Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сабачае сэрца

Булгакаў Міхаіл

Шрифт:

З выгляду дзіўны. Шэрсць засталася толькі на галаве, на падбародку і на грудзях. Астатняе аблысела, скура друзлая. У вобласці палавых органаў — мужчына ў стадыі фарміравання. Чэрап пабольшаў значна. Лоб скошаны і нізкі.

Дальбог, я звар'яцею.

Піліп Піліпавіч дасюль адчувае сябе дрэнна. Большасць назіранняў вяду я. (Фанограф, фотаздымкі.)

Па горадзе папаўзлі плёткі.

Вынікі, якіх і не прадбачыць было. Сёння ўдзень увесь завулак быў забіты нейкімі валацугамі і бабулькамі. Зявакі дасюль яшчэ стаяць пад

вокнамі. У ранішніх газетах з'явілася дзіўная заметка. «Чуткі пра марсіяніна ў Абухавым завулку не маюць грунту. Яны распушчаны гандлярамі з Сухараўкі і будуць злосна пакараны». Якога д'ябла — марсіянін? Ды гэта ж — жах.

Яшчэ лепш у «Вячорцы» — напісалі, што нарадзілася дзіця, якое іграе на скрыпцы. І тут жа малюнак — скрыпка і мой фотаздымак, а пад ім подпіс: «Праф. Праабражэнскі, які рабіў мацеры кесарава сячэнне». Гэтага і апісаць нельга… Ён гаворыць новае слова «міліцыянер»…

Аказваецца, Дар'я Пятроўна была ў мяне закахана і свіснула картачку з альбома ў Піліпа Піліпавіча. Пасля таго як я прагнаў рэпарцёраў, адзін з іх прабраўся на кухню і г. д.

Што творыцца ў час прыёму! Сёння было 82 званкі. Тэлефон адключаны. Бяздзетныя жанчыны звар'яцелі і ідуць, ідуць…

У поўным складзе дамкам з самім Швондзерам. Чаго — самі не ведаюць.

8 студзеня. Позна вечарам паставілі канчатковы дыягназ. Піліп Піліпавіч як сапраўдны вучоны прызнаў сваю памылку — замена гіпафіза дае не абмаладжэнне, а поўнае ачалавечванне (падкрэслена тры разы). Ад гэтага дзіўнае, неверагоднае адкрыццё не робіцца меншым.

Той сёння ўпершыню прайшоў па кватэры. Смяяўся ў калідоры, калі глядзеў на электрычную лямпу. Потым у суправаджэнні мяне і Піліпа Піліпавіча пайшоў у кабінет. Ён моцна трымаецца на задніх лапах (закрэслена)… на нагах і падобны на маленькага нязграбнага мужчыну.

Смяяўся ў кабінеце. Усмешка непрыемная і быццам ненатуральная. Потым ён пачухаў патыліцу, агледзеўся, і я запісаў новае, выразна сказанае слова: «буржуі». Лаяўся. Лаянка гэтая метадычная, бесперапынная і, відаць, без усякага сэнсу. Яна мае болей фанаграфічны характар: быццам гэтая істота недзе чула ўсю гэту лаянку, аўтаматычна, несвядома запомніла і цяпер аўтаматычна выдае касетамі. А, між іншым, я не псіхіятр, д'ябал мяне вазьмі!

На Піліпа Піліпавіча лаянка робіць чамусьці вельмі цяжкае ўражанне. Здараюцца моманты, калі ён не ўтрымліваецца ў рамках стрыманага і бясстраснага назірання і траціць цярпенне. Дык вось, у час лаянкі ён нервова крыкнуў:

— Перастань!

Гэта не мела ніякага эфекту.

Пасля прагулкі ў кабінет Шарык агульнымі намаганнямі быў вернуты ў аглядальню.

Пасля гэтага ў нас з Піліпам Піліпавічам адбылася нарада. Упершыню, прызнаюся, бачыў я гэтага ўпэўненага і надзіва разумнага чалавека разгубленым. Ён як звычайна наспеўваў і спытаўся: «Што ж мы цяпер будзем рабіць?» І сам адказаў літаральна вось што: «Масквашвею… ага… Ад Севільі да Грэнады. Масквашвею, дарагі доктар…» Я нічога не зразумеў. Ён растлумачыў: «Я вас прашу, Іван Арнольдавіч, купіце яму бялізну, штаны і пінжак».

9 студзеня. Лексікон абагачаецца кожныя пяць хвілін (у сярэднім) на адно новае слова, а з сённяшняй раніцы і сказамі. Быццам яны замерзлі ў памяці, а цяпер растаюць і выплываюць. Слова, якое выплыла, застаецца ва ўжытку. З учарашняга дня фанограф адзначыў: «Не папіхайся», «Падлец», «Злазь з падножкі», «Я табе пакажу», «Прызнанне Амерыкі», «Прымус».

10 студзеня. Адбылося адзяванне. Споднюю сарочку надзеў на

сябе ахвотна, нават весела смяяўся. Ад кальсон адмовіўся, пратэст гучаў у словах: «У чаргу, сучыя дзеці, у чаргу!» Шкарпэткі яму вялікія.

(У сшытку нейкія малюнкі, больш схематычныя і адлюстроўваюць, як сабачая нага ператваралася ў чалавечую.)

Выцягваецца задняя палова шкілета ступака (plauta). Выцягваюцца пальцы. Пазногці.

Паўторнае сістэматычнае навучэнне наведванню прыбіральні. Прыслуга прыгнечана ўшчэнт.

Але трэба адзначыць, што істота панятлівая. Справа ў цэлым ладзіцца.

11 студзеня. Зусім змірыўся са штанамі. Сказаў доўгі вясёлы сказ: «Дай папяросачку — у цябе штаны ў палосачку».

Шэрсць на галаве слабая, шаўкавістая. Лёгка зблытаць з валасамі. Але падпаліны асталіся на цемі. Сёння аблез апошні пух з вушэй. Страшэнны апетыт. Са смакам есць селядца.

У 5 гадзін дня падзея: упершыню словы, якія вымавіла істота, не адарваны ад рэальнасці, а з'явіліся як рэакцыя на яе. Менавіта калі прафесар загадаў яму: «Не кідай аб'едкі на падлогу», — нечакана адказаў: «Адлезь, гніда».

Піліп Піліпавіч быў уражаны, потым спахапіўся і сказаў:

— Калі ты яшчэ раз аблаеш мяне альбо доктара, то табе пападзе.

Я фатаграфаваў у гэты час Шарыка. Ручаюся, што ён зразумеў словы прафесара. Пануры цень лёг на твар. Паглядзеў з-пад ілба даволі злосна, але замоўк.

Ура, ён разумее!

12 студзеня. Суе рукі ў штаны. Адвучваем ад лаянкі. Насвістваў «Ой, яблычка». Падтрымлівае размову.

Я не магу ўтрымацца ад некалькіх гіпотэз: да д'ябла абмалажэнне пакуль што. Другое намнога важней: дзівосны вопыт прафесара Праабражэнскага раскрыў адну таямніцу чалавечых мазгоў. Цяпер загадкавая функцыя гіпафіза — мазгавога прыдатка — вытлумачана. Ён вызначае чалавечае аблічча. Яго гармоны можна назваць важнейшымі ў арганізме — гармонамі чалавечага аблічча. Новая вобласць адкрываецца ў навуцы: без усялякай рэторты Фаўста створаны гамункул. Скальпель хірурга даў жыццё новай чалавечай адзінцы. Праф. Праабражэнскі, вы — тварэц. (Клякса.)

Між іншым, я адхіліўся… Такім чынам, ён падтрымлівае размову. Я мяркую, усё гэта таму, што новы гіпафіз адкрыў моўны цэнтр у сабачых мазгах і словы прарваліся плынню. Па-мойму, перад намі мазгі, якія адрадзіліся, разгарнуліся, а не нарадзіліся нанова. Во дзіўнае пацверджанне эвалюцыйнай тэорыі! Во найвялікшы ланцужок ад сабакі да Мендзялеева-хіміка! Яшчэ мая гіпотэза: мазгі Шарыка ў час сабачага перыяду жыцця накапілі масу інфармацыі і паняццяў. Усе словы, якія ён спачатку пачаў гаварыць, — вулічныя словы, ён іх чуў і захаваў у мазгах. Цяпер, калі я іду па вуліцы, то з прытоеным жахам гляджу на сустрэчных сабак. Бог ведае што ў іх у галовах.

Шарык чытаў. Чаму (з клічнікам). Пра гэта я здагадаўся. Па «Главрыбе». Менавіта чытаў з канца слова. І я нават ведаю, дзе разгадка: у перапынку зрокавых нерваў у сабакі.

Што творыцца ў Маскве — розуму чалавечаму не спасцігнуць. Сем гандляроў з Сухараўкі ўжо сядзяць за распаўсюджанне чутак пра канец свету, які навялі бальшавікі. Дар'я Пятроўна гаварыла і нават дакладна называла дату: 28 лістапада 1925 года, у дзень святога пакутніка Стэфана, зямля наляціць на нябесную вось… Нейкія жулікі ўжо лекцыі чытаюць. Гэтакую карчму мы ўчынілі з гэтым гіпафізам, што хоць ты з кватэры ўцякай. Я пераехаў да Праабражэнскага па ягонай просьбе і начую ў прыёмнай з Шарыкам. Аглядальню ператварылі ў прыёмную. Швондзер аказаўся праў. Дамкам радуецца ад злосці. У шафах ніводнага шкла. Скочыў туды. Ледзь адвучылі.

Поделиться с друзьями: