Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Шрифт:

Не зачынiлiся яшчэ дзверы за работнiкам - i Сямён Парфёнавiч нецярплiва i непаважлiва кiнуў канверт на стол:

– Чытаў?

– Што гэта?
– Тарасаў выцягнуў з канверта артыкул, глянуў, падумаў: "Ах, вось што цябе..." I чамусьцi зманiў: - Не, не чытаў.

А на самай справе чытаў. Рэдактар яшчэ ўчора прыслаў артыкул у гарком.

– Пачытай. Хоць няма чаго чытаць. Дурная фантазiя безадказнага пiсакi. Знайшоў, ведаеш, нейкую бабу, знахарку, i на яе блытаным расказе хоча перагледзець гiсторыю ўсяго падполля...

– Няўжо ўсяго?
– як бы здзiвiўся Тарасаў, праглядаючы бегла артыкул.

– Хоча абялiць таго, хто сам сябе счарнiў. Адкрывацель знайшоўся!

Але ж не ў гэтым сутнасць... Гiсторыя ёсць гiсторыя. Шыковiч яе не рабiў. Не Шыковiчу яе i перарабляць. Тут небяспечная сама тэндэнцыя. Я табе папрок кiну, Сяргей Сяргеевiч. Патураеш ты яму. А ён з тых, хто лiчыць, што калi партыя развянчала культ Сталiна, значыцца, трэба ўсё перавярнуць дагары нагамi...

– Тэндэнцыя, безумоўна, шкодная, - спакойна згадзiўся Тарасаў, праглядаючы апошнюю старонку артыкула, а потым узняў галаву, глянуў на Гукана i сказаў: Але я не бачу лагiчнай сувязi. Пры чым тут гэтая тэндэнцыя да таго, што Шыковiч хоча даказаць ды амаль даказвае, што ў бальнiцы была падпольная група. Ты цвёрда ведаеш, што яе там не было?

Гукан шумна сеў з боку стала, ляпнуў сябе далоняй па грудзях.

– Ды не ў гэтым справа, Сяргей Сяргеевiч! Тут галоўнае - метад. Пры такiм метадзе пошукаў любы фашысцкi паслугач можа цяпер аб'явiць сябе падпольным дзеячам...

– А хто тут аб'яўляе?
– паклаў на артыкул рукi Тарасаў.

– Ды хаця б баба гэтая...

– Сухадол?
– голас сакратара гаркома раптам стаў жорсткi.
– Дзе ж яна служыла? У заразнай бальнiцы?!
– I рэзка падняўся. Але, мабыць, спалохаўшыся, што можа сарвацца, дастаў папяросу, запалiў i сказаў прымiрэнча: - Не гарачыся, Сямён Парфёнавiч. А то як бы нам не вярнуцца да старой тэндэнцыi, якая таксама нямала шкоды нарабiла.

Гукан зразумеў, што Тарасаў знаёмiўся з артыкулам раней. Не мог ён, так бегла прагледзеўшы, запомнiць прозвiшчы i абставiны.

"Ясна, Шыковiч узгадняў з iм. Цяпер, безумоўна, Тарасаў будзе падтрымлiваць яго. З iм не дамовiшся. Трэба iсцi ў абком".

– Ты пачытай уважлiва. Як ён будуе артыкул. Робiць надзьмутую позу аб'ектыўнага шукальнiка. А па сутнасцi, рэвiзуе рашэннi гаркома аб падполлi.

– Сур'ёзна?
– зноў як бы здзiвiўся Тарасаў.
– Ну, гэта мы паправiм.

"Паправiм? Няўжо ён збiраецца друкаваць?"

– Ты што, лiчыш, што гэтую муру можна друкаваць?

Тарасаў зноў сеў, падсунуўшы крэсла блiжэй да Гукана, каб не было так афiцыйна, убок выпусцiў дым i, пранiклiва зазiраючы ў глыбокiя чорныя вочы Гукана, спытаў па-сяброўску iнтымна, каб выклiкаць на шчырасць:

– А што цябе, Сямён Парфёнавiч, так усхвалявала? Жаданне Шыковiча рэабiлiтаваць Савiча? А калi ён сапраўды патрыёт?!

– Сяргей Сяргеевiч, ты далёкi ад нашых партызанскiх спраў. Ты быў на фронце. А я ў самай гушчы варыўся. Ты не ўяўляеш умоў, у якiх мы вялi барацьбу. Акупанты, правакатары, здраднiкi. Нарэшце, такiя зайцы, якiя баялiся вушамi паварушыць. А цяпер хочуць выдаць сябе за герояў. Ну, у атрадах, там ясна, на вiду ўсё: хто герой, хто баязлiвец. А вось тут, у горадзе... Я семнаццаць год разбiраюся з гэтымi справамi...

"Нiчога ты не разбiраешся. Напiсаў за цябе IIIыковiч кнiгу, i ты цяпер выдаеш яе за непагрэшную iсцiну", - падумаў Тарасаў з абурэннем. А сказаў з усмешкай:

– Памруць гiсторыкi, Сямён Парфёнавiч, калi ты захопiш манаполiю на ўсе даследаваннi.

Гукан зразумеў iронiю сакратара, i яна моцна апякла яго. Ён ажно адхiснуўся. Але зрабiў выгляд, што адвалiўся на спiнку крэсла, прыгладзiў рэдкiя валасы, адпарыраваў амаль весела:

– Ну, з Шыковiча гiсторык, як з мяне... паэт.

Тарасаў патушыў у попельнiцы папяросу i адсунуўся разам з крэслам

да стала. Быццам абодва работнiкi захацелi разгледзець адзiн аднаго з пэўнай адлегласцi.

– А гэта дрэнна, што мы з табой не паэты. На нашых пасадах нам трэба быць паэтамi. Неабавязкова, канешне, рыфмаваць. Рыфмачоў без нас даволi. А вось мыслiць паэтычна, шырока i вобразна...
– Сакратару самому падабалася гэтая нечаканая думка, i ён падняўся да акна з намерам трохi пафiласофстваваць. Але Гукан зiрнуў на гадзiннiк i таксама падняўся:

– У мяне сустрэча з архiтэктарамi. Не хочаш папрысутнiчаць? Архiтэктура блiзкая да паэзii.

– Не, дзякую. Ты ж казаў, вы самi не разабралiся яшчэ. Не буду перашкаджаць вам спакойна разбiрацца.

– Дык што з гэтым?
– зняважлiва кiўнуў Гукан на стол, дзе ляжаў артыкул.

– Пачытаем. Падумаем. Памяркуем.

– Жывiцкаму пазванi, а то, чаго добрага, пад нацiскам напорыстага аўтара...

– Не бойся. Без нашай з табой згоды не дадуць.

Застаўшыся адзiн, Тарасаў доўга, задумлiва палiў каля адчыненага акна, разглядаючы вулiцу, машыны, прахожых. Потым дастаў з сейфа нейкi дакумент, пачаў чытаць яго не сядаючы. Зайшла работнiца гаркома высветлiць нейкае пытанне - ён схаваў дакумент у шуфляду стала. Пагутарыў з ёй, падпiсаў паперы. Выйшла - павольна дачытаў гэтыя нейкiя паўтары старонкi на машынцы, прагледзеў дакумент яшчэ раз, схаваў яго ў сейф i зноў палiў каля акна.

Сказаў сам сабе сярдзiта:

– Этыка!.. Даволi такой этыкi! Эх, Сяргей, Сяргей, страхуешся. Пасаромейся! Не бойся шышак.

Рашуча падышоў да столiка з тэлефонамi, набраў нумар.

– Жывiцкi? Прывет. Што гэта ты марынуеш справаздачу аб злёце ўдарнiкаў камунiстычнай працы? Заўтра? Ох, аператыўнасць у вас! Шыковiч у рэдакцыi? Папрасi яго зайсцi да мяне.

Спытаў адразу ж, як толькi прывiталiся:

– Што будзем рабiць, Кiрыла Васiльевiч?

– Трэба друкаваць, - пераканана адказаў Шыковiч.
– Я ўпэўнены, адгукнуцца дзесяткi людзей, якiя дагэтуль маўчалi. Не разумею, Сяргей Сяргеевiч, чаго мы баiмся.

– Мы нiчога не баiмся. Але, можа, варта яшчэ пашукаць?

– Такая публiкацыя - даволi распаўсюджаны i плённы метад пошукаў.

Тарасаў на хвiлiну як бы задумаўся. Потым энергiчна падышоў да сейфа, адчынiў яго, дастаў той дакумент, якi паўгадзiны назад перачытваў.

– Хачу паказаць табе яшчэ адзiн дакумент. Гэта з той папкi, з якой ты знаёмiўся ў Вагiна. Але тады я параiў гэта выняць.

Кiрыла амаль з хваляваннем узяў працягнутыя стандартныя лiсты, сашчэпленыя, i адразу чамусьцi глянуў на другую старонку, на подпiс. Дакумент быў копiя, i подпiс, як i ўсё iншае, надрукаваны на машынцы: "С.Гукан, былы камiсар партызанскай брыгады iмя Чапаева, сакратар Чыгуначнага райкома партыi". Дата: 16/Х 1945 г.

Гэта была заява ў органы дзяржаўнай бяспекi. Яна пачыналася словамi:

"Мне стала вядома, што ў горад з Германii, дзе яна прабыла каля двух год, вярнулася дачка ворага народа i здраднiка, фашысцкага прыслужнiка доктара Савiча С.А.
– Савiч Соф'я Сцяпанаўна".

Прачытаў гэта Кiрыла i адчуў, як кроў балюча ўдарыла ў скронi i ў цемя. Перасохла ў горле. Ён каўтнуў паветра.

Тарасаў як бы ўглыбiўся ў газету, але ўпотай сачыў за выразам твару Шыковiча.

У заяве характарызаваўся Савiч. Ён не толькi служыў у нямецкай управе, ён яшчэ, выходзiць, правакатар. Меў сувязь з некаторымi падпольшчыкамi. З адным з партызанскiх атрадаў, з якiм - не гаварылася. Але ў вынiку яго "падпольнай дзейнасцi" адзiн за адным правальвалiся i гiнулi нашы людзi, зрывалiся адказныя аперацыi. Падпольная арганiзацыя вынесла здраднiку i правакатару Савiчу смяротны прысуд.

Поделиться с друзьями: