Rubaji
Шрифт:
* * *
Ці ёсць куток той, дзе знайсці спакой, Ці ўсё ісці дарогаю цяжкой? Хоць праз сто тысяч год бы мець надзею З зямлі травою прарасці жывой. * * *
Калі тварэц таго не захацеў, што я хацеў, Не загучыць тварцу, як хваласпеў, што
* * *
А ганчар такі вылепіў чары галоў І ганчарства ў майстэрства высокае ўзвёў, Чару дном дагары над сурвэткай жыцця ён паставіў І напоўніў гаркотай яе да краёў. * * *
Той, хто стварыў мяне, ніяк я не згадаю, Стварыў для пекла ён мяне, а ці для раю. Кумір, барбіт і чара з краю нівы — Бяру гатоўкай, а яму — рай пазычаю. * * *
Дзе б ружы і цюльпаны ні раслі, Яны ўзышлі з крыві паноў зямлі. Фіялка вырасце — радзімка гэта На твары тых красунь, што адцвілі. * * *
У міг, як ранне засінеецца нявінна, Рука трымацьме шал віна, як плод галіна. Раз людзі кажуць, што гарчыць віно, Таму якраз віно быць ісцінай павінна. * * *
Не варта сэрца даць памеціць сумнай меце, Іслам спаведваць — трэба мець адно на мэце, Жаданням сэрца патураць і піць віно, Бо невядома, колькі пражывеш на свеце. * * *
Будзь асцярожны, бо падступны лёс спакон, Не будзь бяспечны — востры меч трымае кон, Як лёс у рот табе кладзе халву — пабойся Глытаць прысмакі, іх прыправіў ядам ён. * * *
У прыстанку двухдзверным даецца замала — Кроў у сэрцы і ростань з душою трывала. Той шчаслівы, хто ў гэта жыццё не прыйшоў, Той спакойны, каго маці й не нараджала. * * *
Я прагну чыстага віна здаўна, Рубаб і флейту чуць хачу звідна, Як прах мой зробіцца збаном — жадаю, Хай збан не прасыхае ад віна. * * *
Як толку з розуму няма ў наш час, Плён лёсу неразумны жне якраз, Тады налі, што адбірае розум, Няйнакш спагадна лёс зірне на нас. * * *
Сказала ружа: «Я — Юсуф, вякі ў расчуле Мне вусны ў золата і ў яхант агарнулі». Кажу: «Што ты Юсуф з Егіпта, доказ дзе?» І адказала: «Ты зірні — ў крыві мая кашуля». * * *
Мы з віном і каханай прыйшлі ў голы кут, Вольныя ад надзей і ад страху пакут, За віно мы заклалі і целы і душы, Спалі з нас кайданы злога побыту тут. * * *
У застоллі
разваг розум довад прывёў — Паўтараюць адно столькі розных галоў. І калі нехта скажа, віно не дазволена, Не паверу — «Налі!» — бог сказаў і пайшоў. * * *
І заплакала хмара ў зялёным куце, Без віна жыць не варта ў зямной цеснаце. Вось травінка, якую мы бачым сягоння. Хто ж убачыць травінку, што з нас прарасце? * * *
Хай будзе шлях яе, як мой адчай, даўгі, Украла сэрца, а сягоння без тугі Прайшла і толькі позіркам сказала: «Кінь у ваду дабро, глянь, ці ідуць кругі». * * *
Дух у госці прыйшоў, не спаганены прахам, З пракавечнага дома пад праведным дахам, Падмацуй яго ранішняй чарай віна, Каб гукнуў: «Будзь твой дзень блаславёны Алахам!» * * *
Пра наступнасць не дбай, чалавеча, ў журбе, Марнасць думак душу тваю хай не скрабе. Дык жыві ў гэтым свеце вясёлы і рады — Не пыталі парады спачатку ў цябе. * * *
Рана ўстаўшы, старэча, ўбачыш з-за далягляда, Як рука хлапчукова пыл пусціць з ветрам рада. Ты малечы парай: «Рассыпай з асцярогай, Гэта — прах воч Парвіза, галавы Кай-Кубада». * * *
Я п’ю віно, ды не вар’ююся ў гульбе, Сціскаю чару я ў мальбе, не ў пахвальбе. Я пакланяюся віну і маю мэту — Не пакланяцца так віну, як мы сабе. * * *
Як ведаеш адгадкі таямніц усіх, Чаго бядуеш з марнаты бядот сваіх? Калі ўсё вершыцца па ўладнай нейчай волі, Усцешны будзь з жыцця хоць на кароткі міг. * * *
«Без гурый рай не рай», — даюць адзін зарок, А я кажу: «Чароўны вінаградны сок». Вазьмі наяўнае і ўяўнага зрачыся, Бо лепей пошчак барабанны чуць здалёк. * * *
Ты ведаеш, чаму так певень на світанні Жалобна ў неба штохвіліны шле літанні? Люстэрка рання паказала: ноч яшчэ адна Пайшла з жыцця, а ты не быў пры развітанні. * * *
Збан гэты, як і я, пабачыў шчасця мала, Палонам локанаў яго краса трымала, А гэта ручка, што на горле бачыш ты, — Рука, якая шыю любай абдымала. * * *
Мой пал ляцеў да роўных ружам птахам, Рука імкнулася да чары з хмельным пахам. Вазьму я дзель сваю ад кожнага, пакуль Гасцінцы цела грэшнага не сталі прахам. * * *
Хаям! Як быў з віном ты шчырым — сцешся, Як ты хоць міг сядзіш з кумірам — сцешся, Канец усім праявам свету — небыццё, Як тут яшчэ не стаўся жвірам — сцешся. * * *
Поделиться с друзьями: