Рэканструкцыя неба
Шрифт:
Такой самаўпэўненасьці заўсёды бракавала мне.
Сон, якога, па Борхесу, варта баяцца. Не, не лябірынты й не люстэркі, а ўсяго толькі адна маска. Гэта непрыемная размова з тым, хто ўмее размаўляць (у адрозьненьне ад цябе самога), памятаеш? ты што-небудзь памятаеш з тае размовы? Пажадана ўспомніць. Было 5 ці амаль 5. Ня выключана, што было 6. Я сустрэўся з табою ў надзеі /ня блытаць з імем/ палашчыць хоць чым-небудзь твой раток. Перад гэтым я нават памыўся, прыбраўся й бачыў сябе ў люстэрку. Нейкая мешаніна /венскім навукоўдам прыйшлося б даспадобы/.
Чамусьці мы стаім ля ўваходу ў мой дом, хоць па графіку павінен быць твой.
Да мяне нельга, - катэгарычна-сьлінява
Мы блукалі да зімы, а потым да вечара. мешаніна № 2. за маёю сьпінаю - сьцяна /Вы чыталі “Сьцяну” Сартра?/ Памятаю, памятаю, гэтак за- пыталася ў мяне бібліятэкарка. Яна была нечым падобная да птушкі, і я падумаў, што няблага было б узяць яе ў нашае падарожжа. і я падумаў. А пасьля ўзгадаў, што...
Калі Эжэн ня мог заснуць, ён уяўляў сабе высачэзную гару, а потым спрабаваў узьлесьці на самую вяршыню. I пакуль поўз, ён засынаў. Эжэн малайчына. Ён шчыра поўз, ягоная гара ніколі ня мела вяршыні, яна была бясконцаю. 3 маёй сьвядомасьцю такія хітрыкі не праходзяць. Звычайна гара абвальваецца, або я пасьпяваю дасягнуць ейнае вяршыні раней, чымся засну. Я спрабую ратавацца па-свойму. Праз 2-3 хвіліны ў маім роце камячком ляжыць лыжка мёду. Чамусьці яна падаецца мне жанчынай, пульхнай і немаладой. Падобнай да скульптураў Генры Мура. Ну, вось, - падумаю я, - цяпер я ведаю, якія гэтыя жанчыны на смак. Круглыя й жоўтыя.
Рассмоктваць гэты камячок ня дужа хочацца, бо - лянотна. Няхай сама расьцякаецца. Ейны вобраз самы салодкі, саладзейшы за вусны-ракавінкі. Ён такі мяккі, што ў яго можна класьці яйка й не баяцца, што яно паб’ецца.
“Трактат пра курыныя пёркі, чорныя й белыя, якія я зьбірала на замову бяскрылых анёлаў”. Назва - нішто сабе, даўгаватая, але ўсё адно я была вымушаная зьбіраць тыя пёркі. Насамрэч яны не былі белыя, бо канчаліся рудаватымі прожылкамі. I толькі некаторыя рабіліся выключэньнем з гэтай недасканаласьці - паветраныя трусачкі пуху, што гадаваліся зусім ля цельца. Расхваляваныя, яны ніколі не былі ўпэўненыя, з кім і ў які бок ляцець. Што ж тычыцца чорных, дык яны былі пругкімі й сьпічастымі, якімі й павінны быць жаўнеры.
Калі зьбіраеш пёркі, рукі маюць быць сухімі, нават ня столькі рукі, колькі пальцы, самыя іхнія кончыкі. Інакш выпадкова прыхопіш зь пёркам пяску ці сьмецьця, якога адразу гэтак і не пазбавішся, прыйдзецца адкладаць пёрка, абтрасаць бруд, а гэта заўсёды забірае час. Пёрак у той дзень назьбіралася няшмат - 37, калі казадь дакладна, асьцярожна паклаўшы іх у пачак з-пад гарбаты, я вырашыла ўзяць ровар і паехала катацца.
Адметнасьцю таго дня была ягоная безвыразнасьць. Амаль кожны з нас у той дзень ня меў свайго колеру. Сонечны пылок ставіў пад сумнёў магчымасьць існаваньня як такога, і ўжо цяжка было зразумець, ехаў ты сам ці цябе везьлі. А калі нага пачынала ныць, хацелася ўзгадаць ня- добрым словам гаспадара, які зноўку забыўся паставіць новую падкову.
...кую кую ножку паеду ў дарожку
буду коніка каваць на дарожцы начаваць... гэтак прыемна казытала маю пятку толькі бабуля (
Мы жывем у розных краінах і ў розных часавых паясах. Калі тут 10, там яшчэ 9. Так што ў мяне ў запасе гадзіна.
Я вучуся ня хлусіць. Хоць, калі ня хлушу я, абавязкова знойдзецца нехта, хто будзе хлусіць мне. Я старанна праектую свае сказы, нібыта архітэктар, асабліва, калі кажу, што ты - чалавек, якога я кахаю, пазьбягаючы пры гэтым слова “адзіны”, якое пазбавіць мяне магчымасьці будаваць іншыя палацы ў гонар іншых чалавекаў, якіх я кахаю. Да таго ж, калі я цалуюся зь нетабой, гэта адбываецца на гадзіну раней. У тваім часе я заўсёды шчырая й заўсёды з табой. Так што, калі ты вырашыш зьехаць у Аўстралію, 6 месяцаў вольнага жыцьця мне гарантаваныя. Як гарантаванае табе маё вечнае чаканьне, бо адзіны, каму я здраджваю, - гэта час.
У
мяне сьлізкія боты. Напэўна, ты гэтага ня ведаеш, але я збочваю на сьнег і чую, як ён файна рыпіць, так што хочацца зьляпіць зь яго сьнеж- ку й шпульнуць вунь у таго тоўстага дзядзьку, а потым бегчы, не азірацца й бегчы, правальваючыся па лыткі ў сумёт і адчуваць, як ліпнуць да скуры ўжо мокрыя нагавіцы. Амаль зіма. Амаль вечар. Амаль дома. Я націскаю кнопку ліфта....Ух ты!!! А ў маім пакоі нейкая вечарынка. Людзі п’юць гарбатку, размаўляюць. Вы седзіце побач і цалуеце маю шыю, у той час як я намагаюся прымусіць свае пальцы прабегчы па клявішах у бок гармоніі. Да д’ябла гармонію! Гармоны "uber alles, - крычаць яны. I я прымаю рашэньне: трэба прачнуцца.
Я вызваляюся ад вашых абдымкаў і накіроўваюся, куды звычайна накіроўваюцца пасьля сну - у прыбіральню. Менавіта там я прачынаюся. Мыю рукі, іду у пакой, аднак некаторыя рэчы прымушаюць мяне задумацца, і я разумею, што: варыянт А - я так і не прачнулася, варыянт В - гэты гармідар - няпроста сон. Чамусьці мая (пад)сьвядомасьць абірае варыянт В і я пачынаю лямантаваць, клікаць Цябе, потым Вас, не разумеючы хто з вас хто, і каго ж у рэшце рэшт я клічу. Адзінае чым ня розьніліся людзі ў маім пакоі былі іхнія імёны, якія я так і выгуквала
Э.-..Й.-..Р..-.А.-..Н.-.Д. Ніхто не зьбіраўся мяне ратаваць, а мой пакой папаўняўся новымі гасьцямі: мядзьведзямі ў матроскай амуніцыі, коньмі з разгубленымі позіркамі і усім тым, што валодала майстэрствам мімікрыі ва ўмовах маёй псыхікі. Гэй, хто тут гаспадар? Працяглы час я ляжу, не варушачыся, і слухаю, як арытмічна пульсуе артэрыя на шыі. Гэта яна будзе вырашаць, прачынацца ці не.
– чытаеш?
...ён падраўняў лісты, з манернасьцю маёй знаёмай-алькагалічкі. Мяне начало цягнуць на ваніты, але я стрымалася: псаваць уражаньне ад прачытанага не хацелася.
– ну й як?
...ён пастукаў аркушамі аб стол так, быццам расшпіліў верхні гузік на маёй сукенцы (хаця не, на мне была сукенка з маланкай, але гэта не істотна).
– што? што ты кажаш?
...ён - быццам адзіная вялізная смочка, падумалася мне, смочка што падрыхтавалася да пацалунка-мацунка. Не-е, даражэнькая, ня пойдзе. Шукай сабе іншы дэлікатэс.
– добра, я падумаю
...гэта для навакольных ты абтрасаеш попел са сваёй сьмярдзючай цыгарэты, а я вось уздрыгваю, адчуваючы, як расшпільваецца станік на сьпіне.
– няма экспрэсіі?
...затое ў цябе яе зашмат... зараз ён возьме кубак, паднясе яго да свайго рота, быццам гэты кубак - мая голаў, якую дазволена бессаромна аблізваць кожны раз, калі пачынае дапякаць смага.
– яшчэ кавы?
...добра што ён не замовіў вячэры, інакш бы маё цела ператварылася ў канапку, і ранкам я прачнулася б пагрызеная й надкусаная з усіх бакоў. I як толькі я гэта разумею, рашуча прамаўляю:
– Хадзем, мне тэрмінова трэба дадому
...гэта называецца перарваны (ежавы) акт. Я ведаю, пра што думае цяпер наш любімы-сарамлівы Юрасік-карасік Б., калі бачыць у маім тэксьце слова “кава”. Ён узгадвае верш паэткі В.Г. і ў думках пытаецца: ці то была ў гэтай каве спэрма, ці то не? Адказваю - нЕ б-ы-л-о-о.
Я згодная ўявіць цябе ў позе лётаса пры адной умове: ты маеш быць асобай мужчынскага полу, бо цябе-жанчыну я ўяўляла б ў іншай прасторава-часавай камбінацыі. Да таго ж зь цябе атрымалася б ня самая лепшая паненка. Не хавайся, вопратка табе не спатрэбіцца, а вось я прыхаплю тое-сёе. У тым ліку й кніжкі. Я прымушу цябе чытаць уголас усё, чым ты завальваў мяне падчас нашага Вы-кальнага пэрыяду, які, мяркуючы па ўсім, мог бы цягнуцца бясконца, калі б не мая рашучасьць і жаданьне быць першай. Гэта дзякуючы мне ты меў выключную магчымасьць пачуць, як я (дакладней мае галасавыя вязі й моўны апарат - шчыра кажучы, слова “апарат” трохі пужае, яно большае за мой раток) спалучаю выбуховы пярэднеязычны цьвёрды гук “т” з галосным сярэдняга раду верхняга пад’ёму “ы”.