Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сабачае сэрца

Булгакаў Міхаіл

Шрифт:

— Вы дазволіце гэта пакінуць мне? — спытаўся Піліп Піліпавіч, і твар яго пакрыўся плямамі. — Ці, вінаваты, можа, вам гэта трэба, каб даць законны ход справе?

— Прабачце, прафесар, — зусім пакрыўдзіўся пацыент, і ноздры яго заварушыліся, — вы і сапраўды ўжо зусім пагардліва глядзіце на нас. Я… — і тут ён пачаў надзімацца, як індыйскі певень.

— Ну, прабачце, прабачце, галубок! — замармытаў Піліп Піліпавіч. — Даруйце, я на самай справе не хацеў вас пакрыўдзіць. Галубок, не злуйцеся на мяне, ён так мяне…

— Я ўяўляю, — зусім супакоіўся пацыент, — але якая ўсё ж дрэнь! Цікава было б паглядзець на яго. У Маскве пра вас легенды расказваюць…

Піліп

Піліпавіч у адчаі махнуў рукой. Тут толькі пацыент заўважыў, што прафесар згорбіўся і быццам пасівеў за апошні час.

* * *

Злачынства саспела і ўпала, нібы камень, як гэта звычайна і бывае. Смактала нешта пад сэрцам, калі Паліграф Паліграфавіч вяртаўся на грузавіку. Голас Піліпа Піліпавіча запрасіў яго ў аглядальню. Здзіўлены Шарыкаў прыйшоў з незразумелым страхам, зазірнуў у дула на барменталевым твары, а потым зірнуў на Піліпа Піліпавіча. Хмара плавала вакол асістэнта, і левая яго рука з папяроскай лёгенька дрыжала на бліскучай ручцы акушэрскага крэсла. Піліп Піліпавіч спакойна і злавесна прамовіў:

— Цяпер забярыце свае рэчы: штаны, паліто, усё, што вам трэба, — і вон з кватэры!

— Як гэта? — шчыра здзівіўся Шарыкаў.

— Вон з кватэры — сёння, — манатонна паўтарыў Піліп Піліпавіч і прыжмурыўся на свае пазногці.

Нейкая нячыстая сіла авалодала Паліграфам Паліграфавічам: мабыць, падпільноўвала яго пагібель і рок стаяў за плячыма. Ён сам кінуўся ў абдымкі непазбежнаму і гаўкнуў злосна і коратка:

— Ды што гэта на самай справе! Хіба я на вас не знайду ўправы? Я на 16 аршынах тут сяджу і буду сядзець!

— Вон з кватэры, — прыязна шапнуў Піліп Піліпавіч.

Шарыкаў сам клікаў сваю смерць. Ён падняў руку і паказаў Піліпу Піліпавічу абкусаную і смярдзючую катамі дулю. А потым правай рукой у бок небяспечнага Барменталя дастаў наган. Папяроса Барменталева ўпала, як знічка, а праз некалькі секунд Піліп Піліпавіч па бітым шкле бегаў ад шафы да канапы. На ёй ляжаў і хроп загадчык пададдзела ачысткі, а на грудзях у яго сядзеў хірург Барменталь і душыў маленькай беленькай падушачкай.

Праз некалькі хвілін доктар Барменталь з мёртвым тварам выйшаў у калідор і побач з кнопкай званка прыклеіў паперку:

«Сёння з-за хваробы прафесара прыёму не будзе. Просьба не турбаваць званкамі».

Бліскучым складанчыкам ён перарэзаў дрот ад званка, у люстры паглядзеў на свой паабдзіраны твар. Рукі ў яго дрыжалі. Потым ён з'явіўся на кухні і наструненым Зіне і Дар'і Пятроўне сказаў:

— Прафесар просіць вас нікуды не выходзіць з кватэры.

— Добра, — пакорліва адказалі Зіна і Дар'я Пятроўна.

— Дазвольце мне замкнуць чорны ход і забраць ключ, — загаварыў Барменталь і хаваўся ў цень ад дзвярэй, прыкрываў рукой твар. — Гэта часова, не з-за таго, што вам не давяраюць. Але хто-небудзь прыйдзе, а вы не вытрываеце, адчыніце і перашкодзіце нам. А нам перашкаджаць нельга, мы заняты.

— Добра, — адказалі жанчыны і спалатнелі. Барменталь замкнуў чорны ўваход, замкнуў парадныя дзверы, дзверы з калідора ў прыхожы пакой, і крокі яго заціхлі ў аглядальні.

