Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сабачае сэрца

Булгакаў Міхаіл

Шрифт:

Барменталь, узвінчаны далей некуды, сціснуў дужыя худыя рукі ў кулакі, паварушыў плячыма, цвёрда сказаў:

— Вядома. Я заб'ю яго!

— Забараняю гэта! — катэгарычна адказаў Піліп Піліпавіч.

— Ды што ж тады…

Піліп Піліпавіч раптам насцярожыўся, падняў палец.

— Пачакайце… Мне здалося, што чую крокі.

Абодва прыслухаліся, але ў калідоры было ціха.

— Здалося, — сказаў Піліп Піліпавіч і горача загаварыў па-нямецку. У ягоных словах некалькі разоў чулася расейскае «крымінальшчына».

— Хвілінку, — раптам насцярожыўся Барменталь і ступіў да дзвярэй. Крокі былі

добра чуваць і набліжаліся да кабінета. Акрамя таго, голас бубніў. Барменталь адчыніў дзверы і, уражаны, адхіснуўся. Піліп Піліпавіч знерухомеў у крэсле.

У асветленым чатырохкутніку калідора паўстала ў адной начной кашулі Дар'я Пятроўна з баявым і чырвоным тварам. І доктара і прафесара ўразіла колькасць магутнага і, як здалося са страху, голага цела. У дужых руках Дар'я Пятроўна валакла нешта, і гэтае «нешта» ўпіралася, сядала на зад, і кароценькія яго ногі, пакрытыя чорным пухам, запляталіся на паркеце. «Нешта», вядома ж, аказалася Шарыкавым, зусім знішчаным, п'яненькім, ускудлачаным і ў адной сарочцы.

Дар'я Пятроўна, грандыёзная і голая, страсянула Шарыкава, быццам мяшок з бульбай, і сказала такія словы:

— Палюбуйцеся, прафесар, на нашага візіцёра Тэлеграфа Тэлеграфавіча. Я замужам была, а Зіна — нявінная дзяўчына. Добра, што я прачнулася.

Пасля гэтай прамовы Дар'я Пятроўна адчула сорам, ускрыкнула, закрыла грудзі рукамі і памчалася.

— Дар'я Пятроўна, прабачце, калі ласка, — пасля таго як апамятаўся, крыкнуў ёй услед Піліп Піліпавіч.

Барменталь вышэй закасаў рукавы і рушыў на Шарыкава. Піліп Піліпавіч зазірнуў яму ў вочы і жахнуўся.

— Што вы, доктар, я забараняю!..

Барменталь правай рукой гэтак узяў Шарыкава за шкірку, што палатно ягонай сарочкі спераду затрашчала.

Піліп Піліпавіч кінуўся напярэймы і пачаў выдзіраць шчуплага Шарыкава з учэпістых хірургічных рук.

— Біць не маеце права! — крычаў напаўзадушаны Шарыкаў, сеў на падлогу і цверазеў на вачах.

— Доктар! — крычаў Піліп Піліпавіч.

Барменталь крыху апамятаўся і адпусціў Шарыкава, пасля чаго той адразу ж захныкаў.

— Ну пакуль, — прашаптаў Барменталь, — пачакаем да раніцы. Я яму пакажу бенефіс, як толькі ён ацверазее.

Тут ён ухапіў Шарыкава пад паху і павалок спаць. Шарыкаў паспрабаваў брыкацца, але ногі яго не слухалі.

Піліп Піліпавіч расставіў ногі, полы халата разышліся ў бакі, падняў рукі да лямпы на столі і вымавіў:

— Ну-ну…

IX

Бенефіс, які абяцаў Шарыкаву Барменталь, не адбыўся раніцай таму, што Паліграф Паліграфавіч знік з дому. Барменталь быў у лютым адчаі, аблаяў сябе аслом за тое, што не схаваў ключ ад дзвярэй, крычаў, што дараваць нельга, і закончыў пажаданнем, каб Шарыкаў трапіў пад-аўтобус. Піліп Піліпавіч сядзеў у кабінеце, ашчаперыў голаў і гаварыў:

— Уяўляю, што будзе тварыцца на вуліцы… Уяўляю-ю. «От Севильи до Гренады», божа мой.

— Ён, можа, яшчэ ў дамкаме, — шалеў Барменталь і кудысьці бегаў.

У дамкаме ён палаяўся са старшынёй Швондзерам гэтак, што той сеў пісаць заяву ў народны суд Хамоўніцкага раёна, крычаў, што ён не вартаўнік выхаванца прафесара Праабражэнскага, болей таго, гэты выхаванец аказаўся прахвостам, узяў у дамкаме 7 рублёў быццам бы на пакупку

падручнікаў.

Фёдар, які зарабіў на гэтай прапажы тры рублі, абшукаў увесь дом. Нідзе і следу Шарыкава не асталося.

Высветлілася толькі адно — Паліграф знік на світанні ў кепцы, з шарфам і ў паліто, прыхапіў з сабой бутэльку рабінавай гарэлкі з буфета, пальчаткі доктара Барменталя і ўсе свае дакументы. Дар'я Пятроўна і Зіна не хавалі сваёй вялікай радасці і спадзявання, што Шарыкаў болей не вернецца. У Дар'і Пятроўны Шарыкаў незадоўга перад гэтым пазычыў тры рублі пяцьдзесят капеек.

— Вось так вам і трэба! — роў Піліп Піліпавіч і трос кулакамі. Цэлы дзень званіў тэлефон, званіў і на другі дзень. Дактары прымалі вялізную колькасць пацыентаў, а на трэці дзень паўстала пытанне, што трэба паведамляць у міліцыю пра знікненне Шарыкава, якая і павінна вылавіць яго ў маскоўскім віры.

І толькі вымавілі слова «міліцыя», як цішыню ў Абухавым завулку разбурыў гук грузавіка, скалануліся вокны ў доме. Потым прагучаў упэўнены званок, і Паліграф Паліграфавіч зайшоў надзвычай ганарліва, моўчкі зняў кепку, паліто павесіў на рогі і аказаўся зусім іншы з выгляду. На ім была скуранка з чужога пляча, гэтакія ж скураныя вынашаныя штаны і ангельскія высокія боты са шнуроўкай да каленяў. Цяжкі кашэчы дух расплыўся па ўсёй прыхожай. Праабражэнскі і Барменталь, быццам па камандзе, склалі рукі на грудзях, прысланіліся да вушакоў і чакалі першых паведамленняў ад Паліграфа Паліграфавіча. Ён пагладзіў жорсткія валасы, кашлянуў, азірнуўся; было прыкметна, што збянтэжанасць ён хоча схаваць за сваёй развязнасцю.

— Я, Піліп Піліпавіч, — пачаў ён нарэшце гаварыць, — на пасаду паступіў.

Абодва дактары коратка ўскрыкнулі і паварушыліся. Праабражэнскі апамятаўся першы, працягнуў руку і сказаў:

— Паперу пакажыце.

Было надрукавана: «Уладальнік гэтага таварыш Паліграф Паліграфавіч Шарыкаў сапраўды загадчык пададдзела ачысткі горада Масквы ад брадзячай жывёлы (каты і інш.) у аддзела МКГ».

— Ага, — цяжка прамовіў Піліп Піліпавіч, — хто ж вас туды ўладкаваў? А, ды я і сам здагадваюся.

— Правільна, Швондзер, — адказаў Шарыкаў.

— Дазвольце спытаць — чаму ад вас гэтак смярдзіць?

Шарыкаў заклапочана панюхаў куртку.

— Ну, пахне… вядома: па спецыяльнасці. Учора катоў душылі-душылі…

Піліп Піліпавіч скалануўся і паглядзеў на Барменталя. Вочы ў таго нагадвалі дзве чорныя рулі, накіраваныя на Шарыкава ва ўпор. Без усякай прадмовы ён ступіў да Шарыкава і лёгка і ўпэўнена ўзяў яго за горла.

— Гвалт! — піскнуў Шарыкаў і пабялеў.

— Доктар!

— Нічога я яму не зраблю лішняга, Піліп Піліпавіч, не турбуйцеся, — сталёвым голасам адазваўся Барменталь і закрычаў: — Зіна, Дар'я Пятроўна!

Тыя з'явіліся ў прыхожай.

— Ну, паўтарайце, — сказаў Барменталь і крышку прыціснуў горла Шарыкава, — прабачце мне…

— Ну, добра, паўтару, — асіплым голасам адказаў зусім спалоханы Шарыкаў, раптам сабраўся з сілай, паспрабаваў вырвацца і крыкнуць «гвалт», але крыку не выйшла, і галава яго зусім патанула ў футры.

— Доктар, прашу вас…

Шарыкаў заківаў галавой, даваў знак, што ён пакарыўся і будзе прасіць прабачэння.

— …Прабачце мне, паважаная Дар'я Пятроўна і Зінаіда?..

Поделиться с друзьями: