Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Рэканструкцыя неба

Гапеева Вольга

Шрифт:

– Ну і што! Затое тут ёсьць цікавая гульня: хто памрэ першы!

Аднак у гэта я не паверу, як і ў тое, што мае гаваркія вочы ўмеюць маўчаць, а фарбаваныя пухкасьцю вусны - прамаўляць што-небудзь істотна шчырае. Падсьвядомасьць запануе пад вонкавасьцю ў той вечар, калі ягоным эпілёгам станецца вечнасьць, а ня я.

Гільятынавы дождж абвесьціць новае (на пару тыдняў) стагодзьдзе, надыход якога я адзначу ў кампаніі незнаёмых, але досыць прывабных будынкаў і вулак з пляшкай віялянчэльнага суму. Парасоны

шпацыровых суседзяў паведамяць, што ўночы магчымы моцныя ападкі з навальніцамі. Але пра гэта я даведаюся пазьней, як толькі мае цукровыя летуценьні пачнуць паволі зьнікаць, агаляючы каркасны стрыжань, на які праз час можна будзе наляпіць новыя. Усе мае клетачкі ператворацца ў бэкарную вадкасьць і, захопленныя тутэйшай эўфарыяй, пачнуць выгукваць апазыцыйныя лёзунгі. Hi бэмолі, ні дыезы ім ужо не дапамогуць, бо яны, клетачкі, адшукалі сапраўдную шчырасьць. Якою ёсьць адмаўленьне.

Дэталь 83

Самастойнае вывучэньне гэтага гораду пачалося зь візытаў да першага пацыента маёй цнатлівасьці. Мапамі карыстацца не прыходзілася, усё рабілася навобмацак. Так павялося, і пазьней я ўжо ніколі не здраджвала гэтаму прынцыпу. Расчуленая пакутамі вэтэранаў каханьня, я не магла заставацца дома. Закінуўшы неабходныя мэдыкамэнты ў аптэчку, я выпраўлялася ў падарожжа. Часам назвы вулак, дзе жылі пацыенты, мудрагелітым чынам перапляталіся зь іхнімі імёнамі ды прозьвішчамі, што рабіла прасьцейшым працэс завучваньня геаграфіі гораду.

У дзёньніку назіраньняў больш за ўсё сустракалася слова “заўтра”, якім вельмі любілі карыстацца пацыенты. Характэрным сымптомам захворваньня было маніякальнае жаданьне прачнуцца менавіта заўтра. Чаго, вядома ж, адбыцца ніяк не магло. Ты прачынаешся сёньня і толькі сёньня. Нельга было не заўважыць, што большасьць зь іх звыкалася з маёй прысутнасьцю, а некаторыя нават спрабавалі заляцацца (ня столькі да мяне, колькі да маіх грудак), што тлумачылася дзіцячымі перажываньнямі, якія глыбока заселі ў памяці і рабілі зь мяне гэткую “еву ў шкарпэтках”. Так атрымалася, што 23-я пара маіх храмасомаў уяўляла зь сябе мадэль XX. Гэта дакладна адлюстроўвалася падчас кожнай размо- вы. Што б я ні рабіла, я ўсё адно крочы -ла, тан- чы -ла, пі -ла, жвака -ла etc, etc. Так атрымалася, што генрых, міларад і нават джэймс мелі 23-ю пару мадэлі ХУ. I кожны зь іх што б ні рабіў, усё адно крочы -ў, танчы -ў, пі -ў, жвака -ў etc, etc.

Дэталь 9

Я зычыняю за сабой дзьверы. Тут ня хопіць месца нат для раскінутых рук. Тут пахне кляўстрафобіяй і нямой прысутнасьцю тых, хто здымаў слухаўку, прыкладаў яе да вуха й цяжка дыхаў. Так як зараз раблю гэта я. Занята. Міжволі я пачынаю прыслухоўвацца

й чую размову, словы якой гарошынамі адскакваюць ад сьцяны суседняй кабінкі. Каб хоць неяк апраўдацца, я ўяўляю сябе ксёндзам на споведзі, жанчынай, што прыйшла ў турму на спатканьне да мужа, памяшканьнем аэрапорту, нічыйным домам, дзе чаканьне ёсьць адзінай магчымай рэальнасьцю, за якую хаваюцца вандроўнікі Саду Геспэрыдаў.

Занята.

Вялікая самота здымае кут у пакоі маёй знаёмай прастытуткі. Яны ўжо даўно жывуць разам, але хто зь іх здагадаецца першы пра прысутнасьць другой? У яе была лялька, якую яна апранала ў шыкоўныя строі, а выпраўляючыся ў падарожжа, абавязкова хутала ейнае плястмасавае цела ў што-небудзь цёплае, так як цяпер яна хутае шалікам сваю шыю, але ад гэтага цяплей ня робіцца, ейнае цела не саграецца, яно, пэўна, таксама з плястмасы. I таму часам яна тэлефануе гэтаму сарамліўцу, кліенту, які адзіны здольны нагадаць пра ейную чалавечую сутнасьць. Звычайна ён доўга топчыцца на ганку й не адважваедца нават зайсьці, ня тое каб датыкнуцца. Таму яна бярэ ягоную руку, цягне да сябе, распранае і прымушае здзейсьніць адзін з самых выкшталцоных актаў каханьня. Ён расьцякаецца па ейных судзінах, трапляючы ў кожны капілярчык, пасьля чаго застаюцца ружовыя і чырвона-чорныя шнарыкі, а ягонае імя чытаецца па дрыготкіх вуснах, якія так і ўпэўніваюдь: боль - гэта толькі прага болю, боль - гэта толькі прага болю, боль — гэта толькі прага болю.

Занята.

Мне нічога не застаецца, як пайсьці й напісаць ліст.

Тут галоўнае не паддацца хвіліннай сантымэнтальнасьці.

Лепш пісаць пра тое, што ўвесну пакасілі траву, што маршруты некаторых аўтобусаў і тралейбусаў былі зьмененыя з прычыны рамонту дарогі. I, вядома ж, пра тое, што я рыхтуюся да карнавалу, і зараз на маім кіліме раскіданыя рознакаляровыя стужкі, бліскучая папера, скруткі. Я запакоўваю падарункі. Я сапраўды рыхтуюся да карнавалу.

Вось такі ліст я напішу бурштынаваму каралю, зь якога ён так ці інакш даведаецца, што ўсе мае знаёмыя анёлы, асьпіранты, каханкі, кілеры, калекцыянэры, вэгетарыянцы, альпіністы паспяхова праходзяць курс лячэньня, а некато- рыя нават хутка будуць выпісаныя.

Практыка давяла, што падманваць можна ня толькі іншых, але й сябе. Гэта сталася зразумелым, калі я пабачыла, як лісьце з радасьцю пакідала свае галіны. Яны сьмяяліся, а некаторыя нават пасьпявалі зрабіць колькі піруэтаў у паветры перад тым, як са шчасьлівым выкрыкам “плюм” ляснуцца аб халодны асфальт. Абіраючы самападман, яны пазбаўляліся той нерашучасьці і няўпэўненасьці, якую можна параўнаць з надзвычайнай гнуткасьцю якой-небудзь гумовай рэчы. Хвілінай маўчаньня ўшаноўваецца памяць восеньскіх герояў.

Цалую абдымаю

вашая вольга

Поделиться с друзьями: