Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Chajam Amar

Шрифт:
Зайшоў сп’яна ў вінарню ўчора я ўначы, Там збан трымаў схмялелы старац на плячы. Спытаў я: «Ці табе, Тварэц, не сорам?» А ён: «Бог літасцівы, пі віно й маўчы!»
* * *
Лазы дзявоцкую цнатлівасць не крані, Лі кроў, сячы пакайных сэрцаў карані. Залі зямлю крывёй дзвюх тысяч крывадушных, Ды ні глытка віна на дол а ні ліні.
* * *
Як душы скінуць цела апранаху, Прах іншых пойдзе на магілы
ў страху.
А потым цэглу іншым для магіл Таксама з нашага сфармуюць праху.
* * *
Кажуць: «Людзі — паборнікі строгай маралі, Уваскрэснуць такімі, якімі сканалі». І таму мы з віном і з каханкай заўжды, Каб такімі ўваскрэснуць, сканаўшы без жалю.
* * *
Мне вядомы жыцця і нябыту спадман, Мне вядомы вяршынь і далінаў туман. Хай за веды пры гэтым мне сорамна стане, Як апроч хмельнаты іншы ведаю стан.
* * *
Гэта чара — ёй розум пашану дае, Лоб з любоўю святою цалуе яе. А ганчар лёсу гожую чару такую, Сам стварыўшы, аб дол на кавалачкі б’е.
* * *
Раз, кажуць, будуць гурыі, і рай, І мёд, і чыстага віна праз край. Не грэх цяпер віну і любым пакланяцца, Бо ўрэшце мы ў той самы прыйдзем край.
* * *
А мне б купіць праснак пшанічны на таргу, Віна два маны, барановую нагу І сесці з любай у руінах, — гэткай асалодай Султан не можа цешыцца, а я магу.
* * *
Ганебна імем слынным высіцца над светам, Саромецца бяды пад небасхілам гэтым. Ад соку вінаграднага п’янюткім быць Лепш, чым праславіцца зняможаным аскетам.
* * *
Мне раяць: «Меней пі, бо ты — мужчына! Прычына ў чым, што п’еш віно няспынна?» «Прычына — любы твар і раніцы віно. Разваж, ці ёсць больш важкая прычына?»
* * *
І сэрца кожнае, палоненае ёй, — шчаслівае, І голаў, стаўшьі пылам вуліцы тваёй, — шчаслівая, Не злуйся на яе за крыўдаў драбнату, Бо ўсё, чаму ўсміхаецца яе настрой, — шчаслівае.
* * *
Заслоны таямніц не ўзняць, адужаўшы знямогу, Не ведаем, калі душа рыхтуецца ў дарогу. У сэрцы цёмнае зямлі прыстанак наш адзін. Дык пі віно — такія казкі даспадобы богу.
* * *
Віно вар’яту, мне — каханая адна, П’ю, не баюся быць зняслаўленым сп’яна. Я вып’ю гэтулькі, што кожны запытае: «Гэй, ты адкуль ідзеш, гарлач віна?»
* * *
Віно — рубін празрысты, а гарлач — крыніца, У целе піялы душа віна таіцца, І чара з крышталю іскрыцца ад віна Слязьмі, дзе кроў лазы, што дол акрыла ніца.
* * *
Тайны
свету, што ў сшытак у слоў спарышы
Я схаваў, не развяжаш, як ні варушы. Як няма між вучоных мужоў верных слову, Нельга ўсё расказаць, што ў мяне на душы.
* * *
Я тайну, выпешчаную ў салодкай скрусе, Табе паведамлю ў святым прымусе: З мілосцю да цябе сыду ў зямлю, З мілосцю да цябе з зямлі ўздымуся.
* * *
Хоць для цябе гэты свет беспрытульны стваралі, Мудрыя раяць у ім не давярацца жалю. Шмат да цябе падобных прыйшло, адышло. Крадзь сваю долю, пакуль і самога не ўкралі.
* * *
Ранне ўжо на нагах, прачынайся, юнак! Поўні кубак віном, гаркаватым на смак, Гэты міг, што пазычылі ў тленным закутку, Будзеш доўта шукаць, ды не знойдзеш ніяк.
* * *
Дзень такі, што ў неба дно відно, Кветкі хмарай змылі пыл даўно. Салавей крычыць на мове тайны Жоўтай ружы: «Трэба піць віно!»
* * *
Ты — тварэц, і мяне ты такога стварыў, Сэрца хмеляць віно і мілосны парыў. Як стварыў ты мяне ў дзень свой першы такога, Што ж у пекла штурхаеш цяпер пад абрыў?
* * *
Не сумуй, што задуманы свет нетрывала, Весяліся, твой міг пратрымаецца мала. Каб з натурай рашучай быў лёс, дык тады Нарадзіцца б ніколі табе не прыпала.
* * *
Гасподзь! Велікадушны, значыць — міласэрны, Чаму ж з садоў Ірэма выгнаны няверны? Пакорнаму даруеш мне — не міласэрнасць гэта, Мне, бунтару, — ты ў міласэрнасці празмерны.
* * *
Хто з крывадушнасцю ідзе ў жыцця гасподу, Паміж душой і целам ставіць перашкоду, А я на галаву пастаўлю збан з віном, Хоць галаву мне адсякуць, як пеўню, з ходу.
* * *
Не быў цвярозы, бо не здраджваю абранніцы, І Ноч прароцтва нецвярозая у п’яніцы. Збан на грудзях і чары на губах, Рука на шыі гарлача да раніцы.
* * *
Як сам не п’еш віна, дык іншых не віні, Пазбаўся лепш ад хітрасці і ад хлусні. Хоць ганарышся тым, што чыстага віна не п’еш ты, Сто іншых спраў тваіх не лепшыя ані.
* * *
Лахмоннем заторкнулі горла збанкоў, Трушчобы амылі зямлёю вякоў, А можа, мы ў пыле шынка адшукаем Жыццё, што згубілі ў разгуле шынкоў.
* * *
Не надтачыць, не ўкараціць ні лёс, ні дні, Не варта ныць па драбязе, па мітусні. Бо справы нашыя і ўласнымі рукамі Пераляпіць, як воск, ты нават і не сні.
Поделиться с друзьями: