Роздумы
Шрифт:
10. Быцьцё нагэтулькі сукрытае для нас, што шматлікім філёзафам, і нават ня звычайным яно вуяўляецца зусім нявыразным. І нават самыя стоікі прызнаюць яго цяжкадаступным. Наша згода з чым-небудзь ня ёсьць нешта нязьменнае. Запраўды, дзе ёсьць такі чалавек, які ня зьіначыў сваіх поглядаў? Зьвярні ўвагу на аб'екты навакол цябе і паўзірайся, як коратка яны існуюць і як бязвартаснымі зьяўляюцца, і як лёгка можна стацца здабыткам распусьніка, блудніцы, ці разбойніка. Прыглядзіся, далей, да нораву тваіх сучасьнікаў: зь цяжкасьцю можна ладзіць нават з самым ужыўчывым зь іх, каб не сказаць, што хто-небудзь зь іх насілу выносіць самога сябе. Я не магу зразумець, што ў гэтым змроку, у гэтым балоце, пры такой цякучасьці і матэрыі, і часу, і руху, і ўсяго рухомага, магло-б яшчэ нешта стацца прадметам павагі, ці - наагул, паважных пошукаў. Наадварот,
11. Як я выкарыстоўваю цяперака маю душу? Вось пытаньне, якое неабходна сабе ставіць пры кажнай нагодзе, і дасьледваць далей, што адбываецца з тэю часткаю мае істоты, якую называюць кіруючаю. Чыя душа цяпер ува мне? Ці ня дзіцяці? Ці ня юнака? Ці мо' слабое жанчыны, ці тырана, жывёліны, ці дзікага зьвера?
12. Што выяўляе сабою тое, што большасьці людзей здаецца дабром, ты можаш даведацца хоць-бы з наступнага: Калі хто-небудзь мае на ўвазе якое-небудзь сапраўднае дабро, як зразуменьне, разважнасьць, справядлівасьць, стойкасьць, дык, ён ня будзе ўсё яшчэ прыслухвацца ведамаму выслоўю: Пра дабро і г. д.
– бо гэта ня будзе ў гармоніі з фактычным дабром. Але, калі хто затрымаецца над тым, што здаецца дабром для большасьці людзей, дык ён ня толькі што выслухае выслоўе камічнага паэты, але, і з ахвотаю згодзіцца зь ім, як з трапным словам. І большасьць людзей уяўляе сабе так гэтую розьніцу; інакш гэтае выказваньне ня было-б гэтакім абразьлівым і няпрыстойным. Бо, калі стасаваць яго да багацьця і да таго, што служыць роскашы і славе, дык мы цалкам згаджаемся зь ім, як з удачным і дасьціпным словам. Зрабі-ж наступны крок і спытай самога сябе, ці трэба шанаваць і лічыць дабром тое, пры думцы аб чым, зусім дарэчы выдасца заўвага: «Таму, набыў хто гэтае дабро ў вялікай колькасьці, ня будзе дзе і памачыцца».
13. Я складаюся з пачатку прычыннага матар'яльнага. Ані першае, ані другое не пяройдзе ў нябыцьцё, як і ня ўзьнікла яно зь нябыцьця. Таму, кажная частка мае істоты, пасьля зьіначаньня, станецца якою-небудзь часткаю сусьвету; апошняя, зьіначыўшыся ў сваю чаргу, станецца іншаю часткаю сусьвету, і гэтак у бесканцовасьць. Бо-ж і я ўзьнік, дзякуючы зьіначаньню, і тыя, што нарадзілі мяне і г. д. таксама ў бесканцовасьць. Усё гэта застаецца правільным і ў тым выпадку, калі сусьвет падпарадкуецца праву разьмераных пэрыядаў.
14. Розум і мастацтва разумнага жыцьця, - гэта адольнасьці, якія задавальняюцца сабою і справамі, згоднымі зь імі. Іх імкненьне накіроўваецца ўласьцівым ім пачаткам, шлях іх проста вядзе да патрэбнае ім мэты. Таму, згодныя зь імі дзеяньні завуцца правільнымі, што кажа аб правільнасьці шляху.
15. Нішто з таго, што належыць чалавеку, паколькі ён чалавек, ня можа быць названа ўласьцівым чалавеку. Усё гэта не складае вымаганьняў чалавека, не прапісваецца натураю чалавека, не зьяўляецца дасканаласьцю чалавечай натуры. Ня ў гэтым і мэта чалавека, а, значыць, завяршэньне мэты - дабро. Бо, калі-б, далей, што-небудзь з гэтага было ўласьціва чалавеку, дык ня ўласьціва было-б яму пагарджаньне і супроцьдзеяньне ў адносінах да гэтага, і ня быў-бы варты пахвалы той, хто імкнецца ня мець патрэбы ў гэтым; калі-б гэта было дабром, ня мог-бы быць добрым чалавек, які адмаўляе сабе ў чым-небудзь падобным. І запраўды, чалавек тым лепшы, чым паўнейшым зьяўляецца ягонае адрачэньне ад гэтага, ці чым лягчэй ён пераносіць нястачу чаго-небудзь такога.
16. Якія ў большай частцы твае ўяўленьні, такімі будуць і твае разважаньні. Таму, што душа прасякваецца гэтымі ўяўленьнямі. Дык няхай яна прасякнецца ў цябе ўяўленьнямі накшталт ніжэйпададзеных. Дзе ёсьць магчымасьць жыць, там можна і добра жыць: пры двары можна жыць, значыцца, там можна і добра жыць. І далей: кажная рэч імкнецца да таго, дзеля чаго яна была створана, а ў тым, да чаго яна імкнецца, - ляжыць яе мэта; але, дзе мэта кажнае рэчы, тамака-ж яе карысьць і дабро. А дабро разумнае істоты - гэта сувязь. І мы створаны для сувязі гэта даведзена даўно. А ці-ж не відавочна, што ніжэйшыя істоты створаны для ніжэйшых, а вышэйшыя адзін для аднаго. Жывыя - вышэй за няжывых, з жывых-жа вышэйшымі зьяўляюцца разумныя.
17. Імкнуцца да немагчымага - нямудрасьць. Але немагчыма, каб нямудрыя людзі рабілі інакш.
18.
Ні з кім не здараецца нічога такога, чаго-б ён ня змог перанесьці. Здараецца тае самае і зь іншымі, і яны, ці таму, што не разумеюць, што зь імі здарылася, ці таму, што жадаюць пафранціць сваім узвышаным спосабам думаньня, застаюцца цьвёрдымі і непахіснымі. Было-б жудасна, калі-б невуцтва і ганарыстасьць сталіся мацнейшымі за разуменьне.19. Самыя рэчы ні ў якім выпадку ня сутыкаюцца з душою. Ім няма доступу ў душы, яны ня могуць ні зьіначыць яе, ні прывесьці яе ў рух. Зьіначаньне-ж і рух у ёй залежаць толькі ад яе самой. І якая для яе будзе будучыня, - залежыць ад таго, якія меркаваньні яна палічыць сябе вартымі.
20. Чалавек зьяўляецца для нас істотаю найболей блізкаю, паколькі мы абавязаны рабіць людзям дабро і зносіць іх. Калі-ж хто-небудзь зь іх супрацьдзейнічае выкананьню маіх абавязкаў, тады ён стаецца для мяне ня меней абыякавым, як сонца, вецер, дзікі зьвер. Усё гэта можа перашкодзіць якой-небудзь дзейнасьці, але яны не зьяўляюцца перашкодамі для імкненьня і настрою, бо яны маюць сілу дзеяньня і здольнасьць ператварэньня: бо інтэлігэнцыя (ў чалавеку) ператварае і зьіначвае кажную перашкоду ў пажаданую дапамогу; затым, тое, што было перашкодаю для дадзенага дзеяньня, стаецца сродкам для іншага дзеяньня, а тое, што стаяла на шляху, як перашкода, само паказвае шлях.
21. Паважай найболей дасканалае з усяго, што існуе ў сусьвеце; ім будзе тое, што карыстаецца ўсімі рэчамі і кіруе ўсе рэчы. Гэтаксама паважай найболей дасканалае з існуючага ў табе: яно роднае першаму. Бо і ў табе яно зьяўляецца тым, што карыстаецца ўсім іншым, а тваё жыцьцё кіруецца ім.
22. Тое, што ня спрычыняе шкоды Месту, ня шкодзіць і грамадзяніну. Кажны раз, калі ўзьнікае ўяўленьне пра шкоду, тарнуй наступнае правіла: Калі гэта ня прыносіць шкоды Месту, дык ня прыносіць і мне. Калі-ж Месту спрычынена шкода, дык не злавацца трэба на вінаватага, а паказаць яму ягоную памылку.
23. Часьцей разважай пра хуткасьць, зь якою мінаюць усе рэчы і зьнікаюць, гэтак - рэчы, што існуюць як і рэчы, што прыходзяць да быцьця. Бо субстанцыя падобна, як рэчка, што цячэ няспынна, і дзеяньні бесперапынна зьмяняюць адно другое, а прычыны паддаюцца бязьлікім зьіначаньням. І няма, відавочна, нічога сталага, а побач з намі бязьмерная бездань мінулага і будучага, у якой усё зьнікае. Дык ці ня глупым будзе той, хто пачне ганарыцца чым-небудзь падобным, ці хвалюецца з гэтае прычыны, або скардзіцца, як быццам справа тычыцца цяжару, які павінен цягнуцца вякамі.
24. Успомнім пра сутнасьць у яе суцэльнасьці: якою маленькаю часткаю ты ўдзельнічаеш у ёй; пра ўнівэрсальны час, зь якога табе прыдзелена толькі кароткае і неспасьцярожнае трываньне; пра долю: якою нязначнаю часткаю ты яе зьяўляешся!
25. Хто-небудзь дрэнна адносіцца да мяне? Ну, што-ж, гэта ягоная справа. У яго гэтакая ўнутраная схільнасьць і свой спосаб дзеяньня. Я-ж такі, якім жадае, каб я быў, агульная натура, і раблю так, як жадае, каб я рабіў, мая ўласная натура.
26. Няхай частка твае душы, якая вядзе і кіруе, астанецца незакаламучанаю рухамі цела дарогаю прыемнасьці або цярпеньня; і няхай яна ня лучыцца зь імі, але няхай абмяжуе самую сябе і агранічыць вынікі да свомых для сябе частак. Але, калі гэтыя вынікі ўздымуцца да памеру мужнасьці тых іншых схільнасьцяў, якія, дзякуючы натуры, існуюць у целе, што твораць сабою суцэльнасьць, тады ты не павінен імкнуцца да супраціву адчуваньня, бо гэта натуральным ёсьць: але кіруючая частка не павінна сама дадаваць да адчуваньня пагляду, што гэта ёсьць або дабро, або зло.
27. Жыві з багамі. Той, хто жыве з багамі, хто заўсёды выяўляе ім сваю душу, якая задаволена сваею доляю, дзейнічае ў сузгоднасьці з жаданьнямі гэнія, якога Зэўс даў кажнаму чалавеку, як старожу і кіраўніка, які зьяўляецца часткаю яго самога. І гэта ёсьць кажнага чалавека і зразуменьне і розум.
28. Ці будзеш ты злавацца на чалавека, ад якога пахне потам, ці ў якога няпрыемна пахне з рота? Што яму рабіць? Гэтакі ўжо ў яго рот і гэтакія падпахі, што, наўсуперак яго волі, дыша ад яго такім запахам. Але-ж чалавеча, - засупярэчыць мне нехта, - ён-жа мае розум і можа, пры пэўнай увазе, зразумець у чым ягоны недахоп.
– Так. Але ў такім выпадку і ты маеш розум. Няхай-жа разумная ўпэўненасьць у табе прывядзе ў дзейнасьць разумную ўпэўненасьць у другім. Даводзь, напамінай. Калі ён пачуе цябе, дык паправіцца, і ня будзе ўжо патрэбнасьці гневацца. Ані трагічны актар, ані блудніца. ...