Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Chajam Amar

Шрифт:
* * *
І чым так няміл я табе, небасхіл? Дзярэш майго шчасця сарочку штосіл, І вецер, што дзьме ў мяне, полымем робіш, І сушыш ваду ў мяне ў роце на пыл.
* * *
З віном у руцэ, з локанам у другой Шчаслівы сядзіць незнаёмы з тугой, Ён п’е і не дбае пра небазваротнасць, Пакуль хмель не вытне салодкай нагой.
* * *
Нябёсы дарэмна не робяць нічога: Даюць
аднаго, каб украсці другога.
Каб ведаў, што зробіць з ім лёс, чалавек — На свет бы ён не нараджаўся, нябога.
* * *
Мы — лялькі, а неба — той лялечнік спрыту, Што глуха завесіў заслону з блакіту, Патузаюць нас на кіліме жыцця, І зноўку патрапім у куфар нябыту.
* * *
Цвярозаму мне не адчуць асалоды, А ў п’янага розум слабее ад згоды. Прамежак між хмелем і яснасцю ёсць — Завецца жыццём, там я раб назаўсёды.
* * *
Я горла наблізіў да горла збана, Каб сродак здабыць даўгажыцьбы са дна. Да губ маіх губы прыклаўшы, сказаў ён: «Як ты, быў і я, наша доля адна».
* * *
Калі нагою смерці буду растаптаны, Рукою смерці, быццам птушка, абскубаны, Май літасць, каб мой прах збанамі толькі стаў, Мо ажыву я, ўчуўшы пах віна жаданы.
* * *
Калі сканаю, абмыйце мяне чыстым віном, Багаславіце ў людской гамане чыстым віном, Знайсці захочаце ў дзень уваскрэсення, Дык прах шукайце мой у чайхане з чыстым віном.
* * *
Тварэц сваю літасць выказвае сам. Ёсць лік і правінам тваім і грахам. Як п’яны ты сёння да смерці, дык заўтра Даруе тваім засмылелым касцям.
* * *
Напэўна, травінка, што шэпча з пяском, У небападобнай была валаском. Не люта ступай на траву маладую, Бо вырасла з праху цюльпана крадком.
* * *
Хто чуе голас розуму спрасоння, Быка ён доіць у тугі ў палоне. Лепш апранаху блазена надзень, За розум толькі пырнік купіш сёння.
* * *
Устань, скунежаны, настала ранне! На лютні грай, смакуй віно кахання. Бо доўга тут яшчэ не быў ніхто, А тым, што адышлі, няма вяртання.
* * *
Як прыйдзе па вясне кумір адтуль, дзе гурый грай, І мне падасць віна туды, дзе нівы самы край, Як бы ні лаялі пасля за гэты словы людзі,— Сабака лепшы за мяне, калі я ўспомню рай!
* * *
Кажуць, п’яніц у пекле зглынае агонь, Гэта жылка маны б’ецца постраху ў скронь, Як каханкі і п’яныя пекла заселяць, Заўтра ж рай будзе голы, як тая далонь.
* * *
Прыгожую
чару, аздобу сталоў,
Разбілі і кінулі моўчкі далоў. Шануйся, не стань на чарэп’е без жалю, Бо чара рабілася з чараў галоў.
* * *
Нам віно і каханка, вам — кумірня і храм, Пекла мы абжываем, рай гатовенькі — вам. Дык віна наша вечная ў чым? Адкажы мне! — Так Мастак на скрыжалях лёс павызначыў сам.
* * *
Іх шмат, хто па дарогах дзён пайшоў за небаспад, Хто з іх вярнуўся, каб сказаў пра ўсё яго пагляд? На скрыжаванні прагнасці і немачы шануйся, Не пакідай нічога, бо не вернешся назад.
* * *
О небасхіл! Хто ў злосці за цябе люцей? Несправядлівасць цэніш ты, як ліхадзей. Калі б, Зямля, твае рассекчы грудзі, ў іх бы Знайшлося шмат каштоўных камянёў — людзей.
* * *
Хаям! Нашто так бедаваць з-за грэху? Малы, вялікі — гэта варта смеху! Як грэху не было б, навошта дараванне? Выходзіць, дараванню грэх на ўцеху.
* * *
Перш чым цябе глыне няшчадны вір, Скажы віна прынесці, о кумір. Не золата ты, дурань бесклапотны, Навошта з-за цябе трывожыць жвір.
* * *
Будзь вясёлы, прывыкай да страт, Зор яшчэ на небе ўзыдзе шмат. І цагліны з праху твайго рупна Пакладуць у сцены іншых хат.
* * *
Небасхіл — толькі пояс на знясіленым целе, А Джэй хун — толькі след нашых слёз, што цяплелі, Пекла — толькі іскрынка ўздыхаў нашае марнаты, Рай — імгненне адно нашай мулкай пасцелі.
* * *
І я ў ганчарню завітаў, як на базар. Маўклівы ўбачыў там і гаваркі тавар, Дзве тысячы збаноў, і закрычаў адзін з іх: «Дзе пакупнік? Дзе прадавец? І дзе ганчар?»
* * *
Кароны і вянцы з іх гулам я прадаю, Чалму за флейту з гукам чулым я прадаю, Ружанец — войска пасланцоў нябёсаў За піялу віна агулам я прадаю.
* * *
О кон! Ты гвалт узносіш над усім, Там, дзе прыгнёт і здзек, жывеш ты ў доме тым. Сумленным дорыш боль, нягоднікам — раскошу. Няздатны, ты аслеп ці звар’яцеў зусім?
* * *
І ад усіх людзей ахоўвай тайну храма, І ад усіх зладзюг, іх дух не ўпусціць брама, Што творыш з боскімі стварэннямі, зірні, І ад усіх людзей чакай таго ж таксама.
* * *
Поделиться с друзьями: