Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Райскія яблычкі

Астравец Сяргей

Шрифт:

Агонь нарэшце запалымнеў, апаноўваючы хвойнае галлё. Як рыбалоўцы навакол пасталі маладзёны з пруткамі. Засквырчэлі каўбаскі, празрыста напоўніла шкляначкі гарэліца. Гамана запанавала ля мёртвых муроў. Вярнуліся з абеду дыпламаты. Амерыканец нагадваў захопленага пікніком студэнта. Нехта выпрасіў у польскага аташэ прымерыць “рагатувку” і пайшоў пахваляцца да сябрукоў. Польскі дыпламат сказаў Акінчыцу, што рады яго бачыць. Калісьці ў іх былі прыязныя адносіны. Потым Акінчыц апынуўся часова за мяжою, а дыпламата адклікалі у Варшаву. Затым яго зноўку прыслалі, падвысіўшы, у сталіцу. Цяпер яны амаль не бачыліся. Уначы Акінчыц сасніў, сам дзівячыся, як бярэ у паляка інтэрв’ю, і як той адмаўляецца адказваць на самыя цікавыя пытанні.

У дарозе моладзь працягвала жлукціць гарэлку. Падрэмваючы, Акінчыц змагаўся з гармідарам у галаве, спрабуючы вылучыць

з заблытаных пачуццяў думкі, высновы. З рэчаіснага ладу яму хацелася апынуцца ў метафарычным. Разважалася яму ў прыблізна такім рэчышчы... Кажуць, немагчыма ступіць у адную раку двойчы. Гэта не пра нас. У нас усё здараецца. Колькі не трапляем у ваду, столькі разоў няўдала. З аднолькавымі памылкамі. Адразу з галавой. Ані разу не патрапілі броды даведацца. Або падрыхтаваць чоўны, каб перасягнуць плыню ўраз. Ужо не кажу пра пантоны, масты. Начыталіся кніжак. Падыйдуць бліжэй да ракі нерашуча і быццам чакаюць, пакуль вада расступіцца ўбакі. Альбо перасохне ці хоць бы змялее рэчышча, каб апынуцца на процілеглым беразе, дзе ўсё інакш, дзе сам сабе гаспадар. Дзе сонца ззяе і ззяе, дзе не трэба чакаць недаедкаў з чыйгосьці стала, дзе можна размаўляць як умееш, дзе няма ні паноў ні таварышаў, дзе каровы самі просяцца: падаі! Дзе дрэўца з райскімі яблычкамі чакае. А, зрэшты, хто іх ведае, чаго яны сабе там думаюць і ці думаюць увогуле? Заахвоціць, падбухторыць, каб толькі схадзілі зірнуць на “раку часу”, удаецца заўжды меншыню. Большасць абыякава застаецца на месцы, нязрушна як крушня на ўскрайку поля. Ні ворыва, ні мурог, ні лес. Так, абы-якая мясціна.

Ружаны спаткаліся па дарозе мёртвымі аркадамі разбуранага палаца, памеры якога нават цяпер уражвалі, унутры нагадваючы галерэямі чамусьці Калізей. Грандыёзныя дэкарацыі да спектакля, назву якога ўсе забылі. Тэатральная трупа распалася, акторы раз’ехаліся, гледачы паўміралі. А калісьці сюды прыязджаў сам кароль. Урачыстая кавалькада, ганаровая варта, залпы ў паветра. Баль, шампанскае, прыдворная капэла, танцы. Увечары феерверк і спектакль у палацавым тэатры. Хтосьці пачаў апавядаць, пераўвасобіўшыся ў гіда. Акінчыцу не захацелася слухаць, ён вярнуўся ў аўтобус. Сумна ўсё, пагатоў калі ўбачыш аднойчы на ўласныя вочы.

Ну вось, спадзяваўся залішне не разумнічаць, не філасофстваваць, а зацягнула ледзьве не ў цямрэчу егіпецкую. Але, рака, рака, яна застаецца напраўду. Адным досыць на другі бераг пастаяць паглядзець, на віры, на адважнікаў, якія кідаюцца ў плыню на скрут галавы. Адно няпраўда, што ніхто з нашых не бачыў заходняга берага, што ніхто плаваць не ўмее. Толькі што беларусы добрыя выканаўцы, на чале з кімсьці — вісусы, героі залатой зоркі і белага арла. Яшчэ паэт трапна зазначыў. Не сваю, маўляў, чужую долю баранілі. Пад чужымі, карацей, сцягамі ўміралі.

Нацыя жаўнераў, гладыятараў, а таксама падначаленых, служак. Генералы здараліся, але зноў-такі з чужымі аксельбантамі. Вось і гэты. Не, ён, канечне, стараўся. За нашу і вашу свабоду. Але, як заўжды, не атрымалася, не пашэнціла. “Мамо, не хачу да польскага войска ісці”, — пісаў у лісце Касцюшка. Гэта не Акінчыц прыдумаў ці вышукаў недзе, паляк адзін расказаў яму. Акінчыц быў у рэдакцыі “Бацькаўшчыны”, калі прыйшоў звычайны мужчына ў шэрым паліто і каракулевай кучомцы, пачаўшы размаўляць ламана па-расейску. Давялося адказаць па-польску, каб не чуць трасянкі. Дзівак, заходнепольскі чалавек, меў супольны бізнес, усё ляснула. Цяпер бадзяецца па знаёмцах, па далёкіх сваяках. Бог вед колькі не бачыў польскіх газет, пайшоў у консульства, консул даў яму жмут старых, нават пахваліўшы ці парадаваўшыся за наведніка: каб гэта ўсе, хто звяртаецца па дапамогу, мелі падобныя праблемы.

Над рэдакцыяй вісеў бел-чырвона-белы сьцяг. Паляк і завітаў. Хоча, кажа, прыдбаць такі значак, прышпіліць сабе, каб пазлаваць памежнікаў. Ну няма, на жаль. У рэдакцыі ўсе былі занятыя, размаўляць з палякам давялося Акінчыцу. Спусціліся на паверх ніжэй, у незалежніцкую сядзібу. На сцяне быў партрэт Мурашкі — мясцовага начальніка, які марыў аб царскіх часах і болей за ўсё любіў, каб яго называлі губернатарам. Мурашкаў твар у зялёным мундзіры вядомага з гісторыі Мурашова-вешальніка, з усімі генерал-губернатарскімі рэгаліямі.

За вокнамі забеленыя гарызантальныя краявіды, калісьці мясціны ваенных дзеянняў, баёў паўстанцаў з карным войскам. Акінчыцу не давала спакою старая думка. Купка герояў — наперад, на ворага! Астатнія ў акопах. Акопнікі, носьбіты акопнай праўды, спажыўцы, спавядальнікі. Адседжвацца, адстрэльвацца. Перачакаць.

Не кавалерыя, — гусары, кірасіры. Пяхота. Збраяносцы, драбы, падносчыкі ядраў, дастаўшчыкі пораху. А, зрэшты, у выніку — гарматнае мяса. Хто імкнецца не выторквацца. Касінеры. Баёвая маса.

“Возьмем косы і янчаркі, Пачнем гордыя гнуць каркі!..”

Гэта Акінчыц вычытаў у хрэстаматыі. Песні жаўнерскія, зрэшты, зазвычай досыць баёвыя. Але іх гэтак мала! Слёзы. Дзякуючы даследчыку, які выпадкова натрапіў. А так нават перакладаць чужыя дзеля колькасці мусілі. Чужыя адносна. Касцюшка іх таксама спяваў са сваімі касінерамі, калі толькі генералы спявалі. Каб запісаць альбом ваяцкіх песень, некаторыя пераклалі. Акінчыц вельмі чакаў, часам хацелася па-свойму заспяваць, па-жаўнерску. Але атрымалася нейк архаічна-лубочна, і слязу выклікала, і лёгкую ўсмешку. Канечне, калі разважаць пра каркі, дык няма рады. Але “возьмем косы і янчаркі” — вельмі файна. Трэба верыць у сваю зорку. Веру, прынамсі, пераказаць сынам. Застрэміць у іхніх галовах. А што з гэтай песняй? Нейкі архіўны шукальнік надрукаваў. Амаль праз сто год. Тэкст. Музыкі ніхто не ведае. Памерла, знікла разам з апошнім касцюшкоўцам.

