Rubaji
Шрифт:
* * *
І сніў я сон — мудрэц мне сон мой ставіў у віну: «Нікому ружа радасці не расцвіла ад сну. Чаму такое робіш ты, што смерці роўна, Устань жа, спаць ты
* * *
Ці доўга будзеш ты тужыць па ўсіх, ці не? Ці ў радасці ты будзеш жыць свой міг, ці не? Віном напоўні кубак, бо не ведаеш, Ці выдыхнеш ты гэты ўздых, ці не? * * *
Дзверы хлеба надзённага, госпадзе, мне адчыні, Дай што маеш і гнеў адгані гэтай лютай гайні, І трымай мяне п’янага так, каб не меў я У бяспамяцці злым а ні клопату, ні мітусні. * * *
Што ўсё, што існўе, — выявы і ўявы, Ніводзін не ведае розум рухавы. Сядзь, выпі віна і вясёлы пабудзь, Разваг сваіх выкінь пустыя забавы. * * *
Цяпер пазбаў, калі ты можаш, ад усіх Душу каханай ад пакут і нош цяжкіх, Не будзе вечна гэта царства прыгажосці: Яно імгненна выслізне і з рук тваіх. * * *
Раз небасхіл не зрушыць воляй мудраца, Нябёсам — як ты ні лічы — няма канца. Раз мусіш ты сканаць, — табе ўсё роўна Ці ў доле з’есць мураш, ці ў стэпе воўк сляпца. * * *
Сатлеў я сэрцам болей чым нябожчык, о сакі, А пад зямлёю спакайней яму такі, І колькі б я ні каяўся, і колькі слёз ні ліў бы, Я застаюся грэшнікам на ўсе свае вякі. * * *
Адрынь абрады веры, будзь рашучы, — ўсё мана, Дзялі скарынку, хоць апошняя яна, Не квапся на жыццё людское, на маёмасць, А за той свет ручаюся, нясі віна! * * *
Няма начэй, каб розум мой не ныў у гудзе, Каб чысты жэмчуг слёз не асыпаў мне грудзі. Віно разваг не поўніць чару галавы, Бо перакуленая поўнаю не будзе. * * *
Усё ў гэтым свеце, што бачу, Не варта ні смутку, ні плачу. Ды, слава Алаху, куды ні зірну — Сваю ўсюды бачу няўдачу. * * *
Пакуль мы рукі не сплялі свае ў хаўрусе, Не наступіць нагою нам на голаў скрусе. Да золку будзем пахмяляцца, будзе днець Без нас, а мы ўздыхнуць не зможам у спакусе. * * *
Хто гэты свет прайшоў кружма і нацянькі, Каб распазнаць яго абодвыя бакі, Не ведаю, ці ведае дапытнік, Пра справы свету што мы ведаем-такі? * * *
Свяцільнікі мячэці і кумірні дым, Зло
пекла, радасць раю — пра адно гудзім. Глянь на скрыжалі лёсу: там накрэсліў Даўно ўжо Майстра ўсё, што здарыцца з усім. * * *
Дней, сэрца, рукой разбудзіўшы гук лютні ласкавы, Згубіўшы імя сваё, піць будзем водар гаркавы. Кілім малітоўны за келіх віна прадамо І гахнем аб камень бутэльку і ганьбы і славы. * * *
Кахаю цябе, ды папрокам не дам сябе грызці, І з невукам я не спрачаюся, як і калісьці, Напітак кахання спакон — ацаленне мужчын, А для немужчын гэты кубак не мае карысці. * * *
Што цмокаць дарэмна, калі атухаюць жароўні! Што мудрасць вякоў! Ты віном шчыра чару напоўні. Пі, пройдзе жыццё, і хадзіць будзе Месяц без нас Ад поўні да веташка, ад веташка да поўні. * * *
Дзе блізкі сябра той, чый слых бы ўраз спасціг Мой сказ, кім чалавек быў з першых дзён сваіх? Народжаны ў бядзе, на гліне гора замяшаны, Ён паблукаў крыху па свеце — і заціх. * * *
І да нас тут было цемрачы і святла, І нябёсы вярталіся з вечнага тла, Сцеражыся, ступай па зямлі ненахабна, Бо зямля зрэнкаю прыгажуні была. * * *
Выпі сам няшкоднага віна, Кубак мой напоўні са збана, Покуль з нас лёс ганчару закажа Збан зрабіць, давайма піць да дна! * * *
Высакароднасць кіпарыса і ліяны, Адкуль яны, з якой такой пашаны? У гэтай — дзесяць языкоў, і ўсе маўчаць, Той мае дзвесце — ўсе лянотаю звязаны. * * *
Нашто бедаваць па багацці зямным? Ці ты сустракаўся хоць з вечным адным? Як некалькі ўздыхаў пазычылі целу, Пазычанае не палічыш сваім. * * *
На чары рука і рука на Каране, Душа то ў святосці, то ў нечысці вяне, Пад мармуровым скляпеннем колеру бірузы Мы і не кафіры і не мусульмане. * * *
Што крыўдзіцца на невуцтва, як свет ліхі. Ад немачы сціскае сэрца боль глухі. Падперажуся зунаром, бо маю сорам За мусульманства за сваё і за грахі. * * *
У горадзе ў славе — мішэнь азлаблення людскога, У келлі ў самоце — мішэнь падазрэння сляпога, Найлепш, каб ты быў хоць як Хідр ці Ільяс, Ні цябе каб ніхто, ні каб ты сам не ведаў нікога. * * *
Убачыў птушку на сцяне дрымотнай Туса, А перад птушкай голы чэрап Нак-Кавуса. Казала птушка чэрапу: «Аднак! Аднак! Дзе голас звону, гром літаўраў? Дзе спакуса?»
Поделиться с друзьями: