Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Шрифт:
– Соф'я Сцяпанаўна, хочаце, я пачытаю вам вершы Блока. Антон Кузьмiч любiць Блока, i ў яго кабiнеце ляжыць томiк.
Яна згадзiлася, ледзь прыкметна кiўнуўшы галавой i заплюшчыўшы вочы.
Узрадаваная Маша пабегла за кнiгай. Яна не ўбачыла, як Зося ўздрыгнула ад гэтай нечаканай прапановы. Блока любiў яе бацька i чытаў ёй, малой. Мацi не вельмi ўхваляла гэта, раiла Маякоўскага. Яны па-рознаму выхоўвалi яе, мацi i бацька. Мацi, напрыклад, каб навучыць яе плаваць, аднойчы выпiхнула з лодкi на сярэдзiне ракi i гэтым так напалохала бацьку, што ў таго ледзь не быў сардэчны прыступ. У дзевятым класе
Пасля вайны яна рэдка думала пра мацi. А ў той момант, калi Маша сказала пра Блока, яна чамусьцi ўспомнiла мацi, i сэрца яе, яшчэ не загоенае, сцiснулася i зашчымела забытым болем. Мацi загiнула ў Польшчы, у жонкi яе брата ёсць паведамленне, у якiм горадзе яна пахавана.
Зося падумала:
"Калi я зусiм ачуняю, то збяру грошай i з'езджу на яе магiлу. Я папрашу кветак з нашага саду. Работнiцы ясляў дадуць.
– I раптам зноў страх: - Няўжо мяне не пусцяць на магiлу мацi?"
Прыгадала, што, вярнуўшыся з Германii, яна не знайшла магiлу бацькi, хоць помнiла, дзе яго пахавалi, i ёй захацелася плакаць. Яна паспрабавала стрымацца i не здолела - заплакала па-дзiцячы, наўзрыд. Суседка, таксама пасляаперацыйная, слабым голасам спытала:
– Чаго вы? У вас жа ўсё так добра!
– Сама яна здагадвалася, што ў яе выразалi ракавую пухлiну, i з жахам думала, што гэта не збаўленне ад хваробы.
– Калi ласка, не звяртайце ўвагi.
– Зося ўсхлiпвала i выцiралася прасцiной.
Вось i гэтага нiколi не было да аперацыi: хворае сэрца яе было чэрствым.
Маша, вярнуўшыся i ўбачыўшы сяброўку ў слязах, спалохалася. Але тая заспакоiла яе:
– Ды не, нiчога, Маша, слаўная вы мая. Я проста ўспомнiла. Мой бацька любiў Блока.
Пра бацьку яе Яраш забаранiў гаварыць. I Маша, каб нiчога не адказваць, наўздагад разгарнула томiк i пачала чытаць:
В сыром ночном тумане
Все лес, да лес, да лес...
В глухом сыром бурьяне
Огонь блеснул - исчез...
Опять блеснул в тумане,
И показалось мне:
Изба, окно, герани
Алеют на окне...
Адзiн верш, другi, i раптам убачыла, як азарыўся Зосiн твар. Не было ў яе яшчэ такой усмешкi. Невясёлыя вершы, а смутак з вачэй яе знiк. Дзiўна. Ды iм перашкодзiла суседка: заплакала яна.
Усё адно Маша выскачыла з бальнiцы на вулiцу з надзвычай узнятым настроем. Свяцiла неспякотнае ўжо жнiвеньскае адвячоркавае сонца. Iшлi па вулiцы людзi, адны - павольна, другiя - спешлiва. Iмчалi аўтобусы, "Волгi" i "Масквiчы".
Маша любiла свой горад. Любiла гуляць у парку, якi лiчыцца найлепшым у рэспублiцы. Але адной усё-такi сумна. Каб сустрэць каго-небудзь вясёлага! Яна ўспомнiла Славiка. Яна думала пра яго i раней. I пра Тараса. Пра абаiх. Употай чакала, што хтосьцi з iх захоча сустрэцца з ёй.
Але хлопцы не праяўлялi iнiцыятывы. Славiк, безумоўна, несур'ёзны суб'ект, балбатун i нахабнiк. Але Маша не магла забыцца, як ён з першага позiрку захапiўся ёю. Нiхто яшчэ так адразу не захапляўся. Часцей за ўсё яна чула: "Глядзi, якое рыжоцце пайшло!" Гэта яе абражала. А вось Славiк, той адразу: "Вы ж незямная". А яна зямная, звычайная дзяўчына з палескай вёскi, i ёй, як усякай дзяўчыне, было прыемна пачуць такi шчыры камплiмент. Акрамя ўсяго, яна адчувала
сябе вiнаватай - за аплявуху. Не такая ўжо яна "кiсейная паненка", каб так абражацца за яго дурную балбатню.Так, ёй хацелася сустрэцца. Але дзявочы гонар не дазваляў ёй першай шукаць гэтай сустрэчы.
А тут ёй раптам захацелася зрабiць нешта незвычайнае, гарэзлiвае.
Паабедаўшы ў кафэ, яна пайшла ў парк. Размянiла ў прадаўшчыцы газiроўкi пяцiкапеечную манету, папрасiла "дзве па дзве". Шчыльна зачынiла дзверцы будкi аўтамата. Даведалася па 09 тэлефон Шыковiча.
– Ало!
– пачулася ў трубцы. Яна пазнала голас Славiка i не адказвала.
– Ало!
– крыкнуў ён.
– Што? Правяраеш, цi ёсць хто дома? На жаль, браток, ёсць я, верны вартавы бацькавых мiльёнаў. I май на ўвазе - узброены атамнай пушкай. Але калi ты пазычыш мне пяць рублёў, мяне тут не будзе. Залазь, рабуй. Хрэн з iмi, з мiльёнамi!
Маша ледзь вытрымала, каб не зарагатаць ад гэтай Славiкавай тырады невядомаму абаненту. Праглынуўшы смех, яна пiскнула:
– Уладзiслаў Кiрылавiч!
– О-о!
– Вiдаць, яго здзiвiў жаночы голас i такi нечаканы зварот.
– Хм... сапраўды, гэта, здаецца, я - Уладзiслаў Кiрылавiч. Я слухаю вас.
– Адна ашоба чакае ваш каля ўвахода ў парк, - па-старэчы прашамкала Маша.
– Колькi ёй год, ашобе гэтай?
– Шэмдзешат.
– Самы мой любы ўзрост!
– засмяяўся хлопец.
– Калi вы не будзеце праз пятнаццаць хвiлiн, многа страцiце, - сказала Маша звычайным голасам i павесiла слухаўку.
Славiк быў упэўнены, што знаёмыя дзяўчаты хочуць з яго пажартаваць. Але ён нiколi не баяўся апынуцца ў смешным становiшчы. Ён сумаваў у пустой кватэры, без грошай i ўзрадаваўся выпадку хоць чым-небудзь забавiцца. Праз дзесяць хвiлiн Маша ўбачыла яго на пляцоўцы каля ўвахода ў парк. Яна стаяла па той бок агароджы за кнiжным кiёскам i ўпотай назiрала. Ён iшоў павольна, засунуўшы рукi ў кiшэнi блакiтных штаноў. Трошкi насцярожана азiраўся. Прайшоў раз да варот i назад, заглядаючы спачатку ў твары дзяўчат, потым - пажылых жанчын, нарэшце i бабуль не стаў мiнаць.
Машу гэта смяшыла. На яе з цiкавасцю пазiралi: адна, а такi гарэзлiвы выраз яе твару, такiя чорцiкi ў вачах.
Так яна памучыла яго хвiлiн пятнаццаць. I толькi калi ўбачыла, што цярпенне яго вычарпалася i ён энергiчна рушыў у парк, яна пайшла насустрач на выхад. Iшла спешлiва, глядзела ўбок - на партрэты перадавiкоў вытворчасцi. Была ўпэўнена, што мiма яе ён не пройдзе. Сапраўды, хутка пачула яго радасны воклiч:
– Маша!
Яна спынiлася, зрабiла здзiўленыя вочы, нiбы не пазнавала яго. Ён працягнуў руку. Яна не падала сваю. Але Славiк не збянтэжыўся.
– Гэта ты званiла мне?
– Я званiла вам? I не думала! Многа ў вас самаўпэўненасцi, таварыш Шыковiч.
– Нейкая бабуля назначыла мне спатканне.
– То i чакайце вашу бабулю.
– На д'ябла мне яна! Я рады, што сустрэў... вас.
– Славiк раптам страцiў сваю смеласць i не адважваўся казаць "ты". Тут яна здалася яму яшчэ больш прыгожай, чым там, на дачы. Вельмi захацелася, каб Маша засталася з iм, пайшла ў парк. Няхай бы паглядзелi яго даўнiя сябры i пазайздросцiлi: якая дзяўчына з iм!