свечкамі, з грамніцамі, яны лягчэйшыя і месца меней займаюць.

Глядзіш на тыя даўнія чорна-белыя паражэнскія пярэбары, ліхаманкавую пагрузку на караблі і стрэмкай адчуваеш нечаканую думку пра кінааператараў. Бо мы сёння толькі менавіта дзякуючы ім маем візуальнае уяўленне, прычым дакладныя веды пра тое, што тады адбывалася. Яны працавалі на прычале, яны грузіліся са сваімі грувасткімі апаратамі ў апошнюю чаргу. Ім неабходна было захаваць стужкі, знайсці ўмовы ў Стамбуле, каб праявіць кінахроніку. А калі гэта здымалі для ЧК? Таксама магчыма. Хто мог перашкодзіць, арыштаваць, застрэліць? Ніхто не звяртаў, напэўна, асабліва ўвагі.

Сцягі, якім больш ніколі не трапіць у бой, не стаць пагатоў пераможнымі, якім наканаваны моль і нафталін. У лепшым разе музейная вітрына для вузкага кола. Некаторыя, праўда, трапілі напачатку ў храмы, але ў ніякім разе не ў штабы, не ў казармы, не ў цытадэлі. Якая карысць ад іх у храме, сваім ваяўнічым прызначэннем яны супярэчаць яго духу, само знаходжанне ў царкоўных сценах — дысананс. Злашча, як паказаў час, яны, некалі баявыя, выветрыліся ад пораху, але па-ранейшаму вайсковыя, стваралі пазней небяспеку для эмігранцкіх цэркавак і святароў. Не заўжды, але даволі ў шмат якіх выпадках. Хай сціплыя, амаль сарамяжлівыя, згорнутыя, без прэтэнзій на большае, яны захоўвалі небяспеку сваімі арламі, божым тварам, крыжамі, сваімі “яцямі”, сваёй былой славай і нават, нават апошнімі і канчатковымі паразамі, сваёй біяграфіяй.

Калі быць бесстароннім, гэта не былі насамрэч панічныя ўцёкі, як абвясцілі адразу пераможцы, як ім хацелася лічыць да ўласнага здавальнення, дзеля славалюбства, умацавання свайго геройства, сваёй у рэшце рэшт выніковай перамогі. Не, гэта не былі зусім уцёкі, хутчэй адыход. Дай Бог любой іншай арміі адысці з пазіцый у шыхце з прымкнёнымі штыхамі, пакінуць зямлю, якую абаранялі з апошняй сілы, да скрайняй магчымасці, адысці гэтак жа пад сцягамі, з аксельбантамі, ганарова, і вочы не трэба было хаваць адным ад адных. Ганьба з гонарам напалам. На жаль.

Поделиться с друзьями: