Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Райскія яблычкі

Астравец Сяргей

Шрифт:

— Вы ўсе тут шукалі, не шкадуючы свайго поту, не эканомячы на “рэксоне”, ха-ха-ха, бомбу, “біг сайз”. У нас былі звесткі, што яе скралі праклятыя тэрарысты і прадалі за вялікія бабкі гэтаму чортаваму Мухамеду. Ён адмаўляўся ўсяляк, суччын сын (Ес-ес! Ха-ха-ха! — жаўнеры), але хіба можна было яму верыць? Мы прыйшлі і самі праверылі: мін няма, як кажуць сапёры пасля сумленна зробленай працы. Соры, нашы доблесныя разведорганы крыху падвялі. Нашыя агенты нуль-нуль-сем не заўважылі, не разабраліся. З кім не бывае, з кім не здараецца! Ой-ля-ля, — як кажуць жабажэры. Аказалася, што бомбу, “біг сайз” згубілі недзе, а прызнацца баяліся, суччыны дзеці. (Ес-ес!..) Нічога, раз мы ўжо тут, мы зоймем вашыя рукі: нашыя вучоныя даведаліся, што ў наваколлі згубіў свой знакаміты чэляс сам Аляксандар Македонскі , які быў вялікім палкаводцам! (Ха-ха-ха!..)

Чэляс з чыстага золата! (Ха-ха-ха!..) Хто першы знойдзе, паедзе адразу на Гаваі ці на Багамы, я вам гэта абяцаю! (Ес-ес!..) Слова галоўнага янкі!.. Мы прыйшлі і мы тут мусім застацца на варце! Што зробіш, дзецюкі, калі мухамедаўцаў мамачка не навучыла ў маленстве, што вялікай амерыканскай Маме заўжды трэба гаварыць праўду і толькі праўду, як у судзе!..

Далей аўтар знянацку перакінуўся на міні-войска маленькай Рэспублікі Ээсці, якой карцела тырчэць у кожнай бочцы затычкай: куды толькі не ўліпалі натаўцы, Ээсці дасылала аднаго-двух сваіх жаўнераў, каб засведчыць уласны ўдзел. І прэзідэнт рэспублікі ў рэшце рэшт застаўся без аховы ды мусіў насіць у кішэні электрашокер, ха-ха-ха!

Тым часам увага дэлегатаў засяродзілася на сячкарні для паперы. “Мяхі напхаем, будуць матрацы. Будзьма на іхняй пісаніне спаць, сны блакітныя бачыць! — ха-ха”. Мяне зацікавіла сячкарня. Яна выглядала падобнай да вялізнага кухоннага камбайна. Не толькі дранікі рабіць, але таксама на розныя іншыя фокусы здатная. Цяпер у модзе шмат дзеянняў у адной скрынцы схаваных. Нібы чалавек-аркестр. Хаця яна нагадвала яшчэ напалам асадную машыну і перасоўны эшафот з гільяцінай. Жэрала — як у гіганцкай мясарубкі для вырабу папяровага фаршу.

На сцэне былі падрыхтаваныя стосы — нібы для аўтадафэ. Праўда, ніхто з дэлегатаў у працэдуры не ўдзельнічаў, машыну запусцілі механікі. Зала сцішылася. Адныя кніжкі траплялі ў сячкарню вертыкальна, і вермішэль атрымлівалася часам як акравершы, але напісаныя ці вар’ятам, ці, прынамсі, вельмі дэкадэнцкім аўтарам. Гарызантальныя нагадвалі тэлеграфныя стужкі, падрыхтаваныя для наклейкі на бланкі… Я калісьці служыў у тэлеграфнай роце: сувязь — нервы арміі! — вучылі нас. (Няма даўно той арміі, не ведаю як з тэлеграфнымі грувасткімі апаратамі. Іх трэ было падсілкоўваць час-часам: прымацоўваць новую шпулю з папяровай стужкай і падліваць жаўтаватага канцылярскага клею. Праўда, дзякуючы гэтым электрычным гаргарам пазней ва універы я атрымаў палёгку — вольнае наведванне і датэрміновы залік па занятках машынапісу — пасля таго, як паказаў сваё тэлеграфісцкае пасведчанне трэцяга класа… Тэлеграфны апарат, ён заўжды нагадваў мне няўклюдную друкарку, журналісцкі, пісьменніцкі варштат, сёння, ясна, састарэлы, хатні музейны экспанат, схаваны дзесь у шафе. Яны старэлі хутчэй за людзей апошнім часам, каб вымушана сысці з дыстанцыі).

Непрыемнае відовішча на сцэне, я бачыў, засмуціла нават самых зацятых прамоўцаў, што выкрывалі нацыяналістычныя творы. Лепей аднойчы ўбачыць, чымсьці бясконца чуць. Большасці, бадай, было вядома, што застаялы тавар з кнігарняў конча трапляў у макулатуру на перапрацоўку, так было заўжды. Але ўбачыць на свае вочы дзейства, рытуал знішчэння кніжак, да гэтага не кожны быў падрыхтаваны насамрэч… Інжынеры чалавечых душ былі ў задуменні. Яны на вачах зніякавелі, мабыць, кожны міжволі, не хочучы сабе прызнацца, пачынаў уяўляць, як вермішэльная машынка механічна прапускае скрозь сябе іхнія ўласныя паэмы, эпапейныя раманы-дылогіі-трылогіі-пенталогіі…

А вось прэзідэнт Джоні Холідэй па-ранейшаму не бедаваў. Падтрымаў мімаходам сваю танную папулярнасць: зграў на палубе авіяносца для матросаў і лётчыкаў сола на саксафоне, атрымаўшы гарантаваныя воплескі. У бінокль, нібы Напалеон, цяпер разглядае засяроджана мінарэты.

Джоні-бэйбус нанач глядзеў эратычныя стужкі, не мог інакш заснуць, паведаміў мне раманіст. Засынаў з думкамі: “Я мужчына ў поўным росквіце сілы”. Каб крыху збіць з фанабэрыю, аўтар прыдумаў для яго жудасны сон: зруйнавана статая Свабоды — самае святое, што мае Амерыка. У рамане, да слова, называліся дарагія для сэрца заходнікаў і ласыя для зламыснікаў пабудовы — Пізанская вежа, Біг-Бэн, Эйфелева канструкцыя і рэйхстаг.

У сваім вялізным “Боінгу” Холідэй рэпеціруе перад люстэркам: “Мы — санітары лесу! (Дзе ён бачыў у Арабіцы лес?!) Ядахімікаты супраць шкоднікаў. Мы — скальпель, выратоўнае апраменьванне.

Пухліна, апендыцыт, гангрэна — нашая спецыяльнасць”. Пагуляўшы ў аратара, ён бавіцца ў камп’ютарную гульню: самалёты, удары па цэлях у пясках… “Сам ад В’етнаму “адкасіў” калісьці, у пацыфісты запісаўся, у хіпі, але ў маленстве у вайну не нагуляўся як след. Вось жа лайдак!..”

Аднак устаноўчы сход яшчэ не закончыўся. Трыбуна не сумуе ні хвіліны, плойма літаратараў згаладнела па вуснаму слову. Я бачу: ім хочацца нагаварыцца, нібы наступнага разу не будзе, ці яны не вераць у паўторную магчымасць. Часам выступы не зусім пра літаратуру:

— Яны варацца ва ўласным соку! А мне больш падабаецца кансерва з аліўкавым алеем ці хаця б з дадаткам сланечніковага. Але важна не гэта. Яны ў макулатуру здалі нашыя дарагія зборы твораў — Лукіча, Фрыдрыхавіча, Карлавіча, Вольфавіча, Навухаданасоравіча. Збэсцілі першакрыніцы, святыя тэксты, азбуку барацьбы, наш рэвалюцыйны буквар! Раней стаялі ў кожнай бібліятэцы, у кожным рэўпакоі і чырвоным кутку. А запальныя прамовы Кастравіча, Кадаф’евіча, Фідэліча, Фірдуосьевіча?! Усіх нашых айцоў-заснавальнікаў, правадыроў і вялікіх настаўнікаў!

— Хачу машынку бясплатную! “Камунарку”, “Ударніцу” — электра! Я іх люблю вачыма, пальцамі: вялізныя, грунтоўныя, нібы напраўду грудастая кабета — перадавічка дзябёлая…

Я заплюшчваю вочы: сячкарня — нібы мясарубка для паперы — кніжны фарш. Чарвякі. Сечка кабанам, каб потым — скварка да чаркі… “Кнігажэрку” адцягнулі за кулісы, але яе відарыс ужо адбіўся ў свядомасці, выдрукаваўся на сятчатцы, застаўся ў табе фотанегатывам.

— А папера ў іх якая? Шэра-чорная якаясьці! Яны гаварылі, ім свабода важнейшая за ўсё, на мітынгах выступалі, на трыбуну лезлі пішчом, мікрафон з рук вырывалі! Улёткі вершам пісалі! Свой талент растрачвалі! З гэтымі крыкунамі спаборнічаць — дурная справа!

— А ці быў талент?!

— Ды няхай, не ўсе ж там страчаныя для літаратуры. Можа хто да нас папросіцца, я прапаную не адмаўляць, даць магчымасць справіцца. Пакаранне — каб перапісаў ад рукі “Капітал” які-небудзь, мы так ва ўніверы ў сшыткі даклады газетныя перапісвалі і нічога — жывыя.

— А гэта цікава! Хай лепш вывучыць напамяць паэму ці праспявае “Сягоння мы не на парадзе!” А лепей даць, каб перапісвалі “Дзяржаўную мяжу або дзесяць тысяч км калючага дроту” — эпапею, якую дужа не любяць. Ім ужо мяжа не падабаецца наша, якая на крэпкім замку…

— Трэба не на мітынгах распальваць нездаровыя эмоцыі, а выкрасаць у народзе іскру надзеі, веры і любові, заклікаць працоўныя масы да ўдарнай працы, каб даказаць перавагу нашу спецслужбам, якія акапаліся ў іхніх рыгсдагах, рэйсратах і увогуле рэйхстагах. Прабачце дзеда за старамоднасць, але — больш малака, больш чыгуна, хлопцы, угнаенняў! І тады будзе як у песні: сягоння стала лепей, чым учора, а заўтра будзе лепей, чым сягоння!

Апошні прамоўца рабіў уражанне патрыярха, які мог памятаць яшчэ літаратурныя працэсы, расстрэлы, арышт машынак і пераразмеркаванне іх паміж карнымі установамі. Яго прывезлі ў інвалідным крэсле, быццам, каб паўзіраўся на вяртанне акопаў на літфронце, дзяльбу трафеяў і святкаванне перамогі. Зрэшты, выглядаў ён даволі дзіўна, крыху можа нават па-вар’яцку. Я раней яшчэ міжволі звярнуў на яго увагу, але сам ён пра адыёзныя часы арышту машынак не ўспамінаў, ды не прэтэндаваў на трафеі са складу друкарак. Агулам на трыбуне не ўсе крыўдавалі ўголас, гучалі й цікаўныя меркаванні.

— А памятаеце: кнігі на талоны за макулатуру — за газеты здадзеныя? Вось з іх і рабілі паперу, на якой друкавалі літаратуру потым. Кругазварот. Каб не было “Праўды”, атрымліваецца, не было б і іхніх “Гулагаў”!

Я прыгледзеўся бакавым зрокам: сусед крэсліў у нататніку шыбеніцы з павешанымі фаліянтамі…

— Свабода, дарагія таварышы, хачу нагадаць, — не анархія, не усёможнасць, яна — усвядомленая патрэба. Няможна быць цалкам незалежным ад грамадства, ад дзяржавы. Асабліва датычыць нас, пісьменнікаў, мы ўсведамляем адказнасць за друкаванае слова, як ніхто іншы не ўсведамляе. А са свабоды можна як двойчы ў два зрабіць прафанацыю. Возьмем іхнюю статую. У руцэ паходня. Але ж падпальшчыкі вайны як адзін — з паходняй, ку-клукс-клан таксама. Выбачайце: ёй на галаву птушкі таксама какаюць, як нашаму Сярпову. І нават значна болей — галава большая, акіян побач — процьма чаек, альбатросаў. І не кепка, а цэлы бельведэр зверху!

Поделиться с друзьями: