Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Райскія яблычкі

Астравец Сяргей

Шрифт:

Ты разрэзаны і зашыты, знутры зацыраваны бы шкарпэтка, прымусам пагружаны ў сон і вызвалены з яго. Апушчаны (ці, наадварот, узняты?) у бязважкасць, у непадкантрольны табе стан, зноў набыў цяпер вагу. На некалькі дзён ты прыкаваны да ложка і будзеш залежаць ад іншых: пачысціць зубы, вынесці судзіну з мачой, даць піць, талерку з ежай, хаця не, ад ежы ты адмаўляешся: не дай божа на гаршок рабіць у ложку. Годзе з цябе старарэжымнага эмаляванага з шырокім хобатам нібы-чайніка, які з цяжкасцю нахіляючыся трэба браць з падлогі і прыладжваць да свайго апатычнага “васьміножца”.

Ты трапляеш у шпітальныя сцены, калі неба блакітнае, адкрытае сонца і даволі цёплае паветра. Цяпер, калі зноўку неба сіняе-сіняе, сонца яшчэ мацнейшае, і

зрабілася значна цяплей — сапраўдная вясна, амаль пачатак лета, не знаходзіш слоў для раптоўнай зімы, што здарылася на Вялікдзень. Зрэшты, ты адчуў яе і ўбачыў чужымі вачыма — нібы праз вайсковую стэрэаскапічную трубу, лежма лежачы на сваім казённым ложку, амаль прымацаваным да яго.

Надвор’е змяняецца гвалтоўна: моцны вецер гоніць на ўсход уздоўж нябачнай ракі нагрувашчванні аблокаў, неба пакрысе робіцца аднастайным, суцэльнага шэра-сталёвага колеру, яно з цяпла нават выглядае халодным, зімовым. Хвалі моцнага ветру налятаюць на будынак, вецер скавыча, а батарэі пачынаюць разагравацца. Неўзабаве ўжо хвалямі нясе снег, на які вы паспелі забыцца. Ён падае некалькі гадзін запар, а твае аднапалатнікі абмяркоўваюць лічбу прыпаркаваных абапал дарогі машын і людскі натоўп, што сабраўся да ўсяночнай на будоўлі царквы: сцены на некалькі метраў, крыху вышэйшыя за іх чатыры белыя калоны, пад’ёмны кран, стосы цэглы, блокаў, дашчаны плот.

Размова пра велікодныя яйкі, спрэчка — калі іх свенцяць — толькі ў суботу, ці ў нядзелю таксама? Званкі Андрэя сваякам і знаёмым, ён божыцца, што заўсёды робіць гэта ў нядзелю. Ён гаворыць пераканаўча, ты яму амаль верыш, тым больш насамрэч не ведаеш, як там у царкве робіцца. Ва ўсякім разе не ўзнікае сумневу, што Андрэй сапраўды свенціць яйкі, толькі сёлета не атрымалася. Увагу прыцягвае дом бацюшкі — грунтоўны і закончаны —памерам амаль з саму царкву, — гаворыць нехта, ты працягваеш “глядзець вушамі”. Перад сном прыходзіць sms: “Са святам Уваскрашэння Езуса Хрыстуса! Смачнага Велікоднага яйка, шчасця і веры ў сэрцах жадае сям’я Р.”…

Наркоз — ты адлятаеш. Як газ, як сон, як светлы дзень. Знікаеш з уласнай свядомасці, як нібы памерлы, якога больш няма для самога сябе, які толькі ў думках, у памяці тых, хто застаўся... Завітвае з суседняй палаты цікавы чалавек: іншых ён моцна “грузіць”, амаль што раздражняе, а табе падабаецца яго слухаць. Ён таксама пасля аперацыі, але — лапраскапіі, калі жывот не рэжуць, а толькі пад скурай з дапамогай шчупаў аблытваюць яго адмысловай сеткай.

Задурыў усім галаву, а табе цікава. Абудзіўся, кажа, на стале, непрыемна здзіўлены: усіх бачу і раптам усведамляю, што работу яны сваю яшчэ не закончылі. Адчуваю, як шкрабаюць па жываце... Быццам таркай жалезнай. Дайце наркоз! Няма, скончыўся. Што значыць скончыўся? Шукайце дзе хочаце! Не скандальце, мужчына, калі прывязуць у палату, дадуць укол. Калі гэта будзе?! Вы казкамі не карміце, дзе кніга скаргаў?! А рукі не слухаюцца, сам як лялька, толькі галава жывая, і недарэчная думка раптоўна: вось траплю дамоў калі ў рэшце рэшт, куплю любых смярдзючых сасісак у краме, без розніцы, налью шклянку, абы хутчэй, абы сапраўды дачакацца...

Наркоз — ці гэта цемра? Або, наадварот, святло? Хутчэй адсутнасць усяго і знікненне цябе самога: ніякіх сноў, ніякіх візуальных выяў, нічога. Ты часова вырваны быццам расліна з глебы, з рэчаіснасці, з гэтага жыцця, толькі тваё цела, твая абалонка на месцы, але табе гэта невядома, ты сам знік з яе, кнот прыкруцілі, агеньчык задыхнуўся, жыццё цьмее нябачна, нават з прыскам не параўнаць, у якім зіхацяць раз-пораз жарынкі. Гэта яшчэ можна назваць: залунаць і растварыцца ў паветры, незаўважна, неўпрыцям, у імгненне вока, недаступнае чалавеку для фіксацыі, як хуткасць святла.

Разам з целам і свядомасцю зніклі час і свет: ложак, табурэтка, усе рэчы навокал, людзі і далей — вуліцы, мост, дамы, рака, увесь горад. Знікла неба, пара года, надвор’е і канкрэтны дзень, дата. Але насамрэч гэта ілюзія. Пагас

толькі адзін тэлеэкран, гэта яго больш няма, на астатніх па-ранейшаму твары, натоўпы, рух, галасы: гамана, смех, жыццёвыя сітуацыі, калізіі, выпадкі, здарэнні, штодзённая плыня. Гадзіннікі перасталі цікаць, пясок прасыпаўся скрозь вузкае жэрала ў дольную колбу, набыўшы абрыс кургана ці піраміды, хісткую трываласць, атрымаўшы вонкавую раўнавагу пясчынак, падманлівую непарушнасць.

Сон, зрэшты нетрывалы, разрывае трэск неонавых лямпаў. “Христос воскресе! Подставляйте попки, мужчыны”, — стараславянскія словы для цябе зусім нечаканыя. Уся палата, напалову сонная, падстаўляе азадкі чапурыстай медсястры з прэтэнзіяй... Пры канцы твайго шпітальства на сколатых галах не застанецца жывога месца, затое не адчуваеш свайго шнару. Ён не смыліць, адно нагадвае аняменнем. Двум з суседаў штодня ставяць кропельніцы, таму, што злева, Валодзю — па тры слоікі рэгулярна. Але што толку: ён дыміць як паравоз — перад ежай, пасля ежы, нават прачнуўшыся ўначы, бярэ пачак цыгарэт у прыбіральню.

Замяшанне на калідоры, чую чужыя каментары таксама, сам не здатны зрушыцца, хіба што здарыўся б пажар, землятрус, вайна. Звяглівы голас, скаргі, роспач, паўторы, паўторы, робіцца цяжка нават у зачыненым пакоі. Скандал у шпіталі яшчэ больш гнятліва дзейнічае. Да кагосьці прыйшла наведаць сваячка, але яна ненармальная, шкада, шкада, але хочацца, каб усё хутчэй закончылася. І табе паведамляюць, што прыбыла якаясь “брыгада”, енкі перапыніліся, засталося пачуццё прыкрасці і няёмкасці. Напачатку ўсе маўчаць.

І пачынаюцца доўгія, цягучыя, але часам дасціпныя, смешныя шпітальныя размовы. Андрэй, ты ў арміі татуіроўку такую зрабіў? А дзе ж яшчэ мазгоў хапіць магло? У Андрэя з пачуццём гумару ўсё ў парадку, табе такія падабаюцца. А татуіроўка — памежны слуп, шчыт, меч і, можна здагадацца, колішні бел-чырвона-белы сцяг — Андрэй тады служыў, калі на флагштоку над памежнай заставай часова лунаў менавіта ён, бел-чырвона-белы. Ты стараешся не паказаць свайго ў пэўным сэнсе захаплення. Але ў яго няма настальгіі, піетэту, ён узгадвае, як ім казалі боўдзілы прапаршчыкі: наш цяперашні штандар, ха-ха-ха, — “сала-мяса-сала”... Прапаршчыкі вучылі таксама гісторыі і ставілі на занятках адзнакі. Напрыклад, пытанне “на засыпку”: хто быў першым пагранцом? Адказ: Ілля Мурамец, на вядомай карціне ён ля памежнага слупа на кані разглядаецца навокал. Гэта — наш цяперашні герб, у сэнсе Мурамец на кабыле... А наступнымі пагранцом быў Фелікс Эдмундавіч, са сваімі чэкістамі з наганамі і маўзерамі.

А што яшчэ цікавага расказвалі прапаршчыкі? Што Георгі Скарына друкаваў буквар для рускага цара, каторы вызваліў яго родны Полацк, а імператрыца ўсім давала налева і направа забясплатна і давялося ўрэшце прадаваць Аляску Штатам: “Мін херц, мін херц, што па-нашаму самі знаеце што”, паўтараць гэта самім вучыцелям падабалася асабліва. Табе здаецца, што грошы за Аляску выручыў нейкі з цароў, прычым у пазнейшыя часы, але слухаць цікава, ты ў прапаршчыкаў не вучыўся, тым больш “беларускай гісторыі”.

А што расказаў ты? Фабулу албанскага фільма, што атрымаў Венецыянскага льва. Малады немец падарожнічае па Албаніі. Уласна кажучы, ён набыў за трыццаць марак бункер, бетонны каўпак, які на савецкім грузавіку сталінскіх часоў яму вязе да марскога порта ягоны мясцовы равеснік. Сонца, неба, прыгожае мора і занядбаны няўтульны берагавы краявід, уздоўж якога бясконцым ланцугом — бетонныя бункеры, якімі пры камуністах забудавалі ўсю краіну наўсцяж. Дзве дамінанты: кіламетрамі груды смецця ды шэрыя бетонныя каўпакі, і гэта на фоне жылых кварталаў, уласна спальнай забудовы. Нэндза ў албанскіх хрушчоўках, “калахі” пад ложкам, сталінская статуя, якую вязе цераз горад, вызваліўшыся ў порце ад бункера, старэнькі “ЗіС”, Ёсіф Вісарыёнавіч ляжыць у кодабе на спіне, рука тырчыць у неба, быццам той “калашнікаў”. Зрэшты, з цябе кепскі апавядач, твая стыхія — словы на паперы.

Поделиться с друзьями: