Райскія яблычкі
Шрифт:
— Скажыце, дзе роўныя ўмовы для вясковага жыхара са сталічнікам?! Дайце машынку бясплатна і я перакулю свет! Я пакажу, што слёзы кракадзілавыя праліваць на гарадскім асфальце — немаральна! Я сродкамі літаратуры пакажу. (Гэта я зноўку звярнуў увагу на дыскусію дэлегатаў-літаратараў, сярод якіх апынуўся). Дайце мне машынку, прашу вас! Дзеля ўсяго святога!
Яны яўна не здолелі паставіць птушку ў парадку дня насупраць пытання аб прафесійных варштатах, не маглі ніяк падзяліць машынкі, якія заставаліся пакуль шкурай не ўпаляванага мядзведзя. Дакладчык не хацеў здавацца. Ён вывучыў машынкі нібы археолаг, які расшыфраваў надпісы на антычных амфарах і пазнакі на каменных сякерах! Напраўду? Я зацікавіўся. Дакладчык вызначыў па нумарах на дэталях машынак: каму яны належалі, калі былі арыштаваны і ў якіх следчых апынуліся. Пашкадаваўшы на словах час дэлегатаў, ён паабяцаў падрабязнасці надрукаваць у акадэмічным часопісе, але не спыніўся. На фабрычных шыльдачках
Даклад набыў ніякаваты, калі не мовіць: непрыемны прысмак. За кніжкі больш не расстрэльвалі, але падрабязны экскурс спараджаў у душы цьмяны несвядомы сумнеў. Усё ж лепей бы іхнія машынкі хавалі разам з імі, клалі ў магілу, як калісьці меч побач з ваяром ці гаршчкі ў адной яме з ганчаром, які іх вырабіў, падумалася мне. Машынку — у магілу было б больш па-людску. Аднак іх працягвалі мучыць, вытрасалі душу, замест раманаў друкавалі вусцішныя пратаколы. Як яна чулася, механічна пішучы, сцяўшы зубы, несусветныя прызнанні свайго ўчорашняга гаспадара, найлепшага сябра, які любіў яе, дбаў, пяшчотна звяртаўся да яе? Яна пачынала з глузду з’язджаць: раней даводзілася часам вымушана лайдачыць, а цяпер гарбацілася без выхадных, без сну, у следчых з натхненнем праблемаў не існавала. Прамоўца ўсё ж перакінуўся на падрабязнасці, на лічбы, хоць абяцаў устрымацца… Я міжволі пагартаў раман пра вайну ў Арабіцы.
Сяброўская для Арабікі партызанская рэспубліка патаемна прыслала знаўцаў дыверсійнай барацьбы, у кожнай групы была свая задача: навучыць непісьменных дэхканаў знішчаць чужынскія бронемашыны, знайсці і зліквідаваць здраднікаў сацыялістычнай айчыны, адшукаць сакрэтную турму, дзе янкі трымалі правадыра арабіцкага народа, якому доўга ўдавалася быць няўлоўным, ды наладзіць партызанку ў захопленай ворагам краіне. Акупанты тым часам дапытвалі адважнага правадыра і рыхтавалі судовы фарс.
У гэтым месцы, нічога больш не тлумачачы, аўтар палічыў патрэбным пазнаёміць чытача з незайздросным існаваннем здраднікаў, якія баяліся выйсці па-за межы “зялёнай зоны”, дзе мясцілася акупацыйнае начальства, і якую ахоўвала бронетэхніка, а ў паветры баражыравалі “кобры”. У гатэльным нумары яны сядзелі нібы ў турме: глядзелі порнаканалы, смакталі “канабіс”, жлукцілі “бурбон”. Яны пачыналі ненавідзець саміх сябе, амерыканцаў, кісель з бромам, ад думкі пра які ванітавала. Па начах снілі словы ваеннай прысягі, якія гарэлі нібы татуіроўка на грудзях, гарэлі мацней за іхні ўлюбёны спірытус, як той напалм: “А еслі я нарушу гэту сваю прысягу, дык хай мяне спасцігне справядлівае вазмездзіе, суровая кара і ўсеобшчэе прэзрэнне і нянавісць працоўных”…
Небаракі! Я адхінуўся ад раманнай спякоты, ад згрызотаў сумлення здраднікаў сацыялістычнай радзімы, зноў адчуўшы гук трыбуннага мікрафона, нібы вату з вушэй выняў. Гаварыльня не спынялася, знаўца пісьмовых машынак дайшоў да разынкі сваіх росшукаў:
— Я зрабіў адкрыццё, дарагія сябры, аб чым марыць кожны даследчык, кожны гісторык краснага пісьменства! На шыльдачках машынак, якія захаваліся дзякуючы НКВД, толькі два віды пазнак, на што я амаль адразу звярнуў увагу. Рыскі вертыкальныя і крыжыкі, яны таксама на рамах выдрапаны. Ніколі не здагадаецеся! Але я здаўмеўся: калі лічба пазнак не супадае з колькасцю напісаных кніжак, дык трэба пашукаць у тых, каму дасталіся машынкі, калі гаспадароў арыштавалі. І — эўрыка! Супала! Яшчэ чакала праца, архіўныя пошукі, але я высветліў, што проста рыскі — гэта колькасць прысудаў, калі паэт ці празаік заставаўся жывы, звычайна давалі дваццаць-пятку, чвэрць стагоддзя, можна сказаць. А вось крыжыкі — гэта куля, гэта ўсё. Шкада, канечне, але вынікі навуковага пошуку пра гэта сведчаць. Гэта нібы засечкі снайпераў на прыкладзе.
Дакладчык разважаў: шкада, што ўладальнікаў няма, і нават магіл, але захаваліся машынкі, на якіх хай не адновіш колішнія раманы, не дапішаш незакончаныя, аднак мы цяпер ведаем каму канкрэтна належала асобная машынка, а гэта — мемарыяльная рэч, помнік пісьменніку…
Мне сталі мроіцца бронзавыя, гранітныя галовы літаратараў на друкарках, нібы бюсты на пастаментах. Я ўявіў пісьменніцкія могілкі: на гранітных плітах пішучыя машынкі — “Ударніца”, “Бальшавічка”, “Камунарка”, а ў кагосьці нават “Ундэрвуд”, калі паходжанне сумнеўнае, не чыста рабоча-сялянскае. А ўсім дэлегатам я б паставіў хутчэй “Энтузіястак”, гэта апошні выраб, найбольш сучасная машынка, якую сацыялістычная радзіма выпусціла незадоўга перад смерцю. Яна не архаічная “Бальшавічка”, але ж таксама — пабочны прадукт аграмаднай махіны вайсковай прамысловасці, якая тавары народнага спажывання выпускала ў вольны
ад асноўнай работы час, пасля вялізных танкаў, атамных субмарын, бомбаў ды іншага дынаміту. Асноўныя тавары, як паўсюль сцвярджалі, былі не горшыя ад капіталістычных, а вось астатняе, шырспажыў, тыя ж машынкі для газетных артыкулаў і раманаў, як, зрэшты, і самі газеты ды раманы, не маглі задаволіць замежнага спажыўца, прызначаліся выключна для ўнутранага рынку.Мне захацелася падлічыць пісьменніцкія галовы, каб ацаніць колькі спатрэбілася б машынак, каб хапіла на ўсіх, каб нікога не пакрыўдзіць. Магла б атрымацца грандыёзная сцэна: кожнаму выдалі “Ударніцу”, яны з імпэтам пачалі друкаваць вершы і замалёўкі. Дакладчыку трапілася гаргара, ён лупцуе па літарах прамову пра следчых, якія не злазяць з карка, калечаць машынкі, нечакана ратуючы іх ад здачы ў ламачча, пакідаюць яшчэ прытомнымі, хай у інвалідных вазках, на мыліцах, прыкаванымі да ложкаў. Тым часам у маіх мроях прэзідыум дробна выстуквае свае рэзалюцыі ды пастановы.
Раптам бух “Камунарку” на каленкі: карыстайся, не змарнуй даверу! І я, нечакана для самога сябе, клац-клац адным пальцам. Узнімаю голаў і бачу, што зала нагадвае нібы гіганцкае машбюро самай галоўнай газеты вялікай сацыялістычнай радзімы, дзе друкавалася артыкулаў у дзесяць-дваццаць разоў болей, чымсьці можна было змясціць у нумары. Каб выбраць геніяльныя! У нас вельмі высокі крытэры адбору, наш узровень ніхто не перасягне, у нас найлепшыя з найлепшых пёраў краіны!.. Маніш-маніш, думалася мне, ведаю вас як аблупленых: заўтра — больш, чым учора, пагоня за лічбамі. А спаборніцтва паміж машыністкамі?! А нормы выпрацоўкі? Хутчэй-хутчэй-хутчэй!
Божа мой, што робіцца: мы выбіваем са сваіх “Ударніц” усю душу, нібы прапылены кілім. Што азначае наша нясцерпнае стракаценне? Прызабытую сімфонію сацыялістычнага будаўніцтва? Выкрыванне ворагаў унутры літаратурнага працэсу? Якія пішуць не тое, не так, пішуць з камнем за пазухай? Скурай спіны я стаў адчуваць, што з хвіліны на хвіліну можа прыехаць НКВД, высмыкнуць надрукаваныя аркушы з партытурай, арыштаваць машынкі. Выкрыта падпольная арганізацыя механічных друкарак!
Мне ўжо вядома, што ў іх там цэлы аддзел пішучых машынак! Так-так, сховішча арыштаваных друкарак, навуковыя супрацоўнікі-следчыя. Дасье на кожную: колькі й чаго, якіх антысавецкіх твораў паспелі надрукаваць схаваныя ворагі, двурушнікі ў пралятарскай літаратуры! У дасье ўлічана ўсё да дробязі: імя ўладальніка, біяграфічныя дадзеныя, звесткі пра сваякоў, пра маральна-палітычны стан, ідэалагічнае аблічча ды іншыя агентурныя паведамленні. А таксама — дадзеныя пра сакрэтных супрацоўнікаў і следчых, якія вывелі на чыстую ваду, выкрылі яго разам з ягонай “Бальшавічкай” на пару.
У нас выдзіраюць з рук машынкі, як дзяцей у матак карнікі ў ваенных кінафільмах, брудна лаюцца, што гаргары цяжкія, цягнуць у “варанок” з закратаваным акенцам. Хаця, на добры розум, прасцей было прымусіць гэта рабіць нас саміх. Дубовыя галовы! Не паспеў я падумаць, мяне выцягваюць за каршэнь, і я з несусветнай палёгкай апынаюся зноў на сходзе, абуджаны званочкам старшыні прэзідыума!
Спачатку ачмурэла гляджу вялізнымі, нібы акуляры, вачыма перад сабой, нагінаюся, падымаю з падлогі раман. Сяджу я, між іншым, на галёрцы ў самым куту, можна зручна прытуліцца да сценкі і не надта сачыць за трыбунай. Я хутка рухаюся, ужо на “экватары”. Праўда, у наяўнасці яшчэ другі том. Варта зараз хаця б дагартаць першы, тым больш аўтар рашуча адпрэчыў традыйцых Мар’ю з цэбрам ля калодзежа ды круцеля-старшыні калгаса, якому не дае разгарнуцца напоўніцу прынцыповы парторг альбо, па-сучаснаму, намеснік па ідэалагічнай частцы. Але мяне ніхто не гоніць.
Па інерцыі працягваю апатычна думаць пра падпольную арганізацыю пісьмовых машынак, пра Саюз вызвалення ад непісьменнасці шляхам друкавання любых папер, дакументаў, любоўных лістоў і шпаргалак, а таксама, само сабой, і агентурных паведамленняў, бо органы НКВД ніколі не памыляюцца! Гэтыя словы ў маіх думках выпісаны залатымі літарамі на фасадзе “дома з вежай”, які традыцыйна называюць яшчэ, праўда заўжды шэптам, “жоўтым домам”. Так, яны не памыляюцца ніколі! Небяспечная вольнадумная арганізацыя пісьмовых машынак, якія час-часам збіраюцца ў адным месцы разам са сваімі гаспадарамі, каб закідаць горад тысячамі ўлётак. Што ў тых улётках? Безумоўна крамола, накшталт “…твой народ дачакаецца залацістага яснага дня!”
Выкрыванне ворагаў унутры літаратурнага працэсу заразлівая тэма. Вось яны штось мышкуюць, выдумляюць дыверсійныя чыны, сабатажныя здарэнні, недарэчныя выпадкі, хаця б дробныя прыкрасці. У машынках пачынаюць западаць цвёрдыя знакі, “шча”, тмутараканскія падвойныя “і”, “ха” пачынаюць танчыць нібы нападпітку. Слова “правадыры” яны адбіваюць правакацыйна з маленькай літары. Замест “ха” друкуе “гэ” і наадварот, блытае “а” ды “о”. Эпідэмія няўхільна распаўсюджваецца сярод машынак, нават калі яны не мелі паміж сабой ніякіх кантактаў — пацалункаў і гэтак далей, не елі з аднае місы, не галіліся адной “жылеткай”, не карысталіся адным шпрыцам. Але запомніце, зрабіце сабе засечку: органы НКВД ніколі, чуеце? ніколі не памыляюцца!