Мурынаў яму не хапала. Каму яму? Касцюшку! Ён жа пакінуў грошы, калі ад’язджаў з Амерыкі, на іхні выкуп з нявольніцтва. Карцела ж яму! Не мог глядзець спакойна на людзей у кайданках. Усведамляў, што дапамог здабыць свабоду іхнім рабаўладальнікам. Нябрыдкім, зрэшты, людзям, але якія хацелі свабоды толькі для сябе, свабоды, каб прыгнятаць іншых надалей. Іншае пытанне, што яны мурынаў не лічылі за сабе роўных, нават не хома сапіенс, другім гатункам, пераходным паміж прыматам, малпай і белым чалавекам. Сумнеўна, што сапраўды грошы ягоныя былі выдаткаваны па прызначэнні. Вельмі сумнеўна. Зрэшты, звычайная досыць гісторыя. Адваёўваючы потым незалежнасць, палякі пазбавілі яе касцюшкавых землякоў — нас. Наіўны ён быў, як часта здараецца з беларусамі. Лепей бы выкупіў тых мурынаў ды прывез сюды, меў бы аддзел адданых жаўнераў. Маскалі можа з перапуду яшчэ здаваліся б. Знайшоў каму пакінуць грошы. Ды на іх маглі новых кайданаў нарабіць. У такіх думках Акінчыц задрамаў і апынуўся ў снах. Абудзіўся ўжо ў горадзе, аўтобус дробна трымцеў ля светлафора.

Спыніліся ў месцы ад’езду — на пляцы Касцюшкі. Акінчыц тут жыў у старасвецкай камяніцы, дзе быў Касцюшкавы штаб калісьці. Побач захаваўся былы каралеўскі тэатр, сёння — тэатр марыянетак. Акінчыца часам не пакідала адчуванне, што ён жыве сярод гістарычных дэкарацый. Насупраць на пляцы стаяла пад дахоўкай камяніца з архіўнымі зборамі. Тамака захоўваўся рэдкі дакумент. Аб вызваленні з-пад прыгону сялян, складзены Касцюшкам у швейцарскай старонцы. Рамантык! Вызваліў былых сваіх прыгонных, якія яму ўжо не належалі. Ён жа — выгнанец, эмігрант! Якія могуць быць сяляне? Цікава, ці чулі яны, ці даведаліся, ці атрымалі магчымасць напраўду пацешыцца свабодаю, вызваленнем з-пад прыгнёту? Ва ўсякім разе, дакумент быў перасланы сюды і тут захоўваецца, насупраць акінчыцава дома. Так, а зрабіў Касцюшка гэта перад сваёй смерцю. Цікавае супадзенне: у той жа час у віленскай шляхецкай зборні мясцовыя масоны прапанавалі абмеркаваць магчымасць скасавання прыгнёту. Але Акінчыц не гісторык, яму нічога невядома аб тым, ці напраўду звязаныя гэтыя дзве падзеі. Аднак супадзенне вельмі цікавае.

Дома ён адкаркуе нарэшце пляшку каньяку, дагэтуль недатыкальнаую. Пасля марознага падарожжа напой здаўся глыткамі халоднага агню, які раптам выгравае знутры, робіць зіму надзвычай прыемнай. Акінчыц не ўстрымаўся і ад кавы. Моцны густы водар “Чыба”. Хаця апошнім часам кава таксама магла перашкодзіць яму заснуць. Але пасля марозу, пасля дзённага ўстрымання. А кава з каньяком? Цымус! Паўстанцкая вайна — уцёкі зайца ад паляўнічага, заблытванне слядоў, спробы ашчэрыцца, напалохаць чалавека з ружжом касой-літоўкай. Нават падручнік быў выдадзены — як рыхтаваць косы да бою і як карыстацца імі. Што ж, калі грошы выдаткоўваліся адно на баляванні, на маскарады і феерверкі, зброю замянялі косы. Кавалі, напаліўшы лёзы косаў, распроствалі іхнія пяткі, рабілі па дзве дзіркі для цвікоў. Існавалі баёвыя стандарты: тронак павінен быў мець даўжыню ў чатыры локці — каля двух з паловаю метраў і шырыню ў дзве цалі. Своеасаблівыя смяротнікі. Яны атакавалі бегма калонамі, каб быць крыху менш падступнымі для страляніны, але заставаліся суздром безабароннымі, пакуль не дабягуць да варожых пазіцый. Калі толькі дабягуць...

Поделиться с друзьями: