Сабачае сэрца
Шрифт:
— Гэту… Як яе… перапіску Энгельса з гэтым… як яго — д'яблам — з Каўцкім…
У Барменталя відэлец з кавалкам белага мяса замёр на паўдарозе, а Піліп Піліпавіч разліў віно. Шарыкаў у гэты момант злаўчыўся і каўтануў гарэлку.
Піліп Піліпавіч паклаў локці на стол, прыгледзеўся да Шарыкава і спытаўся:
— Дазвольце даведацца, што вы можаце сказаць наконт прачытанага?
Шарыкаў паціснуў плячыма.
— Ды не згодзен я.
— З кім? З Энгельсам ці з Каўцкім?
— З абодвума, — адказаў Шарыкаў.
— Гэта цудоўна, клянуся госпадам. Усіх, хто скажа, што другая… А што б вы самі прапанаваць маглі?
— Ды
— Гэтак я і думаў, — усклікнуў Піліп Піліпавіч, ляпнуў далонню па абрусе, — менавіта гэтак я і меркаваў.
— І вы ведаеце, як гэта зрабіць? — спытаўся зацікаўлены Барменталь.
— А які тут спосаб, — зрабіўся гаваркі пасля гарэлкі Шарыкаў, — справа няхітрая. А то што ж: адзін у сямі пакоях раскашуе, штаноў у яго 40 пар, а другі на сметніку ежу шукае.
— Наконт сямі пакояў, гэта вы, вядома, на мяне намякаеце? — ганарліва прыплюшчыўся і спытаўся Піліп Піліпавіч.
Шарыкаў сцяўся і прамаўчаў.
— Што ж, я не супраць раздзелу. Доктар, колькім вы чалавекам адмовілі ўчора?
— 39 чалавекам, — адразу ж адказаў Барменталь.
— Гм… 390 рублёў. Значыць, грэх на трох мужчын. Жанчын — Зіну і Дар'ю Пятроўну — лічыць не будзем. З вас, Шарыкаў, 130 рублёў. Калі ласка, заплаціце.
— Нічога сабе, — адказаў Шарыкаў спалохана, — за што?
— За кран і за ката, — раўнуў раптам Піліп Піліпавіч без іранічнага спакою.
— Піліп Піліпавіч, — трывожна ўскрыкнуў Барменталь.
— Пачакайце. За тое, што вы ўчынілі і з-за чаго сарваўся прыём. Гэта невыносна. Чалавек, як дзікун, гойсае па кватэры, вырывае краны. Хто забіў кошку пані Паласухер? Хто…
— Тры дні назад вы, Шарыкаў, укусілі пані на лесвіцы, — заўважыў Барменталь.
— Вы стаіце… — рыкаў Піліп Піліпавіч.
— Ды яна мне па мордзе, — завішчаў Шарыкаў, — у мяне не казённая морда!
— Таму што вы яе за грудзі ўшчыпнулі, — закрычаў Барменталь і абярнуў бакал, — вы стаіце…
— Вы стаіце на самай ніжэйшай ступеньцы развіцця, — перакрычаў усіх Піліп Піліпавіч, — вы яшчэ толькі фарміруецеся, слабая розумам істота, усе вашы ўчынкі чыста звярыныя, а вы ў прысутнасці двух чалавек з універсітэцкай адукацыяй дазваляеце сабе развязна даваць парады касмічнага маштабу і гэтакага ж касмічнага глупства пра тое, як усё падзяліць. І ў той жа час наглыталіся зубнога парашку…
— Тры дні назад, — пацвердзіў Барменталь.
— Дык вось, — грымеў Піліп Піліпавіч, — зарубіце сабе на носе, — дарэчы, чаму вы сцерлі з яго цынкавую мазь? — вам трэба маўчаць і слухаць тое, што вам гавораць. Вучыцца і старацца стаць хоць крыху прыдатным членам сацыялістычнага грамадства. Дарэчы, які нягоднік падсунуў вам гэту кнігу?
— У вас усе нягоднікі, — спалохана адказаў Шарыкаў, аглушаны нападам з двух бакоў. — Ну што ж такое. Ну, Швондзер даў. Ён не нягоднік… Каб я развіваўся…
— Я бачу, як вы развіваецеся пасля Каўцкага, — аж пажаўцеў і віскліва крыкнуў Піліп Піліпавіч. Ён люта націснуў на кнопку на сцяне. — Сённяшні выпадак паказвае гэта найлепшым чынам. Зіна!
— Зіна! — крычаў Барменталь.
— Зіна! — спалохана крычаў Шарыкаў.
Прыбегла спалатнелая Зіна.
— Зіна, там у прыёмнай… Яна ў прыёмнай?
— У прыёмнай, — пакорліва прызнаўся Шарыкаў, — зялёная, як купарос.
— Зялёная кніжка…
— Ну, цяпер паліць, — адчайна ўскрыкнуў Шарыкаў, —
яна казённая, з бібліятэкі…— Перапіска — называецца, як яго… Энгельса з гэтым чортам… У печ яе!
Зіна паляцела.
— Я б гэтага Швондзера, слова гонару, павесіў бы на першай галіне, — усклікнуў Піліп Піліпавіч і люта ўпіўся ў крыло індычкі, — сядзіць гэтакая дрэнь у доме, быццам скула. Мала што піша розную гнюсь у газеты…
Шарыкаў злосна і іранічна пачаў касавурыцца на прафесара. Піліп Піліпавіч таксама коса стрэліў позіркам у яго.
«Ой, толку не будзе, здаецца, у нас у кватэры», — раптам прароча падумаў Барменталь.
Зіна прынесла на круглым блюдзе рыжую з правага боку і падрумяненую з левага бабу і кавярнік.
— Я не буду яе есці, — адразу пагрозліва і непрыязна заявіў Шарыкаў.
— А вас ніхто і не просіць. Вядзіце сябе прыстойна. Доктар, прашу вас.
Абед скончыўся моўчкі.
Шарыкаў дастаў з кішэні скамечаную цыгарэту і закурыў. Пасля кавы Піліп Піліпавіч паглядзеў на гадзіннік, націснуў на рэпецір, і гадзіннік пяшчотна сыграў восем з чвэрткай. Піліп Піліпавіч звычна адкінуўся да гатычнай спінкі крэсла і пацягнуўся па газеты на століку.
— Доктар, прашу вас, паехалі з намі ў цырк. Толькі малю богам, паглядзіце ў праграму, ці няма катоў.
— І як гэту свалату ў цырк пускаюць, — панура заўважыў Шарыкаў, паківаў галавой.
— Ну, ці мала каго туды пускаюць, — двухсэнсоўна абазваўся Піліп Піліпавіч, — што там у іх?
— У Саламонскага, — пачаў вычытваць Барменталь, — чатыры нейкія… Юссемес і чатыры мёртвыя кропкі.
— Гэта што за Юссемес? — падазрона распытваўся Піліп Піліпавіч.
— А бог яго ведае. Упершыню сустракаю гэта слова.
— Тады лепш глядзіце ў Мікіціных. Трэба, каб усё было ясна.
— У Мікіціных… У Мікіціных… гм… сланы і мяжа чалавечага спрыту.
— Так-с. Што вы скажаце наконт сланоў, дарагі Шарыкаў? — недаверліва спытаўся Піліп Піліпавіч у Шарыкава.
Той пакрыўдзіўся.
— Хіба ж я не разумею. Кот — іншая справа. Сланы — карысная жывёла, — адказаў Шарыкаў.
— Ну-с, выдатна. Калі карысныя, то едзьце і паглядзіце на іх. Трэба слухацца Івана Арнольдавіча. І ў буфеце не балбатаць! Іван Арнольдавіч, вельмі прашу вас, півам Шарыкава не частаваць.
Праз 10 хвілін Іван Арнольдавіч і Шарыкаў, у кепцы з качыным носам і ў драпавым паліто з паднятым каўняром, паехалі ў цырк. У кватэры стала ціха. Піліп Піліпавіч апынуўся ў сваім кабінеце. Ён запаліў лямпу пад цяжкім зялёным каўпаком, і таму ў кабінеце зрабілася зусім мірна. Ён пачаў хадзіць па пакоі. Доўга і горача свяціўся кончык цыгары светла-зялёным агеньчыкам. Рукі прафесар усунуў у кішэні штаноў, і цяжкія думкі мучылі вучоны з залысінамі лоб. Ён прыцмокваў, наспеўваў скрозь зубы «К берегам священным Нила…» і нешта мармытаў. Нарэшце адклаў цыгару ў попельніцу, падышоў да шафы, якая была ўся са шкла. Кабінет асвятліўся трыма вялікімі свяцільнікамі пад столлю. З шафы, з трэцяй шкляной палічкі, Піліп Піліпавіч дастаў вузенькую шклянку, нахмурыўся і пачаў разглядваць яе на святло. У празрыстай і шчыльнай вадкасці плаваў, не апускаўся долу, маленькі беленькі камячок — той, што быў выняты з глыбіні Шарыкавых мазгоў. Піліп Піліпавіч паціскаў плячыма, крывіўся і хмыкаў, прыглядаўся, быццам хацеў угледзець у белым плывучым камяку прычыны ўсіх дзіўных падзей, якія перавярнулі дагары нагамі ўсё жыццё ў прачысцінскай кватэры.