Цішыня напоўніла кватэру, распаўзлася па кутках. Палез прыцемак, нядобры, насцярожаны, адным словам — цемра. Праўда, потым суседзі быццам бы гаварылі, што ў вокнах аглядальні нібыта бачылі белы каўпак самога прафесара. Цяжка праверыць. Праўда, і Зіна, калі ўсё скончылася, балбатала, што ў кабінеце ля каміна пасля таго, як прафесар і Барменталь выйшлі з аглядальні, яе да смерці напалохаў Іван Арнольдавіч. Ён

быццам бы сядзеў у кабінеце на кукішках і паліў у каміне ўласны сшытак у сініх вокладках з таго пачка, у якім запісваліся гісторыі хваробы пацыентаў. Твар у доктара быў амаль зялёны і ўвесь, ну ўвесь паабдзіраны. І Піліп Піліпавіч у той вечар быў на самога сябе не падобны. І яшчэ, што… магчыма, нявінная дзяўчына з прачысцінскай кватэры і прыхлушвае…

За адно можна было толькі ручацца: у кватэры ў той вечар панавала адна жахлівая цішыня.

Канец аповесці

Эпілог

Ноч у ноч праз дзесяць дзён пасля бітвы ў аглядальні ў кватэры прафесара Праабражэнскага, якая ў Абухавым завулку, ударыў кароткі званок.

— Крымінальная міліцыя і следчы. Адчыніце.

Забегалі крокі, загрукалі, пачалі ўваходзіць, і ў бліскучай ад святла прыёмнай з нанава зашклёнымі шафамі апынулася маса народу. Двое ў міліцэйскай форме, адзін у чорным паліце, з партфелем, зласлівы і белы з твару старшыня Швондзер, юнак-жанчына, швейцар Фёдар, Зіна, Дар'я Пятроўна і напалову адзеты Барменталь, які сарамліва прыкрываў горла без гальштука.

Дзверы з кабінета выпусцілі Піліпа Піліпавіча. Ён выйшаў у знакамітым блакітным халаце, і тут усе маглі пераканацца, што Піліп Піліпавіч намнога палепшаў з выгляду за апошні тыдзень. Той ранейшы, уладарны і энергічны Піліп Піліпавіч, поўны ўсведамлення гонару за самога сябе, выйшаў да начных гасцей і папрасіў прабачэння, што ён у халаце.

— Не бянтэжцеся, прафесар, — няўпэўнена адказаў чалавек у цывільным, потым ён замяўся і загаварыў: — Даволі непрыемна. У нас ёсць ордэр на ператрус у вашай кватэры і, — чалавек коса зірнуў на вусы Піліпа Піліпавіча і дагаварыў, — і арышт у залежнасці ад выніку.

Піліп Піліпавіч прыжмурыўся і спытаўся:

— А згодна якога абвінавачвання, дазвольце запытацца? І хто абвінавачвае?

Чалавек пачухаў шчаку і пачаў вычытваць па паперцы з партфеля:

— Па абвінавачванні Праабражэнскага, Барменталя, Зінаіды Бунінай і Дар'і Івановай у забойстве загадчыка пададдзела ачысткі МКГ Паліграфа Паліграфавіча Шарыкава.

Зінін плач заглушыў ягоныя апошнія словы. Адбыўся рух.

— Нічога я не разумею, — адказаў Піліп Піліпавіч, па-каралеўску перасмыкнуў плячыма, — якога гэта Шарыкава? Ах, вінаваты, гэтага майго сабаку, якога я аперыраваў?

— Даруйце, доктар, не сабаку, а калі ён быў ужо чалавекам. Вось у чым справа.

— Вы маеце на ўвазе, што ён умеў гаварыць? — спытаўся Піліп Піліпавіч. — Але гэта не абазначае, што ён стаў чалавекам. Ды гэта не істотна. Шарык існуе і зараз, і яго ніхто не забіваў.

— Прафесар, — здзіўлена загаварыў чорны чалавек і падняў бровы, — тады вам яго трэба паказаць. Дзесяты дзень, як знік, а звесткі, прабачце, нядобрыя.

— Доктар Барменталь, зрабіце ласку, пакажыце Шарыка следчым, — загадаў Піліп Піліпавіч і ўзяў ордэр.

Доктар Барменталь крыва ўсміхнуўся і выйшаў прэч.

Калі ён вярнуўся і свіснуў, следам за ім з кабінета выскачыў дзіўны сабака. Мясцінамі на ім вырасла шэрсць. Выйшаў ён, як вучоны цыркач, на задніх лапах, потым стаў на ўсе чатыры, агледзеўся. Мёртвая цішыня запанавала ў прыёмнай. Жахлівы з выгляду сабака з чырвоным шрамам на лбе зноў стаў на заднія лапы, усміхнуўся і сеў у крэсла.

Другі міліцыянер раптам размашыста перахрысціўся, адступіў назад і адразу адтаптаў Зіне абедзве нагі.

Поделиться с друзьями: